Чацвер, 14 Люты 2019 10:03

12 сакавіка 2019 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Вячаслава Лявонцьевіча Вярэніча (1924–1999), мовазнаўца, замежнага члена-карэспандэнта Польскай акадэміі навук у Кракаве

Вячаслаў Лявонцьевіч Вярэніч нарадзіўся 12 сакавіка 1924 г. у вёсцы Рухча-2 Столінскага павета Палескага ваяводства (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці). Бацькі яго — Лявонцій Якаўлевіч Вярэніч (1897–1931) і Аляксандра Рыгораўна (Шпакоўская; 1900–1996) — сяляне шляхецкага паходжання праваслаўнага веравызнання.

Вячаслаў Вярэніч скончыў Рухчанскую пачатковую школу, потым Плотніцкую сямігадовую школу і Пінскую гімназію (1939). Пасля заканчэння шасцімесячных настаўніцкіх курсаў у г. Століне настаўнічаў на Століншчыне. У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў на сельскай гаспадарцы, з 1943 г. падтрымлiваў сувязі з партызанамі з атрадаў імя Неўскага і імя Варашылава.

Пасля вайны В. Л. Вярэніч працаваў настаўнікам і працягваў сваю адукацыю. Завочна скончыў Пінскае педагагічнае вучылішча (1946), аддзяленне рускай мовы і літаратуры Пінскага настаўніцкага інстытута (1952), факультэт рускай мовы і літаратуры Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага (1956). Працаваў напачатку ў школах раёна настаўнікам і дырэктарам, стаў інспектарам і, нарэшце, загадчыкам Столінскага РАНА. За добрую працу на ніве адукацыі ў Столінскім раёне Міністэрства асветы БССР узнагародзіла яго знакам «Выдатнік народнай асветы».

У 1957–1961 гг. В. Л. Вярэніч праходзіў навучанне ў аспірантуры Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР і ў аспірантуры Інстытута славяназнаўства АН СССР (Масква). У час навучання ў аспірантуры, на канікулах, рабіў экспедыцыйныя паездкі на Палессе і іншыя мясціны. З 1961 па 1992 гг. Вячаслаў Лявонцьевіч працаваў у сектары агульнага і славянскага мовазнаўства (цяпер аддзел тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства) Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

У 1963–1964 гг. В. Л. Вярэніч правёў дыялекталагічныя экспедыцыі ў Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці і ў Ніжнюю Сілезію. У 1963 г. ён упершыню выступіў з дакладамі на навуковых канферэнцыях — у Вільнюсе і Ужгарадзе. У 1964 г. апублікаваў свой першы навуковы артыкул. Пасля гэтага працягвалася яго шматгранная навуковая работа, рэдактарская праца, неаднаразовыя навуковыя экспедыцыі па Беларусі, Літве, Латвіі, Украіне, Казахстане, Польшчы, шматлікія выступленні з дакладамі на навуковых канферэнцыях.

У 1967 г. В. Л. Вярэніч стварыў спецыяльную групу навукоўцаў з Беларусі, Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Узбекістана, якая займалася вывучэннем польскіх гаворак на тэрыторыі СССР. Такім чынам, працяглы час пад кіраўніцтвам В. Л. Вярэніча даследаваліся польскія гаворкі на тэрыторыі ўсяго былога СССР. Вынікам такой працы з’явіўся выхад у свет зборніка ў дзвюх частках «Польские говоры в СССР» (Мінск, 1973). На працягу дзесяці гадоў ён чытаў лекцыі на польскай мове для студэнтаў і для грамадскасці па актуальных палітычных, сацыяльных, навуковых тэмах.

27 чэрвеня 1975 г. В. Л. Вярэніч абараніў дысертацыю па тэме «Праблемы інтэрферэнцыі ў астраўных гаворках. На матэрыяле мазурскай гаворкі на Палессі і ў Ніжняй Сілезіі» і стаў кандыдатам філалагічных навук. Яго кандыдацкая дысертацыя прысвечана даследаванню астраўной польскай гаворкі ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці і мовы яе носьбітаў, якія пасля вайны перасяліліся ў Ніжнюю Сілезію (Польшча). Як вучоны і грамадскі дзеяч Вячаслаў Вярэніч вядомы, у першую чаргу, як паланіст і спецыяліст па беларуска-польскіх моўных, культурных і іншых сувязях.

З 1992 г. В. Л. Вярэніч — член-карэспандэнт Акадэміі навук у Кракаве (Польшча). За вялікі ўклад у развіццё беларуска-польскіх узаемадачыненняў у 1992 г. В. Л. Вярэніч быў узнагароджаны ордэнам Заслуг перад Рэспублікай Польшча, а ў 1993 г. — кавалерскім крыжам Ордэна адраджэння Польшчы.

В. Л. Вярэніч з’яўляўся адным з ініцыятараў стварэння Заходнепалескага навукова-краязнаўчага таварыства «Загароддзе» і адным з найбольш актыўных яго членаў. Для перавыдаваемага па-беларуску альбома «Polesie» (Варшава, 1996) пераклаў з польскай мовы на беларускую асноўную частку яго тэксту. Аўтар больш за 120 апублікаваных прац.

Вячаслаў Лявонцьевіч Вярэніч памёр 27 жніўня 1999 г. Пахаваны ў Мінску.

Даследаванню Палесся мовазнавец удзяляў шмат увагі, апублікаваць паспеў далёка не ўсё, асноўная частка засталася ў архіве даследчыка. Ужо ў верасні 1999 г. невялікая група даследчыкаў з Беларусі і Польшчы дамовіліся апрацаваць належным чынам палескі архіў В. Л. Вярэніча і падрыхтаваць яго да друку. Кнiга спадчыны В. Л. Вярэніча «Палескi архiў: лінгвістычныя, этнаграфічныя і гістарычныя матэрыялы» выйшла ў 2009 г.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

В. Ю. Трапец, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Працы В. Л. Вярэніча

  1. Палескi архiў : лінгвістычныя, этнаграфічныя і гістарычныя матэрыялы / В. Л. Вярэнiч ; пад навук. рэд. Ф. Клімчука, Э. Смулковай і А. Энгелькінг. – Мінск : Вараксiн, 2009. – 692 с. : іл., табл., карты.
  2. Палескі архіў : Пінскі раён Брэсцкай вобласці / В. Л. Вярэніч // Гістарычная брама. Пінск, 2009. № 2 (24). С. 123–197.
  3. Палескі архіў : уступ, матэрыялы да палескага слоўніка, Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці, вёска Бастынь / В. Л. Вярэніч // Гістарычная брама. Пінск, 2008. № 1 (23). С. 125–193.
  4. Этноязыковое смешение: поляки на Украине, в Беларуси и Литве / В. Веренич // Język a tożsamość na pograniczu kultur : [материалы междунар. конф., Белосток, 27–28 нояб. 1998 г.] / pod red. E. Smułkowej i A. Engelking. Białystok, 2000. S. 115–128.
  5. «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча ў перакладзе Б. Тарашкевіча на беларускую мову / В. Л. Веренич // Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickewicz a Bialorus / уклад. В. Грышкевіч ; навук. рэд. А. Мальдзіс, Т. Нягодзін. Мінск : ННАЦ імя Ф. Скарыны, 1997. С. 41–52.
  6. Языковая ситуация в сельской местности / В. Л. Веренич // Русский язык в Белоруссии / А. Е. Михневич [и др.] ; Ин-т языкознания им. Я. Коласа. Мінск : Наука и техника, 1985. С. 22–59.
  7. О различиях населения Западного и Восточного Полесья по ряду генетических и морфофизиологических признаков / Г. И. Веренич, В. Л. Веренич // Полесье и этногенез славян. Предварительные материалы и тезисы конференции. Москва : Наука, 1983. С. 29–31.
  8. Аб беларуска-польскіх ізалексах / В. Л. Вярэніч // Беларуская лінгвістыка. Мінск : Навука і тэхніка, 1976. Вып. 10. С. 56–63.
  9. Проблемы интерференции в основных говорах : [на материале мазурского диалекта в Полесье и Нижней Селезии] : автореферат диссертации ... кандидата филологических наук : 10.02.03 / В. Л. Веренич ; АН БССР, Ин-т языкознания им. Я. Коласа. – Мінск, 1975. – 22 с.
  10. Польскія перыферыйныя гаворкі на ўсходзе / В. Л. Вярэніч // Польские говоры в СССР. Мінск : Наука и техника, 1973. Т. 1. С. 5–21.
  11. Гісторыка-этымалагічныя нататкі: беларускае каўтун, украінскае ковтун, кашуб. kålton / В. Л. Вярэніч // Беларуская лінгвістыка. Мінск : Навука і тэхніка, 1972. Вып. 2. С. 71–73.
  12. Лексика городенских гончаров / В. Л. Веренич, А. А. Кривицкий // Полесье. Лингвистика. Археология. Топонимика. Москва : Наука, 1968. С. 175–193.
  13. Беларускае мовазнаўства : бібліягр. паказальнік (1986–1991) / склад. А. У. Каратышэўская, А. У. Траццякова, – Мінск : Беларуская навука, 2004. – 484 с. – Са зместу: Вярэніч В. Л. С. 26, 84, 111, 113, 414.
  14. Беларускае мовазнаўства : бібліягр. паказальнік, 1976–1985 / Акадэмія навук Беларусі, Цэнтральная навуковая біблиятэка імя Я. Коласа ; склад.: А. Д. Васілеўская, Я. М. Рамановіч. Мінск, 1993. – 558 с. – Са зместу: Вярэніч В. Л. С. 31, 35, 47, 54, 61, 105–106, 142, 162, 170–171, 353, 456.

Аб жыцці і дзейнасці В. Л. Вярэніча

  1. Вярэніч Вячаслаў Лявонцьевіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : БЕЛТА, 2003. С. 503.
  2. Дзятко, Д. В. Мовазнаўцы : нарысы па гісторыі беларускай лінгвістыкі : [пра жыццёвы шлях Вячаслава Вярэніча] / Д. В. Дзятко, П. А. Міхайлаў. Мінск : БГПУ. 2017. С. 319–323.
  3. Клімчук, Ф. Уступ да «Палескага архіва» В. П. Вярэніча : [пра жыццё i дзейнасць мовазнаўца] / Фёдар Клімчук // Гістарычная брама. Гісторыя і культура Палесся. 2008. № 1 (23). С. 125–137.
  4. Клімчук, Ф. Вячаслаў Лявонцьевіч Вярэніч і яго Палескі архіў. (У арыгінале: «Палескі архіў В. Л. Вярэніча») / Фёдар Клімчук // Комплекснае даследаванне фальклору і этнакультуры Палесся : матэрыялы ІІ Міжнар. навук.-этналінгвістычнай канф., 14–15 красавіка 2005 г., Мінск. З нагоды 220-годдзя З. Даленгі-Хадакоўскага (Адама Чарнецкага), 1784–1825. Мінск, 2005. С. 286–288.
  5. Міхайлаў, П. А. Вячаслаў Вярэніч — даследчык «пальшчызны крэсовай» / Павел Міхайлаў // Роднае слова. 2014. № 3. С. 26–27.
  6. Госць і яго падарунак : [пра сустрэчу ў Лунінецкім раённым краязнаўчым музеі з навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы АН Беларусі В. Л. Вярэнічам] // Лунінецкія навіны. 1998. 15 верасня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1497 разоў Апошняя змена Аўторак, 17 Сакавік 2020 10:39