Серада, 11 Верасень 2019 10:32

2019 г. — 75 гадоў з пачатку дзейнасці Брэсцкага інстытута ўдасканалення настаўнікаў (ДУА «Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі»; 1944)

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР пры Брэсцкім абласным аддзеле народнай адукацыі быў створаны абласны педагагічны кабінет. Пастановай Савета Народных Камісараў БССР № 35 ад 17 студзеня 1941 г. гэты кабінет пераўтвораны ў абласны інстытут удасканалення настаўнікаў. Разгортванне яго работы спынілася ў сувязі з Вялікай Айчыннай вайной. Фактычна дзейнасць інстытута пачалася ў жніўні 1944 г., пасля вызвалення Брэста ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Гісторыя інстытута неаддзельная ад пасляваенных пераўтварэнняў і здзяйсненняў у сістэме адукацыі Брэстчыны і ўсёй краіны. Пасля вайны ў школы вярнуліся тысячы настаўнікаў, супрацоўнікам інстытута неабходна было аказаць ім метадычную дапамогу для паспяховага аднаўлення ў прафесіі. У розныя гады інстытут месціўся ў прыстасаваных будынках на вуліцах К. Маркса, Маскоўскай, В. Харужай. Да лекцыйнай работы прыцягваліся лепшыя педагогі, вучоныя Беларусі.

У 1980–1988 гг. дырэктарам установы была М. Я. Крашаніннікава, выдатнік народнай адукацыі СССР і БССР, ураджэнка Жабінкаўскага раёна. Да назначэння яна ўзначальвала аддзел народнай адукацыі Брэсцкага райвыканкама, які ў 1979 г. заняў першае месца ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве. Марыі Якаўлеўне давялося сачыць за ўзвядзеннем спецыяльнага будынка па вул. Янкі Купалы, 20/1, куды інстытут пераехаў у маі 1982 г. У студзені 1984 г. у інстытуце адкрыты прафілакторый для правядзення лячэбна-аздараўленчых мерапрыемстваў для настаўнікаў, якія праходзяць навучанне на курсах. З 1998 г. функцыянуе комплекс па аказанні аздараўленчых паслуг.

У 1997 г. рашэннем Брэсцкага аблвыканкама інстытут пераўтвораны ў абласны інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. У 2003 г. атрымаў удакладнёную назву «Брэсцкі дзяржаўны інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў і спецыялістаў адукацыі». З 2009 г. — Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі», якая з’яўляецца ўстановай адукацыі для дарослых, рэалізуе адукацыйныя праграмы паслявузаўскай адукацыі педагагічных работнікаў. У інстытуце педагогі ўсіх ступеней адукацыі бесперапынна ўдасканальваюць свае веды, авалодваюць самымі сучаснымі тэхналогіямі навучання. Штогод у інстытуце павышаюць кваліфікацыю больш за 5 тыс. педагогаў па 33 катэгорыях і актуальных напрамках: «Педагагічная дзейнасць у сацыяльна-педагагічных установах», «Выхаванне у прыёмных сем’ях», «Выхаванне ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу», «Інтэграванае навучанне і выхаванне», «Рэзерв кіраўніцкіх работнікаў», «Атэстацыя педагагічных работнікаў» і інш.

Інстытут штогод праводзіць звыш 60 навукова-метадычных мерапрыемстваў, у якіх прымаюць удзел больш за 4 тыс. работнікаў сістэмы адукацыі вобласці. Сярод іх — рэгіянальны конкурс «Малады настаўнік Брэстчыны», абласныя этапы рэспубліканскіх конкурсаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» і «Энергамарафон», абласны фестываль педагагічнага майстэрства, панарамы вопыту эфектыўнай адукацыйнай практыкі і інавацыйна-эскперыментальнай дзейнасці ўстаноў адукацыі, «Эстафета творчасці і майстэрства выхавання навучэнцаў», абласны конкурс «Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» і інш. Інстытут каардынуе работу больш за 1,7 тыс. метадычных фарміраванняў педагогаў — творчых і праблемных груп, школ маладога настаўніка, перадавога педагагічнага вопыту і інш.

У 1984 г. у інстытуце быў створаны музей адукацыі Брэстчыны, у якім паказана гісторыя з пачатку ХХ ст. У 2014 г. намаганнямі метадыста Галіны Сцяпанаўны Саковіч і іншых супрацоўнікаў былі створаны музейная экспазіцыя і галерэя вопыту «Эфектыўная адукацыя Брэсцкай вобласці». У музейнай экспазіцыі пашырана тэматыка, цяпер развіццё адукацыі паказана з ХІІІ ст. да канца Вялікай Айчыннай вайны. Стэнды падзелены на 22 раздзелы: «Лаўрэнцій Зізаній і брацкая школа ў Бярэсці», «Казімір Лышчынскі: педагагічная дзейнасць», «З думай пра асвету краю: сустрэча Касцюшкі з Песталоці», «Адам Нарушэвіч: важкі ўклад у развіццё гістарычнай адукацыі і навукі», «Напалеон Орда: уклад у развіццё музычнай і архітэктурнай адукацыі», «Палескае Люсіна: тут настаўнічаў Якуб Колас», «Пінск гімназічны на пачатку ХХ ст.», «Руская гімназія ў Брэсце», «Школы Заходняй Беларусі ў 1935–1936 гг.», «Памятаем і шануем вас, школы лясныя...» і інш.

Напачатку 1990-х на чале інстытута стаяў Яўген Мікітавіч Шляжко, па адукацыі настаўнік рускай мовы і літаратуры, ураджэнец Івацэвіцкага раёна. У 1995–2009 гг. рэктарам інстытута быў Мікалай Іванавіч Кавалевіч, кандыдат педагагічных навук, матэматык, аўтар кніг паэзіі. Затым установу ўзначаліў Юрый Аляксандравіч Іваноў, кандыдат педагагічных навук. Цяпер рэктар — Анатоль Васільевіч Машчук, кандыдат гістарычных навук, ураджэнец Брэста.

5 лістапада 2014 г. Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі ўрачыста адзначыў 70-годдзе з пачатку сваёй дзейнасці.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

  1. Институт усовершенствования учителей // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 220.
  2. Обучение на равных : всегда есть повод быть здоровым и счастливым / ГУО «Брестский областной институт развития образования», Культурно-творческое общественное объединение «Калегіум» ; [сост. Е. Г. Дмитриева]. – Брест : Альтернатива, 2016. – 134 с.
  3. Волонтерское движение «Равный — равному» в учреждениях образования Брестской области / ГУО «Брестский областной институт развития образования», Культурно-творческое общественное объединение «Калегіум» ; [сост.: Н. Авсиевич, Н. Барановская, Е. Дмитриева]. – 2-е изд., стереотип. – Брест : Альтернатива, 2013. – 112 с.
  4. Потолков, Ю. В. Строка и чувство : беседы о произведениях русской литературы / Ю. В. Потолков ; Брестский областной институт повышения квалификации и переподготовки руководящих работников и специалистов образования. – Брест : [б. и.], 2002. – 123 с.
  5. Грышкевіч, С. Калі прызванне — выхаванне : [пра начальніка вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА Людмілу Мемех] / Сяргей Грышкевіч ; фота аўтара // Настаўніцкая газета. 2018. 23 кастрычніка. С. 1.
  6. Макарчук, Ю. «Патриарх» педагогики Брестчины : [о М. Я. Крашенинниковой] / Юрий Макарчук // Заря над Бугом. Брест, 2015. 26 марта (№ 13). С. 8.
  7. Таболіч, С. Настаўніцкая скарбонка, або 70-гадовы юбіляр па-ранейшаму жадае вучыцца / С. Таболіч // Народная трыбуна. 2014. 14 лістапада (№ 46). С. 3.
  8. Грышкевіч, С. У авангардзе дадатковай адукацыі для дарослых : [пра ўрачыстасць да 70-годдзя Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі] / Сяргей Грышкевіч ; фота аўтара // Настаўніцкая газета. 2014. 13 лістапада. С. 2.
  9. Вертинская, С. Учителя учителей... : Брестский областной институт развития образования отметил свое 70-летие / Светлана Вертинская ; фото автора // Брестский курьер. 2014. 13 ноября (№ 46). С. 10.
  10. Минич, Е. В. Вопросы духовно-нравственного воспитания в системе повышения квалификации учителей Брестского областного института развития образования / Елена Васильевна Минич // Мастацкая і музычная адукацыя. 2014. № 2. С. 21–25.
  11. Кавалевіч, М. Рабоце з кадрамі — творчы падыход / Мікалай Кавалевіч ; гутарыў Сяргей Грышкевіч // Народная трыбуна. 2005. 26 лістапада.
  12. Кавалевіч, М. І. Прыйшоў час прафесіяналаў / Мікалай Іванавіч Кавалевіч ; запісаў Уладзімір Барысюк // Народная трыбуна. 2004. 11 снежня.
  13. Барысюк, У. Нельга жыць без памяці... : [пра музей народнай асветы ў Брэсцкім інстытуце ўдасканалення настаўнікаў] / Уладзімір Барысюк // Народная трыбуна. 1999. 6 лістапада.
  14. Кавалевіч, М. Інакш і жыць немагчыма / Мікалай Кавалевіч ; гутарыў Уладзімір Барысюк // Народная трыбуна. 1998. 3 кастрычніка.
  15. Кавалевіч, М. ІПК: яго роля ў метадычным забеспячэнні рэформы / Мікалай Кавалевіч // Настаўніцкая газета. 1998. 18 жніўня. С. 1.
  16. Харламаў, А. Інстытуту — 50 год / Анатоль Харламаў // Народная трыбуна. 1994. 17 верасня.
  17. Шляжко, Е. Ученья корень горек, да плод сладок / Евгений Шляжко ; интервью вела Т. Тиборовская // Заря. 1994. 8 сентября.
  18. Шляжко, Я. М. Хто апошні ў чарзе за ведамі? : [пра работу Брэсцкага інстытута ўдасканалення настаўнікаў] / Яўген Мікітавіч Шляжко ; [гутарыла] Ларыса Ахрэмук // Народная трыбуна. 1993. 3 красавіка.
  19. Таропчына, Я. На шляхах перабудовы : [з вопыту работы Брэсцкага інстытута ўдасканалення настаўнікаў] / Я. Таропчына // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1989. № 4. С. 1–4.
  20. Злотнік, І. «Мы жадаем прыехаць сюды зноў» : [пра вопыт Брэсцкага інстытута ўдасканалення настаўнікаў па павышэнні кваліфікацыі з адначасовым санаторна-прафілактычным аздараўленнем педагагічных кадраў] / І. Злотнік // Настаўніцкая газета. 1986. 5 ліпеня.
  21. Злотнік, І. Здароўя табе, педагог! : [пра новы будынак Брэсцкага інстытута ўдасканалення настаўнікаў] / І. Злотнік // Настаўніцкая газета. 1984. 5 мая.
  22. Аграновский, И. Творческого поиска шаги : [о работе Брестского института усовершенствования учителей] / И. Аграновский // Заря. 1978. 12 октября.
  23. Дамарацкі, В. Канкрэтны падыход, актыўныя формы : [з вопыту работы Брэсцкага інстытута ўдасканалення настаўнікаў] / В. Дамарацкі // Настаўніцкая газета. 1973. 19 снежня.
  24. Залатніцкі, Ю. Новы змест — новыя формы : [пра работу Брэсцкага інстытута ўдасканалення настаўнікаў] / Ю. Залатніцкі // Настаўніцкая газета. 1964. 29 студзеня.
  25. Васілевіч, К. На халастым хаду, або... Як працуе Брэсцкі інстытут удасканалення настаўнікаў / К. Васілевіч // Настаўніцкая газета. 1962. 10 сакавіка.
Чытаць 1115 разоў Апошняя змена Чацвер, 27 Ліпень 2023 11:25