Панядзелак, 27 Сакавік 2017 13:50

2 снежня 2016 г. – 85 гадоў з дня нараджэння Міраслава Віктаравіча Амельянюка (1931–1994), інсітнага мастака-інваліда

Міраслаў Віктаравіч Амельянюк нарадзіўся 2 снежня 1931 года ў г. Кобрыне Палескага ваяводства (цяпер Брэсцкай вобласці) у беларускай сям’і служачых. Па віне акушэркі атрымаў чарапную траўму, што прывяло да нерухомасці. Дзіця лячылі, вазілі да неўрапатолагаў у Варшаву, што дало станоўчы вынік: Міраслаў стаў сядзець і трохі рухаць правай нагой, але лячэнне было перарвана Другой сусветнай вайной.

 

Яго бацька, Віктар Аляксандравіч Амельянюк (1899–1939), нарадзіўся ў Кобрыне ў сям’і чыгуначнага служачага, вучыўся ў школах Роўна і Феадосіі, у 1916 годзе паступіў у Петраградскі лясны інстытут, але закончыць яго не дазволіла Грамадзянская вайна, вярнуўся на радзіму. У 1920-я служыў у польскім войску, працаваў камандзірам пажарнага разліку гарадской пажарнай аховы г. Брэста-над-Бугам (цяпер Брэст). Уладкаваўся ў бюро Польскага таварыства ўзаемнага страхавання, прайшоў шлях ад ваяводскага інспектара да кіраўніка канцылярыі. 24 жніўня 1939 года быў прызваны ў польскае войска, накіраваны ў 82-гі Сібірскі пяхотны полк, які размяшчаўся ў Брэсцкай крэпасці. Падпаручнік Віктар Амельянюк абараняў крэпасць ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У ноч на 17 верасня часці палка прарваліся з акружанай крэпасці, была сфарміравана групоўка «Брэст», якая змагалася з вермахтам на Любліншчыне, асабліва моцныя баі шлі за г. Януў-Любельскі, дзе В. А. Амельянюк загінуў.

Маці, Ларыса Уладзіміраўна Амельянюк (у дзявоцтве Зінковіч; 1898–1988), паходзіла з адукаванай сям’і, у час Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў была ў Яраслаўі, Харкаве, у 1920 г. вярнулася на родную Брэстчыну, працавала настаўніцай у Дамачава (цяпер у Брэсцкім раёне), у в. Свеклічы каля Антопаля (цяпер Драгічынскі раён). Пасля вяселля, якое згулялі ў 1929 годзе, маладыя пасяліліся ў Кобрыне. Акрамя Міраслава нарадзіліся яшчэ сын Георгій і дачка Ангеліна.

Маці ўсё жыццё аддала дзецям, іх выхаванню (Георгій і Ангеліна атрымалі вышэйшую адукацыю), афіцыйна не працавала, а займалася прысядзібнай гаспадаркай, грашовай дапамогі ад улады не атрымлівала. Сваёй любоўю, клопатам Ларыса Уладзіміраўна давала зразумець Міраславу, што ён патрэбны людзям, што ён не адзінокі, што яго любяць. Міраслаў стараўся меней дастаўляць турбот, брат і сястра яго вельмі любілі, дапамагалі даглядаць. Пасля смерці маці ў 1988 годзе і цёці Таісіі Уладзіміраўны Зінковіч, якая жыла з імі, усе клопаты па доглядзе ляглі на Георгія Віктаравіча і яго жонку Сцепаніду Аляксееўну, Ангеліну Віктараўну, пляменнікаў.

Хлопец меў тонкую натуру, яго душа патрабавала сэнсу. З маленства Міраслава цягнула да прыгажосці, вельмі любіў прыроду, жывёл: сабак, катоў, кароў, курэй. Маці навучыла яго чытаць і пісаць на рускай і польскай мовах, пісаў ён нагой. Стаў сачыняць вершы, паэмы, у свае апошнія гады пісаў раман, у якім хацеў расказаць пра любоў да маці. У яго была фенаменальная памяць, дакладна ведаў біяграфіі вялікіх мастакоў, паэтаў, музыкантаў, вучоных. Звесткі ён запамінаў з кніг, якія яму чыталі, а таксама з перадач радыё і тэлебачання.

Маляваць пачаў гадоў з шаснаццаці, мог нагой трымаць аловак, пэндзлі, змешваў розныя фарбы – акварэльныя, гуаш і алейныя. То быў цяжкі пасляваенны час, але маці недзе даставала яму паперу і фарбы. Маляваў вельмі павольна і метадычна. Большасць яго малюнкаў, а ўсяго зрабіў больш за 200, выкананы акварэльнымі фарбамі або каляровымі алоўкамі. Маляваў партрэты родных, кветкі і дрэвы, жывёл, якіх бачыў у двары: карову, сабак, курэй, а таксама вядомых асоб з тэлевізара: Ганну Герман (яе песні яму асабліва падабаліся), Аркадзя Райкіна, Міхаіла Баярскага.

Яго творчасць – гэта цудоўны жанр наіўнага мастацтва, для якога характэрны свежае дзіцячае бачанне прыроды, геніяльная прастата сюжэтаў і тэм. Углядаючыся ў яго карціны, заўважаеш мудрасць і жыццёвую сталасць, якія хаваюцца за маляўнічым светам. Першым, хто звярнуў сур’ёзную ўвагу на яго карціны, была польская даследчыца, сацыяльны педагог Ванда Шуман (1890–1994), якая займалася творчасцю мастакоў-інвалідаў.

Міраслаў Амельянюк памёр 19 мая 1994 года. Для ўсіх, хто яго ведаў, ён застаўся ў памяці як надзвычай добры, моцны духам чалавек, які пражыў жыццё, напоўненае творчасцю і добрымі адносінамі да людзей і ўсяго жывога на зямлі. Вялікая калекцыя яго твораў захоўваецца ў Дзяржаўным музеі – гуманітарным цэнтры «Преодоление» імя М. А. Астроўскага (Масква, вул. Цвярская, 14). 2 снежня 2006 года ў Кобрынскім ваенна-гістарычным музеі імя А. В. Суворава была адкрыта выстава аб жыцці і творчасці Міраслава Амельянюка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Мельников, И. История обыкновенного героя : [о Викторе Александровиче Омельянюке, отце Мирослава Омельянюка] / Игорь Мельников // Народная воля. 2011. 12 красавіка. С. 4.

  2. Шчур, Л. Карціны аптымізму : [пра лёс кобрынскага мастака-інваліда Міраслава Амельянюка] / Ларыса Шчур // Культура. 2009. 22–28 жніўня (№ 34). C. 12.

  3. Петровская, М. Любовью спасённый и возвращённый : [об открытии выставки, посвящённой жизни и творчеству художника, инвалида детства М. В. Омельянюка, в музее им. А. В. Суворова] / Мария Петровская ; фото Анатолия Шугая // Кобрынскi веснiк. 2006. 9 снежня. С. 3.

  4. Сарычев, В. Мать художника : В поисках утраченного времени : [о Ларисе Владимировне Омельянюк, матери художника Мирослава Омельянюка] / Василий Сарычев // Вечерний Брест. 2006. 8 декабря. С. 12.

  5. Савчук, М. Тернистый путь художника : [о художнике-самородке, инвалиде детства Мирославе Омельянюке] / Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2006. 7 декабря. С. 7.

  6. Кирилюк, Л. Пусть жизнь будет светочем... : [о кобринском художнике М. В. Омельянюке (1931–1994), инвалиде детства] / Лилия Кирилюк // Заря. 2006. 2 декабря. С. 7, 16.

  7. Хильчук, М. Жил в городе художник и поэт... : самодеятельном художнике, инвалиде Мирославе Омельянюке (19311994)] / Мария Хильчук // Кобрынскi веснiк. 2004. 21 жніўня. С.7.

  8. Пiлiпчук, С. Яго захапленне : [пра самадзейнага мастака, iнвалiда Міраслава Амельянюка з Кобрына] / С. Піліпчук // Народная трыбуна. Брэст, 2001. 10 сакавіка.

  9. Александров, Н. Житие простой души, или История о том, как кобринский художник Мирослав Омельянюк, победив тяжкий недуг, рисовал маму, кур, коров и Бога : [о художнике-инвалиде Мирославе Омельянюке] / Николай Александров // Брестский курьер. 1994. 27 октября – 2 ноября (№ 43). С. 9.

Чытаць 472 разоў