Аўторак, 05 Лістапад 2019 11:39

4 снежня 2019 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Марыі Мікалаеўны Курыловіч (1924–2015), краязнаўцы

Марыя Мікалаеўна Курыловіч нарадзілася 4 снежня 1924 г. у г. Іванава Палескага ваяводства (цяпер Брэсцкай вобласці). Яе бацькі — Іван Захаравіч і Ганна Іванаўна Шаўчукі — працавалі ў асабістай гаспадарцы. У сям’і было шасцёра дзяцей, Марыя была старэйшай, а трое малодшых памерлі ў дзяцінстве. Асаблівага дастатку ў сям’і не было, але бацькі хацелі бачыць дзяцей адукаванымі. Марыю аддалі ў польскую школу. У класе было больш за 50 чалавек. Польская мова дзяўчынцы давалася лёгка, напэўна, таму, што вельмі падабалася, па гэтым прадмеце яна была лепшай вучаніцай у класе.

 

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Марыя Шаўчук працягнула вучобу ў пятым і шостым класах савецкай школы, але далейшай вучобе перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна. У час нямецка-фашысцкай акупацыі баялася, каб не вывезлі ў Германію на прымусовую працу, уладкавалася табельшчыцай на чыгуначную станцыю.

Пасля вайны выйшла замуж за Івана Сямёнавіча Курыловіча, які быў чыгуначнікам, машыністам цеплавоза. У іх нарадзілася двое сыноў: Аляксандр і Анатоль. У Марыі Курыловіч з’явілася шмат сямейных і побытавых абавязкаў, менш часу заставалася на чытанне, але цягу да ведаў пранесла праз ўсё жыццё. У сорак гадоў Марыя Мікалаеўна пайшла ў дзясяты клас вячэрняй школы. Працавала касірам-рахункаводам Іванаўскага гарадскога Савета дэпутатаў, бухгалтарам хлебапрыёмнага пункта, бухгалтарам аптэкі.

Марыі Мікалаеўне вельмі падабалася працаваць з архіўнымі дакументамі, яе цягнула ў даўніну. Аднойчы ў 1965 г. яна наткнулася на кнігу метрычных запісаў на лацінскай мове перыяду 1752–1830 гг., дзе былі пазначаны прозвішчы ўсёй тагачаснай навакольнай шляхты. У запісу № 659 прачытала аб нараджэнні ў 1807 г. у вёсцы Варацэвічы Напалеона Орды. Тады яшчэ гэта імя не было на слыху. Дзякуючы гэтай надзвычай сціплай па характары жанчыне, былі адшуканы запісы аб нараджэнні славутага мастака і графіка ХVІІІ ст., кампазітара і музыканта Напалеона Орды.

Усё сваё жыццё Марыя Мікалаеўна была неабыякавым чалавекам да гістарычнай і культурнай спадчыны Іванаўшчыны. Праз гады, калі па даручэнні раённай бібліятэкі імя Ф. Панфёрава Марыі Мікалаеўне давялося перакладаць дакументы аб Н. Ордзе з польскай мовы, яна ўспомніла пра тую метрычную кнігу. А таксама прыпомніла месца, дзе бачыла надмагілле з імем Орды, якое ўдалося адшукаць. Дзякуючы гэтай простай, працавітай жанчыне архіўныя знаходкі паспрыялі адраджэнню імя нашага славутага земляка Напалеона Орды. Разам з работнікамі раённай бібліятэкі яна рыхтавала запыты ў архівы і музеі.

Марыя Мікалаеўна была цікавым, кампетэнтным у шматлікіх пытаннях чалавекам. Ведала нямецкую і польскую мовы, у арыгінале чытала кнігі Г. Сянкевіча, Ю. Крашэўскага, Л. Жыромскага. Вялікую дапамогу Марыя Мікалаеўна аказвала раённай бібліятэцы ў перакладах з польскай на рускую мову. З яе дапамогай зроблены апісанні маёнткаў Завышша, Магільна, Навашыцы, Опаль. Прымала ўдзел у падрыхтоўцы гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Іванаўскі раён» (2000).

Марыя Мікалаеўна з 1994 па 2001 гг. працавала сакратаром вучэбнай часткі Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Свае службовыя абавязкі выконвала бездакорна. І, нягледзячы на тое, што ёй у той час было за семдзесят гадоў, магла служыць прыкладам для пераймання шматлікім маладым супрацоўнікам.

Удзельніца раённага конкурсу «Жанчына года – 2010» і яго пераможца ў намінацыі «Жанчына-легенда». 4 снежня 2014 г. удзельнікі народнага жаночага клуба «Прадзіслава» арганізавалі ў ЦРБ імя Ф. Панфёрава вечарыну да 90-годдзя Марыі Мікалаеўны. Павіншаваць з юбілеем прыйшлі родныя, сябры, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, гімназісты.

М. М. Курыловіч памерла ў 2015 г.

 

                                                                Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. О подвигах, о доблести, о славе... / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; [сост. М. П. Горупа]. – Иваново : Ивановская районная типография, 2015. – 349 с.
  2. Несцярчук, Л. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : [кніга-альбом] / Леанід Несцярчук. Мінск : Мастацкая літаратура, 2012. 429, [1] с.
  3. Целюк, А. О Наполеоне Орде… : [благодаря деятельности краеведов и историков Александра и Марии Николаевны Куриловичей была реанимирована и установлена памятная плита на месте захоронения Н. Орды] / Анастасия Целюк // Чырвоная звязда. Іванава, 2017. 10 лютага. С. 5.
  4. Денисейко, А. Возвращение из небытия Наполеона Орды : [особое место занимает Мария Курилович, которой удалось найти в церковных книгах сведения (метрики) о нашем прославленном земляке] / Анатолий Денисейко // Чырвоная звязда. Іванава, 2016. 19 жніўня. С. 6.
  5. Целюк, А. Открытый диалог молодёжных лидеров : [встреча с молодёжным лидером 1970–1980-х гг. Александром Куриловичем, уроженцем Ивановщины, сыном краеведа Марии Курилович] / Анастасия Целюк // Чырвоная звязда. Іванава, 2016. 3 чэрвеня. С. 2.
  6. Котковец, А. Чтобы имя не кануло в Лету... : [об обнаружении в Иваново нагробной плиты с эпитафией о смерти НОрды Марией Николаевной Курилович] / Алла Котковец // Заря. 2015. 12 февраля. С. 18.
  7. Котковец, А. Женщина-легенда отметила 90-летие : [М. Н. Курилович] / Алла Котковец ; фото автора // Чырвоная звязда. Іванава, 2014. 12 снежня. С. 2.
  8. Котковец, А. Сердце не знает покоя : [о М. Н. Курилович] / Алла Котковец // Чырвоная звязда. Іванава, 2014. 28 лістапада. С. 4.
  9. Кухарчук, Н. Почтенный возраст у нас почитаем / Надежда Кухарчук // Чырвоная звязда. Іванава, 2010. 5 кастрычніка. С. 1.
  10. Кiт, А. Кнiга кнiг пра Напалеона Орду : [аб прэзентацыі кнiгi Л. Несцерчука «Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны» ў Іванаўскай ЦРБ iмя Ф. Панфёрава] / Антанiна Кiт // Заря. 2009. 17 ноября. С. 6.
  11. Кухарчук, Н. Пані Марыя : [М. М. Курыловіч, краязнаўца] / Надзея Кухарчук // Чырвоная звязда. Іванава, 2002. 10 верасня.
  12. Кухарчук, Н. «Не дае спакою Орда» : [інтэрв’ю з Марыяй Мікалаеўнай Курыловіч] / Надзея Кухарчук // Чырвоная звязда. Іванава, 1997. 11 сакавіка.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 9 разоў