Пятніца, 31 Студзень 2020 09:59

10 лютага 2020 г. — 145 гадоў з дня нараджэння Дзмітрыя Іосіфавіча Главінскага (1875–1935), лейтэнанта расійскага флоту, героя абароны Порт-Артура (Руска-японская вайна 1904–1905 гг.)

Дзмітрый Іосіфавіч Главінскі нарадзіўся 10 лютага 1875 г. у сяле Варацэвічы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці). Прызваны на ваенна-марскую службу ў 1896 г. Ва Уладзівастоку скончыў мараходныя класы па штурманскай спецыяльнасці. У 1900–1901 гг. удзельнічаў у ваенных падзеях у Кітаі, за што быў узнагароджаны медалём.

 

У 1902 г. Дзмітрый Главінскі абвянчаўся з Лізаветай, дачкой надворнага саветніка Віктара Андрэевіча Місюры, служачага паліцэйскага ведамства, ганаровага грамадзяніна Уладзівастока.

У пачатковы перыяд Руска-японскай вайны (1904–1905), з мая да лістапада 1904 г., Дзмітрый Главінскі служыў у 11-й стралковай Квантунскай дружыне, адкуль па яго прашэнні вызначаны на флот з залічэннем у Квантунскі флоцкі экіпаж 1-й Ціхаакіянскай эскадры.

З 11 лістапада 1904 г. Дзмітрый Главінскі камандаваў дэсантнай ротай маракоў, праявіў высокі гераізм, смеласць і знаходлівасць у бітвах пры адзінаццацімесячнай абароне Порт-Артура. За праяўленую адвагу 18 снежня 1904 г. узнагароджаны Георгіеўскім крыжам. Пасля падзення Порт-Артура, як і іншыя афіцэры, адмовіўся ад прапановы японцаў выехаць у Расію і рушыў у палон разам з матросамі і салдатамі, падзяляючы іх долю.

Вярнуўшыся з палону, Д. I. Главінскі пакінуў ваенную службу, паехаў на радзіму ў Гродзенскую губерню. У 1910 г. купіў маёнтак і 100 га зямлі ў вёсцы Ляскавічы Кобрынскага павета (цяпер Іванаўскага раёна). Займаўся сельскагаспадарчай вытворчасцю, укараняў навейшыя тэхналогіі, карыстаўся павагай сярод мясцовых сялян. З 1925 г. удзельнічаў у дзейнасці павятовай арганізацыі Сельскагаспадарчага таварыства Палесся. Д. І. Главінскі памёр у 1935 г., пахаваны каля Прачысценскай царквы ў Ляскавічах.

Сын Дзмітрыя Іосіфавіча, Васіль Дзмітрыевіч Главінскі (1920–1944), у гады Вялікай Айчыннай вайны быў партызанам-падпольшчыкам. Васіль і яго жонка Вера перадавалі прадукты, адзенне, медыкаменты партызанам, лячылі і хавалі ў сябе дома параненых байцоў, перапраўлялі іх у партызанскі атрад. Па даносе здрадніка Васіль Главінскі быў схоплены карнікамі і разам з жонкай жыўцом спалены ў маёнтку свайго бацькі. Яго імя высечана на стэле памяці сярод імёнаў партызан, загінуўшых у гады вайны.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Главинский Дмитрий Иосифович // О подвигах, о доблести, о славе… / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; [сост. М. П. Горупа]. Иваново, 2015. С. 74–75.
  2. Лясковичи : [Василий Дмитриевич Главинский и его жена Вера заживо сожжены немецко-фашистскими захватчиками в поместье отца, Дмитрия Иосифовича Главинского] // Памятники Ивановщины рассказывают… / сост.: И. С. Шпак, Л. А. Добродей. Иваново, 2018. С. 133.
  3. Лясковичи (Laskowiczy) : [в 1910 и 1911 гг. Вера Кропотова продала потомственному гражданину Дмитрию Иосифовичу Главинскому усадьбу и земельные владения — всего 131 десятина 1300 кв. саженей (143 га 7092 кв. м) за 27 500 руб.; во второй половине 1920-х – первой половине 1930-х гг. Дмитрий Главинский распродавал имение отдельными участками] // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др.]. Брест, 2017. С. 302.
  4. Волков С. В. Офицеры флота и морского ведомства : опыт мартиролога / С. В. Волков. – Москва : Русский путь, 2004. – 560 с.
  5. Вёска Ляскавічы : Главіцкі Васіль Дзмітрыевіч : [трэба Главінскі] // Памяць. Іванаўскі раен : гіст.-дакум. хроніка / уклад. : В. М. Туркевіч, Л. А. Павяльчук. Мінск, 2000. С. 296.
  6. Памятник землякам : [д. Лясковичи] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 194.
  7. Колодич, В. А. Урок мужества возле стелы памяти : [партизан-подпольщик Василий Дмитриевич Главинский — сын героя обороны Порт-Артура, лейтенанта российского флота Дмитрия Иосифовича Главинского] / В. А. Колодич // Янаўскі край. Іванава, 2017. 19 мая. С. 13.
  8. Ильин, А. Помещик-предприниматель Николай Васильевич Котович : [упоминается Дмитрий Иосифович Главинский (18751935), владелец имения Лясковичи Дрогичинского уезда, бывший морской офицер русского флота] / Александр Ильин // Гістарычная брама. 2016. № 2.
  9. Адамянц-Подъяков, В. Из морского архива : [герои Цусимы и обороны Порт-Артура захоронены в Бресте и Брестской области] / Валерий Адамянц-Подъяков // Брестский курьер. 2005. 26 мая (№ 22). С. 9.
  10. Адамянц-Подъяков, В. На сопках Маньчжурии воевал наш земляк Дмитрий Главинский : [родился в 1875 г. в Ивановском районе, похоронен в д. Лясковичи Ивановского р-на в 1935 г., Почётный гражданин Гродненской губернии] / Валерий Адамянц-Подъяков // Брестский курьер. 2005. 27 января (№ 5). С. 10.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 942 разоў Апошняя змена Аўторак, 16 Люты 2021 15:54