Аўторак, 14 Май 2019 16:07

8 мая 2019 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Віталія Уладзіміравіча Курашыка (1939), беларускага і ўкраінскага палітычнага дзеяча, беларускага дыпламата, Ганаровага грамадзяніна г. Еўпаторыі

Віталій Уладзіміравіч Курашык нарадзіўся 8 мая 1939 г. у вёсцы Дзівін Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У шэсць гадоў пайшоў у школу, гэта быў першы пасляваенны год (1945). У школьныя гады захапляўся спортам, меў спартыўныя дасягненні, пісаў вершы.

Пасля заканчэння Дзівінскай сярэдняй школы ў 1955 г. Віталій Курашык паехаў вучыцца і працаваць на Данбас (Украінская ССР). У 1957 г. закончыў тэхнічнае вучылішча ў г. Красны Луч Луганскай вобласці. Пасля заканчэння Тарэзскага горнага тэхнікума (Данецкая вобласць) у 1960 г. працаваў машыністам электравоза, горным майстрам самай глыбокай шахты Данбаса «Качагарка» (г. Горлаўка), тэхнолагам, галоўным тэхнолагам завода высакавольтнай апаратуры ў г. Канстанцінаўка. Шэсць гадоў аддаў шахцёрскай працы — незабыўныя гады са сваімі цяжкасцямі, небяспекай і радасцямі. Узнагароджаны ордэнамі Шахцёрскай Славы II і III ступеняў.

Закончыў Украінскі завочны політэхнічны інстытут (1967). Пасля знаходзіўся на партыйнай і савецкай рабоце. У 1974–1982 гг. — другі, першы сакратар Канстанцінаўскага гаркама КПУ.

З 1982 г. Віталій Курашык жыве ў Крыму, які стаў другой радзімай. У 1982–1985 гг. быў старшынёй Еўпатарыйскага гарвыканкама. З прыходам В. У. Курашыка на пасаду старшыні ў Еўпаторыі была створана служба «05» для «сувязі ўлады з народам», з’явіліся мноства жылых дамоў, новая набярэжная, тэлефонная станцыя, новы будынак чыгуначнага вакзала, дарогі, інжынерныя сеткі, рэалізаваны вялікі праект па пасадцы дрэваў (тысячы іх і па гэты час упрыгожваюць горад).

У 1985–1987 гг. В. У. Курашык — загадчык аддзела Крымскага абкама КПУ. У 1987–1991 гг. — намеснік старшыні, першы намеснік старшыні, старшыня выканкама Крымскага абласнога Савета народных дэпутатаў. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) займаўся эвакуацыяй пацярпелага насельніцтва бліжэйшых вёсак у Крымскую вобласць. Народны дэпутат Вярхоўнага Савета УССР і Вярхоўнай Рады Украіны ў 1990–1994 гг. У 1991–1993 гг. — старшыня (прэм’ер-міністр) Савета Міністраў Аўтаномнай Рэспублікі Крым, якая была ўтворана ў 1991 г. Гэта быў час цяжкай і крапатлівай работы па расшырэнні правоў і паўнамоцтваў крымскай аўтаноміі. Дэпутат Вярхоўнай Рады Рэспублікі Крым 1-га склікання (1991–1994). Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Усеўкраінскага саюза беларусаў.

З 20 мая 1993 г. па 14 чэрвеня 2001 г. — Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь ва Украіне. В. У. Курашык першы прадстаўляў суверэнную незалежную Беларусь ва Украіне ў рангу Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла. Гэта быў самы важны і цікавы перыяд яго жыцця. Дзякуючы рабоце пасольства пашыраліся эканамічныя сувязі на розных узроўнях, аказвалася падтрымка прадстаўнікам дыяспар, арганізоўваліся навуковыя форумы і ўрачыстыя мерапрыемствы, што садзейнічала развіццю гуманітарных кантактаў. У 1999–2001 гг. В. У. Курашык быў дуаенам дыпламатычнага корпуса на Украіне.

З 2001 г. — першы віцэ-прэзідэнт Міжрэгіянальнай акадэміі кіравання персаналам. Віталій Уладзіміравіч з’яўляецца акадэмікам Беларускай інжынернай акадэміі, Ганаровым доктарам Міжнароднай кадравай акадэміі. Узнагароджаны залатым медалём Міжнароднай кадравай акадэміі «За эфектыўнае кіраванне». З 2003 г. — саветнік прадстаўніка прэзідэнта ААТ «Лукойл» на Украіне.

За сваю палітычную і грамадскую дзейнасць В. У. Курашык узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «За заслугі» III і II ступеняў (Украіна), Ганаровымі граматамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (1999), Кабінета Міністраў Украіны і іншымі ўзнагародамі. 6 мая 1999 г. за вялікі асабісты ўклад у развіццё горада Еўпаторыі і шматгадовую актыўную дзейнасць на карысць яго жыхароў В. У. Курашыку прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Еўпаторыі».

В. У. Курашык цяпер жыве ў Еўпаторыі, піша кнігі, у якіх дзеліцца ўспамінамі, роздумам аб палітыка-эканамічным жыцці Савецкага Саюза, Украіны, вопытам дыпламатычнай работы: «Уроки жизни» (2006), «Живи и помни» (2008), «Я люблю тебя, жизнь!» (2014), «Моя жизнь» (2015), «Вспоминая прошлое, думаю о будущем» (2016). Усё жыццё захапляўся фатаграфіяй, таму кнігі добра ілюстраваны. Некаторыя яго кнігі двойчы перавыдаваліся. Шмат экзэмпляраў падарыў бібліятэкам, сябрам, выслаў у розныя краіны, дзе ёсць яго сябры: Беларусь, Расію, Кубу, Літву, ЗША, Італію і інш. У 2002 г. выйшла кніга «Я не хочу судьбу иную…», у якой ён шмат старонак прысвяціў сваёй малой радзіме — вёсцы Дзівін.

У 2015 г. В. У. Курашык перадаў свой асабісты архіў на пастаяннае захоўванне ў Дзяржаўны архіў Рэспублікі Крым.

Жыццёвае крэда В. У. Курашыка: «Працаваць да сёмага поту… Любіць жыццё. Берагчы блізкіх людзей. Быць карысным для іншых і шчодрым, заўсёды гатовым прыйсці на дапамогу людзям». Сябар Віталія Курашыка паэт Анатоль Мірзаян напісаў пра яго: «Ты клинка острие поменял на перо. / Побежали вдогонку строка за строкой. / Ты всегда созидал, создавая добро. / Будет снова тепло / Тем, кто вместе с тобой».

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.
Курачук Святлана Дзмітрыеўна, галоўны бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Працы В. У. Курашыка

  1. Вспоминая прошлое, думаю о будущем : записки бывшего руководителя города Евпатория / В. В. Курашик. – Симферополь : Антиква, 2016. – 85 с., [41] л. ил.
  2. Моя жизнь : фотоальбом / В. В. Курашик. – Симферополь : Антиква, 2015. – 183 с. : ил.
  3. Я люблю тебя, жизнь! : [биогр. очерк] / В. В. Курашик. – Симферополь : Антиква, 2014. – 160 с., [18] л. ил.
  4. Я не хочу судьбу иную… : записки дипломата / В. В. Курашик. – 3-е изд., доп. – Киев : Освита Украины, 2010. – 240 с., [63] л. ил.
  5. Живи и помни : размышления дипломата / В. В. Курашик. – Киев : АВЕГА, 2008. – 72 с., [40] л. фот.
  6. Уроки жизни : записки дипломата / В. В. Курашик. – Киев : АВЕГА, 2006. – 96 с., [72] л. фот.
  7. Я не хочу судьбу иную... / В. В. Курашик. – Киев : МАУП, 2002. – 212 с., [70] л. фот.

Аб жыцці і дзейнасці В. У. Курашыка

  1. Курашик Виталий Владимирович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 517.
  2. Курашик, В. Пути-перепутья / [Виталий Курашик ; беседовал М. Н. Шиманский] // Моя вера — моя Беларусь / М. Н. Шиманский. Минск, 2010. С. 142–153.
  3. Курашик Віталій / Н. В. Шпакова // Українська дипломатична енциклопедія : у 2 т. Киев : Знання Украіни, 2000. Т. 1.
  4. Курашык Віталь Уладзіміравіч // Памяць. Кобрынскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка. Мінск, 2002. С. 437 : фат.
  5. Курашык Віталь Уладзіміравіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2017. С. 83–85.
  6. Курашык Віталь Уладзіміравіч // Дзівінскі шлях: гісторыя і дзень сённяшні : гісторыка-краязнаўчы нарыс да 550-годдзя з часу першага ўпамінання в. Дзівін Кобрынскага раёна / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2016. С. 23.
  7. Гапанович, А. Н. Виталий Владимирович Курашик / Афанасий Гапанович // Дивин — древний и молодой / Афанасий Гапанович. Брест, 2017. С. 72–73. (Известные уроженцы и жители Дивина).
  8. Да 75-годдзя з дня нараджэння В. У. Курашыка // Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2014 год / УК «Кобрынская цэнтральная раённая бібліятэка», Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Курачук, Л. Сысоева. Кобрын, 2014. С. 50–51.
  9. Юрчак, Д. В. Виталий Владимирович Курашик — первый посол Республики Беларусь в Украине: страницы биографии и дипломатическая деятельность / Д. В. Юрчак // Ученые записки УО «ВГУ им. П. М. Машерова» : сборник научных трудов. Витебск : ВГУ имени П. М. Машерова, 2016. Т. 22. С. 76–81.
  10. Юрчак, Д. В. Беларусь – Украина: 20 лет межгосударственных отношений / Д. В. Юрчак. – Витебск : УО «ВГУ имени П. М. Машерова», 2012. – 280 с.
  11. Курачук, С. Кобринское слово сказано и в науке : [о проекте «Славутыя имёны Кобрыншчыны» Кобринской центральной районной библиотеки] / Светлана Курачук // Кобрин-информ. 2017. 20 июля. С. 5.
  12. Курачук, С. Людзі навукі нашага краю : [аб праекце «Славутыя имёны Кобрыншчыны» Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі] / Святлана Курачук // Кобрынскі веснік. 2017. 5 красавіка. С. 3.
  13. Черкасова, И. Виталий Курашик: «Любить Родину и владеть её кусочком на Южном берегу Крыма — это не одно и тоже» / И. Черкасова // Крымская газета. 2006. 17 марта.
  14. Горная, Е. Виталий Курашик: Читая вашу газету, я получаю достаточно полное представление о том, что в Крыму происходит... / Е. Горная // Крымская газета. 1997. 30 сентября.
  15. Курашик, В. Я… посол. Что я могу? / Виталий Курашик // Рэспубліка. 1994. 16 чэрвеня. С. 5.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1170 разоў Апошняя змена Пятніца, 05 Люты 2021 15:53