Пятніца, 29 Ліпень 2016 15:30

7 ліпеня 2016 года – 120 гадоў з дня нараджэння Івана Даміянавіча Снітко (1896-1981), ваеннага дзеяча, контр-адмірала, удзельніка Першай сусветнай, Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў

Iван Даміянавіч Снітко нарадзіўся 7 ліпеня 1896 года ў вёсцы Хомск Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці). Праз два гады сям’я Снітко пераехала ў Брэст-Літоўск, а потым у Санкт-Пецярбург.

У 1912 годзе Іван Снітко паступіў у школу марскіх юнг, якую скончыў перад пачаткам Першай сусветнай вайны, служыў на ваенным судне. У 1915 годзе скончыў класы ўнтэр-афіцэраў, служыў у Кранштаце камандзірам батарэі на востраве Карлос, затым на крэйсеры «Богатырь».

Кастрычніцкую рэвалюцыю Іван Снітко прыняў адразу, на пачатку 1918-га ўступіў у партыю бальшавікоў. Служыў камандзірам батарэі на востраве Вульф, карабельным артылерыстам крэйсера «Аскольд» Балтыйскага флоту. У 1919 годзе ваяваў на Петраградскім фронце. Быў камандзірам батарэі пры падаўленні бунту на форце «Красная Горка» (1919) і падаўленні Кранштацкага бунту ў сакавіку 1921 года. Прызначаны камандзірам батарэі форта «Красная Горка».

У 1924–1929 гадах Іван Снітко вучыўся на факультэце ваенна-марской зброі Ваенна-марской акадэміі ў Ленінградзе, адначасова нёс службу на розных крэйсерах. Пасля заканчэння акадэміі прызначаны старшым артылерыстам лінейнага карабля «Парижская коммуна» Чарнаморскага флоту. Вясной 1930 года ўзначаліў артылерыю дывізіёна крэйсераў Чарнаморскага флоту. З кастрычніка 1930 года па 1938 год – начальнік факультэта ваенна-марской зброі ВМА.

Іван Даміянавіч быў невысокі, плотнага целаскладу, тым не меньш, прыгожы мужчына. Па характару быў дабразычлівым, таварыскім чалавекам. Любіў паляванне. Збіраў калекцыю халоднай зброі: палашы, корцікі, саблі, шашкі, ятаганы. Жонка, Маргарыта Аляксееўна, была, насупраць, замкнутай, маўклiвайжанчынай, дзяцей у іх не было.

І. Д. Снітко не пазбег хвалі рэпрэсій 1938 года. Вызвалены ў 1940 годзе, рэабілітаваны і адноўлены ў кадрах ВМФ. Прызначаны начальнікам 12-га аддзела Навуковага выпрабавальнага марскогаартылерыйскагапалігонаВМФ.

Вялікую Айчынную вайну І. Д. Снітко сустрэў на Балтыйскім флоце. Са жніўня 1941 года – памочнік начальніка артылерыі марской абароны Ленінграда і Азёрнага раёна. Са снежня 1942 года – начальнік Навукова-выпрабавальнага палігона марской артылерыі ВМФ. У студзені 1944 года сродкамі 4-й артылерыйскай групы забяспечваў наступленне сухапутных войскаў пры прарыве блакады Ленінграда.

Пасля вайны капітан І рангу (з 1949 г. – контр-адмірал) інжынер І. Д. Снітко працягваў кіраваць палігонам марской артылерыі, працаваў начальнікам факультэта вышэйшых афіцэрскіх курсаў Ваенна-марской акадэміі. З 1954 года ў адстаўцы, жыў у Ленінградзе.

І. Д. Снітко ўзнагароджаны ордэнамі Леніна (1945), Айчыннай вайны І ступені (1942), трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга (1942, 1943, 1944), двума ордэнамі Чырвонай Зоркі (1942), медалямі.

Іван Даміянавіч Снітко памёр 9 лютага 1981 года, пахаваны наПарахоўскіх могілках у Санкт-Пецярбургу. Імем контр-адмірала інжынера І. Д. Снітко названа вуліца на яго малой радзіме ў Хомску.

З пяці братоў Івана Даміянавіча два загінулі ў гады Грамадзянскай вайны, тры – Вялікай Айчыннай. Сястра, Надзея Даміянаўна Снітко (па мужу Плаксіна; 1899–1949), у Першую сусветную вайну была ваеннай медсястрой, узнагароджана Георгіеўскімі крыжамі трох ступеняў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі прымала ўдзел у Белым руху, у 1920 годзе пакінула Расію, жыла ў Францыі. Яе сын, Глеб Васільевіч Плаксін (1925–2008), у час Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у французскім Супраціўленні, закончыў кансерваторыю па класу фартэпіяна, у 1955 годзе прыехаў у СССР, стаў савецкім кінаакцёрам.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Паўлюковіч Святлана Мікалаеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Снитко Иван Дамианович // Долготович, Б. Д. Адмиралы земли белорусской : биограф. справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2009. С. 35.

  2. Снитко Иван Дамианович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 353.

  3. Снитко Иван Дамианович // Долготович, Б. Д. Военачальники земли белорусской : энцикл. справочник / Б. Д. Лодготович. Минск, 2005. С. 97–98.

  4. Іван Даміянавіч Снітка // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Драгічынскага раёна. Мінск : БЕЛТА, 1997. С. 436.

  5. Снитко Иван Дамианович // Их именами названы… : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 562–563.

  6. Снітка Іван Даміянавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 9. С. 624.

  7. Глазов, В. Иван Снитко : Волны и рифы в судьбе контр-адмирала из Хомска / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2015. 5 марта (№ 10). С. 20–21.

  8. Глазов, В. Надежда Плаксина, георгиевский кавалер из Брест-Литовска, и путь её семьи с Востока на Запад и обратно : [о сестре Н. Д. Плаксиной (Снитко), племянике Г. В. Плаксине И. Д. Снитко] / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2012. 22 ноября (№ 47).

Чытаць 1292 разоў Апошняя змена Аўторак, 20 Красавік 2021 10:49