Чацвер, 09 Жнівень 2018 10:03

2018 г. — 155 гадоў з часу адкрыцця народнага вучылішча, 110 гадоў — гарадскога вучылішча ў г. Давыд-Гарадку (Столінскі р-н; 1863; 1908)

У ХІХ ст. на Беларусі дзеці сялян і мяшчан вучыліся ў народных школах (школах граматы), у якіх настаўнічаў запрошаны адукаваны чалавек, у якога можна было з восені да вясны навучыцца чытаць, пісаць і лічыць.


Пры царкоўных прыходах адкрываліся царкоўнапрыходскія школы. На Століншчыне было каля 10 царкоўнапрыходскіх школ, усе яны былі аднакласнымі з двухгадовым тэрмінам навучання, якое вялося на рускай мове, асноўная ўвага надавалася рэлігійнаму выхаванню. Навучэнцы забяспечваліся бясплатнымі падручнікамі і школьнымі дапаможнікамі, свае памяшканні мелі толькі трохі больш за палову школ. Значнай падзеяй стала адкрыццё царкоўнапрыходскіх жаночых школ, на Століншчыне іх было дзве: у Давыд-Гарадку (56 вучаніц) і ў Століне (24 вучаніцы).


Дэмакратычныя рэформы ў Расіі далі магчымасць грамадскасці больш шырока разгарнуць рух за пашырэнне свецкага навучання. Міністэрства народнай адукацыі стала адкрываць народныя вучылішчы. У 1863 г. на Століншчыне было адкрыта пяць такіх устаноў: у Давыд-Гарадку, Століне, Радчыцку, Лядцы і Аздамічах. Навучанне ў народных вучылішчах вялося на больш высокім узроўні, чым у царкоўнапрыходскіх школах. Большасць настаўнікаў мелі прафесійную падрыхтоўку. Тут вучыліся і хлопчыкі, і дзяўчынкі.


Народныя вучылішчы былі аднакласнымі (два гады навучання) і двухкласнымі (чатыры-пяць гадоў), у Давыд-Гарадку і Століне вучылішчы былі двухкласнымі. Праграма ўключала агульнаадукацыйныя прадметы ў межах пачатковага навучання, было ўведзена фізічнае выхаване. Меліся свае невялікія бібліятэкі, у асноўным з кніг рускіх класікаў. Навучальны год пачыналі 20 верасня – 15 лістапада, заканчвалі яго 20 сакавіка – 1 мая, усё залежала ад умоў надвор’я, ад выкарыстання бацькамі дзяцей на гаспадарчых работах.


Ахоп пачатковым школьным навучаннем быў даволі нізкім, у Мінскай губерні ў канцы ХІХ ст. навучалася каля 30 % хлопчыкаў і каля 20 % дзяўчынак. У 1888 г. у народных вучылішчах было вучняў: Давыд-Гарадоцкае вучылішча – 107; Столінскае – 54; Радчыцкае – 46; Плотніцкае – 43; Лядзецкае – 36; Аздаміцкае – 31; Церабяжоўскае – 30; Альшанскае – 27.


У пачатку ХХ ст. Давыд-Гарадок Мазырскага павета Мінскай губерні (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) быў даволі буйным населеным пунктам, колькасць яго жыхароў расла: у 1907 г. было 13 217 жыхароў. Пасля доўгага хадайніцтва мяшчанскай управы ў 1908 г. у Давыд-Гарадку было адкрыта гарадское вучылішча — пачатковая навучальная ўстанова павышанага тыпу для дзяцей гараджан. Яно было чатырохкласным з шасцігадовым тэрмінам навучання, утрымлівалася за кошт гарадскога грамадства і на дзяржаўныя сродкі. Вучоба платная — 10 рублёў у год. Паступаючыя павінны былі трымаць экзамены, у першы год уступны экзамен вытрымаў 51 хлопчык з 57.


Кіраўнік вучылішча называўся настаўнікам-інспектарам, першым быў Іван Міхайлавіч Чувардзінскі. Праз два гады тут працавалі сем настаўнікаў, урач, бібліятэкар і справавод. Закон Божы выкладаў свяшчэннік Цімафей Сцяпанавіч Юхневіч (1877–1920), арганізатар будаўніцтва мураванай Свята-Казанскай царквы (1912). Бібліятэка вучылішча была буйнейшай у акрузе: у ёй налічвалася звыш 2 000 кніг. Спачатку для вучылішча арандавалі памяшканні, але неўзабаве ў цэнтры горада пачалі ўзводзіць з чырвонай цэглы аднапавярховы будынак. Выканалі яго ў модным тады цагляным стылі — рацыяналістычным накірунку ў архітэктуры, у якім адмаўляюцца ад тынкоўкі, а дэкаратыўныя функцыі выконвае цагляная кладка, яе малюнак, фактура і колер цэглы.


Гарадское вучылішча стала цэнтрам культурнага жыцця Давыд-Гарадка, па яго ініцыятыве праводзіўся шэраг цікавых мерапрыемстваў. Такімі былі святкаванні 200-годдзя з дня нараджэння вялікага рускага вучонага М. В. Ламаносава (1911), 300-годдзя заснавання дынастыі Раманавых (1913), якія праведзены з густам і на высокім патрыятычным узроўні.


Настаўнікамі і мяшчанамі Давыд-Гарадка з 1906 г. праводзіліся беларускія вечарынкі. Пры гарадскiм вучылішчы быў створаны творчы калектыў, у які ўваходзілі драматычны гурток, аркестр, хор і танцавальны ансамбль. Выступленні праводзіліся ў розных памяшканнях, але галоўнымі сцэнамі былі вучылішча і пажарная. Была пастаўлена камедыя «Пінская шляхта» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, якая напісана на матэрыяле вёскі Альпень, што паблізу Давыд-Гарадка. Таксама былі пастаўлены папулярныя ў той час камедыi «Модны шляхцюк» Каруся Каганца і «Паўлінка» Янкі Купалы.


Першы выпуск навучэнцаў адбыўся ў 1914 г. Дзейнасць гарадскога вучылішча ўскладнілася ў час Першай сусветнай вайны. Шмат бежанцаў з Польшчы, Брэстчыны і Піншчыны прайшлі на ўсход праз Давыд-Гарадок. Немцы ў верасні 1915 г. занялі Пінск, фронт да сакавіка 1918 г. спыніўся за 80 км ад Давыд-Гарадка, у якім размясціліся тылы Рускай арміі (абозы, склады). Сюды сталі прывозіць раненых, у горадзе быў размешчаны шпіталь, пад які занялі і будынак вучылішча.


Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў будынку вучылішча (вул. Юрчанкі, 11) былі размешчаны класы створанай у лістападзе 1944 г. школы № 2. У 1984 г. сюды перавялі Дом піянераў (з 1993 г. Дом дзіцячай творчасці). У 2003 г. у палове будынка зрабілі музей гісторыі Давыд-Гарадка, а на фасадзе з’явілася памятная дошка: «В этом здании, построенном в 1908 году, размещалось городское четырёхклассное училище города Давид-Городка Мозырского уезда Минской губернии». У сакавіку 2009 г. адбылася сустрэча грамадскасці горада, прысвечаная 100-годдзю будынка гарадскога вучылішча. У 2017 г. у гэты будынак пасля капітальнага рамонту пераехаў гарвыканкам.

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

1.    Шэлехаў, М. У. Давыд-Гарадок. Час і людзі : [гiст. нарыс] / Міхаіл Уладзіміравіч Шэлехаў. – Брэст : Брэсцкае ўпраўленне па друку, 2000. – 304 с. : [8] л. іл. – Са зместу: Народнае вучылішча. С. 265–266 ; Гарадское вучылішча. С. 267–268.
2.    Шэлехаў, М. У. Адукацыя, культура, грамадскае будаўніцтва / М. У. Шэлехаў, Ю. С. Юркевіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 79–82.
3.    Гарадскія вучылішчы / Г. Р. Сянкевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 482.
4.    Народныя вучылішчы / Андрэй Самусік // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 292–293.
5.    Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: са старажытных часоў да 1917 г. – Мінск : Народная асвета, 1985. – 464 с. : іл.
6.    Ляхоўскі, У. В. Уплыў Першай сусветнай вайны і рэвалюцыйных падзей 1917 г. на школьную адукацыю ў Беларусі / У. В. Ляхоўскі // Октябрь 1917 в судьбе мировой цивилизации. Минск, 2008. С. 284–302.
7.    Сенкевич, Г. Г. Просвещение и педагогическая мысль во 2-й половине ХIХ – начале ХХ в. / Г. Г. Сенкевич // Очерки истории науки и культуры Беларуси. Минск, 1996. С. 170–187.
8.    Смяхович, М. Развіццё адукацыі на Беларусі ў другой палове ХІХ ст. / М. Смяховіч // Нацыянальная адукацыя: гісторыя, сучаснасць, перспектывы. Брэст, 1995. Вып. 2. С. 25–26.
9.    Столетний юбилей : [о встрече общественности, посвящённой 100-летию здания бывшего Давид-Городокского городского училища] // Навiны Палесся. Столiн, 2009. 17 сакавiка. С. 2.
10.    Михаленко, Н. Д. Особенности физического воспитания учащихся начальных школ Беларуси (конец ХIХ – нач. ХХ в.) / Н. Д. Михаленко // Весцi БДПУ. Сер. 1. 2009. № 2. С. 12–15.
11.    Матусевіч, Н. Прававое і матэрыяльнае становішча настаўнікаў пачатковых школ у Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя / Наталля Матусевіч // Беларускі гістарычны часопіс. 2001. № 1. С. 53–57.
12.    Новік, Н. Я. Платная адукацыя ў дарэвалюцыйнай Беларусі / Н. Я. Новік // Народная асвета. 1999. № 7. С. 151–157.
13.    Шэлехаў, М. Забытае княства : горад і людзі : [асвета ў Давыд-Гарадку; ХVI – пач. ХХ ст.] / Міхаіл Шэлехаў // Навіны Палесся. Столін, 1997. 22 кастрычніка.
14.    Бяліцкі, М. Школы Століншчыны з 1900 па 1917 год / М. Бяліцкі // Навіны Палесся. Столін, 1992. 31 кастрычніка.
15.    Бяліцкі, М. Першыя крокі асветы на Століншчыне / М. Бяліцкі // Навіны Палесся. Столін, 1983. 1 кастрычніка.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1402 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Снежань 2020 10:16