Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 26 Верасень 2019 11:04

11 кастрычніка 2019 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Іосіфа Рыгоравіча Крупскага (1934–2014), жывапісца, мастака манументальна-дэкаратыўнага мастацтва

Іосіф Рыгоравіч Крупскі нарадзіўся 11 кастрычніка 1934 г. у вёсцы Куплін Пружанскага павета Палескага ваяводства (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці). Сялянская сям’я Крупскіх была вялікай: у Іосіфа было пяць сясцёр і тры браты, таму з дзяцінства хлопчык спазнаў неабходнасць працы, цану хлеба.

Пачатковую адукацыю Іосіф Крупскі атрымаў у школе ў родным Купліне, а потым вучыўся ў Пружанах. Цікавасць да малявання з’явілася ў школьныя гады, калі хлопчык спрабаваў маляваць прыроду, роднае сяло. Школьны настаўнік Мікалай Андрэевіч Манюк, заўважыўшы здольнасці Іосіфа, параіў яму паступаць у Мінскае мастацкае вучылішча.

Паспяхова скончыўшы вучылішча (1960), Іосіф Крупскі адслужыў у Савецкай арміі і прадоўжыў навучанне ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце на аддзяленні станковага жывапісу. У 1968 г. атрымаў кваліфікацыю мастака-жывапісца, абараніўшы дыпломны праект «Хлапчукі бягуць», пачаў удзельнічаць у абласных, рэспубліканскіх і замежных выставах, міжнародных пленэрах. У 1978 г. Іосіф Крупскі быў прыняты ў Саюз мастакоў Беларусі (выйшаў з БСМ у 2005 г.). Шмат гадоў адпрацаваў у Брэсце на камбінаце «Мастацтва», актыўна ўдзельнічаў у творчым жыцці Брэстчыны.

Тэматыка твораў Іосіфа Крупскага разнастайная. У пошуках новых тэм ён шмат ездзіў па краіне на пленэры, прывозіў адтуль вялікую колькасць пейзажаў, замалёвак, эцюдаў, з якіх пазней нараджаліся новыя палотны. У сваіх карцінах ён часта звяртаўся да тэматыкі роднай Брэстчыны. Прыкладамі такіх работ з’яўляюцца «Пружанскія балоты», «Палессе», «Вербы над Бугам» і інш.

Важнае месца ў творчасці мастака займала тэма Вялікай Айчыннай вайны. І гэта невыпадкова, бо яго дзяцінства апаліла вайна, творчы шлях пачаўся ў цяжкія пасляваенныя гады. У карцінах «Брэст», «Фарсіраванне Дняпра», «Невядомыя жаўнеры», «Катаванне актывіста», «Абарона Брэсцкага вакзала» (у свой час гэтая карціна экспанавалася на Усесаюзнай выставе ў Маскве, цяпер у музеі Брэсцкай чыгункі) мастак перадаў на палатне гераізм і трагізм таго часу.

Сярод вядомых твораў майстра можна назваць карціны «Тры грацыі», «Партрэт жонкі», «Пяшчота», «Дзяўчына ў белым», «Маці», «Настаўніца», «Аўтапартрэт»; шэраг лірычных палотнаў «Свята Купалле», «Палессе», «У майстэрні», «Навагодняя казка», «Нацюрморт з яблыкамі» і інш.

Для жывапісу Іосіфа Крупскага быў характэрны асаблівы стыль, незвычайнае адчуванне колеру і прасторы. Сам Іосіф Рыгоравіч казаў: «Мае творы пазнаюць, а гэта значыць, што я — мастак са сваім уласным почыркам, каларытам, тэматыкай, так сказаць, маю свой твар». У 1999–2006 гг. выязджаў на пленэры ў Польшчу, працаваў у Седльцы, Вандровы, ля Варшавы, напісаў шмат пейзажаў, партрэтаў, якія знаходзяцца ў польскіх музеях і прыватных калекцыях. У 2003 г. у Седльцы выйшаў альбом мастака.

Работы ў манументальным жывапісе: сграфіта «Беларусь» у кінатэатры «Беларусь» г. Брэста, мазаіка «Юнацтва» на фасадзе спарткомплексу Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна, размалёўка «Жыццё» ў кінатэатры «Мір» г. Брэста, размалёўка «Папараць-кветка» ў Ганцавіцкім ГДК, сграфіта «Ніць вечнасці» ў Палацы культуры Пінскага камбіната верхняга трыкатажу і інш.

Галоўнай мэтай творчасці Іосіфа Крупскага было раскрыццё прыгажосці прыроды і прыгажосці чалавека. Творчасць мастака была высока ацэненая крытыкамі і аматарамі выяўленчага мастацтва не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» і інш., у прыватных калекцыях шэрага краін Еўропы.

Іосіф Рыгоравіч працягваў пісаць да канца свайго жыцця, пісаў эцюды непадалёк ад свайго дома. Звярнуўся да новай для сябе біблейскай тэматыкі, стварыўшы «Адам і Ева», «Выгнанне з раю», «Апошнія дні святога Язэпа», «Раство Хрыстова». Працаваў над трыптыхам, прысвечаным любімаму гораду Брэсту.

Іосіф Рыгоравіч Крупскі памёр 13 ліпеня 2014 г., пахаваны на Паўночных могілках г. Брэста (сектар 5/2, рад 5, месца 7).

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма.
Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф ДБС

  1. Крупский Иосиф Григорьевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 512.
  2. Иосиф Крупский : [«Три грации»] // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск, 2002. С. 68–69.
  3. Иосиф Крупский // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 649.
  4. Крупскі Іосіф Рыгоравіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 274.
  5. Иосиф Крупский : [«Деревня Вороцевичи»] // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск, 1997. С. 48–49.
  6. Крупскі Іосіф Рыгоравіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 132–133.
  7. Крупскі Язэп Рыгоравіч // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэння : грамадска-літаратурны даведнік / Іван Здановіч. Пружаны, 2003. С. 48.
  8. Крупський, И., берест. художн., 1934, с. Куплин // Словник Берестейщини / В. Леонюк. Львів, 1996. С. 171.
  9. Iосiф Крупскi : [альбом] / уступ. арт. А. Грышчука. – Siedlce : [б. в.], 2003. – 22 с. : iл.
  10. Улюбёны ў родны край : мастак Язэп Крупскі / склад. В. А. Макарчук ; рэд. Н. К. Шабуня. – Пружаны : ЦРБ імя М. Засіма, 2011. – 12 с. – (Знакамітыя землякі).
  11. Валасюк, Л. Жывапісец-лірык Іосіф Крупскі // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 44–47.
  12. Валасюк, Л. Жывапісец-лірык, альбо Партрэт мастака Крупскага / Леанід Валасюк // Заря. 2014. 11 октября. С. 9.
  13. Мастак Іосіф Крупскі застаецца ў фарбах : [некралог] // Брестский курьер. 2014. 17 июля (№ 29). С. 26.
  14. Валасюк, Л. Жывапісец-лірык : вядомы берасцейскі мастак Іосіф Крупскі адзначыў сваё 75-годдзе / Лявон Валасюк // Народная трыбуна. 2009. 17 кастрычніка. С. 11.
  15. Зялевіч, Ю. Сустрэча на малой радзіме : [пра выставу твораў І. Крупскага ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык»] / Юрый Зялевіч // Культура. 2000. 15 верасня (№ 36). С. 10.
  16. Володько, Ф. Влюбленный в Брестчину родную, в родную сердцу Беларусь : [о творчестве И. Крупского] / Франц Володько // Белорусская нива. 1996. 29 февраля.
  17. Кастравіцкі, У. Светлая песня : [пра персанальную выставу мастака Іосіфа Крупскага з нагоды яго 50-годдзя] / У. Кастравіцкі // ЛіМ. 1984. 23 лістапада.
  18. Данелия, П. Дорога за горизонт : о творческой деятельности художника Иосифа Крупского / П. Данелия // Заря. 1984. 1 ноября.
  19. Ягоўдзік, У. «А мне толькі дома пішацца…» : [пра І. Р. Крупскага] / У. Ягоўдзік // ЛіМ. 1982. 10 верасня. С. 16.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1206 разоў Апошняя змена Чацвер, 14 Студзень 2021 11:54