Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 29 Жнівень 2019 15:54

2019 г. — 280 гадоў з часу пабудовы Свята-Пакроўскай царквы ў в. Покры (Брэсцкі р-н; 1739), помніка народнага драўлянага дойлідства

Адасоблена ад вёскі Покры Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці ў паўночна-заходнім баку на пагорку размешчана царква, збудаваная ў 1739 г. і прысвечаная Пакрову Прасвятой Багародзіцы. Паблізу ад храма працякае рака Лясная, за ёю — вёскі Вялікія і Малыя Сухарэвічы.

Свята-Пакроўская царква ўяўляе сабой храм цэнтрычнага тыпу. Крыжападобны ў плане, ён накрыты двухсхільнымі дахамі, сяродкрыжжа якіх было завершана пластычным шмат’ярусным купалам у стылі барока (цяпер цыбульная глаўка). Крыло апсіды мае пяцігранную форму з бакавымі нізкімі рызніцамі, што надае ёй асіметрычна-дынамічнае гучанне. З захаду да царквы ў 1840 г. прыбудавана двух’ярусная званіца (васьмярык на чацвярыку), якая з-за сваёй маламаштабнасці не парушае агульнай цэнтрычнай кампазіцыі храма. Яго вертыкальную накіраванасць падкрэслівае вертыкальная шалёўка сцен і трохвугольнікі трох франтонаў, дэкарыроўка вуглоў разным «бягучым» арнаментам. Сцены прарэзаны невялікімі здвоенымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, на вуглах дэкарыраванымі разным «бягучым» арнаментам. У 1879 г. на будынку быў зроблены новы дах з бляхі, які пакрыты алейнымі фарбамі.

У інтэр’еры над уваходам на двух слупах уладкаваны хоры. Асноўнае зальнае памяшканне з бэлечным перакрыццем, агульная плошча храма 120 кв. м. Сцены ў храме афарбаваны ў белы колер. Да сярэдзіны ХІХ ст. алтар быў з іканастасам і царскімі варотамі з адных абразоў, без якой-небудзь разьбярскай работы. Пазней з’явіўся разны іканастас, які пераклікаецца з архітэктурнай кампазіцыяй храма, аформлены пілястрамі, шматпрофільнымі карнізнымі паясамі, рамамі, барочнай разьбой. Царскія вароты выкананы ў мастацкай канцэпцыі 1920–1930-х гг., уяўляюць сабой спалучэнне жывапісу і скразной разьбы. Шэсць абразоў варот змешчаны ў малыя круглыя медальёны ў густым раслінным акружэнні. У 1990-я гг. іканастас адрэстаўраваны і часткова перароблены. Захаваўся абраз «Укрыжаванне» (ХVІІІ ст.).

Покраўская царква была ўніяцкай (грэка-каталіцкай). Пасля забароны уніі жыхарамі вёскі і памешчыкам Адамам Баяроўскім у 1840 г. царква была адрамантавана і часткова перабудавана, з’явілася званіца. Наступныя капітальныя рамонты зроблены ў 1925–1926 гг. і канцы 1990-х. У 1899 г. прыход меў каля 80 дзесяцін зямлі, налічваў 1555 прыхаджан з шасці вёсак. Храм мае насычанае каляровае вырашэнне — блакітныя сцены спалучаюцца з серабрыстымі дахамі і пазалотай крыжоў, каляровымі вітражамі акон апсіды.

Вакол храма складзена агароджа з бутавага каменю. На царкоўным двары захаваліся некалькі надмагілляў з каванымі крыжамі. Покраўская царква — помнік драўлянага дойлідства цэнтрычнай кампазіцыі з асобнымі рысамі барока, занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Мастацкія вартасці помніка заснаваны на спалучэнні народных традыцый з барочнымі ўплывамі. Падобныя па кампазіцыі храмы першай паловы ХVІІІ ст. ёсць у Хмелева Жабінкаўскага раёна і Чарнаўчыцах Брэсцкага раёна.

Дакументы (метрычныя кнігі) з Покрыўскай царквы знаходзяцца ў Нацыянальным гістарычным архіве ў г. Гродна: 20 адзінак захоўвання за 1813–1938 гг. Ва ўсе часы царква дзейнічала. У 1995–2012 гг. настаяцелем служыў протаіерэй Мікалай Васільевіч Юрчук (1926–2016), кандыдат багаслоўя, які ў 1961–1995 гг. служыў клірыкам Аляксандра-Неўскага храма г. Ташкента, пахаваны на могілках в. Покры.

Свята-Пакроўская царква в. Покры ў складзе Брэсцкага раённага благачыння, прыпісана да Свята-Пакроўскага храма в. Прылукі. Да прыходу адносяцца вёскі Покры, Холмічы, Блювінічы. Прастольнае свята адзначаецца 14 кастрычніка. Настаяцель: іерэй Алег Іванавіч Давідзюк, які ў красавіку 2019 г. узнагароджаны правам нашэння камілаўкі. 7 ліпеня 2014 г. у прыходзе было святочна адзначана 275-годдзе з дня асвячэння храма.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

  1. Покраўская царква / С. Ф. Самбук // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 12. С. 449.
  2. Покровская церковь Покрова Богородицы // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 246.
  3. Покровская церковь // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 138.
  4. Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы : [в. Покры] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 327.
  5. Свята-Пакроўская царква : [в. Покры] // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 161.
  6. Покрыўская царква / С. Ф. Самбук // Архітэктура Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 1993. С. 393.
  7. Кулагін, А. М. Помнікі архітэктуры : Пакроўская царква ў в. Покры / А. М. Кулагін // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 520.
  8. Покровская церковь : [д. Покры] / С. Ф. Самбук // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 141.
  9. Пакроўская царква : [в. Покры] / С. Ф. Самбук // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 106–107.
  10. Покры : [Брэсцкі раён] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 130.
  11. Мароз, В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / Валерый Мароз. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: Крыжовыя цэнтрычна-купальныя цэрквы: 1725, Хмелева; 1733, Чарнаўчыцы; 1739, Покры.
  12. Мараськевич, Я. Деревянная архитектура северной части Еврорегиона Буг : западная часть Брестской земли / Я. Мараськевич, А. Башков ; фот.: Я. Мараськевич, Д. Мараськевич ; пер.: Э. Д. Пашкевич [и др.]. – Бяла Подляска : Бяльскоподлясское Общество Регионального Развития, 2006. – 96 с. : ил.
  13. Воробей, В. А. Иконостас Свято-Покровского храма в д. Покры Брестского района / Воробей В. А. // Архитектурное наследие Прибужского региона. Сохранение и культурно-туристское использование : II Международная научно-практическая конференция, 29–30 апреля 2010 г. : сборник докладов. Брест, 2010. С. 23–27.
  14. Воробей, В. А. Иконостас Свято-Покровского храма в д. Покры Брестского района / В. А. Воробей // Вестник Брестского государственного технического университета. 2012. № 1. С. 20–24.
  15. Ролич, О. Церковь в Покрах : [Свято-Покровская церковь д. Покры Брестского района отметила 275-летие со дня освящения] / Ольга Ролич // Заря. 2014. 17 июля. С. 17.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1118 разоў Апошняя змена Панядзелак, 22 Люты 2021 16:20