Панядзелак, 13 Люты 2017 09:58

Верасень 2016 г. – 40 гадоў з часу адкрыцця Брэсцкай дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў імя А. А. Алонцава (1976)

Дзіцячая мастацкая школа горада Брэста была адкрыта ў верасні 1976 года па ініцыятыве мастака Аляксандра Аляксандравіча Алонцава (1941–2013), які і стаў яе першым дырэктарам і выкладчыкам. У тым, што такая школа з’явілася, заслуга таксама тагачаснага начальніка аддзела культуры Брэсцкага гарвыканкама Паўла Андрэевіча Жмайліка (1931–2007). Гэта была першая ў Беларусі дзіцячая мастацкая школа, у сярэдзіне 1980-х у рэспубліцы было ўжо 20 падобных школ.

 

Напачатку ў мастацкай школе было ўсяго два класы, якія размясціліся ў невялікім будынку прызыўнога пункта па вул. Куйбышава. Заняткі праводзілі тры педагогі разам з дырэктарам, дзеці вывучалі мастацкія прадметы: малюнак, жывапіс, кампазіцыю, гісторыю мастацтваў. У 1978–1985 гадах, калі вучняў стала больш за 200, школа размяшчалася ў аднапавярховым драўляным доме па вул. Пушкінскай, 40. Затым удалося пабудаваць асобны двухпавярховы будынак па вул. Леванеўскага, 27, побач з гарадскім паркам культуры і адпачынку.

Праз два гады дзейнасці новай установы з’явіліся першыя поспехі: навучэнцы занялі II месца ў рэспубліканскім конкурсе плаката (1978). Потым – удзел у многіх гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных выставах і зноў поспех: «залаты медаль» ВДНГ СССР (1987); медаль Музея касманаўтыкі СССР (1988) і інш. узнагароды. З 1989 года праводзяцца персанальныя выставы педагогаў і навучэнцаў.

Побач з Аляксандрам Аляксандравічам было шмат педагогаў-аднадумцаў: Канстанцін Калодзіч, Яўген Маньякоў, Вера Нешына, Мікалай Якімовіч, Наталля Чорнагалова, Юрый Татарнікаў, Мікалай Нерадзюк, Уладзімір Тулупаў, Тамара Дзянісава, Аркадзь Дзенісевіч, Аліна Кандрацюк, Павел Кульша... Педагогіка і творчасць зліваліся ў адзінае русла, прыносілі задавальненне і прыкметны вынік.

З 1992 года Брэсцкая школа ўдзельнічала ў міжнародных выставах, якія праходзілі ў Беларусі і за яе межамі – у Польшчы, Балгарыі, Расіі, Чэхіі, Славакіі, Японіі, Румыніі і інш. У выставе «Польшча–92» у Варшаве навучэнцы Брэсцкай школы занялі І месца. У 1993 годзе адбыўся Міжнародны экалагічны конкурс у г. Таруні «Заўсёды зялёная, заўсёды блакітная», на якім 9 навучэнцаў Брэсцкай ДМШ атрымалі дыпломы.У конкурсе для дзяцей і юнацтва «Мой край родны» пяць работ былі ўзнагароджаны дыпломамі І ступені, 12 – ІІ ступені. У 1994 годзе навучэнцы ўдзельнічалі ў конкурсе «Як я ведаю Польшчу» ў Любліне, атрымалі 15 дыпломаў, каштоўныя падарункі і паездку ў г. Казімеш. У 1994–2001 гадах школа прымала ўдзел у міжнародных семінарах «Культурныя патрэбы дзяцей і моладзі» ў Кракаве.

Мастакі-педагогі прадстаўляюць сваім мастацтвам, творчасцю сваіх вучняў нашу краіну на прэстыжных міжнародных выставах. Кваліфікацыя педагогаў дазваляе рыхтаваць вучняў да паступлення ў сярэднія, сярэднія спецыяльныя, вышэйшыя мастацкія, або педагагічныя, навучальныя ўстановы. Гэта: Ганна Аркадзьеўна Дзенісевіч, Ганна Пятроўна Зарэцкая, Генадзь Ігаравіч Вяль, Людміла Георгіеўна Леановіч, Аксана Анатольеўна Нежычкіна, Жанна Леанідаўна Сцебноўская, Марына Валер’еўна Ківачук, Наталля Анатольеўна Галавач, Вольга Пятроўна Ваўранюк, Валянціна Уладзіміраўна Сахарук, Алена Анатольеўна Вінаградава, Надзея Мікалаеўна Кісялёва, Людміла Валер’еўна Мяснікова, Ксенія Генадзьеўна Горват.

З 2011 года навучанне ў школе ажыццяўляецца па пяцігадоваму курсе. Пры школе працуюць студыя «Юны мастак», падрыхтоўчы клас. Навучэнцы вывучаюць прадметы: малюнак, жывапіс, кампазіцыю, гісторыю мастацтваў, графіку; прадметы дэкаратыўна-прыкладнога цыкла: выцінанка, батык, габелен; знаёмяцца з асновамі дызайну. З 2002 года ў школе працуе эстампная майстэрня, у якой на занятках па графіцы навучэнцы знаёмяцца з асновамі ручнога мастацкага друку.

З сакавіка 2002 года школай кіруе Святлана Віктараўна Вяль, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. У лістападзе 2011 года ДМШ атрымала афіцыйную назву Дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі «Дзіцячая школа выяўленчых мастацтваў г. Брэста». 10 кастрычніка 2015 года рашэннем Брэсцкага гарвыканкама школе прысвоена імя А. А. Алонцава, першага дырэктара, педагога, члена Беларускага саюза мастакоў, выдатнага акварэліста.

Сёння дзіцячая школа выяўленчых мастацтваў горада Брэста – цэнтр пачатковай прафесійнай мастацкай адукацыі, які наведваюць каля 550 навучэнцаў. Настаўнікі школы і іх выхаванцы вядуць актыўнае творчае жыццё, пастаянна ўдзельнічаюць у мастацкіх выставах, конкурсах і фестывалях, годна прадстаўляючы наш горад не толькі ў вобласці, рэспубліцы, але і далёка за іх межамі. За час дзейнасці школы атэстаты выпускнікоў атрымалі каля 2000 навучэнцаў.

19 кастрычніка 2016 года ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра адкрылася выстава, прысвечная 40-годдзю школы выяўленчых мастацтваў імя А. А. Алонцава.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага адзела

 

 

  1. Брэсцкая дзіцячая мастацкая школа / У. І. Нікіценкаў // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2.С. 587–588.

  2. Художественная школа детская // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 379.

  3. 30 лет ДХШ: 19762006: альбом-каталог : [посвящ. юбилею детской художественной школы, г. Брест] / сост.: В. Д. Тулупов, А. А. Кондратюк. Брест, 2006. 18с. : ил.

  4. Павлюковец, А. Рубиновый период «художки» : [о выставке к 40-летию школы им. А. А. Алонцева] / Алина Павлюковец // Брестский курьер. 2016. 27 октября (№ 44). С. 19.

  5. Босак, Н. Эстамп — конёк «художки» : [о выставке к 40-летию школы им. А. А. Алонцева] / Надежда Босак // Брестский вестник. 2016. 27 октября (№ 43). С. 9.

  6. Шеламова, Т. «Я рисую, я тебя рисую...» : Брестская «художка» отмечает 40-летие / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2016. 12 октября. С. 6.

  7. Алейникова, Н. Первый подарок на юбилей получила Брестская школа изобразительных искусств / Наталья Алейникова // Брестский курьер. 2016. 21 апреля (№ 17). С. 11.

  8. Мечты о Дон Кихоте : [об открытии скульптурной композиции мастера художественной ковки Александра Чумакова у Брестской детской художественной школы им. А. Алонцева / Т. Шеламова // Вечерний Брест. 2016. 20 апреля. С. 2.

  9. Гапеева, Т. Брестской «художке» присвоили имя Александра Алонцева / Татьяна Гапеева // Брестская газета. 2016. 22 января (№ 4). С. 8.

  10. Павлова, Л. Имя А. Алонцева присвоено детской школе изобразительных искусств в Бресте / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2016. 21 января (№ 4). С. 3.

  11. Гапеева, Т. От мала до велика : учащиеся «художки» выставляются в зале на Советской / Татьяна Гапеева // Брестская газета. 2015. 5 июня (№ 23). С. 8.

  12. Белоус, А. Весеннее настроение в выставочном зале : [о выставке произведений преподавателей Брестской детской художественной школы «Открой весне свое сердце»] / Анна Белоус // Заря. 2015. 12 марта. С. 13.

  13. Гапеева, Т. Навстречу весне : [о выставке работ семьи Вяль «Утро. Пробуждение»] / Татьяна Гапеева // Брестская газета. 2014. 713 марта (№ 10). С. 8.

  14. Кухарчук, Д. «Тихая жизнь» в Брестской художественной школе : [о выставке работ преподавателей и учащихся «Тихая жизнь» в зале ДХШ] / Дмитрий Кухарчук // Брестская газета. 2009. 13 марта. С. 2.

  15. Светлана Вяль и Геннадий Вяль : выставка «50 + 50» : каталог. – Брест, 2008. – 17 с., ил. – В основном заглавии: Святлана.

  16. Жураўская, С. Выстава дуэтаў, альбо Чаму карысна крыўдзіцца : [ІІ Міжнародная выстава «Настаўнік — вучань» у Брэсцкай дзіцячай мастацкай школе] / С. Жураўская // Культура. 2006. 1723 чэрвеня (№ 24). С. 11.

  17. Гармель, Е. Ещё не все картины написаны… : [детская художественная школа г. Бреста отмечает юбилей – 30 лет] / Елена Гармель // Заря. 2006. 16 ноября.

  18. Павлова, Л. Творчество без границ в работах юных художников : [о выставках работ учащихся и педагогов Брестской детской художественной школы] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2005. № 49. С. 9.

  19. Выставка творческих работ преподавателей детской художественной школы города Бреста : музей спасенных художественных ценностей, ноябрь 2003 г. : [каталог работ]. – [Брест, 2003]. – 12 с., ил.

  20. Уласюк, А. Дарыць прыгажосць дзеля шчасця : [пра выставу да 25-годдзя Брэсцкай дзiцячай мастацкай школы] / А. Уласюк // Народная трыбуна. 2001. 10 лiстапада.

  21. Зырко, Н. Брестской детской художественной – 20 / Н. Зырко // Брестский курьер. 1996. № 43. С. 17.

  22. Сухапар, У. На чыстым аркушы : [пра мастака, дырэктара Брэсцкай дзiцячай мастацкай школы А. А. Алонцава] / Уладзімір Сухапар // Народная трыбуна. 1994. 4 чэрвеня.

Чытаць 1172 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Ліпень 2020 15:58