Серада, 07 Сакавік 2018 14:54

22 жніўня 2018 г. — 40 гадоў з дня заснавання біялагічнага заказніка рэспубліканскага значэння «Баранавіцкі» (Баранавіцкі р-н; 1978–2007)

Бiялагiчны заказнік «Баранавіцкі» быў створаны ў адпаведнасці з пастановай Савета Мiнiстраў БССР № 252 ад 22 жнiўня 1978 года для забеспячэння прыродных умоў роста лекавых раслін. Размешчаны ў Івацэвіцкім і Баранавіцкім раёнах Брэсцкай вобласці, на паўднёвым захадзе ад Баранавiч. «Баранавіцкі» быў адным з самых вялікіх заказнікаў Брэсцкай вобласці і знаходзіўся на трэцім месцы пасля «Белавежскай пушчы» і «Выганашчанскага», меў значэнне як аб’ект экалагiчнага турызму.

 

Напачатку заказнік «Баранавіцкі» меў плошчу 32 800 га. Пераўтвораны ў 1998 годзе, яго плошча некалькі паменшылася, а на 2006 год плошча складала 29 019 га. Заказнік «Баранавіцкі» адносіўся да «другога пакалення» заказнікаў краіны, асноўнай мэтай якіх было не толькі захаванне прыродных багаццяў. Баранавіцкі лясгас (Ляснянскае, Бярозаўскае, Мілавідскае і Дабрамысленскае лясніцтвы) з’яўляўся адным з асноўных землекарыстальнікаў «Баранавіцкага».

Па канфігурацыі заказнiк быў выцягнуты з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Менавіта ў гэтым кірунку пасярэдзіне заказніка паралельна праходзяць тры самыя інтэнсіўныя транспартныя камунікацыі — аўтамагістраль Брэст – Мінск, аўтадарога Кобрын – Дзяржынск, чыгунка Брэст – Мінск і яшчэ, акрамя мясцовых, дзве аўтадарогі рэспубліканскага значэння. Найбольш важная экалагічная функцыя «Баранавіцкага» — бар’ерная: буйны лясны масіў зніжаў аб’ёмы атмасферных забруджванняў і ў цэлым аздараўляў санітарна-экалагічную сітуацыю ў Баранавіцкім густанаселеным транспартна-прамысловым вузле.

У ландшафтным дачыненні ў заказніку абсалютна пераважалі мурожныя хвойнікі, у асноўным — культуры пасляваеннай пасадкі. На другім месцы па значнасці — ельнікі. Сярод раслін і грыбоў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублiкi Беларусь, тут былі выяўлены: дзераза баранец, арніка горная, чына горная, канюшына люпінавая, лінея паўночная, лілея кудраватая, вясёлка звычайная (усяго 13 вiдаў).

Сярод раслін лясной фармакапеі заказніка ў найбольшай меры выкарыстоўвалася чарніца. Ягаднікі і грыбныя месцы «Баранавіцкага» інтэнсіўна выкарыстоўваліся насельніцтвам Баранавіч і іншых населеных пунктаў. У дні паспявання дароў лесу штодня ўгоддзі «Баранавіцкага» наведвалі да 3–4 тысяч чалавек. Па грыбных рэсурсах, асабліва па восеньскіх грыбах, Баранавіцкі лясгас у Брэсцкай вобласці з’яўляўся абсалютным рэкардсменам.

Жылі ў «Баранавіцкім» 22 вiды млекакормячых, 138 вiдаў птушак, 19 — амфiбiй i рэптылiй, 202 — насякомых. Адзначаны месцапражыванні жывёл, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублiкi Беларусь: сыч махнаногі, барадатая няясыць, чорны бусел, зімародак звычайны, рысь еўрапейская, пераліўніца вялікая, блакітная ордэнская стужка, соня арэшнікавая. На тэрыторыі заказніка існавалі два такавішчы глушцоў.

Заказнік «Баранавіцкі» быў скасаваны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1833 ад 27 снежня 2007 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф

 

 

  1. Баранавiцкi, бiялагiчны заказнiк // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 1996. Т. 2. С. 294.

  2. Барановичский, биологический заказник // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 1. С. 193194.

  3. Барановичский биологический заказник // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 2. С. 58.

  4. Биологический (ботанический) заказник республиканского значения «Барановичский» // Особо охраняемые природные территории Брестской области / БрГУ ; [ред.: Н. В. Михальчук и др.]. Брест, 1997. С. 42–45.

  5. Баранавіцкі батанічны заказнік // Ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі і помнікі прыроды Беларусі. Мінск, 1985. С. 26.

  6. Аб стварэнні рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Стронга» і змяненні плошчы меж Баранавіцкага дзяржаўнага батанічнага заказніка дзікарослых лекавых раслін рэспубліканскага значэння : пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, 26 кастрычніка 1998 г., № 1634 // Зборнік дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь. 1998. № 30. С. 20–22.

  7. Федотов, В. Ботанический заказник «Барановичский» / В. Федотов // Родная прырода. 2007. № 8. С. 17.

  8. Хвалей, Я. Сведкi стагоддзяў : [заказнiк «Баранавiцкi»] / Яўген Хвалей // Родная прырода. 2005. № 7. С. 11.

  9. Бярэзінскі, З. Што сёння з заказнікамі : [пра стан заказнікаў, у т. л. «Баранавіцкі»/ Зміцер Бярэзінскі // Родная прырода. 1996. № 2. С. 16.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1250 разоў Апошняя змена Панядзелак, 24 Май 2021 10:58