Панядзелак, 16 Ліпень 2018 11:04

2018 г. — 75 гадоў з пачатку выдання газеты «За Родину» (1943–1944), органа Брэсцкага абласнога антыфашысцкага камітэта

У ліпені 1943 г. па ўказанні ЦК КП(б)Б на базе міжраённага «Камітэта барацьбы з нямецкімі акупантамі» (арганізаваны 12 мая 1942 г.) быў створаны Брэсцкі абласны антыфашысцкі камітэт, які працаваў пад кіраўніцтвам Брэсцкага падпольнага абкама КП(б)Б. Сакратаром антыфашысцкага камітэта быў Іосіф Паўлавіч Урбановіч (1907–1944), яго намеснікам, другім сакратаром — Мірон Емяльянавіч Крыштафовіч (1899–1985). Камітэт знаходзіўся ў распалажэнні партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі Брэсцкага злучэння. Вёў арганізацыйную і палітыка-масавую работу па ўзмацненні барацьбы насельніцтва і партызанскіх атрадаў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Напярэдадні вызвалення Брэстчыны ад акупантаў камітэт аб’ядноўваў у 11 раённых арганізацыях 422 ячэйкі, якія налічвалі 1 893 падпольшчыкаў.

 

Брэсцкі антыфашысцкі камітэт меў падпольную друкарню, якая была створана ў чэрвені 1942 г. Знаходзілася спачатку ў лесе ля в. Куляны, потым у спецыяльна зробленай зямлянцы ў двары патрыёта Максіма Іванавіча Барана ў в. Байкі Ружанскага (цяпер Пружанскага) раёна. Вясной 1943 г. — у в. Заполле, затым — у в. Апеляновічы, потым — у Ружанскай пушчы. У друкарні працавалі М. С. Маргуліс, А. П. Папко, І. А. Хазан, І. Ш. Шарашоўскі. Выдавалі адозвы, звароты, зводкі Саўінфармбюро і іншыя матэрыялы. 

З восені 1943 г. камітэт выдаваў на рускай мове газету «За Родину» пад дэвізам «Смерть немецким оккупантам!». Назва газеты абрана не арыгінальная — на тэрыторыі БССР у час вайны выходзіла шмат падпольных і партызанскіх газет з такой жа ці падобнай назвай: «За Родину» (7), «За Советскую Родину» (8), «За Радзіму» (2), «За Савецкую Радзіму» (1). Адна з іх, газета «За Родину» — орган Баранавіцкага падпольнага гаркама КП(б)Б, выходзіла з кастрычніка 1943 г. па ліпень 1944 г.

Друкарня антыфашысцкага камітэта тады знаходзілася ў Ружанскай пушчы. Газета не мела вызначанага галоўнага рэдактара, адказнымі за яе выпуск былі сакратары антыфашысцкага камітэта І. П. Урбановіч і М. Е. Крыштафовіч. Іосіф Паўлавіч з’яўляўся аўтарам многіх матэрыялаў. На Мірона Емяльянавіча была ўскладзена задача найперш матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння выдання газеты, але і ён працаваў над зместам яе старонак. Складана было здабыць паперу, таму наклад газеты быў невялікі — некалькі соцень экзэмпляраў.

Газета інфармавала мясцовых жыхароў аб барацьбе супраць фашызму, расказвала аб масавым гераізме савецкіх воінаў і партызан, заклікала да актыўнага супраціўлення гітлераўскім акупантам. Брэсцкая газета выдатна аформлена, змястоўная і напісана добрай мовай. Па сваёй ролі ў палітычным выхаванні народа ў тыле ворага і па сваім арганізацыйным уплыве на партызанскі рух можа быць аднесена да лепшых падпольных газет.

Перыядычнасць выхаду ў свет — ад трох дзён да двух тыдняў. Апошні нумар (№ 48) газеты выйшаў 22 ліпеня 1944 г., калі партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі ўжо злучылася з Чырвонай арміяй (11 ліпеня) і тэрыторыя Брэсцкай вобласці была амаль вызвалена (28 ліпеня). Нам вядома газета «За Родину» з № 13 ад 28 снежня 1943 г., першыя 12 нумароў не знойдзены. Да нашага часу захавалася вельмі мала экзэмпляраў падпольных выданняў, усе яны з’яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю. Асобныя нумары газеты «За Родину» захоўваюцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага музея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны, Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, Музея абароны Брэсцкай крэпасці.

У 1967 г. у в. Байкі Пружанскага раёна ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў памяць падпольнай друкарні. У 1975 г. у в. Смаляніца Пружанскага раёна ўстаноўлены помнік у гонар абласнога антыфашысцкага камітэта.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1.«За Родину» : [орган Брэсцкага антыфашысцкага камітэта] // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 213.

2.«За Родину» : [орган Брестского антифашистского комитета] // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 212.

3.Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны / Л. В. Календа // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 139–141.

4.Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны / І. С. Краўчанка // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 12–17.

5.I паўстаў народ... : факсімільнае выданне падпольных i партызанскіх газет, часопiсаў, лiстовак, перыяду Вялiкай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў / уклад.: А. В. Стэфановiч, В. А. Рабкоў. – Мінск : БелЭН, 2005. – 639 с. – (Гiсторыя Беларусi ў дакументах, манаграфiях, лiтаратурных помнiках). – Са зместу: «За Родину» : орган Брестского антифашистского комитета. С. 12, 625.

6.Брэсцкі абласны антыфашысцкі камітэт / А. І. Марозава // Энцыклапедыя Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 99.

7.Брэсцкая абласная антыфашысцкая арганізацыя / У. Я. Навуменка. Брэсцкі абласны антыфашысцкі камітэт / А. І. Марозава // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 98–100.

8.Брестский областной антифашистский комитет // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 134.

9.Брестская областная антифашистская организация // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 114–117.

10.Брэсцкі абласны антыфашысцкі камітэт / А. А. Фактаровіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 432.

11.Партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі : [Брэсцкае злучэнне] // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 436.

12.Друкарня Брэсцкага абласнога антыфашысцкага камітэта / А. І. Марозава // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 202.

13.Типография Брестского областного антифашистского комитета // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 355–356.

14.Друк падпольны / Г. Л. Напрэеў. Друкарні падпольныя / Г. Д. Кнацько // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 200–202.

15.Урбановіч Іосіф Паўлавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 602.

16.Крыштафовіч Мірон Емяльянавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 279.

17.Памятник в честь Брестского областного антифашистского комитета, Пружанского подпольного райкома КП(б)Б и штаба партизанской бригады имени П. К. Пономаренко : [д. Смоляница] / А. И. Дулебо, А. А. Факторович // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 372–373.

18.Землянка, в которой находилась подпольная типография : [д. Байки] / В. С. Поссе, А. А. Факторович // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 356.

19.Криштафович, М. Е. По велению долга / Мирон Емельянович Криштафович // Буг в огне : [сборник воспоминаний]. 3-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 195–199.

20.Припотнев, А. М. «Заря» партизанская / Александр Михайлович Припотнев // Буг в огне : [сборник воспоминаний]. 3-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 212–216.

21.Савинова, Е. В. Народная борьба в Брестской области против немецко-фашистских оккупантов : дис. … канд. ист. наук : 07.00.02 / Екатерина Викторовна Савинова ; науч. рук. Валерий Васильевич Журавлёв. – Москва, 2008. – 182 с.

22.Юденков, А. Ф. Политическая работа партии среди населения оккупированной советской территории (1941–1944 гг.) / А. Ф. Юденков. – Москва : Мысль, 1971. – 358 с. – Из содерж.: Партизанская и подпольная печать. С. 259–331.

23.Краўчанка, І. С. Падпольны бальшавіцкі друк у Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны / І. С. Краўчанка. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1950. – 221 с. – Са зместу: Газета «За Родину» Брэсцкага антыфашысцкага камітэта. С. 53–54.

 

Чытаць 1950 разоў Апошняя змена Чацвер, 17 Снежань 2020 15:33