Серада, 06 Сакавік 2019 11:56

24 красавіка 2019 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Оскара Зарыскага (1899–1986), амерыканскага матэматыка беларускага паходжання, акадэміка Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навукі ў Бостане

Оскар (Ошэр) Зарыскі нарадзіўся 24 красавіка 1899 г. у г. Кобрыне Гродзенскай губерні (цяпер Брэсцкай вобласці). Яго бацька, Бецалель Зарыцкі, настаўнік талмуда, памёр, калі дзіцяці было ўсяго два гады. Маці, Хане Тенэнбаўм, прыйшлося адной гадаваць семярых дзяцей. Яна валодала магазінам і вяла сваю справу настолькі паспяхова, што неўзабаве сям’я стала адной з самых заможных у Кобрыне.

Ошэр Зарыцкі вывучаў філасофію ў Кіеўскім універсітэце ў 1918–1920 гг. Адначасова вывучаў алгебру і тэрыю лічбаў у Д. А. Граве, стваральніка першай буйной матэматычнай школы. Ішла Грамадзянская вайна, вучыцца студэнтам было складана: у горадзе мяняліся ўлады, часам ішлі баі (аднойчы Ошэр быў паранены), рэвалюцыйныя ўлады ўносілі змены ў дзейнасць універсітэта, нават адмянялі экзамены.

О. Зарыцкі ў 1920 г. вярнуўся ў родны Кобрын, які на гэты час быў заняты Польшчай. Атрымаўшы польскае грамадзянства, эмігрыраваў у Італію, каб працягваць заняткі матэматыкай. Вучыўся ў г. Пізе, а потым перавёўся ў Рымскі ўніверсітэт. Стаў вучнем знакамітай італьянскай школы алгебраічнай геаметрыі — Г. Кастэльнуова, Ф. Энрыкеса і Ф. Северы. У Італіі імя і прозвішча вымаўляліся на заходні манер, і Ошэр Зарыцкі стаў Оскарам Зарыскім. Унесці такія карэктыроўкі ў гучанне прапанаваў адзін з настаўнікаў юнака Ф. Энрыкес, і новае імя выкарыстоўвалася для першай публікацыі.

У 1924 г. О. Зарыскі закончыў дактарантуру, тэма яго доктарскай дысертацыі тычылася тэорыі Галуа (рашэннем ураўненняў у радыкалах). У тым жа годзе ажаніўся на італьянскай студэнтцы, якая вывучала літаратуру, з маладой жонкай наведаў Кобрын. У Італіі пагаршалася палітычная сітуацыя, да ўлады прыйшла фашысцкая партыя Б. Мусаліні. Маладому вучонаму даводзілася зарабляць на сям’ю ў выпадковых месцах. У 1926 г. атрымаў стыпендыю Ракфелера. Спрабаваў выехаць у Савецкую Расію, але не атрымаў візу.

У 1927 г. О. Зарыскі эмігрыраваў у ЗША. У 1927–1944 гг. выкладаў ва ўніверсітэце Джона Хопкінса, у 1945–1947 гг. — у Ілінойскім, у 1947–1960 гг. — у Гарвардскім універсітэтах. У 1935–1936, 1939, 1960–1961 гг. таксама працаваў у Прынстанскім інтытуце перспектыўных даследаванняў. З 1937 г. меў званне прафесара.

Другая сусветная вайна сарвала яго планы наведвання Англіі, а галоўнае — перарвала сувязі з маці і іншымі роднымі (шэсць братоў і сясцёр), якія апынуліся пад нямецка-фашысцкай акупацыяй. У 1945 г. наведаў Сан-Паўлу (Бразілія), дзе працаваў як запрошаны прафесар, і там атрымаў трагічную вестку — нацысты забілі яго маці і большую частку родных.

Асноўныя працы вучонага ў галіне алгебры, асабліва камутатыўнай алгебры, якую ён звязаў з алгебраічнай геаметрыяй. О. Зарыскі выказаў знакамітую гіпотэзу аб уласцівасцях алгебраічных многачленаў (Гіпотэза Зарыскага). У 1944 г. матэматык за выдатны ўклад у алгебру быў удастоены прэміі Коўла, якая прысуджваецца Амерыканскім матэматычным грамадствам за значны ўнёсак у алгебру ці тэорыю лікаў. З 1944 г. з’яўляўся членам Нацыянальнай акадэміі навук ЗША, з 1948 г. — Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навукі ў Бостане.

У 1958 г. Оскар Зарыскі ўваходзіў у склад камітэта па прысуджэнні прэміі Філдса. Гэта міжнародная прэмія, якая ўручаецца адзін раз у чатыры гады на кожным міжнародным матэматычным кангрэсе двум, тром ці чатыром маладым матэматыкам ва ўзросце не старэй за 40 гадоў. У перыяд паміж 1960 і 1961 гг. быў віцэ-прэзідэнтам, а ў 1969–1970 гг. — прэзідэнтам Амерыканскага матэматычнага грамадства — асацыяцыі прафесійных матэматыкаў ЗША. У 1965 г. О. Зарыскага ўзнагародзілі Нацыянальным навуковым медалём ЗША, які прысуджаецца прэзідэнтам краіны. Оскар Зарыскі — лаўрэат прэміі Вольфа (Ізраіль) і прэміі Стыла (абедзьве 1981).

О. Зарыскі быў выдатным педагогам, зрабіў Гарвард сусветным цэнтрам па алгебраічнай геаметрыі. Чытаў лекцыі ў Маскоўскім універсітэце (1936), Кіота (1956), Кембрыджы (1972) і інш. Кніга О. Зарыскага і П. Самюэля «Камутатыўная алгебра» (т. 1, 1958; т. 2, 1960) стала класічнай і дагэтуль з’яўляецца адным са стандартных падручнікаў па прадмету.

4 ліпеня 1986 г. вялікага матэматыка Оскара Зарыскага не стала. Яго сэрца перастала біцца ў Бруклайне (штат Масачусетс, ЗША).

«Человек, который называл геометрию „настоящей жизнью“, жил в мире математики. Здесь его темперамент имел свободное выражение — любопытный, оптимистичный, надменный, упрямый, требовательный. В своём роде он был воплощением интеллектуальной романтики; мальчиком-гением, отмеченным за своё величие учителями; идеалистом, разрывающимся между любовью к России и преданностью математике; учеником, превзошедшим своих учителей; предвестником европейского таланта, который изменил академичную и артистическую жизнь в Америке», — так ахарактарызавала О. Зарыскага Carol Parikh у сваёй кнізе «The Unreal Life of Oskar Zariski».

У Кобрыне з 2016 г. сярод вучняў школ праводзіцца адкрытая алімпіяда імя Оскара Зарыскага па матэматыцы. Сёння ў горадзе арганізавана вывучэнне меркавання грамадзян аб прысваенні праектаванай вуліцы № 4 у раёне квартала сядзібнай жылой забудовы «Усходні» імя матэматыка Оскара Зарыскага.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.
Курачук Святлана Дзмітрыеўна, галоўны бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Зарыскі Оскар / М. М. Касцюковіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2004. Т. 18, кн. 1. С. 388.
  2. Зариски, Зариский Оскар / Г. С. Смирнова // Новая Российская энциклопедия : в 12 т. Москва, 2009. Т. 6, кн. 1. С. 430.
  3. Зариский, Зариски Оскар // Большая Российская энциклопедия : в 30 т. Москва, 2008. Т. 10. С. 272.
  4. Зариский Оскар // Выдающиеся математики : биогр. словарь-справочник / А. И. Бородин, А. С. Бугай. 2-е изд., перераб. и доп. Киев : Радзяньска школа, 1987. С. 205.
  5. Зариски Оскар // Математики. Механики : биогр. справочник / А. Н. Боголюбов. Киев : Наукова думка, 1983. С. 188.
  6. Зарыскі Оскар // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2017. С. 46–48.
  7. Зарисский, О. Коммутативная алгебра : [в 2 т.] / О. Зарисский, П. Самюэль ; пер. с англ. О. Н. Введенского [и др.] ; под ред. А. И. Узкова. – Москва : Изд-во иностранной литературы, 1963.
  8. 120 гадоў з дня нараджэння О. Зарыскага (1899) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Дзяржаўная ўстанова культуры «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2018. С. 98.
  9. Курачук, С. Кобринское слово сказано и в науке : [Кобринская центральная районная библиотека начинает работу над очередным проектом «Славутыя імёны Кобрыншчыны»] / Светлана Курачук // Кобрин-информ. 2017. 20 июля (№ 29). С. 5.
  10. Оскар у кобринчан : [139 команд Беларуси, России и Украины приняли участие в I Международном асинхронном математическом турнире имени Оскара Зарисского по игре «Что? Где? Когда?»] // Кобрынскі веснік. 2017. 12 ліпеня. С. 5.
  11. Тимошук, А. В мире цифр и алгоритмов : [в честь гениального математика О. Зарисского преподавателями СШ № 6 г. Кобрина В. и Я. Логвиновичами организована дистанционная районная олимпиада по математике «Олимпиада имени Оскара Зарисского» и интернет-платформа «OSKAR» для работы с одарёнными детьми] / Анна Тимошук // Кобрынскі веснік. 2017. 22 лютага. С. 4.
  12. «Oskar получил „Оскара“» : [проект «Олимпиада им. Оскара Зарисского» назван в честь талантливого математика, уроженца г. Кобрина] // Вечерний Брест. 2016. 25 мая. С. 7.
  13. Логвинович, Я. Оскар Зарисский — гениальный математик из Кобрина / Яков Логвинович // Кобрин-информ. 2015. 18 июня (№ 25). С. 7.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1276 разоў Апошняя змена Аўторак, 17 Сакавік 2020 11:33