Аўторак, 30 Кастрычнік 2012 10:21

25 лютага 2012 г. – 65 гадоў з дня нараджэння Я. С. Шатохіна (1947–2012), графіка, жывапісца

Яму дарагая была слава Пінска, што ззяе на старонках летапісаў, яго хвалявала прыгажосць храмаў, якая жыве па законах суладдзя.

{gcontent}Яўген Сяргеевіч Шатохін нарадзіўся 25 лютага 1947 г. ў г. Пінску.

З 1958 па 1962 гг. займаўся ў выяўленчай студыі Дома піянераў пад кіраўніцтвам Я. П. Пулхава. Атрымаў адукацыю ў Арлоўскім педагагічным інстытуце і Украінскай Акадэміі дызайну і мастацтва (на той час – Харскаўскі мастацка-прамысловы інстытут). Давялося мастаку пажыць і плённа папрацаваць у Расіі, у Вялікім Усьцюгу. Адсюль пад ветразямі выходзіў па Паўночнай Дзвіне ў Белае мора, на Салаўкі. 15 год, праведзеных на Поўначы, сталі для яго той школай, калі ўчарашні падмайстар вырас у самабытнага і сталага майстра.

З 1972 г. – удзельнік абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных выстаў.

У 1987 г. Яўген Сяргеевіч вяртаецца ў родны горад, арганізуе і ўзначальвае Пінскую дзіцячую школу выяўленчага мастацтва, якой кіраваў да 1997 г.

У 1990 г. быў выбраны старшынёю дэпутатскай камісіі па культуры і справах рэлігіі Пінскага гарвыканкама. З 1982 г. – член Беларускага саюза мастакоў.

Узнагароджаны Ганаровай граматай Саюза мастакоў РСФСР (1985), Ганаровым медалём Генеральнага Савета парламента Францыі (1993).

Удзельнік Усесаюзнай выставы ў Маскве (1972), выставы “Молодые художники Советской Украины» (1973) у Кіеве, Усесаюзнай выставы маладых мастакоў у Ташкенце (1980), Усесаюзнай выставы “По родной стране” у Маскве (1981), Усесаюзнай выставы “Молодость страны” ў Маскве (1982) і інш. Персанальныя выставы былі ў Пінску, Брэсце, Волагдзе (Расiя), Пероне (Францыя), Альтэне (Германія) і інш.

Мастак аддаў дань павагі роднаму гораду, Палессю. Створаны ім цыкл “Пейзажи родительского края” ўсхваляе рэдкія па прыгажосці мясціны Палесся.

Шлях Яўгена Сяргеевіча “у мастакі” простым і бязвоблачным не назавеш. Фактычна чалавек ствараў, ляпіў сябе па крупінках. Спачатку заняткі ГПТВ, а па вечарах – у школе рабочай моладзі. Слесарыў, па-ранейшаму, не раставаўся з падручнікамі. Чатыры гады правучыўся ў педінстытуце. Калі на гарызонце замаячыла абарона дыплома, ён нечакана для ўсіх, але толькі не для сябе, кідае вучобу і занава, на агульных правах, паступае ў мастацка-прамысловы інстытут, каб быць, як кажуць, бліжэй да заветнай мары: трапіць на Усесаюзную выставу, нават будучы студэнтам.

А яшчэ гэта быў чалавек, які адбудаваў сваімі рукамі вельбот. Менавіта карабель, на якім прайшоў многія паўночныя рэкі і нават мора. Вецер напаўняў лавушку паруса, зноў жа пашытага ўласнымі рукамі. І нараджаліся работы, тэматыка якіх часта насіла далёка не марскі характар: на лістах ватмана ажывалі вёскі, у якіх прыходзілася спыняцца, людзі, немітуслівая і вялікая мудрасць іх, як бы і простае, але гордае жыццё.

У 1990-ыя гады Шатохін адкрывае для сябе “далёкае замежжа”, а яно ў сваю чаргу знаёміцца з беларускім творцам. Дзе б ён ні быў, ён заўсёды заставаўся патрыётам сваё гістарычнай радзімы.

Шмат часу Шатохін удзяляў сваім вучням. Яму было вельмі важна выхаваць у іх характар, асабісты пачатак, патрэбнасць будаваць асабісты лёс, як той жа карабель, якому не страшна любая, нават самая крутая хваля.

Яўген Шатохін быў найперш майстрам краявіду. Ягоныя любімыя тэхнікі – акварэль і аловак. Ён ніколі не імкнуўся да фатаграфічнай дакладнасці, бо меў задачу больш высокую і складаную – стварыць праўдзівы вобраз, ідучы ад суб’ектыўнага ўражання. Пра графіка Яўгена Шатохіна цяжка распавядаць. Гэта – як пераказ у прозе вершаў. Яго творы трэба бачыць, і мець пры тым лірычны настрой у душы, і тады трапяткія лініі загамоняць, і на карцінах зазіхаціць вясёлка.

Яўген Сяргеевіч Шатохін – стэпендыянт Майстэрні “Альтэна” у г. Альтэна (Германія), 1992 г., узнагароджаны: медалём Consieller General а Corbie (Францыя, 1993); прызам Consieller General a Perrone (Францыя, 1997); прызам Нацыянальнай Асамблеі (Францыя, 2004) медалём г. Перон (Францыя, 2004); медалём Беларускага саюза мастакоў “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” (2004); Ганаровы грамадзянін г. Альбер (Францыя, 2003).

Творы Я. Шатохіна знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), гісторыка-культурным музеі (Заслаўе), Музеі Беларускага Палесся (Пінск), Брэсцкiм абласным краязнаўчым музеi, галерэі імя Н. Орды (в. Варацэвічы Брэсцкай вобл.), Музеі сучаснага беларускага мастацтва (Нью-Йорк), Фондзе Міністэрства культуры Расіі (Масква), гісторыка-архітэктурным музеі г. Сан-сюр-Мер (Францыя), мэрыі і музеі Alfred Danicourt г. Перон (Францыя), у прыватных калекцыях Велікабрытаніі, Бельгіі, Ірландыі, Фінляндыі, Германіі, Францыі, Паўднёвай Афрыкі, Егіпту, ЗША, Расіі.

На вялікі жаль, Яўген Сяргеевіч Шатохін заўчасна памёр 22 студзеня 2012 г., пахаваны ў Пінску.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Пінскай гарадской цэнтральнай бібліятэкай. Баговіч Таццяна Канстанцінаўна, галоўны бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦГБ.

{/gcontent}

 

  1. Евгений Шатохин : графика / Министерство культуры БССР; Союз художников БССР ; автор статьи С. Толкачев; фото В. Мелешенко. Пинск : Пинская типография, 1990. 16 с.: ил. Библиография: с. 16.
  2. Шатохін Яўген Сяргеевіч // Беларускі саюз мастакоў : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1998. С. 613.
  3. Яўген Шатохін : альбом / Яўген Шатохін; рэд. П. Ляхновіч; фота: І. Марачкін [і інш.]. Менск, 2007. 117 с.: іл. Бібліяграфія: с. 116–117.
  4. Шатохiн, Я. Chato 2005 : [альбом] / Яўген Шатохін ; Беларускi саюз мастакоў ; Музей сучаснага выяўленчага мастацтва ; прадмова: В. Буйвал ; [на бел. i франц. мовах]. Менск, 2005. 20 с.: iл.
  5. Арлоў, У. Яўген Шатохін – мастак і капітан : пагоня за мову / Уладзімір Арлоў // Наша слова. 2012. 25 студз. (№ 4). С. 4.
  6. Шатохін Яўген = Yaughen Shatokhin // Мастакі Брэстчыны = Artists of the Brest region : альбом-каталог / Беларускі саюз мастакоў; аўтар-скл. М. П. Кузьміч. Брэст : ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2010. С. 150–151.
  7. Шатохин Евгений Сергеевич : деятели культуры, науки и искусства Пинщины // На ладонях Припяти и Пины : литературный альманах Пинщины / автор-сост. И. А. Кибак. Минск : ОДО «Тонпик», 2004. С. 150–151.
  8. Шатохiн, Я. “Я – беларус! І гэтым ўсё сказана” / Яўген Шатохін ; гут. П. Васілеўскі // Народная воля. 2006. 10 студз. С. 6.
  9. Алейникова, Н. Мятежная душа уходит в шторм / Наталья Алейникова // Брестский курьер. 2012. № 4. С. 21.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2937 разоў Апошняя змена Пятніца, 20 Сакавік 2020 14:13