Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 26 Верасень 2019 10:45

22 кастрычніка 2019 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Раісы Мікалаеўны Жук-Грышкевіч (1919–2009), беларускага грамадскага дзеяча, кіраўніка аб’яднання беларускіх жанчын Канады (1965–1975)

Раіса Мікалаеўна Жук-Грышкевіч (у дзявоцтве Жукоўская) нарадзілася 22 кастрычніка 1919 г. у г. Пружаны (цяпер Брэсцкай вобласці) у беларускай сям’і земляробаў. Бацька быў малаадукаваны, але разумеў значэнне асветы і стараўся даць адукацыю дзецям, якіх у яго было сямёра, выхоўваў іх у любові да беларускай мовы.

Раіса Жукоўская скончыла ў Пружанах польскую пачатковую школу і гімназію імя А. Міцкевіча ў 1938 г. Восенню гэтага ж года паступіла на юрыдычны факультэт універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Была прынята ў сябры Беларускага студэнцкага саюза.

У верасні 1939 г. Заходняя Беларусь была вызвалена ад польскай акупацыі і далучана да Беларускай ССР. Вільня ўвайшла ў склад Літоўскай дзяржавы. У Пружанах беларуская дзяячка, настаўніца Кацярына Стаўбунік сабрала беларускіх студэнтаў, што вучыліся ў Вільні, і настойліва прапаноўвала ісці працаваць у школы, выкладаць беларускую мову, абуджаць нацыянальную годнасць. Разам з іншымі Раіса Жукоўская стала настаўніцай, працавала ў Пружанах, а пасля была накіравана ў вёску Смаляніца.

У І942 г. Раісу Жукоўскую і яе сястру Валянціну вывезлі ў Германію, працавала ў «Вінэце». Пасля вайны апынулася ў лагеры для прымусовых перасяленцаў у англійскай зоне акупацыі, у г. Вайтэнштуце. Лагер меў сваю беларускую адміністрацыю, беларускую мову, рататарнае выдавецтва, мужчынскі і жаночы скаўтынг, бальніцу. Тут Раіса Жукоўская была сцяжной жаночага скаўтынгу і пэўны час працавала ў бальніцы.

Потым выехала ў Марбург вучыцца на дантыста. 4 верасня 1953 г. выйшла замуж за Вінцэнта Антонавіча Жук-Грышкевіча (1903–1989), дзеяча беларускай эміграцыі, доктара філасофіі ў вобласці літаратуры. Закончыла вучобу ў 1954 г. ва ўніверсітэце г. Таронта (Канада), дзе атрымала дыплом доктара дантычнай хірургіі. Працавала па атрыманай прафесіі ў Канадзе да 1990 г. З першых дзён пражывання ў Канадзе стала сябрам Згуртавання беларусаў Канады. Адначасова з вучобай наведвала курсы беларусазнаўства, якія былі адкрыты пры ўніверсітэце яе мужам.

Два гады (1954–1956) жыла з мужам у Мюнхене (ФРГ), дзе ён працаваў кіраўніком беларускай секцыі радыё «Вызваленне» (цяпер «Свабода»). Восенню 1956 г. вярнуліся ў Таронта і разам уключыліся ў беларускае арганізацыйнае жыццё. Раіса Жук-Грышкевіч дзесяць гадоў (1965–1975) узначальвала згуртаванне беларускіх жанчын Канады, была сакратаром-скарбнікам Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе, сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. У 1973 г. як прадстаўнік беларускай этнічнай групы ўведзена канадскім урадам у Кансультацыйную Раду па пытаннях шматкультуралізму. З 1997 г. — сябра Прэзідыума Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

В. А. Жук-Грышкевіч арганізаваў у 1966 г. Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, у 1967 г. — Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе. У 1968 г. быў абраны першым намеснікам старшыні Рады БНР, у 1970–1982 гг. з’яўляўся старшынёй Рады БНР. У гонар тысячагоддзя хрысціянства Жук-Грышкевічы былі ініцыятарамі і будаўнікамі беларускага памятнага Крыжа ў г. Мідлянд (Канада). Крыж быў асвячоны айцом Аляксандрам Надсанам 5 верасня 1988 г. У 1996 г. ля беларускага памятнага Крыжа збудаваны помнік «Памяці ахвяр камуністычнага тэрору ў Беларусі».

У лютым 1989 г. Раіса Мікалаеўна страціла мужа. У гэтым жа годзе пачала працаваць над кнігай «Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча», якая пабачыла свет ў 1993 г. Апублікавала артыкул «Выяўленчае мастацтва беларускага замежжа» (Нью-Йорк, 1983), выдала кнігу «Род Жукоўскіх-Меярэвічаў».

У 1993 г. з групай сяброў згуртавання беларусаў Канады была ўдзельніцай Першага з’езда беларусаў свету ў Мінску, наведала і родныя Пружаны. У 1995 г. прыняла ўдзел у Другім Міжнародным Кангрэсе Беларусістаў у Мінску, прачытала даклад «Роля беларускай эміграцыі ў Канадзе» і атрымала Дыплом Ганаровага Сябра Міжнароднай Асацыяцыі Беларусістаў. Выступала з дакладам «Культура беларускага замежжа — Канады» (1996), «Культура беларуска-польскага сумежжа» (Брэст, 1998).

Раіса Жук-Грышкевіч жыла ў мясцовасці Бэры правінцыі Антарыа, дзе памерла 2 красавіка 2009 г. Яе пахавалі каля мужа на беларускіх могілках Нью-Брансуік у штаце Нью-Джэрсі (ЗША). Незадоўга да смерці перадала архівы беларускіх арганізацый, якія збірала шмат гадоў, у Нацыянальны архіў Канады. На доме ў Пружанах, дзе жыла Раіса Жук-Грышкевіч (Жукоўская), размешчана мемарыяльная дошка ў яе гонар.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма.
Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф ДБС

  1. Жук-Грышкевіч Раіса Мікалаеўна / М. М. Міцкевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 446.
  2. Здановіч, І. Ю. Раіса Жук-Грышкевіч // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэння : грамадска-літаратурны даведнік / Іван Здановіч. Пружаны, 2003. С. 32–34.
  3. Жук-Грышкевіч, Р. Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча / Раіса Жук-Грышкевіч. – Таронта : Выд. фонд успамінаў з беларус. жыцця, 1993. – XVI, 797 с.
  4. Жук-Грышкевіч Вінцэнт Антонавіч / М. М. Міцкевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 445–446.
  5. Жук-Грышкевіч Вінцэнт / Марыя Міцкевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 373.
  6. Гардзіенка, Н. С. Рада БНР, 1970–1982 : падзеі і дакументы / Наталля Гардзіенка, Лявон Юрэвіч ; Беларускі інстытут навукі і мастацтва. – Мінск : Кнігазбор, 2014. – 300 с., [6] л. іл. – (Бібліятэка Бацькаўшчыны).
  7. Паваенная эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў : зборнік успамінаў / А. Адзінец [і інш.]. – Мінск : Медисонт, 2007. – 703 с. – (Бiблiятэка Бацькаўшчыны). – Сярод аўтараў: Ул. Калесьніковіч, А. Арэшка, М. Швэдзюк, М. Белямук, Я. Раковіч, М. Рэпкаў-Смаршчок, У. Бельмач, В. Бурдзь.
  8. Юрэвіч, Л. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя ідэй і людзей на эміграцыі ў ліставанні / Лявон Юрэвіч. – Мінск, 2012. – 659 с. – Са зместу: Раіса Жук-Грышкевіч. С. 597.
  9. Рачко, В. Яна марыла аб Беларусі : 22 кастрычніка споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння старшыні Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады Раісы Жук-Грышкевіч / Віктар Рачко // Раённыя будні. Пружаны, 2009. 14 лістапада. С. 4.
  10. Сачанка, С. Жук-Грышкевіч Раіса (дзявочая Жукоўская, нар. у 1919 г. у Пружанах) : жыццё і дзейнасць грамадска-палітычнай дзяячкі ў эміграцыі (Канада) / С. Сачанка // Кантакты і дыялогі. 1997.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1139 разоў Апошняя змена Чацвер, 14 Студзень 2021 15:37