Аўторак, 20 Жнівень 2019 10:27

2 студзеня 2019 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Мікалая Фёдаравіча Сарокі (1949), беларускага вучонага ў галіне тэрапіі і рэўматалогіі

Мікалай Фёдаравіч Сарока нарадзіўся 2 студзеня 1949 г. у вёсцы Асіннікі Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці, на мяжы Белавежскай пушчы. Яго бацькі, Фёдар Карпавіч Сарока і Вера Аўціхіеўна, былі простымі сялянамі, але заўсёды заахвочвалі імкненне дзяцей да вучобы, да атрымання адукацыі. Мікалай Сарока спачатку вучыўся ў Ражкоўскай васьмігодцы, потым у Дзмітровіцкай сярэдняй школе. Вучыўся пераважна на «выдатна», актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, быў пераможцам раённых і абласных алімпіяд па фізіцы і хіміі. Закончыў школу ў 1966 г. з залатым медалём, гэта быў першы залаты медаль у гісторыі Дзмітровіцкай СШ.

Ваганняў у выбары прафесіі не было — Мікалай Сарока цвёрда рашыў стаць урачом, таму ў 1966 г. паступіў на лячэбны факультэт Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, які з адзнакай закончыў у 1972 г. У час студэнцтва быў адным з лідараў камсамольскай арганізацыі інстытута, як выданік атрымліваў павышаную стыпендыю. У 1972–1975 гг. — урач-ардынатар кардыялагічнага аддзялення 2-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска.

У 1975 г. М. Ф. Сарока паступіў у аспірантуру і з гэтага часу яго лёс цесна звязаны з 2-й кафедрай унутраных захворванняў Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. У 1978 г. у Яраслаўлі (РСФСР) абараніў кандыдацкую дысертацыю, якая была прысвечана праблеме патагенэза дыфузных хвароб злучальнай тканіны. З 1986 г. — дацэнт кафедры ўнутраных захворванняў. У 1992 г. у Інстытуце рэўматалогіі РАМН (Масква) абараніў доктарскую дысертацыю, у 1993 г. яму была прысвоена вучоная ступень доктара медыцынскіх навук, у 1995 г. — вучонае званне прафесара.

З чэрвеня 1994 г. М. Ф. Сарока з’яўляецца загадчыкам 2-й кафедры ўнутраных захворванняў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. З 1991 па 2001 г. быў прарэктарам БДМУ па лячэбнай справе, а ў 1996–1997 гг. выконваў абавязкі рэктара. Аднак праца ў клініцы для яго была пераважней адміністрацыйнай дзейнасці. Мікалай Фёдаравіч многа часу аддае лячэбна-кансультацыйнай рабоце. У 1994–2009 гг. — галоўны рэўматолаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Больш за дваццаць гадоў з’яўляецца кіраўніком Рэспубліканскага цэнтра рэўматалогіі ў Мінску.

М. Ф. Сарока — спецыяліст у галіне тэрапіі і рэўматалогіі, адзін з вядучых вучоных у галіне клінічнай медыцыны. Ён унёс значны ўклад у распрацоўку новых метадаў дыягностыкі і лячэння захворванняў унутраных органаў. Асноўныя навуковыя працы прысвечаны вывучэнню фактараў рызыкі, імуналагічных працэсаў, клінічных праяўленняў, дыягностыцы і спосабам лячэння рэўматычных захворванняў. Шэраг значных даследаванняў выкананы ў галіне пульманалогіі, кардыялогіі, гастраэнтэралогіі і гематалогіі.

З’яўляецца аўтарам звыш 500 навуковых работ, у т. л. 22 манаграфій. Пастаянны ўдзельнік міжнародных кангрэсаў урачоў. Пад кіраўніцтвам М. Ф. Сарокі абаронены 22 кандыдацкія і 3 доктарскія дысертацыі. Паспяхова выкананы 15 праектаў у рамках дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм. У практыку аховы здароўя ўкараніў шэраг новых метадаў дыягностыкі і лячэння. Аўтар тыпавых вучэбных праграм для студэнтаў медыцынскіх універсітэтаў па дысцыплінах «Унутраныя захворванні» і «Клінічная імуналогія, алергалогія».

М. Ф. Сарока вядзе вялікую навукова-арганізацыйную работу. На працягу шасці гадоў быў членам прэзідыума ВАК Беларусі. З’яўляецца членам рэдкалегій часопісаў «Здравоохранение», «Медицинские новости», «Проблемы здоровья и экологии», «ARSMedica» (Беларусь), «Научно-практическая ревматология» (Россия), «Украинский ревматологический журнал» (Украина), «Rheumatology» (Польшча), «International Journal of Biomedicine» (США). З 2005 па 2010 г. — галоўны рэдактар часопіса «Здравоохранение».

Аб высокім міжнародным навуковым аўтарытэце прафесара М. Ф. Сарокі сведчыць выбранне яго Ганаровым членам асацыяцыі рэўматолагаў Расіі, Украіны і Польшчы (2009), Ганаровым членам Польскай Акадэміі медыцыны, акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук вышэйшай школы. Мікалай Фёдаравіч з’яўляецца членам-карэспандэнтам Беларускай акадэміі медыцынскіх навук, членам савета па абароне доктарскіх дысертацый, старшынёй Беларускага таварыства тэрапеўтаў. Узнагароджаны медалём Альберта Швейцэра, Акадэміяй медыцынскіх навук Украіны ўзнагароджаны залатым медалём акадэміка М. Д. Стражэскі (2009).

За значны ўклад у развіццё аховы здароўя Беларусі неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства адукацыі. Атрымаў ганаровыя знакі «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь» (2001), «Выдатнік друку Рэспублікі Беларусь» (2009).

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага.
Табольчык Ларыса Мікалаеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Працы М. Ф. Сарокі

  1. Клиническое исследование суставов при ревматических заболеваниях : руководство для врачей / Н. Ф. Сорока, В. Е. Ягур. – Минск : Беларусь, 2006. – 447 с.
  2. Ревматоидный артрит : проблемы диагностики и лечения / Н. Ф. Сорока, В. Е. Ягур. – Минск : Беларусь, 2000. – 190 с.
  3. Питание и здоровье / Н. Ф. Сорока. – Минск : Беларусь, 1994. – 352 с.
  4. О ревматоидном артрите: вопросы и ответы / Н. Ф. Сорока. – Минск : Беларусь, 1992. – 48 с.
  5. Этиология и патогенез миокардов / Н. Ф. Сорока // Здравоохранение. 2010. № 5. С. 37–40.
  6. Милдронат сегодня: ренессанс препарата или укрепление позиций в клинической практике / Н. Ф. Сорока // Здравоохранение. 2010. № 4. С. 50–54.
  7. Эпидемиология и факторы риска остеоартроза / Н. Ф. Сорока // Здравоохранение. 2009. № 11. С. 34–38.
  8. Ритуксимаб в лечении системной красной волчанки / Н. Ф. Сорока // Здравоохранение. 2009. № 5. С. 44–47.
  9. Клиническая эффективность и безопасность внутрисуставного введения препарата гиалуроновой кислоты «GO-ON» при остеоартрозе коленных суставов / Н. Ф. Сорока // Здравоохранение. 2009. № 4. С. 15–19.
  10. Ревматоидный артрит, ассоциированный с хламидийной инфекцией / Н. Ф. Сорока // Здравоохранение. 2009. № 1. С. 4–9.
  11. Применение ремикейда (инфликсимаба) при ревматических заболеваниях / Н. Ф. Сорока // Здравоохранение. 2007. № 12. С. 41–47.
  12. Экватор — фиксированная комбинация лизиноприла и амлодипина в лечении больных артериальной гипертензией / Н. Ф. Сорока // Здравоохранение. 2007. № 7. С. 17–21.
  13. Факторы риска и патогенез остеопороза / Н. Ф. Сорока // Здравоохранение. 2007. № 5. С. 10–16.
  14. Профилактика и лечение остеопороза / Н. Ф. Сорока // Здравоохранение. 2007. № 5. С. 33–43.
  15. Остеоартроз: спутник старости или управляемая болезнь? / Н. Ф. Сорока // Медицинский вестник. 2007. 31 мая. С. 6–7.
  16. Новые возможности базисной терапии ревматоидного артрита: фокус на лефлуномид / Н. Ф. Сорока // Здравоохранение. 2003. № 11. С. 52.
  17. Клиническая ревматология на рубеже столетий / Н. Ф. Сорока // Здравоохранение. 2001. № 5. C. 2–7.

Аб жыцці і дзейнасці М. Ф. Сарокі

  1. Сарока Мікалай Фёдаравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 184.
  2. Сорока Николай Федорович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 361.
  3. Сорока Николай Федорович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 39.
  4. Сорока Николай Федорович // Кто есть кто. Деловой мир СНГ. 2002. Минск, 2002. С. 361–362.
  5. Парафянюк, Г. Спадчына прафесара / Георгій Парафянюк // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 489–490.
  6. Мисник, Е. Тайна синдрома Стилла раскрыта : [о научной деятельности профессора, доктора медицинских наук Н. Сороки] / Елена Мисник // Рэспубліка. 2015. 20 лютага. С. 10.
  7. Багун, В. Жывіце, людзі, доўга : [пра вучонага ў галіне тэрапіі і рэўматалогіі М. Ф. Сароку] / Васіль Багун // Беларуская думка. 2005. № 4. С. 89–95 : фат.
  8. Парафянюк, Г. Спадчына Мікалая Сарокі / Георгій Парафянюк // Навіны Камянеччыны. 1996. 20 красавіка. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1190 разоў Апошняя змена Пятніца, 15 Студзень 2021 10:54