Панядзелак, 06 Жнівень 2012 10:04

16 чэрвеня 2012 г. - 60 год з дня нараджэння Юрыя Iванавіча Авяр'янава (1952–1996), акцёра

Юрый Iванавiч Авяр'янаў нарадзiўся 16 чэрвеня 1952 года ў гарадскiм пасёлку Мiкашэвiчы Лунiнецкага раёна Брэсцкай вобласцi.

{gcontent}Бацька – Авяр'янаў Iван Андрэевiч, 1913 года нараджэння, iнвалiд Вялiкай Айчыннай вайны. Мацi – Дывiна Ганна Iванаўна, 1919 года нараджэння, зубны ўрач. Жылi ў г. Лепелi Вiцебскай вобласцi.

У 1968 годзе быў прыняты на першы курс Яраслаўскага тэатральнага вучылiшча Дзяржаўнага акадэмiчнага тэатра iмя Ф. Волкава, якi закончыў у 1972 годзе, атрымаўшы спецыяльнасць «акцёр драмы i кiно». Калi вучыўся на першым курсе, адначасова закончыў 10-ы класс сярэдняй школы (1969). У 1980 годзе закончыў фiласофскi факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта.

З 1972 года Ю. I. Авяр'янаў працаваў акцёрам Беларускага акадэмiчнага тэатра iмя Янкi Купалы. З 1972 па 1974 гады служыў у Савецкай Армii. Пасля службы, вярнуўся ў тэатр Я. Купалы, стаў сакратаром камсамольскай арганiзацыi, членам Мастацкага савета тэатра, членам Прэзiдыўма Беларускага тэатральнага таварыства.

З творчай характарыстыкi Ю. I. Авяр'янава: «Здольны акцёр, умее ствараць на сцэне яркiя, закончаныя з вельмi цiкавым знешнiм i ўнутраным малюнкам характары. З акцёрскiх работ, якiя Ю. I. Авер'янаў сыграў на купалаўскай сцэне, трэба адзначыць ролi Ак'егета ў «Ночь лунного затмения», Васiлiя ў «Таблетцы пад язык», Шапкiна ў «Навальнiцы», Зайчыка ў «Людзi на балоце», Хаценчыка ў «Амнистии», Кiрыла ў «И смолкли птицы», Венькi ў «Характерах», Афiцэра ў «Человек из легенды», Палача ў «Напiсанае застаецца» i iншыя. Сыграў больш за 50 роляў. Шмат працаваў над радыёпастаноўкамi. Выступаў з гастролямi ў Балгарыi (1980), Польшчы (1987–1993)».

Юрый Авяр'янаў цудоўна ведаў i любiў класiчную музыку, валодаў баянам. Быў аўтарам перадач на беларускiм радыё «З гiсторыi музычных шэдэўраў» i iншых. Удзельнiчаў у перадачах на тэлебачаннi. Меў прафесiйна пастаўлены голас. Яго вакал здзiўляў салiстаў опернага тэатра. З яго ўдзелам праходзiлi многiя вечары i канцэрты ў Доме лiтаратара, у Лiтаратурным музеi Янкi Купалы i на iншых сцэнах.

Юрый Iванавiч валодаў польскай мовай.

У 1995 годзе быў прадстаўлены да звання «Заслужаны артыст Рэспублiкi Беларусь».

10 студзеня 1996 года Авяр'янаў Юрый Iванавiч быў забiты ў сваёй кватэры ў Мiнску.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Лунiнецкай цэнтральнай раённай бiблiятэкай. Бабута Алена Уладзiмiраўна, гал. бiблiёграф аддзела абслугоўвання i iнфармацыi

{/gcontent}

  1. Шчадрына В. Пагасла яшчэ адна зорка Купалаўскага тэатра : [памяцi артыста Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Я. Купалы Ю. Авяр'янава] / Вольга Шчадрына // Звязда. 1996. 13 студз. С. 9.
  2. Манаеў, В. «Аб'яўленаю ў той вечар была «Памiнальная малiтва»...» : [памяцi артыста Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Я. Купалы Ю. Авяр'янава] / В. Манаеў // ЛiМ. 1996. 26 студз. (№ 4). С. 4.
  3. Берасцень, С. Неразгаданны аўтограф : [пра акцёра Ю. Авяр'янава, яго працу на радыё] / С. Берасцень // ЛiМ. 1996. 26 студз. (№ 4). С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2450 разоў Апошняя змена Пятніца, 20 Сакавік 2020 12:14