Пятніца, 13 Верасень 2019 09:56

10 сакавіка 2019 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Праскоўі Данілаўны Гарбацэвіч (1919–1999), Героя Сацыялістычнай Працы (1969), Заслужанага ўрача БССР (1960)

Праскоўя Данілаўна Гарбацэвіч нарадзілася 10 сакавіка 1919 г. у вёсцы Кальчыцы Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Слуцкага раёна Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў роднай вёсцы (1936) па настаянні свайго настаўніка рускай мовы і літаратуры Івана Цімафеевіча Чарніцкага паступіла ў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут.

Вучыцца было цяжка, не давалася латынь, не пераносіла паху анатамічкі, але ўсё пераадолела. На савецка-фінляндскай вайне загінуў брат, гэту вестку цяжка перажыла. Калі скончыла чатыры курсы (1940), яе накіравалі працаваць урачом-тэрапеўтам у Клецкі раён Баранавіцкай вобласці, дзе на далучанай тэрыторыі Заходняй Беларусі была вострая патрэбнасць у медыках.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Праскоўя Гарбацэвіч прызвана ў Чырвоную армію, працавала ў шпіталі, з якім трапіла ў акружэнне. Не здолеўшы прабіцца за лінію фронту, па акупіраванай тэрыторыі з цяжкасцю дабралася да роднай вёскі. Актыўна ўключылася ў падпольную барацьбу з акупантамі, была членам патрыятычнага падполля.

У верасні 1943 г. Праскоўя Гарбацэвіч была прынята ў партызанскі атрад імя Кірава 95-й брыгады імя Фрунзэ, які дзейнічаў на тэрыторыі Слуцкага раёна. Мужна выконвала свой прафесійны доўг — выходжвала раненых і хворых. У студзені 1944 г. накіравана ў атрад імя Ракасоўскага, дзе ўзначаліла санітарную службу. Нароўні з іншымі народнымі мсціўцамі рызыкавала сваім жыццём, ратуючы жыцці таварышаў па зброі, набывала практычны вопыт лячебна-прафілактычнай работы. 29 чэрвеня 1944 г. атрады брыгады імя Фрунзэ злучыліся з Чырвонай арміяй.

Пасля вызвалення Беларусі Праскоўя Гарбацэвіч вярнулася ў інстытут і паспяхова скончыла яго ў 1945 г. Як выдатніцу яе пакідалі выкладаць у інстытуце, але яна папрасілася на працу ў сельскую мясцовасць, дзе вельмі не ставала медыцынскіх работнікаў. Працавала ўчастковым урачом у п. Лясная, загадчыцай Ляснянскай участковай бальніцы Навамышскага раёна Баранавіцкай вобласці. У цяжкіх умовах пасляваеннай вёскі зарэкамендавала сябе высокакваліфікаваным спецыялістам, умелым арганізатарам медыцынскага абслугоўвання насельніцтва.

У 1947–1992 гг. працавала галоўным урачом Навамышскай раённай бальніцы (Новая Мыш з 1957 г. у Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, а бальніца стала сельскай). Шмат увагі ўдзяляла развіццю і ўмацаванню матэрыяльнай базы бальніцы, лячэбнаму працэсу. Настойліва ўкараняла ў практыку новыя метады лячэння, павышала прафесійны ўзровень, перадавала вопыт маладым работнікам. Давялося рамантаваць, будаваць новую бальніцу, а пры ёй паліклініку. Быў пабудаваны жылы дом для бальнічнага персаналу. Па яе настаянні пры бальніцы разбіты сад. Увага да людзей, умелае кіраўніцтва вызначалі П. Д. Гарбацэвіч.

Сапраўдным выпрабаваннем для Праскоўі Данілаўны стала цяжкая хвароба (туберкулёз) і ранняя смерць мужа-франтавіка, Міхаіла Гарбацэвіча, на здароўе якога адмоўна паўплывалі знаходжанне ў палоне і ўцёкі з яго, цяжкасці армейскай службы. Выхавала двух сыноў, старэйшы стаў урачом.

Праскоўя Данілаўна вяла актыўную грамадскую дзейнасць. Неаднаразова выбіралася дэпутатам Навамышскага сельскага Савета дэпутатаў, была дэлегатам ХХV з’езда КПСС (1976). Актывістка савета жанчын калгаса «Зара камунiзму», у 1975 г. удзельнічала ў Міжнароднай сустрэчы жанчын у Мінску.

8 сакавіка 1960 г. П. Д. Гарбацэвіч было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны ўрач Беларускай ССР». 4 лютага 1969 г. за вялікія заслугі ў вобласці аховы здароўя — званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Серп і Молат». За ваенную і працоўную дзейнасць узнагароджана ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў (абодва 1985), медалямі «Партизану Отечественной войны» І ступені і «За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.», адзначана нагрудным знакам «Отличнику здравоохранения СССР».

П. Д. Гарбацэвіч памерла 9 кастрычніка 1999 г.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

  1. Горбацевич Прасковья Даниловна // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 286.
  2. Горбацевич Прасковья Даниловна // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биогр. справочник. Минск, 2014. С. 76.
  3. Горбацевич Прасковья Даниловна // Организаторы здравоохранения Республики Беларусь. Минск, 2002. С. 148.
  4. Гарбацэвіч Праскоўя Данілаўна // Памяць. Слуцкі раён. Слуцк : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 421–422.
  5. Гарбацэвіч Праскоўя Данілаўна // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 595.
  6. Горбацевич Прасковья Даниловна // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 159.
  7. Гарбацэвіч Праскоўя Данілаўна // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 147–148.
  8. Гарбацэвіч Праскоўя Данілаўна // Беларуская савецкая энцыкладпеыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 3. С. 356.
  9. Мінута славы і гады працы : Гарбацэвіч Праскоўя Данілаўна : краязнаўчы архіў / склад. І. П. Томарава. – Новая Мыш : Баранавіцкая ЦРБ, 2012. – 32 с. : іл.
  10. Аграновский, И. Сердце, открытое людям / И. Аграновский // Земные звёзды : [очерки о Героях Социалистического Труда Брестской области]. Минск : Беларусь, 1978. С. 70–71.
  11. К новым свершениям : говорят делегаты ХХV съезда КПСС. – Минск : Беларусь, 1976. – 96 с. – Из содерж.: Делегат П. Д. Горбацевич. С. 74–78.
  12. Партызанская брыгада 95-я імя М. В. Фрунзе // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 413–414.
  13. Памяти Прасковьи Даниловны Горбацевич : [некролог] / Гулюк М. Ф. [и др.] // Наш край. Барановичи, 1999. 14 октября. С. 1.
  14. Аграновский, И. Сердце, открытое добру / И. Аграновский // Заря. 1978. 5 января.
  15. Аграновский, И. Сердце, отрытое людям / И. Аграновский // Знамя коммунизма. Барановичи, 1978. 15 сентября.
  16. Лимонов, В. Излучающая добро / В. Лимонов // Крестьянка. 1977. № 2. С. 24–25.
  17. Горбацевич, П. На страже главного богатства / Прасковья Горбацевич // Коммунист Белоруссии. 1976. № 3. С. 87–89.
  18. Мальцев, Н. Вся жизнь её... / Н. Мальцев // Заря. 1976. 12 февраля.
  19. Сушко, Р. Идти в первых рядах / Р. Сушко // Знамя коммунизма. Барановичи, 1975. 7 ноября.
  20. Служить людям // Заря. 1973. 1 мая.
  21. Спектор, М. Сельский врач / М. Спектор // Медицинская газета. 1969. 23 сентября.
  22. Мальцев, Н. Все остается людям / Н. Мальцев // Знамя юности. 1966. 6 сентября.
Чытаць 1167 разоў Апошняя змена Чацвер, 14 Студзень 2021 11:59