Панядзелак, 12 Чэрвень 2017 11:30

15 студзеня 2016 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Кандратавіча Шахметава (1901–1969), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, грамадскага і гаспадарчага дзеяча

Сцяпан Кандратавіч Шахметаў нарадзіўся 15 студзеня 1901 года ў мястэчку Лёзна Віцебскай губерні (цяпер г. п. Лёзна Віцебскай вобласці). У трынаццаць год пачаў свой працоўны шлях. Служыў у Чырвонай арміі. З 1923 года працаваў на прадпрыемствах Віцебска, яго неаднаразова выбіралі сакратаром партыйнай ячэйкі.

 

У 1933–1935 гадах С. К. Шахметаў працаваў старшынёй калгаса. Затым быў інструктарам Віцебскага гаркама КП(б)Б, намеснікам дырэктара МТС па палітычнай частцы. У 1937 годзе быў сакратаром гаркамаў КП(б)Б у Віцебску і Дрысе.

Восенню 1939 г. С. К. Шахметаў накіраваны на партыйную работу ў Заходнюю Беларусь, абраны першым сакратаром Дамачаўскага райкама КП(б)Б Брэсцкай вобласці. Пачалася работа па адміністрацыйна-гаспадарчым уладкаванні, пераводзе эканомікі на рэйкі сацыялістычнага будаўніцтва. Дамачаўскі раён, утвораны ў студзені 1940 года, меў плошчу 491,3 кв. км, быў падзелены на сельсаветы: Дубіцкі, Камароўскі, Ляплёўскі, Мяднянскі, Падлужскі, Прыбараўскі, Чэрскі. На красавік 1940 года ў раёне на партыйным уліку было 59 членаў і 53 кандыдаты ў члены КП(б)Б. Выключную большасць камуністаў складалі прыезджыя. Былым членам КПЗБ было адмоўлена ў пераводзе ў рады КП(б)Б. Папаўненне партыйных радоў ішло марудна. Напачатку 1941 года С. К. Шахметава накіравалі на вучобу ў Ленінградскую акадэмію.

Нямецка-фашысцкія захопнікі занялі Дамачава ў першы дзень вайны, 22 чэрвеня 1941 года. Пагранічнікі 16-й пагранзаставы больш за 5 гадзін стрымлівалі ворага. Партыйныя і савецкія работнікі былі вымушаны адступіць у глыб СССР. У Дамачаве засталася жонка Сцяпана Кандратавіча, Яўгенія Ігнацьеўна Шахметава, з трыма дзяцьмі. Яе арыштавалі за сувязь з партызанамі 22 мая 1942 года, расстралялі ў Брэсцкай турме. Ад дызентэрыі памёр малодшы сын Валерый.

З першых месяцаў вайны С. К. Шахметаў змагаўся на фронце ў якасці палітычнага работніка. У 1944 годзе служыў намеснікам начальніка 28-га Раёна авіяцыйнага базіравання 4-га Украінскага фронту па палітычнай частцы, удзельнічаў у вызваленні Крыма. Часткі РАБ забяспечвалі базіраванне авіяпалкоў, падвоз бензіна, бомб і іншых боепрыпасаў.

Таксама геройскі ваяваў яго малодшы брат, Сямён Кандратавіч Шахметаў (1906–?). Быў камандзірам 292-га Палка самаходнай артылерыі на 3-м Украінскім фронце, даслужыўся да звання гвардыі палкоўніка, узнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Незвычайны лёс дачкі Сцяпана Кандратавіча, Таiсы Шахметавай (1933–2011). Калі прыйшлі немцы ў Дамачава, яна знаходзілася разам з маці і братамі Валерыем і Міхаілам. Калі не стала маці, жыла з дзяцьмі Дамачаўскага дзіцячага дома, а Міша быў у работніках у вяскоўцаў. 23 верасня 1942 года 56 дзяцей, якія засталіся на той час у дзіцячым доме, ва ўзросце ад 2 да 10 год, і разам з імі 20-гадовую выхавацельніцу Паліну Аляксандраўну Грахольскую немцы пагрузілі на грузавую аўтамашыну. У час пагрузкі дзевяцігадовая Тося злезла з машыны і ўцякла, спачатку хавалася ў будынках, а потым збегла ў лес. Яшчэ збег Віця Абрамаў (ён выжыў, пасля вайны жыў у Ленінградзе). Дзяцей павезлі ў бок чыгуначнай станцыі Дубіца, але машына ад’ехала недалёка. Дзеці і выхавацельніца былі расстраляны непадалёк ад вёскі Ляплёўка.

Тося доўга блукала, прыпынялася ў розных людзей, пакуль не дабралася да польскага сяла Славатычэ, дзе яе прытуліла сялянская сям’я Браніславы Курылюк. Пасля вызвалення краю, у ліпені 1944 года яе знайшоў бацька, забраў з сабою. Два месяцы яна была з бацькам у часці, потым адпраўлена ў Брэст да бацькавага сябра. Бацька таксама знайшоў старэйшага сына Міхаіла, у 1945 годзе яму было сямнаццаць, ён ужо служыў у артылерыі, і бацька перавёў яго ў сваю часць.

Таіса Сцяпанаўна з 1946 года жыла ў Кобрыне, закончыла Брэсцкае медыцынскае вучылішча, шмат гадоў працавала медсястрой. Выйшла замуж за М. С. Цімашэнку, нарадзіла сына і дачку. 4 мая 2005 года яна прысутнічала на адкрыцці помніка расстраляным выхаванцам Дамачаўскага дзіцячага дома.

У 1946 годзе С. К. Шахметаў дэмабiлізаваўся ў званні палкоўніка, быў накіраваны на працу ў Кобрын. У 1948–1950 гадах працаваў старшынёй Кобрынскага райвыканкама. Гэта былі складаныя гады аднаўлення эканомікі краю пасля нямецка-фашысцкай акупацыі. Будаваліся дамы, школы, бальніцы, ствараліся майстэрні, заводы, фабрыкі, калгасы. У 1948 годзе пачала дзейнічаць арцель імя Суворава, якая вырабляла шафы, спальныя гарнітуры, сталы, крэслы, трумо. У тым жа годзе з’явіўся кансервавы завод, адзін з першых такіх заводаў у Беларусі. У той час на ім працавалі 52 чалавекі. У 1949 годзе арцель «Чырвоны сцяг» была пераўтворана ў ткацкую фабрыку, якая выпускала радно, дарожкі для падлогі, хусткі. Аднак да сярэдзіны 1950-х у раёне дзейнічалі бандыты Украінскай паўстанцкай арміі, падпольнай арганізацыі «Саюз абаронцаў свабоды», ад іх рук гінулі людзі.

У 1952–1961 гадах С. К. Шахметаў быў начальнікам Брэсцкага будаўніча-мантажнага ўпраўлення № 4 трэста «Белмясамалпрам» Міністэрства мясамалочнай прамысловасці БССР. Цяпер БМУ-4 пасля шэрага пераўтварэнняў называецца «Дзяржаўнае ўнітарнае будаўнічае прадпрыемства “Брэсцкая ПМК-6”».

Сцяпан Кандратавіч пасля 1961 года знаходзіўся на пенсіі, жыў у Брэсце. За заслугі перад Радзімай узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1939), Чырвонай Зоркі (1943), Айчыннай вайны І (1945) і ІІ ступеняў (1944), пяццю медалямі.

С. К. Шахметаў памёр 3 чэрвеня 1969 года. Пахаваны на гарнiзонных могiлках г. Бреста. 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. С. К. Шахметов : [некролог] / Группа товарищей // Заря. 1969. 4 июня. С. 3.

  2. Яны кіравалі горадам і раёнам : Шахметаў Сцяпан Кандратавіч / падрыхтавала Т. С. Назарук // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 456.

  3. Пятроўская, А. В. Брэстчына ў 1939–1941 гадах / А. В. Пятроўская // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 127–144. Са зместу: С. К. Шахметаў. С. 131.

  4. З выступлення памочніка галоўнага абвінаваўцы ад СССР Л. Н. Смірнова на Нюрнбергскім працэсе // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 192.

  5. Мірныя жыхары — ахвяры фашыцскага тэрору. Дамачаўскі пасялковы савет : Шахметава Яўгенія Ігнацьеўна // Памяць. Брэсцкі раён :
    гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 301.

  6. Могила жертв фашизма : [д. Леплёвка] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 136.

  7. Кирьянов, А. Никогдабольше! : лишь двое из Домачевского детдома уцелели в нацистском аду : [о дочери Т. С. Шахметовой, Татьяне Николаевне Михаленко, жительнице Кобрина] / А. Кирьянов // Рэспублiка. 2014. 10 красавiка. С. 8.

  8. Ковалева, А. Расстрелянное детство : трагедии Домачевского детского дома исполнилось 70 лет / Алла Ковалева // Заря над Бугом. Брест, 2012. 26 сентября.

  9. Ковалева, А. В память о расстрелянном детдоме : [митинг на месте расстрела немецкими оккупантами воспитанников Домачевского детдома] / Алла Ковалева // Вечерний Брест. 2007. 26 сентября. С. 3.

  10. Ковалева, А. Расстрелянное детство : трагедии Домачевского детского дома исполняется 65 лет / Алла Ковалева // Вечерний Брест. 2007. 14 сентября. С. 8.

  11. Волкович, А. Расстреляны над Бугом… / Александр Волкович // Нёман. 2006. № 5. С. 145–149.

  12. Волкович, А. Памяти расстрелянных детей посвящён гранитный обелиск : [о памятнике воспитанникам Домачевского детского дома, расстрелянным фашистами в 1942 г.] / Александр Волкович // Брестский курьер. 2005. № 20. С. 9.

  13. Гурда, В. Печальная годовщина : [63 года исполнилось как оккупанты расстреляли 54 воспитанника и воспитательницу П. Гроховскую Домачевского детского дома] / В. Гурда // Заря. 2005. 4 октября. С. 2.

  14. Орлова, И. Их увезли на грузовике. Невозможно было без слез : [о трагедии Домачевского детского дома] / Ирина Орлова // Советская Белоруссия. 2005. 12 мая.

  15. Самосевич, М. Это не должно повториться... : [об открытии памятника уничтоженным в сентябре 1942 г. детям Домачевского детского дома; фото выступающей на митинге Т. С. Шахметовой] / Марина Самосевич  // Заря над Бугом. Брест, 2005. 7 мая. С. 4.

  16. Яскевіч, С. Расстраляны дзіцячы дом / Святлана Яскевіч // Звязда. 2005. 7 мая. С. 4.

  17. Иваненко, С. Догорай, свеча, зажжённая войной... : [о траурном митинге в память о 60-летии Домачевской трагедии] / С. Иваненко // Заря над Бугом. Брест, 2002. 28 сентября.

  18. Кармазин, В. Это было в Домачеве : история детдома в письмах, воспоминаниях, документах / Виктор Кармазин // Нёман. 1989. № 6. С. 120–128.

  19. Кармазин, В. В сентябре сорок второго… : [запись рассказа Т. С. Шахметовой о трагедии Домачевского детского дома] / Виктор Кармазин // Знамя юности. 1986. 21 августа ; 22 августа.

  20. Скрипка, М. Когда расцветает вереск… : [Домачевский детский дом] / Михась Скрипка // Нёман. 1971. № 10. С. 158–166.

 

 

Чытаць 1381 разоў Апошняя змена Пятніца, 07 Жнівень 2020 12:13