Пятніца, 29 Ліпень 2016 15:22

1 ліпеня 2016 г. – 90 гадоў з часу адкрыцця першай экспазіцыі Музея Беларускага Палесся (Пінск; 1926)

Ужо ў канцы ХIХ ст. выказвалася ідэя стварэння музея ў г. Пінску Мінскай губерні (цяпер Брэсцкай вобласці) – культурным і духоўным цэнтры Беларускага Палесся. У 1910 годзе была прадпрынята спроба адкрыць музей, але адсуднічала падтрымка з боку афіцыйнай улады. У хуткім часе пачалася І Сусветная вайна, якая не дазволіла здзейсніць гэты праект.

Чарговае пытанне пра стварэнне музея было паднята ў сярэдзіне 1920-х гадоў. 17 кастрычніка 1924 года праўленне Палескага краязнаўчага таварыства на сваім пасяджэнні прыняло рашэнне аб заснаванні ў Пінску Палескага краязнаўчага музея. Была створана камісія пад старшынствам выкладчыка Пінскай гімназіі Рамана Гарашкевіча, якая на працягу двух гадоў вяла работу па стварэнню музея. Р. Гарашкевіч (1892–1962) нарадзіўся ў Тарнопальскім краі (цяпер Цярнопальская вобласць Украіны), закончыў факультэт геральдыкі і гісторыі Кракаўскага ўніверсітэта і факультэт археалогіі Львоўскага ўніверсітэта.

1 ліпеня 1926 года за кошт сродкаў краязнаўчага таварыства музей быў адчынены. Размясціўся ў будынку па вул. Касцюшкі, 9 (зараз вул. Леніна) у двух пакоях агульнай плошчай 18 кв. м. Экспазіцыя складалася з чатырох раздзелаў: гісторыя, археалогія, этнаграфія і прырода. Экспанавалася больш за 100 прадметаў. Музей працаваў для наведвання дзве гадзіны адзін раз у тыдзень.

У 1928 годзе кіраўнік музея на дабрачынных пачатках Р. Гарашкевіч пераведзены на працу ў Брэст і магістрат назначыў на ўжо штатную пасаду дырэктара музея Дзмітрыя Георгіеўскага (1889–1941), ураджэнца Пінска, настаўніка гімназіі. Хутка музей пераехаў у новае памяшканне па вул. Агінскага (зараз вул. Заслонава, 14). У штат была ўведзена пасада навуковага супрацоўніка. Музей пачынае працаваць тры разы ў тыдзень па тры гадзіны. У 1931 годзе музейная калекцыя налічвае 1867 экспанатаў, большасць з якіх былі падараваны насельніцтвам. У 1935 годзе музей атрымаў памяшканне плошчай 159 кв. м па вул. Касцюшкі, 31 (цяпер Леніна, 27).

З восені 1939 года музей падначальваецца Міністэрству асветы БССР і называецца Пінскі гісторыка-рэвалюцыйны музей, а потым – Пінскі абласны гісторыка-краязнаўчы музей. У час Вялікай Айчыннай вайны найбольш каштоўныя экспанаты акупанты вывезлі ў Германію, частку фонду проста знішчылі, засталося 1730 прадметаў. Пасля вызвалення музей атрымаў назву Пінскі абласны краязнаўчы музей, а з 1954 года – Пінскі занальны краязнаўчы музей. Першыя пасляваенныя гады былі адзначаны шматлікімі перабудовамі, пераабсталяваннямі, папаўненнем фондаў. У 1946 годзе агульная колькасць экспанатаў дасягнула 8000, а праз год – да 19000. Велізарную працу выканалі супрацоўнікі Іраіда Арсенцеўна Калянчук, Юлія Іванаўна Шубітыдзе, Людміла Ананеўна Студэнт. У 1970-я гады калектыў музея дапамагаў ствараць першыя экспазіцыі Столінскага і Бярозаўскага краязнаўчых музеяў.

У 1978 годзе ўстанова рэарганізавана. 4 студзеня 1979 года створаны Беларускі дзяржаўны музей сацыялістычнага пераўтварэння Палесся. У час перабудовы музей перадалі ў абласное падначаленне, а 1 лістапада 1990 года ўстанова атрымала назву Музей Беларускага Палесся. У розны час музеем кіравалі Рахіль Абрамаўна Месэрман, Валерый Мітрафанавіч Лытнёў, з 2007 года дырэктарам працуе Ірына Генадзеўна Дзямчук.

У 1996 годзе Музей Беларускага Палесся пераехаў у будынак былога іезуіцкага калегіума – помнік архітэктуры позняга рэнесанса і барока. Калегіум быў пабудаваны ў 1631–1675 гадах, адрэстаўраваны ў 1984–1995 гадах. Плошча экспазіцыйных і выставачных памяшканняў музея 1360 кв. м. З кастрычніка 1996 года тут пачалі працаваць часовыя выставы.

Асноўны фонд налічвае 62020 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – 15539 адзінак (2008). Сярод найбольш цікавых экспанатаў унікальная калекцыя керамічнай пліткі і саркафаг ХІІ ст., калекцыя зброі, дакументы і кнігі: рукапісныя граматы ХІV–ХVІІ ст., Статут Вялікага Княства Літоўскага, надрукаваны ў Вільні ў 1694 годзе, друкаваныя выданні ХVІІ ст. і інш. У фондзе музея з 1965 года была сабрана добрая калекцыя жывапісу ХІХ – пачатку ХХ стст., гэта карціны І. Айвазоўскага, І. Шышкіна, В. Паленава, В. Пярова, К. Макоўскага, Ю. Пэна, В. Бялыніцкага-Бірулі, В. Цвіркі, П. Масленікава і іншых мастакоў. Заснавальнік «пінскай траццякоўкі» Уладзімір Уладзіміравіч Баравікоў (1912–2001).

Экспазіцыя музея размешчана ў 11-ці залах. У зале Вялікай Айчыннай вайны расказваецца пра стварэнне аднаго з першых у Беларусі партызанскіх атрадаў пад кіраўніцтвам В. З. Каржа. У зале этнаграфіі прадстаўлены народны касцюм Піншчыны, вырабы палескіх кавалёў і ткачоў, дрэваапрацоўшчыкаў, плеценыя прадметы з лазы, саломы і інш. У зале прыроды вялікая калекцыя чучал птушак і жывёл Палесся. Выстава «Гарадскі побыт пінчукоў пачатку ХХ ст.» знаёміць з паўсядзённым жыццём гараджан.

Калектывам музея падрыхтаваны і праведзены выстаўкі народных умельцаў Брэсцкай вобласці «Палескія майстры», твораў мастака-педагога Яўгена Пулхава і яго вучняў, беларускіх мастакоў з пленэра, прысвечанага Напалеону Ордзе, маладых пінскіх мастакоў «Грані» і інш. Актыўна ўкараняюцца ў работу новыя формы і метады. У 2016 годзе ў час культурна-асветнай акцыі «Ноч музеяў» была ўпершыню праведзена экскурсія па падзямеллю калегіума.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Пінскай цэнтральнай гарадской бібліятэкай. Т. К. Баговіч, гал. бібліятэкр аддзела абслугоўвання і інфармацыі, А. Н. Гарачова, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Музей Беларускага Палесся / К. С. Севярын // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2014. Т. 5. С. 647–648.

  2. Музей Белорусского Полесья // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. — Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 110–111.

  3. Музей Беларускага Палесся / В. М. Лытнёў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 11. С. 11.

  4. Музей Беларускага Палесся / Валерый Лытнёў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 232.

  5. Музей Беларускага Палесся / В. Лытнёў ; Палеская «траццякоўка» / Б. Уладзіміраў // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пінска. Мінск : БЕЛТА, 1998. С. 534–537.

  6. Пінскі краязнаўчы музей / Б. В. Міралюбаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 442.

  7. Два этажа истории Полесья : Музей истории Белорусского Полесья // Наш Пинск исторический. Пинск, 1996. С. 41.

  8. Коллегиум иезуитов / Ю. А. Якимович // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 319–320.

  9. Вабішчэвіч, А. М. Сацыяльна-эканамічнае становішча і духоўна-культурнае жыццё : Пінск у складзе Польшчы / Вабішчэвіч А. М. // Гісторыя Пінска. Ад старажытнасці да сучаснасці : да 915-й гадавіны з першага летапіснага ўпамінання / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Інстытут гісторыі. Мінск : Вышэйшая школа, 2012. Раздзел 7.2. С. 429–456.

  10. Музей Беларускага Палесся / С. М. Лазюк ; Музей Белорусского Полесья / С. М. Лазюк // Музеі Беларусі = Музеи Беларуси : даведачнае выданне. Мінск, 2008. С. 409–411.

  11. Первый музей в Пинске // Очерки истории культуры Пинщины : (ІХ – нач. ХХ вв.) : монография / А. Л. Ильин, Е. А. Игнатюк. Пинск : ПолесГУ, 2013. С. 190–191.

  12. Кузнецов, В. Культурные субботы проходят в Музее Белорусского Полесья / Виктор Кузнецов // Варяг-пресс. Пинск, 2016. 18 марта (№ 12). С. 2.

  13. Гришковец, В. Музей на мониторе : [виртуальный тур подарили руководитель интернет-издания «Пинский бизнес-каталог» Алексей Китаев и фотограф Владимир Пучинский] / Валерий Гришковец // Заря. 2016. 1 марта (№ 24). С. 2.

  14. Гришковец, В. Ф. Напомнил мяч музейный... : [в Музее Белорусского Полесья хранится раритетный экспонат] / Валерий Гришковец ; фото Вячеслава Ильенкова // Заря. 2015. 10 декабря (№ 140). С. 8.

  15. Куницкий, П. История из-под ног : фонды Музея Белорусского Полесья пополнились раритетными книгами / Павел Куницкий // Вечерний Брест. 2015. 11 ноября (№ 89). С. 9.

  16. Куницкий, П. Челн из глубины веков : фонды Музея Белорусского Полесья в г. Пинске пополнились бесценными экспонатами / Павел Куницкий // Вечерний Брест. 2015. 11 сентября. С. 7.

  17. Ильенков, В. Сюрпризы для музея : [о новых экспонатах, подаренных Музею Белорусского Полесья в г. Пинске] / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 2015. 7 жніўня. С. 12.

  18. Кирьянов, А. Передержанная экспозиция : [о работе Музея Белорусского Полесья] / Артем Кирьянов // Рэспубліка. 2015. 15 мая (№ 88). С. 8.

  19. Ильяшевич, А. В Музее Белорусского Полесья говорящие экспонаты : культпоход / А. Ильяшевич // Пінскі веснік. 2015. 23 студзеня (№ 7). С. 12.

  20. Ильенков, В. Хранители веков ушедших / Вячаслаў Ільянкоў // Пiнскi веснiк. 2011. 13 мая. С. 12.

  21. Музейный юбилей : [Музей Белорусского Полесья] // Заря. 2009. № 119. С. 2.

  22. Музей Белорусского Полесья : создавали энтузиасты, работают профессионалы // Пінскі веснік. 2008. № 40. С. 4.

  23. Лытнев, В. Возвращение пинской «третьяковки» : [директор музея Белорусского Полесья о выставке русской живописи ХIХ – нач. ХХ ст. из фондов музея] / Валерий Митрофанович Лытнев ; беседовал Вячеслав Ильенков // Пiнскi веснiк. 2005. 4 лютага. С. 3.

  24. Iльянкоў, В. Мiнi-траццякоўка ў Пiнску : [пра карцiнную галерэю ў Музеі Беларускага Палесся] / Вячаслаў Ільянкоў // Культура. 2000. 1622 снежня. С. 14.

  25. Марголіна, Р. Палеская скарбніца : [Музей Беларускага Палесся] / Рыта Марголіна ; пер. на бел. мову Кацярыны Севярын // Беларуская мінуўшчына. 1997. № 3. С. 6064.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1637 разоў Апошняя змена Аўторак, 02 Чэрвень 2020 15:40