Аўторак, 14 Май 2019 16:23

5 мая 2019 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Валянціны Іванаўны Цехановіч (1949), мастака, педагога дзіцячай мастацкай школы

Валянціна Іванаўна Цехановіч нарадзілася 5 мая 1949 г. у горадзе Навагрудку Гродзенскай вобласці. Пачатковую мастацкую адукацыю атрымала ў свайго бацькі, Івана Сцяпанавіча Ганчарова, школьнага настаўніка малявання. Навагрудчына — край, дзе Валянціна выгадавалася, сфармiравалася як мастак. У 1977 г. скончыла Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В. I. Мухінай.

З 1977 г. Валянціна Цехановіч жыве ў г. Баранавічы Брэсцкай вобласці. Працавала на Баранавіцкім баваўняным камбінаце старшым інжынерам у групе эстэтыкі. У 1970-я і першай палове 1980-х гг. быў перыяд росквіту камбіната (з 1980 г. вытворчае баваўнянае аб’яднанне). Кожныя суткі выпускалася 180 тыс. м высокаякасных тканін. Баранавіцкія тканіны пастаўляліся не толькі ў рэспублікі Савецкага Саюза, але і ў замежныя краіны — Бельгію, ФРГ, Канаду і інш. В. І. Цехановіч распрацавала фірменны знак аб’яднання. Выканала дэкаратыўныя пано: для ПТВ-5 тэкстыльшчыкаў; у гонар 120-годдзя г. Баранавічы (1991); для Баранавіцкай друкарні. Праектавала мэблю для гарадскога аддзялення ЗАГСа.

Значную частку жыцця Валянціна Іванаўна прысвяціла педагагічнай працы ў Баранавіцкай дзіцячай мастацкай школе, якая была створана ў 1989 г. З 1989 па 2005 г. з’яўлялася дырэктарам мастацкай школы, затым працавала выкладчыкам. Мастацкая школа дае пачатковую акадэмічную класічную мастацкую адукацыю па малюнку, жывапісе, кампазіцыі. Педагогі развіваюць у дзяцей актыўную дзейнасць, самастойнае мысленне, светапогляд, пачуцці, густ. Выпускнікі школы паспяхова паступаюць у вышэйшыя і сярэднія мастацкія ўстановы адукацыі. Валянціна Іванаўна лічыць шчасцем працаваць з дзецьмі. Яе выхаванцы перамагалі на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах малюнкаў.

В. І. Цехановіч — член Беларускага саюза мастакоў з 2000 г. Працуе ў станковай графіцы (пяро, аловак, туш, пастэль), у акварэлі і манументальна-дэкаратыўным жывапісе. Мастачку прыцягваюць някідкія пейзажы ціхіх вулачак, куткі старой забудовы, фрагменты старажытных будынкаў — усё, што прымушае думаць: што ж было ў гэтым свеце да цябе. Мае рэдкі дар для мастацкага выражэння: выкарыстоўвае скупасць сродкаў і прыёмаў, лаканічнасць. Лірычныя кампазіцыі Валянціны Цехановіч не робяцца камернымі, усім ім уласціва абагульненасць, адсутнасць выпадковага, лішняга, што сведчыць аб харошым гусце мастака-манументаліста.

З 1984 г. В. І. Цехановіч прымае ўдзел у мастацкіх выставах. З 1994 г. у мастачкі адбылося нямала персанальных выстаў, якія былі арганізаваны ў Баранавіцкім краязнаўчым музеі (1996), музеі імя Янкі Купалы ў Мінску (2000), музеі імя Адама Міцкевіча ў Навагрудку (2000), мастацкай галерэі ў г. Лідзе (2002) і інш. Творы мастачкі захоўваюцца ў Баранавіцкім краязнаўчым музеі.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя В. П. Таўлая.
Міронава Ганна Аляксандраўна, бібліёграф аддзела інфармацыйна-бібліяграфічнай работы

  1. Цехановіч Валянціна Іванаўна : [«Наваградак»] // Мастакі Брэстчыны : каталог / склад. П. А. Рабаў. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2019. С. 96–67.
  2. Валянціна Цехановіч = Valiantsina Tsekhanovitch : [«Халодны вецер»] // Мастакі Брэстчыны = Artists of Brest region : [альбом-каталог] / аўт.-склад. М. П. Кузьміч. Брэст, 2010. С. 142–143.
  3. Валентина Цеханович = Valentina Tsekhanovich : [«Холодный ветер»] // Художники Брестчины : [альбом-каталог] / авт.-сост.: М. Коньков, А. Жук, А. Грищук, Б. Крепак. Минск : Климов, 2002. С. 136–137.
  4. Савіч, Т. Мастацкая школа адзначыла юбілей : 20 год баранавіцкай мастацкай школе / Тамара Савіч // Intex-press. Барановичи, 2009. 2 сентября. C. 7.
  5. Сушко, Р. Что было в этом мире до тебя? : [о выставке картин В. Цеханович в выставочном зале Барановичского краеведческого музея] / Раиса Сушко ; фото Владимира Яковенко // Наш край. Барановичи, 1999. 4 мая. С. 2.
  6. Поликарпов, В. До новых встреч! : [о выставке картин В. Цеханович в выставочном зале Барановичского краеведческого музея] / В. Поликарпов // Наш край. Барановичи, 1996. 6 июня. С. 3.
  7. Чех, И. Посещение выставки с продолжением… : [о выставке картин В. Цеханович в выставочном зале Барановичского краеведческого музея] / Ирина Чех // Intex-press. Барановичи, 1996. 3 мая. С. 14.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 124 разоў