Панядзелак, 22 Красавік 2019 14:54

2019 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Мікалаевіча Шыкалая (1939), гаспадарчага дзеяча, заснавальніка вытворчага кааператыва «Моталь» (Іванаўскі р-н; 1990)

Сцяпан Мікалаевіч Шыкалай нарадзіўся ў 1939 г. у вёсцы Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Яго бацька, Мікалай Фёдаравіч Шыкалай, загінуў на фронце, калі Вялікая Айчынная вайна ўжо набліжалася да канца — 27 сакавіка 1945 г. у Польшчы. Чатырнаццацігадовым хлопчыкам Сцяпан Шыкалай пачаў сваю працоўную дзейнасць — падсобным рабочым у каўбасным цэху райспажыўсаюза.

Сцяпана Шыкалая навучыў прафесіі і адкрыў дарогу ў жыццё Сцяпан Андрэевіч Мінюк, заснавальнік вытворчасці каўбас у вёсцы ў 1933 г. Хлопец старанна асвойваў сакрэты каўбаснай вытворчасці і ў 1962 г. стаў кіраўніком каўбаснага цэха Іванаўскага раённага спажывецкага таварыства, змяніўшы на гэтай пасадзе свайго настаўніка. Вёў рэканструкцыю, будаваў; раслі аб’ёмы вытворчасці, пашыраўся асартымент прадукцыі. У 1976 г. за поспехі ў выкананні планавых паказчыкаў і засваенні новых відаў прадукцыі С. М. Шыкалай узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».

За 30 гадоў працоўнай дзейнасці С. М. Шыкалай вывеў прадпрыемства на перадавыя пазіцыі па вытворчасці каўбас, і яны сталі сапраўдным брэндам Моталя разам са знакамітымі мотальскімі кажухамі. Аднак увесь час Сцяпана Мікалаевіча не пакідала жаданне адкрыць уласную справу, каб паспець здзейсніць задумкі і перадаць назапашаны вопыт сваім дзецям. У часы перабудовы ў краіне наступілі змены ў эканамічнай палітыцы, пачалі стварацца кааператывы, з’явіліся першыя прадпрымальнікі. Вытворчы кааператыў «Моталь» быў зарэгістраваны 25 кастрычніка 1990 г. Першая прадукцыя прыватнага прадпрыемства С. М. Шыкалая пад гандлёвым знакам «Шиколаевский продукт» была выпушчана ў 1993 г.

Цяпер ВК «Моталь» — сучаснае прадпрыемства, якое займаецца вытворчасцю мясапрадуктаў: вараныя каўбасныя вырабы, каўбасы варана-вэнджаныя, каўбасы сыравэнджаныя і сыравяленыя, вырабы са свініны і ялавічыны. Майстрамі кааператыва вырабляецца больш за 50 найменняў розных мясных прадуктаў на любы густ. Прадукцыя пастаўляецца ў магазіны Брэсцкай і Мінскай абласцей, г. Мінска. Вырабы з гандлёвым знакам «Шиколаевский продукт» адрозніваюцца нязменна высокай якасцю, бездакорным смакам і арыгінальным знешнім выглядам.

ВК «Моталь» пастаянна пашырае асартымент прадукцыі, спалучаючы новыя тэхналогіі і старадаўнія рэцэпты мясцовых майстроў каўбаснай справы. Прадпрыемства змагло не толькі заслужыць давер спажыўцоў, але і дамагчыся прызнання іншых прадпрымальнікаў. Гэтаму спрыялі асноўныя прынцыпы працы, закладзеныя яшчэ першым старшынёй і заснавальнікам кааператыва. Укараненне новых тэхналогій, павышэнне кваліфікацыі супрацоўнікаў прадпрыемства, пашырэнне асартыменту — усё гэта замацавала за ВК «Моталь» рэпутацыю аднаго з лепшых вытворцаў мясной прадукцыі Брэсцкай вобласці. С. М. Шыкалай неаднаразова з’яўляўся пераможцам абласных і рэспубліканскіх конкурсаў «Лепшы прадпрымальнік года».

Амаль уся вялікая дынастыя Шыкалаяў задзейнічана ў вытворчасці каўбасных вырабаў. У 2006 г. старшынёй кааператыва стаў старэйшы сын, Мікалай Сцяпанавіч Шыкалай, які паспяхова працягвае сямейную справу. Шмат разоў прызнаваўся пераможцам у абласным конкурсе «Лепшы прадпрымальнік у сферы вытворчасці прадуктаў харчавання».

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.
Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Шыкалай Сцяпан Мікалаевіч // Памяць. Іванаўскі раен : гіст.-дакум. хроніка / [уклад.: В. М. Туркевіч, Л. А. Павяльчук]. Мінск, 2000. С. 508–509.
  2. Основные показатели социально-экономического развития // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др.]. Брест, 2017. С. 524–564.
  3. Михальчук, В. «Мотольские прысмаки» — это гарантия свежести и высокого качества! : [идея открытия торговой точки в райцентре принадлежала родоначальнику семейного бизнеса и первому руководителю производственного кооператива Степану Николаевичу Шиколаю] / Валерий Михальчук // Янаўскі край. Іванава, 2019. 8 лютага. С. 8.
  4. Міхальчук, В. Дружная дынастыя прадпрымальнікаў : [больш за чвэрць стагоддзя прайшло з моманту адкрыцця вытворчага кааператыва «Моталь»; заслуга ў стварэнні прадпрыемства належыць Сцяпану Мікалаевічу Шыкалаю] / Валерый Міхальчук // Янаўскі край. Іванава, 2018. 30 кастрычніка. С. 5.
  5. Орлова, И. «Сделано в Мотоле» — это звучит! : [упоминается Степан Шиколай] / Ирина Орлова // Народная газета. 2010. 20 красавіка. С. 4.
  6. Федарук, М. Шыкалаеўская дынастыя / Марыя Федарук // Народная трыбуна. 2010. 27 лютага. С. 11.
  7. Котковец, А. Третья пятилетка «Шиколаевского продукта» / Алла Котковец // Чырвоная звязда. Іванава, 2010. 12 лютага. С. 4.
  8. Савчук, И. Мотольский подход : [Степан Шиколай — основатель кооператива «Мотоль»] / Ирина Савчук // Народная газета. 2009. 21 красавіка.
  9. Козлович, В. Останемся в деревне! : новейшая история древнего Мотоля : [Степан Шиколай — победитель различных предпринимательских конкурсов и известный на Ивановщине меценат] / Валентина Козлович // Советская Белоруссия. 2007. 5 сентября.
  10. Кухарчук, Н. Шиколаевские горизонты, или Как бороться за высокое качество выпускаемой продукции : [С. Н. Шиколай] / Н. Кухарчук // Чырвоная звязда. Іванава, 2007. 16 сакавіка. С. 2.
  11. Пай, Д. «Птица» из колбасной «столицы» : [о кооперативе С. Н. Шиколая из д. Мотоль Ивановского района] / Д. Пай // Вечерний Брест. 2006. 2 июня. С. 6.
  12. Павловский, Б. Колбаса мотольского качества : [о директоре кооператива «Мотоль» С. Н. Шиколае] / Борис Павловский // Вечерний Брест. 2005. 15 апреля.
  13. Шиколай Степан Николаевич, производственный кооператив «Мотоль» — победитель конкурса «Лучший предприниматель Брестской области 2004 года» // Вечерний Брест. 2005. 23 марта. С. 6.
  14. Гарупа, М. Мотальскі фундатар : [С. М. Шыкалай] / Марыя Гарупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2004. 8 чэрвеня. С. 1.
  15. Гарупа, М. Мотальскія каўбасы : ад дыплома да дыплома : [С. М. Шыкалай] / Марыя Гарупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2002. 10 верасня.
  16. Дружинин, П. «Ностальгия» от Шиколая — это вкуснятина по-мотольски : [комбинат кооперативной промышленности С. Н. Шиколая] / П. Дружинин // Чырвоная звязда. Іванава, 2003. 7 кастрычніка.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1183 разоў Апошняя змена Аўторак, 09 Люты 2021 15:19