Пятніца, 03 Жнівень 2012 11:19

6 мая 2012 г. – 210 гадоў з дня нараджэння С. Б. Горскага (1802–1864), прыродазнаўца, медыка, педагога, аднаго з першых даследчыкаў флоры Белавежскай пушчы

Горскі Станіслаў Батыс нарадзіўся 6 мая 1802 года ў в. Дварэц, Камянецкага раёна, Брэсцкай вобласці.

{gcontent}Сярэднюю адукацыю атрымаў у навучальных установах Гродна i Свіслачы (1814–1820). У 1820–1825 гадах вучыўся ў Віленскім універсітэце, дзе напачатку вывучаў прыродазнаўчыя навукі, потым медыцыну са спецыялізацыяй у фармацыі i фармакалогіі. Пасля заканчэння ўніверсітэта атрымаў дыплом лекара I ступені. У 1830 годзе – загадчык батанічнага сада Віленскага ўніверсітэта. Пасля закрыцця ўніверсітэта (1831) выкладаў батаніку, фармацыю i фармакалогію ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі. У 1840 годзе напярэдадні закрыцця акадэміі выехаў за мяжуў камандзіроўку, дзе паглыблена вывучаў батаніку i энтамалогію. Пасля вяртання на радзіму ў 1842 годзе пэўны час працаваў у Паставах у арнітолага К. Тызенгаўза. 3 1847 года працаваў у музеях i бібліятэках Берліна. 3 1851 года жыў у маёнтку А. Кубліцкага ў Свянцянскім павеце, дзе займаўся батанікай i энтамалогіяй, бясплатна лячыў мясцовых жыхароў. Па падазрэнні ў спачуванні нацыянальна-вызваленчаму руху ў 1863 годзе высланы ў Сібір.

У ссылцы скончыў жыццё самагубствам 3 мая 1864 года.

С. Горскі вывучаў мясцовую флору i энтамалогію. Быў адным з першых даследчыкаў Белавежскай пушчы, які ў 1826 годзе апісаў расліннасць Белавежскай пушчы, цікавіўся, чым корміцца зубр. Яго матэрыялы выкарыстаў у 1830 годзе Э. Эйхвальд у працах па гісторыі прыроды Літвы, Валыні i Падолля. Асноўным клопатам Станіслава Горскага было падтрыманне ў добрым стане i развіццё батанічнага саду ў Вільні.

У сваіх публікацыях ён апісваў многія батанічныя сады Заходняй Еўропы. С. Горскі выступаў за цесныя сувязі з заходне-еўрапейскай навукай, забяспечваў гербарыямі i ўзорамі расліннасці Беларусі i Літвы вучоных-прыродазнаўцаў Вены, Неапаля, Палерма, Жэневы, Падуі, Фларэнцыі; падрыхтаваў для дрэздэнскага прафесара Л. Рэйхенвальда ўзоры флоры для яго працы «Германскі гербарый», перадаў гербарыі тутэйшай расліннасці музеям Берліна i Парыжа.

Станіслаў Горскі аўтар некалькіх дзесяткаў публікацый па батаніцы i энтамалогіі. Многія адкрытыя ім новыя віды раслін названы яго імем (напр. Copaifera Gorskiana i інш.).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Лось Ірына Уладзіміраўна, гал. бiблiёграф, Андрайчук Ніна Сцяпанаўна бiблiёграф 1 к.

{/gcontent}

  1. Горскі Станіслаў Батыс // Асветнікі зямлі Беларускай, X – пачатак XX ст. : энцыклапедычны даведнік. 2-е выд. Мінск, 2006. С. 120.
  2. Горскі Станіслаў Батыс // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 366.
  3. Горскі Станіслаў Батыс // Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X–XIX стст. : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1995. С. 397.
  4. Горский Станислав Батис // Регионы Беларуси : энциклопедия : [в 7 т. ]. Брестская область. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 296.
  5. Горский Станислав Батис // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 3. С. 159.
  6. Горскі Станіслаў Батыс // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. Мiнск : Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1983. Т. 2. С. 111.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1995 разоў Апошняя змена Серада, 25 Сакавік 2020 11:07