Панядзелак, 06 Жнівень 2012 10:34

24 ліпеня 2012 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Б. А. Булата (1912–1984), аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Баранавіцкай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Адзін з арганізатараў партызанскага руху на Гродзеншчыне, камандзір Ленінскай партызанскай брыгады, Герой Савецкага Саюза, ганаровы грамадзянін горада Ліды, Барыс Адамавіч Булат нарадзіўся 27 ліпеня 1912 года ў г. Тула.

{gcontent}Працаваў на заводах рабочым. У 1932 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію.

У 1936 годзе ён скончыў 1-ю Савецкую аб'яднаную ваенную школу імя ВЦВК і стаў кадравым афіцэрам.

Вялікая Айчынная вайна застала Б. А. Булата на заходняй граніцы. Ён займаў пасаду памочніка начальніка аператыўнага аддзела штаба 31-й танкавай дывізіі. 27 чэрвеня 1941 года капітан Булат быў цяжка паранены і трапiў у палон. 12 верасня 1941 года Б. А. Булату ўдалося ўцячы. Ён знаходзіць прытулак у в. Бердавічы у былога члена КПЗБ Міхаіла Мікалаевіча Утліка. Булат разам з гаспадаром усю зіму рыхтаваліся да партызанскай барацьбы.

У канцы красавіка 1942 года Б. А. Булат з невялікай групай байцоў пачаў актыўныя дзеянні. Яны напалі на памяшканне гміны ў в. Сянькоўшчына, забілі трох паліцэйскіх, узялі ў палон начальніка паліцэйскага участка, захапілі 13 вінтовак, шмат патронаў. Так узнікла партызанская група, у якой было 27 чалавек. Камандзірам выбралі Б. А. Булата. Затым да іх далучыліся групы У. К. Лябецкага, П. I. Булака, В. I. Пішчуліна, Г. Караля. На агульным сходзе прынялі пастанову ўтварыць аб'яднаны партызанскі атрад, камандзірам якога выбралі Б. А. Булата.

Аб'яднанне партызанскіх груп, утварэнне адзінага камандавання дазволілі палепшыць агульнае кіраўніцтва, распрацоўку баявых аперацый. Прыкладам можа быць аперацыя па разгроме варожага гарнізона ў Дзярэчыне, у час якой больш 50-ці фашыстаў было забіта, 20 узята ў палон, захоплены багатыя трафеі.

Яшчэ больш узмацніліся ўдары партызан па ворагу, калі ў снежні 1942 года была створана Ленінская брыгада, камандзірам якой быў назначаны Ф. М. Сінічкін, а начальникам штаба – Б. А. Булат. Брыгадзе давялося прайсці праз вялікія выпрабаванні ў час першай блакады Ліпічанскай пушчы ў снежні 1942 года.

Умелым, вопытным камандзірам і смелым воінам паказаў сябе Б. А. Булат у адной з найболыи вялікіх аперацый брыгады – разгроме варожага гарнізона ў райцэнтры Жалудок у маі 1943 года. Тут ён быў зноў паранены. Ледзь паспеў паправіцца, як яго назначылі камандзірам Ленінскай партызанскай брыгады.

Восенню 1943 года Б. А. Булата адазвалі ў абком партыі і прызначылі начальнікам аператыўнага аддзела абласнога партызанскага цэнтра. Аднак не па душы была Барысу Адамавічу штабная работа, ён ірваўся ў бой. Гэта заўважылі і даручылі яму аб'яднаць у адну брыгаду некалькі разрозненых атрадаў, якія дзейнічалі на заходняй ускраіне Налібоцкай пушчы. Заданне ён паспяхова выканаў.

У пачатку чэрвеня 1944 года праз абком партыі Б. А. Булат атрымаў выклік у Маскву. 9 чэрвеня самалёт з партызанскага аэрадрома з Барысам Адамавічам і параненымі партызанамі ўзняўся ў неба і перасёк лінію фронту. У партызанскі край Барыс Адамавіч больш ужо не вярнуўся. А хутка беларуская зямля была вызвалена ад немцаў.

У ліпені 1944 года Б. А. Булат вярнуўся ў Мінск.

15 жніўня 1944 года яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Пасля вайны Барыс Адамавіч скончыў Вышэйшую школу харчовай прамысловасці, працаваў на розных пасадах.

Памёр Б. А. Булат 27 сакавіка 1984 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Баранавiцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя В. Таўлая. Шлык Лiлiя Вiктараўна, заг. аддзела iнфармацыйна-бiблiяграфiчнай работы,

Серафiмовiч I. С., гал. бiблiяёграф аддзела

{/gcontent}

  1. Булат Барыс Адамавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 328.
  2. Булат Барыс Адамавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск,  1990. С. 104.
  3. Булат Борис Адамович // Их именами названы... : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 69.
  4. Булат, Б. А. Вспоминая былые походы / Булат Борис Адамович // За край родной : воспоминания партизан и подпольщиков Барановичской области / сост. А. И. Залесский [и др.]. Минск, 1978. С. 224–230.
  5. Долготович, Б. Д. Булат Борис Адамович / Б. Д. Долготович // Почетные граждане белорусских городов : биографический справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 216–217.
  6. Суслов, А. Сага о безруком // Суслов, А. Творцы Победы : документальные очерки / Александр Суслов. Минск, 2010. С. 3–14.
Чытаць 2005 разоў Апошняя змена Чацвер, 19 Сакавік 2020 11:24