Панядзелак, 12 Чэрвень 2017 11:35

10 снежня 2016 г. — 50 гадоў з дня падняцця флага на танкеры «Герои Бреста» (1966), названага ў памяць герояў абароны Брэсцкай крэпасці (1941)

У Брэсцкай крэпасці 12 жніўня 1965 года адбыўся мітынг піянераў і школьнікаў, на якім вырашана пачаць збор металалому ў фонд будаўніцтва флатыліі з імёнамі герояў-абаронцаў крэпасці-героя. Ініцыятыва была падтрымана, кожны дзень у штаб паступалі рапарты ад піянерскіх дружын Беларусі, Украiны і іншых рэспублік аб зборы металалому, было сабрана 25 тыс. т. У Брэсце быў створаны абласны штаб па шэфстве над будаўніцтвам карабля «Герои Бреста», які ўзначаліў капітан І рангу М. Кіслоў. Абаронцы крэпасці і работнікі Музея абароны пастаянна інфармаваліся аб ходзе работ.

 

Танкер «Герои Бреста» быў закладзены 29 красавіка 1966 года на Балтыйскім суднабудаўнічым заводзе імя С. Арджанікідзэ (Ленінград). Закладка была ўрачыстай, на яе прыехалі абаронцы крэпасці Іван Іванавіч Долатаў, Віктар Емяльянавіч Кальвін і прадстаўнікі грамадскасцi Брэста. 13 жніўня 1966 года новае судна ўрачыста спушчана на ваду, прышвартавана да прычала завода, каб дарабіць палубы, надбудовы, устанавіць абсталяванне, аформіць каюты. На цырымоніі спуску прысутнічала група абаронцаў крэпасці. Сярод іх быў Мікалай Рыгоравіч Мішчанка (1916–1990), які прыехаў cа станіцы Старавелічкоўскай Калінінскага раёна Краснадарскага краю.

За сем месяцаў сучасны карабель (вадазмяшчэнне 62,5 тыс. т, даўжыня 232 м, шырыня 31 м) пабудавалі па праекце 1552 (тып Сафiя). Усяго па гэтым праекце ў 1963–1968 гадах было пабудавана 15 суднаў: «София», «Белгород», «Братислава», «Варна», «Герои Бреста», «Пальмиро Тольятти», «Морис Торез», «Гданьск», «Рихард Зорге», «Хулио Антонио Мелья», «Бургас», «Капитан Плаушевский», «Механик Афанасьев», «Комсомолец Ленинграда», «Бородино», «Хасси Миссауд».

10 снежня 1966 года на судне «Герои Бреста» быў урачыста падняты Дзяржаўны флаг СССР. На мітынгу прысутнічала дэлегацыя з Брэста на чале з сакратаром гаркама КПБ Б. Н. Мачуевым. У складзе дэлегацыі былі абаронцы крэпасці Іван Іванавіч Долатаў, Наталля Міхайлаўна Кантроўская, камсамольцы. Лепшым суднабудаўнікам уручаны Ганаровыя граматы ЦК ЛКСМБ. Музей абароны крэпасці перадаў на судна стэнды, якія расказваюць аб гераічнай абароне. У Ленінградскім Доме афіцэраў адбыўся вечар, прысвечаны заканчэнню пабудовы карабля.

Капітанам судна стаў Канстанцін Пятровіч Арлоў, вопытны марак. Судна належала Чарнаморскаму марскому параходству ММФ СССР, было прыпісана да порта Наварасійск. Танкер пайшоў у першы марскі паход. Яго зафрахтавала брытанская кампанія «BritishPetroleum» і накіравала ў порт Дас, што ў Персідскім заліве, дзе танкер прыняў 46 тыс. т нафты і праз 15 сутак даставіў у Англію. Пры гэтым ішоў з хуткасцю 17 вузлоў (каля 32 км/г), прышвартаваўся ў порце за 60 хвілін, а разгрузіўся за 22 гадзіны, што тады лічылася выдатнымі паказчыкамі.

Цеплаход «Герои Бреста» ў 1972 годзе наведалі абаронцы Брэсцкай крэпасці, сустракаліся з камандай. Таксама на судне бывалі дэлегацыі піянераў і камсамольцаў Брэста (1976). Вялася кніга водгукаў, дзе свае запісы аставілі ганаровыя госці судна: Фідэль Кастра, Луіс Карвалан, Анжэла Дэвіс і многія іншыя.

У 1970 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» рэжысёрам В. М. Шаталавым зняты дакументальны фільм «Я — танкер “Герои Бреста”!». Для каманды танкера напісана песня: «Снова дальний поход, / Снова дальние страны. / За кормою волна / Настигает волну. / Снова Бреста герои / Идут в ураганы, / Чтобы подвигом новым / Прославить страну…» (паэт У. Левiн, кампазiтар Ю. Талеснiк). Закладная дошка і здымак цеплахода дэманструюцца ў экспазіцыі залы № 10 Музея абароны Брэсцкай крэпасці.

У Сусветным акіяне хадзілі і іншыя судны з імёнамі герояў Брэста. У маі 1973 года быў падняты флаг на цеплаходзе «Андрей Кижеватов». Летам 1974 года ў сваё першае плаванне адправіўся рачны сухагруз «Нюра Кижеватова».

Танкер «Герои Бреста» быў спісаны са склада Чарнаморскага параходства 16 верасня 1986 года. У 1996 годзе па просьбе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі у Расіі было вырашана надаць новаму марскому судну гэта імя.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Музей обороны Брестской крепости : путеводитель / авторы текста: В. А. Абрамов, Л. В. Киселева, В. Г. Куделин [и др.]. – 4-е изд., испр. и доп. – Минск : Беларусь, 1986. – 127 с., [4] л. ил. : ил. – Из содерж.: Танкер «Герои Бреста». С. 119–121.

  2. У гонар герояў Брэста : [імя «Героі Брэста» будзе прысвоена аднаму з будуемых суднаў] // Народная трыбуна. 1996. 5 кастрычніка.

  3. У гонар герояў Брэста будзе названа новае расійскае судна // Чырвоная змена. 1996. 1 кастрычніка.

  4. Павлов, С. В память о героях Бреста : [информ. о танкере «Герои Бреста»] / Сергей Павлов // Во славу Родины. 1996. 25 мая. С. 1.

  5. «Герои Бреста» должен остаться в строю : [танкер «Герои Бреста» выведен из состава флота; Президент Республики Беларусь А. Г. Лукашенко обратился с просьбой о присвоении этого названия новому танкеру] // Советская Белоруссия. 1996. 23 мая.

  6. Лебедзеў, А. Сябра падтрымае сябар : [танкеру «Героі Брэста» споўнілася 20 год] / А. Лебедзеў // Чырвоная змена. 1986. 1 мая. С. 2.

  7. Романов, И. Встречи с друзьями : [о танкере «Герои Бреста»] / И. Романов // Заря. 1984. 30 августа.

  8. Пашутин, С. Курс — Гавана / С. Пашутин // Заря. 1975. 31 мая.

  9. Балашэеў, А. Героі Брэста : [пра танкер «Героі Брэста»] / Анатоль Балашэеў // Чырвоная змена. 1975. 10 ліпеня ; 12 ліпеня ; 13 ліпеня.

  10. Довгаленко, Ю. Теплоход «Андрей Кижеватов» / Ю. Довгаленко // Заря. 1973. 22 ноября.

  11. Пашутин, С. Награда экипажу / С. Пашутин // Заря. 1972. 14 октября.

  12. Пашутин, С. На борту судна-побратима / С. Пашутин // Заря. 1972. 27 июля.

  13. Белошеев, А. Счастливого плавания, «Герои Бреста»! / Анатолий Белошеев // Нёман. 1969. № 12. С. 114–119.

  14. Иванов, М. Крепость плывет в бессмертие : [о работе танкера «Герои Бреста»] / М. Иванов // Знамя юности. 1967. 8 мая. С. 2.

  15. Суворова, Т. Счастливого плавания, «Герои Бреста»! : [о митинге по случаю окончания строительства танкера] / Т. Суворова ; фото И. Стеца // Заря. 1966. 17 декабря.

  16. Кислов, М. Вот он, танкер «Герои Бреста» / М. Кислов ; фото Н. Карасева // Заря. 1966. 19 августа.

  17. Танкер «Герои Бреста» спущен на воду // Заря. 1966. 18 августа.

  18. Кислов, М. Здравствуйте, герои Бреста! : [о торжественной закладке танкера на Балтийском заводе] / М. Кислов ; фото Н. Карасева // Заря. 1966. 8 мая.

  19. За «Александром Косаревым» — корабли имени героев обороны Брестской крепости / М. Кислов. Судам быть! / А. Архипова // Заря. 1965. 13 августа.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 373 разоў