Аўторак, 22 Жнівень 2017 16:34

26 лістапада 2017 г. — 135 гадоў з дня нараджэння Віктара Мікалаевіча Сарокі-Расінскага (1882–1960), расійскага і савецкага педагога

Віктар Мікалаевіч Сарока нарадзіўся 26 лістапада 1882 года ў г. Ноўгарад-Северскі (цяпер Чарнігаўская вобласць, Украіна). Неўзабаве сям’я пераехала ў г. Брэст-Літоўск Гродзенскай губерні (цяпер г. Брэст), дзе немаўля пахрысцілі ў Свята-Мікалаеўскай Гарнізоннай царкве. Яго бацька, Мікалай Сарока, з небагатага роду, служыў штабс-капітанам ў Брэсцкім гарнізоне. Віктар выхоўваўся сярод салдат, вучыўся ў гарадской гімназіі, марыў стаць ваенным, яго любімым героем быў А. В. Сувораў.

 

У 1896 годзе з мацi, Таццянай Капітонаўнай Расінскай (?–1935), пераехаў у в. Мядзведзь пад Ноўгарадам. У 1901 годзе Віктар закончыў Аляксандраўскую Ноўгарадскую гімназію і паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Вучыўся на адным курсе з Аляксандрам Блокам.

Пасля заканчэння ўніверсітэта (1906) В. М. Сарока два гады працаваў у Ваенна-медыцынскай акадэміі, займаўся вывучэннем пытанняў псіхалогіі, працаваў у лабараторыі эксперыментальнай псіхалогіі Аляксандра Лазурскага, слухаў лекцыі Уладзіміра Бехцерава. Стаў членам рэдкалегіі часопіса «Вестник знания», дзе ў 1906–1910 гадах публікаваў артыкулы па прамблемах псіхалогіі. Падпісваўся псеўданімам «В. Росинский» — дзявочым прозвішчам маці. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года стаў падпісвацца двайным прозвішчам.

У 1910–1917 гадах В. М. Сарока працаваў настаўнікам гісторыі ў Стрэльнінскай гімназіі пад Пецярбургам, займаўся даследаваннямі педагагічных праблем і пытаннямі выхавання. Пісаў артыкулы, дзе падымаў пытанні педагогікі і псіхалогіі дзіцячага чытання і дзіцячага светаўспрымання, праблемы сацыялогіі моладзі розных краін у гады Першай сусветнай вайны і лёсы чалавека ў яго жыццёвай барацьбе. Настойваў на тым, што ў аснове выхавання павінны быць прынцыпы народнасці і демакратычнасці, асабліва выдзяляў пры гэтым вывучэнне народнай творчасці, музычнай і мастацкай культуры, падкрэсліваў важнасць рэлігійнага і працоўнага выхавання. У 1918 годзе — выкладчык гісторыі і літаратуры Пуцілаўскага вучылішча імя А. І. Герцэна.

У 1920–1925 гадах В. М. Сарока-Расінскі ўзначальваў Петраградскі аддзел народна-індывідуальнага выхавання імя Ф. М. Дастаеўскага. Аддзел болей вядомы як «Школа-камуна імя Ф. М. Дастаеўскага» для цяжкавыхоўных беспрытульнікаў. Школа стала добра вядомай дзякуючы аповесці Рыгора Бялых і Леаніда Панцялеева «Республика ШКИД» (1927), паводле якой зняты мастацкі фільм (1966). Віктар Мікалаевіч працаваў разам са сваёй жонкай, Элай Андрэеўнай Люмінарскай, выкладчыцай нямецкай мовы, аднадумцам і верным сябрам.

Гуманізм педагогікі Віктара Мікалаевіча праявіўся ў тым, што ён бачыў у маральна і псіхічна дэфектыўных дзецях, як тады класіфікавалі, творчыя, адораныя натуры. Глыбокая вера, якая перадавалася яго выхаванцам, у іх добрую будучыню, у тое, што ім удасца «выйсці ў людзі», стаць дастойнымі грамадзянамі, здольна рашыць цяжкую педагагічную задачу. Школа імя Ф. М. Дастаеўскага, па сутнасці, фарміравала інтэлігенцыю з беспрытульнікаў, што не ўпісвалася ў тагачаснае разуменне працоўнай школы і задачах выхавання. Таму В. М. Сарока-Расінскі пасля рэзкай крытыкі Н. К. Крупскай быў звольнены са створанай ім установы.

З 1925 года — загадчык школы № 39 г. Ленінграда, метадыст аддзялення сацыяльна-прававой аховы непаўналетніх Ленінградскага дзяржаўнага інстытута імя А. І. Герцэна. Выкладаў у класах для цяжкавыхоўных пры Тарфяным тэхнікуме, у школе для псіханеўротыкаў пры Педалагічным інстытуце (у 1933–1936 гг. навуковы супрацоўнік). У 1939 годзе прыйшоў настаўнікам у школу № 210.

У час блакады выкладаў рускую мову, працаваў на радыё, дапісваў падручнікі. Жонка загінула (прапала без вестак) падчас эвакуацыі. Яго самога эвакуіравалі 12 жніўня 1942 года. Па дарозе на Алтай яго, вельмі хворага, дыстрафічнага, абрабавалі, знік чамадан з рукапісамі падручнікаў, рэчамі, якія можна было выменяць на ежу. У эвакуацыі працягваў выкладчыцкую дзейнасць у Горна-Алтайскім педагагічным вучылішчы, з 1944 года — Пржавальскім педагагічным інстытуце. Даведаўся, што ў яго кватэру на Неўскім праспекце трапіў снарад, згарэлі бібліятэка (кнігі на рускай, нямецкай, французскай, англійскай мовах, рускія выданні ХVІІІ–ХІХ стст.), дакументы, рукапісы, пісьмы.

Толькі летам 1948 г. В. М. Сарока-Расінскі атрымаў дазвол вярнуцца ў Ленінград. Да 1952 года працаваў у сярэдняй школе № 233, затым да 1955-га — № 460. Працу пакiнуў, бо моцна пагоршыўся зрок. На пенсіі не кінуў педагогіку, пісаў артыкулы, на грамадскіх пачатках займаўся з «цяжкімі» падлеткамі, якіх знаходзіў у навакольных школах, запрашаў у сваю кватэру.

Асноўныя працы В. М. Сарокі-Расінскага: «Психология в России», «Психология и самовоспитание», «Нат Пинкертон и детская литература», «Путь русской национальной школы», «Национальное и героическое воспитание», «Детский дом», «Трудновоспитуемые», «Школа им. Достоевского». У артыкулах выказаны думкі сённяшняга дня аб выхаванні і адукацыі, аб кардынальных адрозняннях паміж нацыянальным і нацыяналістычным, аб велічы рускай культуры — асновы пабудовы школы ў шматнацыянальнай краіне.

Яго сын, Канстанцін Віктаравіч Расінскі (1916–1993), – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, журналiст. Яго прах падзахаваны ў магіле бацькі.

В. М. Сарока-Расінскі 1 кастрычніка 1960 года загінуў у выніку няшчаснага выпадку (трапіў пад трамвай). Пахаваны на Серафімаўскіх могілках. Многае са спадчыны Віктара Мікалаевіча страчана, але памяць аб ім захоўваецца. У 1982 годзе ў Ленінградзе адбылася ўрачыстасць з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння педагога. У фондах Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея зберагаюцца матэрыялы, якія прыслаў К. В. Расінскі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Сорока-Росинский Виктор Николаевич / М. В. Богуславский // Большая российская энциклопедия. Москва, 2015. Т. 30. С. 715.

  2. Сорока-Росинский Виктор Николаевич // Педагогический энциклопедический словарь. Москва, 2003. С. 408.

  3. Міхайлава, К. Н. Стваральнік «Рэспублікі ШКІД» / К. Н. Міхайлава // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 656–657.

  4. Шендерова, Р. И. Знаменитый универсант Виктор Николаевич Сорока-Росинский: страницы жизни / Р. И. Шендерова. – Санкт-Петербург : СПбГУ, 2010. 174, [1] с. : ил., портр., факс.

  5. Числова, С. Н. Педагогическая система В. Н. Сороки-Росинского : монография / Светлана Николаевна Числова. – Елец : ЕГУ, 2007. – 141 с.

  6. Заречнова, Е. А. Педагогическая деятельность и педагогические взгляды В. Н. Сороки-Росинского : автореферат диссертации … кандидата педагогических наук / Е. А. Заречнова. – Майкоп, 1995. – 17 с.

  7. Вендровская, Р. Б. Школа 20-х годов: поиски и результаты / Регина Борисовна Вендровская. – Москва : Международная педагогическая академия, 1993. – 80 с.

  8. Заречнова, Е. А. Педагогическая деятельность В. Н. Сороки-Росинского / Е. А. Заречнова. – Пятигорск : ПГПИИЯ, 1991. – 34 с.

  9. Путилова, Л. ...Началось в Республике Шкид : очерк жизни и творчества Л. Пантелеева : [воспитанник В. Н. Сороки-Росинского, один из авторов книги «Республика ШКИД»] / Л. Путилова. – Ленинград : Детская литература, 1986. –124 с. : ил.

  10. Кабо, Л. Р. Жил на свете учитель / Любовь Рафаиловна Кабо. – Москва : Знание, 1970. – 95 с.

  11. Сорока-Росинский, В. Н. Педагогические сочинения / Виктор Николаевич Сорока-Росинский ; [сост., авт. вступит. ст. и коммент. А. Т. Губко] ; Академия пед. наук СССР. Москва : Педагогика, 1991.  240 с. (Педагогическая библиотека). – Из содерж: Рыцарь суровой доброты. С. 6–17.

  12. Сорока-Росинский, В. Н. Школа Достоевского / Виктор Николаевич Сорока-Росинский. – Москва : Знание, 1978. – 48 с.

  13. Сорока-Росинский, В. Н. Записки Викниксора / Виктор Николаевич Сорока-Росинский // Мастерство воспитателя : [сборник] / сост. Ю. П. Азаров. Москва, 1970. С. 79–88.

  14. Белых, Г. Г. Республика ШКИД : повесть : [для ст. шк. возраста] / Григорий Георгиевич Белых, Леонид Пантелеев (А. И. Еремеев). – Москва : Детская литература, 2005. – 462 с. – (Школьная библиотека).

  15. ИзотовИ. В. Педагогические идеи Виктора Николаевича Сороки-Росинского / И. В. Изотов // Актуальные задачи педагогики : материалы IV междунар. науч. конф. (г. Чита, октябрь 2013 г.). Чита, 2013. С. 2022.

  16. Рубашевский, Ю. Вождь детской «республики» : [о педагоге Викторе Николаевиче Сороке-Росинском, крещённом в Брестском Свято-Николаевском гарнизонном соборе в 1882 г.] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2014. 27 августа. С. 9.

  17. Шидловский, И. Викниксор из Бреста остался в истории педагогики : [биография Виктора Николаевича Сороки, директора школы им. Ф. Достоевского в 1920–1925 гг.; прототип директора школы в книге Г. Белых и А. Пантелеева «Республика ШКИД»] / Игорь Шидловский // Брестский курьер. 2008. 2 октября (№ 40). С. 20.

  18. Вербовиков, О. В. «Может пригодиться товарищам...» : в 2007 году исполнилось 125 лет со дня рождения В. Н. Сороки-Росинского / О. В. Вербовиков // Праблемы выхавання. Серыя «У дапамогу педагогу». 2008. № 3. С. 34–38.

  19. Колосова, Е. М. Подлинный друг детей / Е. М. Колосова, С. А. Лагун, И. В. Лихолетова // Вестник Герценовского университета. Санкт-Петербург, 2007. № 11. С. 63–68.

  20. Вендровская, Р. Б. Сорока-Росинский В. Н.: проблемы русской национальной школы / Р. Б. Вендровская // Педагогика. 1996. № 3. С. 75–81.

  21. Христофоров, С. Знакомый Викниксор — неизвестный Сорока-Росинский / Сергей Христофоров // Первое сентября. Управление школой. 2007. 1–15 июля (№ 13).

  22. Губко, А. В. Н. Сорока-Росинский / Алексей Губко // Народное образование. 1989. № 3.

  23. Губко, А.Т. В. Н. Сорока-Росинский / Алексей Тимофеевич Губко // Советская педагогика. 1982. № 6. С. 105–108.

  24. Росинский, К.В. От Достоевского к школе Достоевского / К. В. Росинский // Заря. 1981. 4 июля.

  25. Бианки, В. Президент республики Шкид / В. Бианки // Учительская газета. 1980. 23 декабря.

  26. Росинский, К.В. Шкид и Викниксор / К. В. Росинский // Заря. 1980. 16 июля.

  27. Губко, А. Революцией призванный / А. Губко // Учительская газета. 1977. 24 декабря.

  28. Яковлева, Т. Такой же большой человек : опыт замечательного советского педагога В. Н. Сороки-Росинского ждет исследователей / Т. Яковлева // Комсомольская правда. 1977. 27 ноября.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1266 разоў Апошняя змена Чацвер, 22 Красавік 2021 11:28