Чацвер, 27 Чэрвень 2019 13:53

2 мая 2019 г. — 60 гадоў з дня нараджэння Валянціны Васільеўны Кульбеды-Бакун (1959), паэткі, пераможца рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года – 2012» у намінацыі «За жаночую мужнасць»

Валянціна Васільеўна Кульбеда-Бакун нарадзілася 2 мая 1959 г. у вёсцы Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацька, Васілій Дзмітрыевіч Кульбеда, і маці, Аляксандра Іванаўна, назвалі дачку Валянцінай, што значыць «добрая, шчодрая, спагадлівая, моцная духам».

У 1976 г. Валянціна Кульбеда скончыла Мотальскую сярэднюю школу № 1, а ў 1977 г. — курсы прадаўцоў пры Іванаўскім райспажыўсаюзе, пасля якіх працавала прадаўцом у краме роднай вёскі, а затым узначаліла гандлёвы калектыў. Нейкі час была дыспетчарам па збыце гатовай прадукцыі на камбінаце кааператыўнай прамысловасці. Па стане здароўя доўгі час не працавала, цяпер на пенсіі.

У 2000 г. Валянціна Васільеўна ўступіла ў раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку». Яна знайшла ў сабе духоўную сілу і настойлівасць, цярпенне і мужнасць — і перамагла сваю фізічную хваробу.

Пісаць вершы Валянціна Кульбеда спрабавала яшчэ ў школьныя гады, але актыўна да паэзіі звярнулася ў 2004 г. Піша на рускай і беларускай мовах. Вершы паэткі не аднойчы з’яўляліся на старонках раённай і абласных газет, часопісе «Акно». Друкавалася ў калектыўных зборніках «Подыхам адзіным», «Паэзія 2011», «Сіла слабасці», «Убачыць сэрцамі», «Гаманлівае дрэва любові», «За всё тебя благодарю», калектыўным песенніку «Красная калина», зборніку духоўнай паэзіі «Дазволь прычасціцца», альманасе «Жырандоля». Паэзія — гэта яе каханне, яе хобі, яе выратаванне ў пераадоленні розных жыццёвых праблем.

Першы паэтычны зборнік Валянціны Кульбеды-Бакун «Гарыць над Ясельдай заранак» убачыў свет у 2008 г. У гэтым зборніку былі сабраны ўсе лепшыя творы, напісаныя ёю за чатыры гады. Гады, поўныя высокага духоўнага натхнення, творчага ўзлёту, а значыць і плённых вынікаў на творчай ніве. У вершах апяваецца прыгажосць роднай зямлі, любага куточка, дарагіх сэрцу мясцін, праслаўляецца стваральная праца вяскоўцаў, гераічны подзвіг простых людзей у ваенныя гады і ў мірны час. Шмат шчырых, пранікнёных радкоў прысвечана каханню, сяброўству, вернасці, чалавечым пачуццям і адносінам. Па-мастацку кранальна і запамінальна раскрыта ў зборніку і духоўная тэматыка. Ёсць у ім таксама прысвячэнні землякам ды блізкім людзям. Кніга вытрымана на добра роўным узроўні шчырасці, чысціні і душэўнай акрыленасці самабытнай аўтаркі.

Валянціна Васільеўна была пераможцам раённага конкурсу «Жанчына года – 2010» у намінацыі «За жаночую мужнасць». Праз два гады яна стала пераможцам у абласным і рэспубліканскім конкурсе «Жанчына года – 2012» і атрымала дыплом I ступені ў той жа намінацыі.

У 2016 г. выйшаў новы зборнік паэзіі Валянціны Васільеўны «І поўніцца сэрца малітвай». Уключаны вершы па духоўнай, філасофскай і ваеннай тэмах, а таксама гумар, сатыра, байкі ды вершы для дзяцей. У новым зборніку аўтар аддае перавагу найперш творам духоўнага кшталту. Шматлікія духоўныя і лірычныя вершы В. Кульбеды-Бакун пакладзены на музыку і гучаць, як у мотальскім храме Праабражэння Гасподняга, дзе яна спявае ў царкоўным хоры, так і на культурных мерапрыемствах.

Валянціна Васільеўна з’яўляецца актыўнай удзельніцай раённых і абласных конкурсаў выканаўцаў песень, прыпевак, мастацкага чытання. Выходзіла неаднаразова пераможцам, займаючы прызавыя месцы, ўзнагароджвалася граматамі і прызамі. Гэта чалавек, да якога цягнуцца людзі, яна натхняе іх сваім аптымізмам, дапамагаючы хоць на час забыцца пра сваю хваробу.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.
Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Творы В. В. Кульбеды-Бакун

  1. І поўніцца сэрца малітвай : зборнік вершаў : [публікуецца біяграфічная даведка] / Валянціна Кульбеда-Бакун ; [аўтар уступнага артыкула: Надзея Парчук]. – Брэст : Альтернатива, 2016. – 73, [2] с.
  2. Гарыць над Ясельдай заранак... : вершы / В. Кульбеда-Бакун ; [аўтар уступнага артыкула: Надзея Парчук]. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2008. – 130 с.
  3. В храме : [стихи] / Валентина Кульбеда-Бакун // Чырвоная звязда. Іванава, 2018. 26 кастрычіка. С. 10.
  4. Наш Янка Купала ; Сядзіба Коласа : [вершы] / Валянціна Бакун // Чырвоная звязда. Іванава, 2018. 12 чэрвеня. С. 6.
  5. Святой апостол Андрей Первозванный ; Николай Чудотворец : [стихи] / Валентина Кульбеда-Бакун // Чырвоная звязда. Іванава, 2017. 5 снежня. С. 4.
  6. Господь милосердный ; «Когда на сердце тяжкий камень...» : [стихи] / Валентина Кульбеда-Бакун // Чырвоная звязда. Іванава, 2017. 6 чэрвеня. С. 5.
  7. Лебединая верность ; Жизненный треугольник ; Влюблённые ; Беларусь сінявокая : [стихи] / Валентина Бакун // Чырвоная звязда. Іванава, 2017. 3 лютага. С. 13.
  8. ЛітАўра : зборнік паэзіі і прозы / Літаратурны клуб «Літара» ; [укладальнік Т. Дземідовіч]. – Брэст : Альтернатива, 2015. – 303 с.
  9. Моталь мілы ; Беларусь — мая песня : [вершы] / Валянціна Бакун-Кульбеда // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск, 2013. № 5. С. 148–149.
  10. Чашун, А. Чырвоная каліна [Ноты] : «Як прыемна з хлопцам...» : [для хору з фартэпіяна] ; Вячоркі : «Запрашаліся пад вечар...» : [для хору з фартэпіяна] / музыка А. Чашуна; словы В. Кульбеды-Бакун // Чырвоная каліна : зборнік твораў самадзейных кампазітараў Брэстчыны : у дапамогу кіраўнікам вакальна-харавых калектываў / ДУК «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр». Брэст, 2012. С. 3–8.
  11. «Калі парою апануе сум...» ; «Гарыць над Ясельдай заранак...» ; Абразок ; Святое месца : [вершы] / Валянціна Бакун-Кульбеда // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск, 2010. № 3. С. 133–134.
  12. Царкоўны звон : [верш] / Валянціна Кульбеда-Бакун // Чырвоная звязда. Іванава, 2010. 19 лютага. С. 6.
  13. Убачыць сэрцамі : вершы сяброў літаратурнага аб’яднання «Выток» / уклад. Л. А. Валюшка. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2007. – 76 с.

Аб жыцці і творчасці В. В. Кульбеды-Бакун

  1. Іванаўшчына літаратурная: ад сярэднявечча да сучаснасці : зборнік нарысаў / уклад. А. Крэйдзіч. – Мінск : Мінкопрынт, 2018. – 102 с.
  2. Бондар, А. С. Сустрэча з мясцовай паэткай : [аб сустрэчы ў аздараўленчым лагеры «Ясельда» пры Мотальскай СШ з мясцовай паэткай В. В. Кульбедай-Бакун] / А. С. Бондар // Янаўскі край. Іванава, 2018. 11 чэрвеня. С. 2.
  3. Саломка, І. Наша спадчына — мова бацькоў : [згадваецца В. В. Кульбеда-Бакун] / Ірына Саломка // Янаўскі край. Іванава, 2018. 18 мая. С. 7.
  4. Леончик, Т. Шашечный турнир : [в Ивановском РОО «Белтиз» состоялся турнир по шашкам среди женщин, победителем которого стала Валентина Бакун] / Татьяна Леончик // Янаўскі край. Іванава, 2018. 16 сакавіка. С. 2.
  5. Саломка, І. ...І сэрца азарыў прамень духоўны : [аб прэзентацыі зборніка духоўнай лірыкі Валянціны Кульбеды-Бакун «І поўніцца сэрца малітвай» у сельскай бібліятэцы] / Ірына Саломка // Янаўскі край. Іванава, 2017. 6 чэрвеня. С. 5.
  6. Соломка, И. Вдохновленные наследием Достоевского : [о районном смотре-конкурсе к 195-летию Ф. М. Достоевского, в котором участвовала В. Кульбеда-Бакун] / Ирина Соломка // Чырвоная звязда. Іванава, 2016. 11 лістапада. С. 6.
  7. Крэйдзіч, А. І поўніцца сэрца малітвай : [аб зборніку паэзіі В. Кульбеды-Бакун «І поўніца сэрца малітвай»] / Анатоль Крэйдзіч // Чырвоная звязда. Іванава, 2016. 25 жніўня. С. 2.
  8. Парчук, Н. Малітоўны зварот да глыбінных вытокаў : [аб зборніку духоўнай паэзіі В. Кульбеды-Бакун «І поўніца сэрца малітвай»] / Надзея Парчук // Народная трыбуна. 2016. 12 жніўня (№ 33). С. 9.
  9. Саломка, І. Прасвятленне : [аб зборніку паэзіі В. Кульбеды-Бакун «І поўніца сэрца малітвай»] / Ірына Саломка // Чырвоная звязда. Іванава, 2016. 19 ліпеня. С. 6.
  10. Парчук, Н. Зварот да глыбінных вытокаў : [аб зборніку духоўнай паэзіі В. Кульбеды-Бакун «І поўніца сэрца малітвай»] / Надзея Парчук // Брестский вестник. 2016. 14 июля (№ 23). С. 19.
  11. Кароль, Л. Вершы дапамагаюць жыць : [аб прэзентацыі паэтычнага зборнiка В. Кульбеды-Бакун у Мотальскiм СДК] / Леанiла Кароль // Чырвоная звязда. Iванава. 2008. 5 снежня.
  12. Кароль, Л. «Гарыць над Ясельдай заранак» : [пра кнігу вершаў В. Кульбеды-Бакун] // Чырвоная звязда. Iванава, 2008. 31 кастрычніка. С. 3.
  13. Валентина Бакун-Кульбеда // Гоман. 2007. № 2. С. 14.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 98 разоў