Пятніца, 03 Жнівень 2018 10:42

1 жніўня 2018 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Міколы (Мікалая Міхайлавіча) Грынчыка (1923–1999), літаратуразнаўца, крытыка, фалькларыста, педагога, заслужанага дзеяча навукі Беларусі

Мікалай Міхайлавіч Грынчык нарадзіўся 1 жніўня 1923 г. у мястэчку Быцень Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер в. Быцень Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у вялікай сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай школе, як лепшага вучня яго паслалі вучыцца ў Варшаву. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР вучыўся ў Слонімскай беларускай школе № 1, а затым перавёўся ў Косаўскую сярэднюю школу.


З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі разгарнулася актыўнае супраціўленне ворагу. Мікола Грынчык прымкнуў да адной з партызанскіх груп, выконваў яе даручэнні па зборы трафейнай зброі, зборы інфармацыі, агітацыйнай рабоце сярод насельніцтва. Узначальваў групу Мікалай Аляксандравіч Саленік, які пазней стаў сакратаром раённага антыфашысцкага камітэта. Камандаваннем атрада «Савецкая Беларусь» Мікола Грынчык быў скіраваны на разведвальную работу і выконваў канкрэтныя баявыя даручэнні па сваёй партызанскай зоне (Слонім – Баранавічы – Косава).


Пасля вызвалення Беларусі ў ліпені 1944 г. Мікола Грынчык быў абраны сакратаром Быценскага сельскага Савета, але неўзабаве добраахвотна пайшоў на фронт. Пад Варшавай атрымаў цяжкае раненне ў галаву, год лячыўся ў шпіталі і вярнуўся інвалідам I групы. З канца 1945 г. працаваў пэўны час загадчыкам аддзела сацыяльнага забеспячэння Быценскага райвыканкама, затым экстэрнам здаў экзамены за сярэднюю школу і ў 1948 г. паступіў на філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута. Пасля яго заканчэння (1952) атрымаў рэкамендацыю ў аспірантуру, аднак па матэрыяльных прычынах два гады працаваў у Вялікабераставіцкай СШ Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.


У 1954 г. М. М. Грынчык паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуры АН БССР, а ў канцы 1958 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. Па матэрыялах дысертацыі выйшла манаграфія «Максім Багдановіч і народная паэзія» (1963), якая стала яго першым сур’ёзным даследаваннем. Навуковая дзейнасць захапіла маладога беларускага крытыка і літаратуразнаўца. Працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1957–1970), загадчыкам кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1970–1980), з 1980 г. — загадчыкам кафедры літаратуры Мінскага інстытута культуры, які з 1992 г. стаў Беларускім універсітэтам культуры. Студэнты слухалі яго лекцыі з велізарнай цікавасцю, захапляліся яго разуменнем сутнасці беларускага нацыянальнага духу, спецыфікі роднай песні, філасофіі айчыннай казкі.


М. М. Грынчык актыўна выступаў у друку, займаўся праблемамі народнасці літаратуры, яе ўзаемасувязі з фальклорам, вывучаў творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова, Пятра Глебкі і іншых пісьменнікаў. Вынікам працы сталі кнігі: «Аркадзь Куляшоў: крытыка-біяграфічны нарыс» (1964), «Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі» (1969), «Шляхі беларускага вершаскладання» (1973). Быў адным з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1966), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977), падручнікаў для студэнтаў філалагічных факультэтаў педагагічных інстытутаў: «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры 1917–1940 гг.» (1981), «Гісторыя беларускай літаратуры. XIX – пачатак XX ст.» (1982) і «Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд» (1985).


Доўгі час Мікалай Міхайлавіч быў каардынатарам літаратуразнаўчых і фалькларыстычных даследаванняў у рэгіёне і краіне. З’яўляўся галоўным рэдактарам міжведамаснага зборніка «Беларуская літаратура» (1973–1983), тады самага аўтарытэтнага часопіса літаратуразнаўчага профілю ў краіне. У ім друкаваліся артыкулы прафесараў і аспірантаў, галоўным крытэрыем былі наватарства і арыгінальнасць аўтарскай канцэпцыі. М. М. Грынчык быў сярод стваральнікаў канцэпцыі энцыклапедычнага слоўніка «Янка Купала» (1986), для якога напісаў некалькі соцень артыкулаў.


Плённая навуковая дзейнасць нашага земляка была высока ацэнена ў рэспубліцы. Мікалай Міхайлавіч Грынчык — доктар філалагічных навук (1970), прафесар (1971), член Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1971), заслужаны дзеяч навукі БССР (1977). Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені і медалямі.


М. М. Грынчык памёр 11 кастрычніка 1999 г., пахаваны на могілках у в. Быцень поруч з роднымі і блізкімі людзьмі. 1 жніўня 2008 г. на доме, дзе жыў пісьменнік у Быцені, адкрыта мемарыяльная дошка. Яго імем названа вуліца ў Быцені. Яго сын, Мікалай Мікалаевіч Грынчык (нар. у 1950 г.), доктар фізіка-матэматычных навук (1994), вучоны ў вобласці цеплафізікі і малекулярнай фізікі, прафесар кафедры камп’ютарных тэхналогій і сістэм факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ.

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў ліпені 2018 г. Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Вазнішчык Вольга Мікалаеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

Працы М. М. Грынчыка
1.    Гiсторыя беларускай лiтаратуры : старажытны перыяд : вучэб. дапам. для фiлал. фак. пед. ВНУ / М. М. Грынчык [i iнш.]. – 4-е выд., стэрэатып. – Мінск : Вышэйшая школа, 1998. – 351 с.
2.    Да пытання аб этнічным субстраце старажытнага славянскага пісьменства / М. М. Грынчык // Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні, прысвечаныя Міжнароднаму дню славянскага пісьменства і культуры, Мінск, 23 мая 1997 г. / Беларускі ўніверсітэт культуры. Мінск, 1998. С. 93–95.
3.    Памяці паэта-партызана : [аб партызанскім паэце В. В. Галаднове] / Мікола Грынчык // Івацэвіцкі веснік. 1997. 29 сакавіка. С. 2.
4.    Гісторыя беларускай літаратуры : старажытны перыяд : падручник для пед. iн-таў / М. М. Грынчык [i iнш.]. – Мінск : Вышэйшая школа, 1985. – 336 с.
5.    Классики белорусской литературы Янка Купала и Якуб Колас в контексте славянских культур / Н. М. Гринчик // Славянские культуры и мировой культурный процесс. Минск, 1985. С. 429–431.
6.    «Сымон-музыка» Якуба Коласа і традыцыі фінскага эпасу / М. М. Грынчык // Беларуская літаратура : зборнiк. Мінск, 1982. Вып. 10. С. 3–13.
7.    Янка Купала і літаратурны працэс 20-х гадоў / М. М. Грынчык // Беларуская літаратура. Вып. 9. Мінск : БДУ, 1981. С. 3–17.
8.    Шляхі беларускага вершаскладання / М. М. Грынчык. – Мінск : Выдавецтва БДУ, 1973. – 264 с.
9.    Фольклорные традиции в белорусской дооктябрьской поэзии : автореф. дис. ... д-ра филол. наук : специальность 642 Литература народов СССР / Николай Михайлович Гринчик. – Минск, 1970. – 65 с.
10.    Фальклорныя традыцыi ў беларускай дакастрычнiцкай паэзii / М. М. Грынчык / АН БССР, Iнстытут лiтаратуры iмя. Я. Купалы. – Мінск : Навука i тэхнiка, 1969. – 295 с.
11.    Аркадзь Куляшоў : крытыка-бiяграфічны нарыс / М. М. Грынчык. – Мінск : Беларусь, 1964. – 158 с.
12.    Максiм Багдановiч i народная паэзiя / М. М. Грынчык. – Мінск : Дзяржвыд БССР, 1963. – 211 с.
13.    М. Багданович и белорусский фольклор : автореф. дис. ... канд. филол. наук / Николай Михайлович Гринчик. – Минск, 1958. – 19 с.

Аб жыццi i дзейнасці М. М. Грынчыка
1.    Грынчык Мікола // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 484.
2.    Грынчык Мікола // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2012. Т. 3. С. 284.
3.    Грынчык Мікола // Максім Багдановіч : энцыклапедыя. Мінск, 2011. С. 182.
4.    Гринчик Микола. Гринчик Николай Николаевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 213–214.
5.    Грынчык Мікола / І. Ф. Штэйнер // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 370–371.
6.    Мікола Грынчык // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 260–261.
7.    Грынчык Мікола // Памяць. Гомель : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1999. Кн. 2. С. 445–446.
8.    Мароз, В. Мікола Грынчык / В. Мароз. З аўтабіяграфіі Міколы Грынчыка // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 446–447.
9.    Булахаў, М. Г. Грынчык Мікалай Міхайлавіч // Беларускія перакладчыкі, даследчыкі, ілюстратары «Слова о палку Игореве» / М. Г. Булахаў. Мінск, 2012. С. 44–49.
10.    Грынчык Мікола / А. А. Майсейчык // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўнік : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 2. С. 268–270.
11.    Грынчык Мікола / М. М. Барсток // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т . Мінск, 1985. Т. 2. С. 221.
12.    Грынчык Мікола // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 179.
13.    Мікалай Міхайлавіч Грынчык : бібліягр. паказальнік : да 70-годдзя з дня нараджэння / Беларус. ун-т культуры, Бібліятэка ; склад. Т. А. Самайлюк. – Мінск, 1993. – 35 с. : 1 л. партр. – (Дзеячы навукі і культуры Беларусі).
14.    Ляшук, В. Я. Мікола Грынчык // Літаратура Берасцейшчыны / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. Брэст, 1999. С. 367.
15.    Ляшук, В. Я. Мікола Грынчык // Літаратурная Берасцейшчына : краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. Мінск, 2008. С. 301–302.
16.    Караткевіч, У. «Па-над шчыраю Шчарай, над шчодраю Шчарай…» : (Міколу Грынчыку) : [верш] // Збор твораў : у 8 т. / Уладзімір Караткевіч. Мінск, 1987. Т. 1. С. 232.
17.    Марціновіч, А. «Верыць можна ў зару і святло…» : да 90-годдзя з дня нараджэння Міколы Грынчыка / Алесь Марціновiч // ЛiМ. 2013. 2 жніўня (№ 30). С. 4.
18.    Штэйнер, І. Мікола Грынчык — воін, прафесар, вучоны / Іван Штэйнер. Сыходзяць салдаты... : памяці Міколы Грынчыка : [верш] / Віктар Ярац // Роднае слова. 2013. № 8. С. 3–6.
19.    Ён умеў спагадзіць : [80 год з дня нараджэння М. М. Грынчыка] // ЛіМ. 2003. 15 жніўня (№ 33). С. 14.
20.    Мароз, В. Быценцы шануюць сваіх знакамітых землякоў : [пра ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі М. М. Грынчыку ў в. Быцень] / Вікенцій Мороз // Івацэвіцкі веснік. 2003. 8 жніўня. С. 2.
21.    Мароз, В. Памяці М. М. Грынчыка : [пра мемарыяльную дошку на доме, дзе жыў пісьменнік, літаратуразнавец] / Вікенцій Мароз // Івацэвіцкі веснік. 2003. 1 жніўня. С. 2.
22.    Адамовіч, Я. Моцны духам і словам : да 80-годдзя з дня нараджэння Міколы Грынчыка / Яўген Адамовіч // Роднае слова. 2003. № 7. С. 10–13.
23.    Радзюк, Р. У Быцені друкавалася «Слово о полку Игореве»? : [пра М. М. Грынчыка, заслужанага дзеяча навукі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі] / Р. Радзюк // Івацэвіцкі веснік. 1999. 20 кастрычніка.
24.    Мікола Грынчык : [некралог] / Калектыў рэдакцыі «Газета для Вас» // Газета для Вас. Івацэвічы, 1999. 16–22 кастрычніка. С. 2.
25.    Мікола Грынчык : [некралог] // ЛiМ. 1999. 15 кастрычніка (№ 41). С. 15.
26.    Бугаёў, Д. Мікола Грынчык : (да 70-годдзя беларускага літаратуразнаўцы і крытыка) / Дзмітрый Бугаёў // Роднае слова. 1993. № 8. С. 56–57.
27.    Піскун, Л. Пад шчаслівай зоркай : да 60-годдзя з дня нараджэння М. Грынчыка / Л. Піскун // Кастрычнік. Івацэвічы, 1983. 30 ліпеня.

Чытаць 1853 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Снежань 2020 10:35