Пятніца, 01 Чэрвень 2018 08:37

6 мая 2018 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Мікалая Лявонавіча Вяленкі (1898–1975), палявода, Героя Сацыялістычнай Працы (1949)

Мікалай Лявонавіч Вяленка нарадзіўся 6 мая 1898 г. у вёсцы Залессе Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1912 г. скончыў Навагрудскае вучылішча. У 1922–1939 гг. — парабак. З 1939 г. — рабочы саўгаса.

 

У сям’і Мікалая Лявонавіча было сямёра дзяцей. У час Вялікай Айчыннай вайны сямнаццацігадовую дачку Марыю фашысты расстралялі. Таксама ад варожай кулі загінуў чатырнаццацігадовы сын Уладзімір. Старэйшы сын Міхаіл (1923–1944) не вярнуўся з фронту.

У 1944–1954 гг. Мікалай Лявонавіч працаваў брыгадзірам паляводчай брыгады № 1 саўгаса «Вольна-Чэрніхава» Гарадзішчанскага раёна Баранавіцкай вобласці. Брыгадзір валодаў прыродным розумам, шматгадовай практыкай гаспадарання на зямлі. Яго брыгада ў тыя гады змагла атрымліваць адносна высокія ўраджаі жыта, пшаніцы, ячменю, грэчкі. Дырэктарам саўгаса тады быў Пётр Афанасьевіч Макараў, старшым аграномам — Савелій Якаўлевіч Навуменка.

У жніўні 1948 года брыгадзе М. Л. Вяленкі ўдалося сабраць насенне канюшыны, якая дала ўраджайнасць 5,25 ц/га на плошчы 10,5 га. Чырвоная канюшына — каштоўная сельскагаспадарчая культура, асноўная шматгадовая трава ў севазваротах; павышае ўрадлівасць глебы; дае зялёную масу і сена высокай якасці; ідзе на прыгатаванне вітаміннай травяной мукі і сенажу. Канюшыннае сена лічыцца адным з лепшых кармоў. Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР абагульніла вопыт атрымання высокага ўраджаю насення чырвонай канюшыны перадавой у рэспубліцы брыгады.

30 сакавіка 1949 г. Указам Вярхоўнага Савета СССР М. Л. Вяленку за атрыманне высокага ўраджаю насення канюшыны было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».

У 1951 г. М. Л. Вяленка ўдастоены дыплома I ступені раённай сельскагаспадарчай выстаўкі за ўраджай бульбы: 280 ц/га.

Мікалай Лявонавіч любіў народную мудрасць, любіў і жарт. Фізічна быў моцным чалавекам, энергічным, адкрытым, а таксама тактоўным кіраўніком калектыву брыгады. Калі лічыўся персанальным пенсіянерам саюзнага значэння, добраахвотна працаваў на добраўпарадкаванні тэрыторыі саўгаса. Садзіў дрэвы, зрабіў альтанку на востраве сажалкі, каб людзі маглі культурна адпачываць, разводзіў рыбу, каб кожны мог пасядзець з вудай.

М. Л. Вяленка памёр 27 студзеня 1975 г. Пахаваны на могілках в. Вольна Баранавіцкага раёна. Матэрыялы аб жыцці і дзейнасці Мікалая Лявонавіча захоўваюцца ў гісторыка-краязнаўчым музеі Вольнаўскай сярэдняй школы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Веленко Николай Леонтьевич // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биогр. справочник. Минск, 2014. С. 61.

  2. Вяленка Мікалай Лявонавіч // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 595.

  3. Вяленка Мікалай Лявонавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 133–134.

  4. Вяленка Мікалай Лявонавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 3. С. 221.

  5. Могила Веленко Николая Леонтьевича : [д. Вольно] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 92.

  6. Панасюк, Н. Вербный остров : [очерк о Н. Л. Веленко] / Н. Панасюк // Земные звезды : очерки о Героях Социалистического Труда Брестской области. Минск, 1978. С. 48–54.

  7. Звёзды земные : Веленко Николай Леонтьевич (1898–1975) // Наш край. Барановичи. 1997. 12 ноября.

  8. Панасюк, Н. Вербный остров : [очерк о Н. Л. Веленко] / Н. Панасюк // Знамя коммунизма. Барановичи, 1978. 27 декабря.

  9. [Веленко Николай Леонтьевич : некролог] // Знамя Коммунизма. Барановичи, 1975. 28 января.

  10. Черняк, А. Годы больших перемен : экспериментальной базе «Вольно-Чернихово» — 30 лет : [упоминается Н. Л. Веленко] / А. Черняк, И. Ткачев // Знамя коммунизма. Барановичи, 1970. 17 января.

  11. О присвоении звания Героя Социалистическго Труда работникам совхозов Министерства совхозов СССР по Белорусской ССР : Указ Президиума Верховного Совета СССР : [в т. ч. Веленко Николаю Леонтьевичу] // Заря. 1949. 1 апреля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1499 разоў Апошняя змена Чацвер, 15 Красавік 2021 10:44