Пятніца, 09 Люты 2018 08:48

25 ліпеня 2018 г. — 75 гадоў з дня разгрому нямецка-фашысцкага гарнізона ў г. Давыд-Гарадку (Столінскі р-н; 1943)

У час нямецка-фашысцкай акупацыі Беларусі ў г. Давыд-Гарадку Пінскай (цяпер Брэсцкай) вобласці быў размешчаны буйны гарнізон — каля 300 гітлераўцаў. Гарнізоны з’яўляліся ўвасабленнем палітыкі запалохвання і гвалту, былі апорнымі пунктамі бяспекі тылу войск, эканамічнага грабяжу. Разгром гарнізонаў меў вырашальнае значэнне ў стварэнні і пашырэнні тэрыторый партызанскіх зон, зрыве карных аперацый акупантаў, звужаў аператыўна-тактычную прастору праціўніка, зрываў ваенныя і эканамічныя планы, меў вялікае значэнне для папаўнення партызанамі запасаў зброі, боепрыпасаў і харчавання. У барацьбе з варожымі гарнізонамі партызаны праяўлялі выключную мужнасць і адвагу.

 

У камандзіра партызанскага злучэння Сідара Арцёмавіча Каўпака (1887–1967), які праходзіў рэйдам па поўдні Беларусі, быў намер разграміць Давыд-Гарадоцкі гарнізон 1 студзеня 1943 года. Але пасля кароткага прыпынку ў Альшанах (8 км ад Давыд-Гарадка) яго атрады рушылi на поўнач цераз раку Прыпяць да возера Чырвонага (Жыткавіцкі раён), каб прыняць самалёты з Вялікай зямлі, адправiць цяжкапараненых. Потым С. А. Каўпак прайшоў на захад праз Лунінеччыну, павярнуў на Украiну. У ноч на 16 студзеня 1943 года атрады каўпакаўцаў і сабураўцаў пад камандаваннем Паўла Фёдаравіча Рэвы (1903–1943) разграмілі гарнізон у Століне.

З 16 ліпеня 1943 года дзейнічаў Давыд-Гарадоцкі падпольны райкам КП(б)Б (сакратар Харлампій Іванавіч Севасцянчык). Партызанская разведка атрымала ад падпольшчыкаў звесткі пра размяшчэнне гарнізона ў Давыд-Гарадку, сістэму абароны. Разгром гарнізона быў падрыхтаваны і праведзены партызанамі атрада «Савецкая Беларусь» (камандзір П. П. Тамілаў) Пінскай вобласці і злучэння Аляксандра Мікалаевіча Сабурава (1908–1974) Жытомірскай вобласці (Украiнская ССР).

У аперацыі ўдзельнічалі пяць партызанскіх груп у колькасцi каля 400 чалавек. Адна група, каб адцягнуць увагу ворага, наступала па дарозе Альшаны – Тураў, другая перакрыла дарогу ў Харомск, перашкаджаючы падыходу падмацаванняў праціўніка са Століна. Сярод удзельнікаў бою быў славацкі атрад партызанскага злучэння А. М. Сабурава, якім камандаваў Ян Налепка (1912–1943). Славацкаму атраду было даручана заняць мост на ўсходняй ускраіне Давыд-Гарадка, па якім у горад увайшлі атрады імя Леніна і імя Будзённага.

А 1-й гадзiне ночы 25 ліпеня 1943 года тры групы партызан з розных бакоў уварваліся ў Давыд-Гарадок і да 5-й гадзіны поўнасцю авалодалі горадам. У выніку бою жандармерыя і паліцыя ў горадзе былі ў асноўным ліквідаваны (знішчана каля 20 гітлераўцаў). Знішчаны ўсе будынкі, у якіх знаходзіліся ўстановы і прадпрыемствы акупантаў, спалены мост цераз раку Гарынь, склады і ўмацаванні, 3 аўтамашыны, 4 матацыклы, захоплена зброя, медыкаменты, харчаванне.

Тады ж быў спалены маёнтак «Высокае» каля Давыд-Гарадка, дзе было захоплена 20 коней, 120 галоў буйной рагатай жывёлы, больш за 200 авечак. Вайсковая часць праціўніка, што знаходзілася за 1 км ад горада за ракой, якая тады шырока разлілася, была паралізавана агнём партызанскай артылерыі. Партызаны без страт пакінулі Давыд-Гарадок.

Капiтан Ян Налепка з 1941 года знаходзіўся ў складзе войск Славакіі на акупіраванай тэрыторыі Беларусі і Украіны, служыў начальнікам штаба 101-га палка 2-й славацкай пяхотнай дывізіі, які быў расквартыраваны ў г. Ельску Гомельскай вобласцi. У 1942–1943 гадах стварыў падпольную антыфашысцкую групу, устанавіў сувязь з партызанамі. 15 мая 1943 года з групай афіцэраў і салдат перайшоў на бок партызан. 18 мая А. М. Сабураў назначыў яго камандзірам славацкага атрада, які тады ж быў створаны. Ян Налепка (партызанскі псеўданім «Рэпкін») загінуў 16 лістапада 1943 года ў баі за вызваленне г. Оўруча Жытомiрскай вобласцi. 2 мая 1945 года Яну Налепку пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У жніўні 1943 года на базе атрадаў «Савецкая Беларусь», імя Кутузава (камандзір У. М. Галыбін, камісар А. П. Кувыркоў), імя Чкалава (камандзір І. І. Андрэеў, камісар Х. І. Севасцянчык) была створана брыгада «Савецкая Беларусь». Камандзірам стаў Іван Андрэевіч Сматроў (1918–1975), камісарам — Павел Пятровіч Тамілаў (1919–1945), начальнікам штаба — Юрый Мiкалаевiч Героеў. Брыгада базіравалася ў Мярлінскіх лясах, дзейнічала ў Давыд-Гарадоцкім, Столінскім, Ленінскім і Тураўскім раёнах.

У ноч на 14 кастрычніка 1943 года партызаны брыгады «Савецкая Беларусь» зрабілі другі налёт на гарнізон у Давыд-Гарадку. Праціўнік не прыняў бою і пакінуў умацаваныя пазіцыі. Партызаны знішчылі ўсе будынкі і прадпрыемствы акупантаў, узарвалі масты цераз Гарынь, катар, захапілі склады з харчаваннем і амуніцыяй і без страт адышлі.

7 лістапада 1943 года партызаны зноў атакавалі гарнізон у Давыд-Гарадку, знішчылі склады.

На будынку Столінскага Дома культуры ў 1965 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар партызанскай брыгады «Савецкая Беларусь». У СШ № 2 г. Давыд-Гарадка створаны музей баявой і працоўнай славы, дзе сабраны звесткі аб партызанах Давыд-Гарадоччыны.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Давыд-Гарадоцкія баі, 1943 // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 568.

  2. Давыд-Гарадоцкія баі, 1943 / Уладзімір Пасэ // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 191.

  3. Давыд-Гарадок / Н. У. Капранава. Давыд-Гарадоцкія баі, 1943 / У. С. Пасэ // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 184.

  4. Давыд-Гарадоцкія баі 1943 года / У. С. Пасэ // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 244.

  5. Партызанская брыгада «Савецкая Беларусь» // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 448.

  6. Гарнізоны нямецка-фашысцкія / У. С. Пасэ // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 156.

  7. Мемориальная доска советским воинам и партизанам : [Столин; упомянут разгром гарнизона в Давид-Городке] / Н. В. Кирейшин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 381.

  8. Сматроў Іван Андрэевіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 570.

  9. Тамілаў Павел Пятровіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 587.

  10. Каўпак Сідар Арцёмавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 260.

  11. Сабуров Александр Николаевич // Их именами названы.. : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 527–528.

  12. Налепка Ян // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 376.

  13. Налепка Ян // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 7. С. 380.

  14. Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944). В 3 т. Т. 2. Кн. 2 : документы и материалы. – Минск : Беларусь, 1978. – 813 с. – Из содерж.: Из отчета командования партизанского отряда «Советская Белоруссия» : о разгроме гарнизона в Давид-Городке. С. 73–75.

  15. Берлинский, Д. Ю. Подвиг Яна Налепки / Давид Юдкович Берлинский, Мордух Бениаминович Погребинский. – Москва : Воениздат, 1959. – 104 с. : ил. – Из содерж.: Разгром гарнизона в Давид-Городке. С. 79–80.

  16. Сабуров, А. Ради цели единой : [докум. очерки о Великой Отечественной войне] / Александр Сабуров. – Москва : Знание, 1974. – 144 с. – Из содерж.: Таинственная записка : о Яне Налепке. С. 29–49.

  17. Вершигора, П. Люди с чистой совестью. Кн. 1. Рейд за Днепр : [о боевом пути партизанского соединения С. А. Ковпака] / Пётр Вершигора. – Москва : Государственное издательство художественной литературы, 1958. – 435 с., [12] л. ил., [1] л. карт. – Из содерж.: Давид-Городок. С. 182–185, 189–190.

  18. Шэлехаў, М. Лістапад 43-га : [хроніка падзей 1943 г.; узгадваецца напад на гарнізон Давыд-Гарадка 7 лістапада] / Міхаіл Шэлехаў // Навіны Палесся. Столін, 1993. 3 лістапада.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1428 разоў Апошняя змена Чацвер, 18 Люты 2021 15:54