Серада, 11 Верасень 2019 10:40

2019 г. — 295 гадоў з часу пабудовы Свята-Георгіеўскай царквы ў г. Давыд-Гарадку (Столінскі р-н; 1724), помніка ўсходне-палескай школы дойлідства

У г. Давыд-Гарадку Столінскага раёна Брэсцкай вобласці здаўна меліся праваслаўныя храмы, у пісьмовых крыніцах узгадваюцца з 1486 г. Пад 1663 і 1675 гг. узгадваецца Свята-Георгіеўская царква, якая была пабудавана на сродкі ўладальніка горада князя Міхаіла Караля Радзівіла (1600–1666) у першай палове ХVІІ ст. (у некаторых крыніцах называюць 1648 г.). Выява гэтай двухзрубнай царквы нам невядома, знаходзілася яна на ўсходняй ускраіне паселішча, па шляху на Тураў. У 1724 г. (па іншых звестках у 1724–1726 гг.) царква ў імя святога Георгія Перамаганосца была значна перабудавана.

Давыд-Гарадоцкая царква — трохзрубны храм глыбінна-восевай кампазіцыі ўключае прамавугольныя ў плане бабінец, асноўны аб’ём і алтарную апсіду, накрытыя чатырохграннымі шатровыміі дахамі з галоўкамі на васьмігранных барабанах. Асноўны аб’ём мае дадатковы чацвярыковы ярус, які апіраецца на бэлькі паміж грубамі бабінца і алтара. Ярусы падзяляе прычолак. Пазней да апсіды з поўначы прыбудавана рызніца, да бабінца з захаду — тамбур, завершаныя двухсхільнымі дахамі.

Сцены знадворку ашаляваны гарызантальна ў верхняй частцы, вертыкальна і ў «елку» ў ніжняй частцы, умацаваны шырокімі лапаткамі. Вокны з трохгранным завяршэннем і крыжападобныя (у верхнім ярусе асноўнага аб’ёму). Дахі над бабінцам і апсідай крыху ссунуты на захад і ўсход і злучаны з цэнтральным аб’ёмам двухсхільнымі стрэшкамі паміж асобнымі вярхамі. У кампазіцыйнай будове царквы выкарыстана старажытна-руская сістэма прапорцый, пры якой дыяганаль цэнтральнага аб’ёму ў плане вызначае яго вышыню да асновы барабана купальнай галоўкі.

У інтэр’еры дамінуе цэнтральны двухсветлавы аб’ём, злучаны з бабінцам арачным праёмам і аддзелены ад апсіды іканастасам. Пры ўваходзе ў бабінцы размешчаны хоры. Усе памяшканні маюць плоскія бэлечныя перакрыцці. Мяркуюць, што раней шатровыя вярхі былі адкрыты ў інтэр’ер.

Разны іканастас (7,09х5,41 м) створаны ў 1751 г. у стылі барока, устаноўлены на высокім цокалі з жывапіснымі кампазіцыямі, мае чатыры рады. Першы знізу падзелены разнымі залачонымі калонкамі на сем праёмаў: у цэнтральным — царскія вароты (2,42х1,24 м), паабапал размешчаны абразы. Другі рад складаецца з дванаццаці кампазіцый на тэмы жыцця Божай Маці і Ісуса Хрыста. У трэцім радзе — выявы дванаццаці апосталаў. Завяршае іканастас чацвёрты рад з шасці абразоў прарокаў. Адзінства кампазіцыйнай будовы твораў і іх колеравага вырашэння садзейнічаюць стварэнню суцэльнага вобраза, адпаведнага архітэктуры царквы. У іканастасе дамінуе апостальскі рад, абразы якога вылучаюцца манументальнасцю кампазіцыі, урачыстасцю эмацыянальнага ладу, характэрным тыпажом. Іканастас багата размаляваны і аздоблены асобнымі залачонымі разнымі накладкамі.

Давыд-Гарадок развіваўся як цэнтр мастацкіх рамёстваў, тут жылі дынастыі мечнікаў, злотнікаў і мастакоў. Верагодна, у афармленні царквы прымалі ўдзел мясцовыя майстры-мастакі: Карней, Яцко, Камей, залатары: Пархом, Мікіта, Хвяско, Андрэйка, Грышка. У 1734 г. у Давыд-Гарадку працавалі разьбяры: Лявон Буяк, Ян, Сямён, залатары: Сямён Шаўчуловіч, Ярко, Сямён Лаўчук.

У другой палове ХVІІІ ст. была пабудавана званіца ў традыцыях усходне-палескай школы дойлідства. Трох’ярусная драўляная пабудова з элементамі стылю барока, ашаляваная знадворку. Ніжні і верхні ярус былі васмерыковыя, сярэдні — чацвярыковы. Сярэдні ярус расчляняўся прамавугольнымі вокнамі — галаснікамі, верхні завяршаўся складаным купальным дахам, на ім — галоўка. Званіца знікла ў пачатку ХХ ст. Пазней перад храмам была пастаўлена драўляная чатырохгранная шатровая званіца.

Ля царквы — гарадскія могілкі, пахаванні на якіх закрыты ў 1930-я гг., па іх усходнім краі выраслі хвоі і шмат бэзу. Да 1970-х было шмат дубовых крыжоў, дасюль захаваліся некалькі каменных надмагілляў ХІХ ст. Ля храма пахаваны свяшчэннік Якаў Якімавіч Танканог (1888–1956), які ў 1954 г. быў пераведзены сюды з Аздаміч.

Крыжы на могілках у 1981 г. вывучаў беларускі этнограф Міхась Раманюк (1944–1997). Уцалелі ўнікальныя паводле кампазіцыі і пластычнай трактоўкі крыжы сярэдзіны ХІХ ст. Невысокія, каля 1,5–2 м, яны ўражваюць пластычнай выразнасцю і манументальнай завершанасцю. Тры верхнія канцы закругляюцца ў форме трох паўкругаў. На ліцавым баку крыжа маецца рэльефная выява ўкрыжаванага Хрыста.

У канцы 1950-х царква, якая па-мясцоваму называецца Юр’еўскай, Юраўскай альбо Закаморскай, была зачынена. У ноч на 3 красавіка 1959 г. з царквы спілавалі і знішчылі чатыры крыжы, многае начынне апынулася на сметніку. Знішчэнне хрысціянскіх святынь сведчыла пра глыбокі крызіс грамадскага сумлення і культуры дзяржавы. Раённыя ўлады меркавалі зрабіць у будынку музей атэізму «Палеская ікона». У 1961 г. царскія вароты былі вывезены ў Дзяржаўны музей БССР, у 1978–1988 гг. экспанаваліся ў Заслаўскім музеі рамёстваў і народных промыслаў. Цяпер яны і іншыя прадметы (абраз «Маці Боская Адзігітрыя», алтарны крыж, пацір, «грабніца», дыскас) у фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

У 1990 г. храм вярнулі вернікам, пачаўся яго рамонт. Будынак афарбаваны ў нябесна-блакітны колер. На жаль, аўтэнтычныя ўніяцкія абразы іканастаса перапраўлены на сучасны праваслаўны манер. Храм уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца помнікам усходне-палескай (прыпяцкай) школы дойлідства. Метрычныя кнігі прыхода за 1786–1925 гг. захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (Мінск). Свята-Георгіеўскі прыход цяпер у Столінскім благачынні Пінскай епархіі, прыпісаны да храма Казанскай іконы Божай Маці г. Давыд-Гарадка, тут праводзяцца адпяванні нябожчыкаў. Прастольнае свята — 6 мая на Юр’я (Георгія Перамаганосца).

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

  1. Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква / Ю. А. Якімовіч, Э. І. Вецер // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 568.
  2. Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква // Культура Беларусі : энціыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2013. Т. 3. С. 334.
  3. Давид-Городокская Георгиевская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 311–312.
  4. Царква ў імя святога велікамучаніка Георгія Перамоганосца : [г. Давыд-Гарадок] / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 136–137.
  5. Давид-Городокская Свято-Георгиевская церковь // Туристские регионы Беларуси / сост. Л. В. Ловчая. Минск, 2008. С. 58.
  6. Давид-Городокская Свято-Георгиевская церковь // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 167–168.
  7. Давид-Городокская Георгиевская церковь // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 294.
  8. Свята-Георгіеўская царква : [г. Давыд-Гарадок] / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 136–137.
  9. Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква / Ю. А. Якімовіч, Э. І. Вецер // Архітэктура Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 1993. С. 190–191.
  10. Георгиевская церковь : [г. Давид-Городок] / Т. В. Габрусь, Э. И. Ветер // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 388–389.
  11. Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква / Ю. А. Якімовіч, Э. І. Вецер // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 253–254.
  12. Георгіеўская царква : [г. Давыд-Гарадок] / Э. І. Вецер, Т. В. Габрусь // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 349.
  13. Давид-Городокская Георгиевская церковь // Белорусская ССР : энциклопедия : в 5 т. Минск, 1981. Т. 4. С. 192.
  14. Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 4. С. 201–202.
  15. Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 110–11.
  16. Давыд-Гарадоцкі іканастас // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2013. Т. 3. С. 335.
  17. Давыд-Гарадоцкая званіца / Ю. А. Якімовіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 254.
  18. Палескія школы дойлідства // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2015. Т. 6. С. 124–125.
  19. Палескія школы дойлідства / Ю. А. Якімовіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 153–154.
  20. Іканастас : [прыведзены чарцёж іканастаса з Давыд-Гарадка] / Э. Г. Вецер // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 566–567 : фота на ўклейцы.
  21. Мароз, В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / Валерый Мароз. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: Свята-Георгіеўская царква ў Давыд-Гарадку (першая палова ХVІІ ст.). С. 345–347.
  22. Шэлехаў, М. У. Давыд-Гарадок. Час і людзі : [гістарычны нарыс] / Міхаіл Уладзіміравіч Шэлехаў. – Брэст : Брэсцкае ўпраўленне па друку, 2000. – 304 с. : [8] л. іл. – Са зместу: Юр’еўская (Георгіеўская) царква. С. 229–232.
  23. Якімовіч, Ю. А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся ХVІІ–ХІХ стст. / Ю. А. Якімовіч. – Мінск : Навука і тэхніка, 1978. – 152 с. : іл. – Са зместу: Царква Георгія ў Давыд-Гарадку. С. 117–119. Званіца ў Давыд-Гарадку. С. 142–143.
  24. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі ХІІ–ХVІІІ стагоддзяў / аўтар тэксту і склад. Н. Ф. Высоцкая. – Мінск : Беларусь, 1984. – 235 с. : іл. – Са зместу: Фрагмент алтарнага крыжа. Іл. 19. Пацір, 1740. Іл. 67. Пацір, 1770. Іл. 68. «Грабніца». Іл. 69. Дыскас. Іл. 70. Рыза абраза «Маці Боская Адзігітрыя». Іл. 72.
  25. Лабынцаў, Ю. А. Старая казка Палесся (Турава-Пінская зямля) / Ю. А. Лабынцаў. – Мінск : Полымя, 1993. – 144 с. : іл. – Са зместу: Георгіеўская царква ў Давыд-Гарадку. С. 53–56, 63–64.
  26. Лабынцев, Ю. А. В глубинном Полесье (Турово-Пинская земля) / Ю. А. Лабынцев. – Москва : Искусство, 1989. – 159 с. : ил. – Из содерж.: Георгиевская церковь в Давид-Городке. С. 66–71.
  27. Раманюк, М. Беларускія народныя крыжы : манаграфія / Міхась Раманюк. – [Б. м.] : Наша ніва, 2000. – 221 с. : іл. – Са зместу: Крыжы ля Свята-Георгіеўскай царквы Давыд-Гарадка. С. 124–127, 129.
  28. Фликоп-Свито, Г. А. Иконостасы белорусских православных и греко-католических храмов в XVII – начале XIX века. Сравнительный аспект / Г. А. Фликоп-Свито // Обсерватория культуры. 2016. Т. 13, № 5. С. 564–574.
  29. Караткевіч, У. Званы ў прадоннях азёр : нарыс : [узгадваюцца Юраўская царква і крыжы на старых могілках Давыд-Гарадка] // Збор твораў : у 8 т. / Уладзімір Караткевіч. Мінск, 1991. Т. 8, кн. 2. С. 69–73.
  30. Георгіеўская царква : [гісторыя помніка архітэктуры г. Давыд-Гарадка] // Навiны Палесся. Столiн, 2009. 22 верасня. С. 4.
  31. Дранько-Майсюк, Л. Надзея : Давыд-Гарадоцкія святыні / Леанід Дранько-Майсюк // Звязда. 2009. 31 студзеня. С. 7 : фат.
  32. Дранько-Майсюк, Л. Вера : Давыд-Гарадоцкія святыні / Леанід Дранько-Майсюк // Звязда. 2009. 29 студзеня. С. 4 : фат.
  33. Самые старые «драўляныя будынкі» Беларуси : [в т. ч. Давид-Городокская Георгиевская церковь] / подготовил Глеб Лободенко // Комсомольская правда в Белоруссии. 2007. 13 января. С. 14–15.
  34. Угрыцкі, М. Гораду прысвечаны канверт : [пра паштовы канверт «Давыд-Гарадку 900 гадоў» з выявай Георгіеўскай царквы; мастак В. Сташчанюк] / Міхась Угрыцкі // Культура. 2000. 4–10 лістапада (№ 44). С. 14.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 71 разоў