Аўторак, 04 Люты 2020 15:51

20 студзеня 2020 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Мікалая Давыдавіча Свінарчука (1920–1983), удзельніка вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Героя Савецкага Саюза (1945)

Мікалай Давыдавіч Свінарчук нарадзіўся 20 студзеня 1920 г. у пасёлку Галодны Стэп Самаркандскай вобласці (цяпер г. Гулістан Сырдар’інскай вобласці, Узбекістан) у рабочай сям’і. Гадаваўся без бацькі, пасля заканчэння пачатковай школы працаваў кінамеханікам, рабочым на чыгунцы. 13 кастрычніка 1940 г. прызваны ў Чырвоную армію, накіраваны ў Кіеўскую ваенную акругу, дзе закончыў палкавую школу, атрымаў званне сяржанта.

 

На франтах Вялікай Айчыннай вайны з ліпеня 1941 г., першы бой прыняў каля г. Залачоў Львоўскай вобласці. Ваяваў на розных франтах: Заходнім, Калінінскім, 2-м Прыбалтыйскім, 1-м Беларускім, быў двойчы паранены.

У ліпені 1944 г. старшы сяржант М. Д. Свінарчук — памочнік камандзіра стралковага ўзвода і парторг роты 415-га стралковага палка 1-й стралковай дывізіі 70-й арміі 1-га Беларускага фронту.

18 ліпеня савецкія войскі перайшлі ў наступленне — пачалася Люблін-Брэсцкая наступальная аперацыя. 20 ліпеня быў вызвалены г. Маларыта Брэсцкай вобласці. Затым 70-я армія фарсіравала Заходні Буг, уступіла на тэрыторыю Польшчы, абышла Брэст з паўднёвага захаду.

М. Д. Свінарчук вызначыўся ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі пры вызваленні г. Брэста. 26 ліпеня 1944 г. узвод пераправіўся цераз раку Кшна ў раёне г. Бяла-Падляска (Польшча), захапіў і ўтрымліваў плацдарм да пераправы асноўных сіл. Мікалай Свінарчук замяніў у баі параненага камандзіра ўзвода. 27 ліпеня ўзвод перарэзаў шашу ля вёскі Бахукалы, адбіў 8 контратак праціўніка, які спрабаваў вырвацца з акружэння — з Брэсцкага «катла», знішчыў 1 БТР, 3 аўтамашыны і каля 150 салдат і афіцэраў праціўніка. 28 ліпеня Брэст быў вызвалены.

М. Д. Свінарчук у складзе 415-га стралковага палка ўдзельнічаў у вызваленні Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дайшоў да Берліна, пакінуў надпіс на рэйхстагу.

24 сакавіка 1945 г. М. Д. Свінарчуку было прысвоена ганаровае званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» (№ 5484). Узнагароджанне праходзіла ў лесе за г. Данцыгам, уручаў высокую ўзнагароду камандзір дывізіі палкоўнік Андрэй Іосіфавіч Карпелюк. Усе байцы яго ўзвода, што засталіся ў жывых, атрымалі ордэны Леніна.

Мікалай Свінарчук за гераізм і адвагу, праяўленыя ў баях, узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга (1945), ордэнамі Славы III(1944) і II(1944) ступеняў, медалямі, за мірную працу — ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. 16 мая 1969 г. яму прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна г. Брэста.

Пасля вайны Мікалай Давыдавіч дэмабілізаваны ў званні старшыны. Жыў і працаваў у Казахскай ССР. Працаваў у саўгасе «Баяўт», быў старшынёй Чырвонакастрычніцкага сельсавета ў Пахта-Аральскім раёне Паўднёва-Казахстанскай вобласці. З 1956 г. — у г. Ленгер Чымкенцкай вобласці: арматуршчык, бетоншчык, праходчык шахты «Тогуз-1», на якой адпрацаваў адзінаццаць гадоў. З 1970 г. — на Чымкенцкім заводзе фосфарных солей, дзе працавалі і два яго сыны.

М. Д. Свінарчук памёр 1 студзеня 1983 г., пахаваны ў сяле Достык (цяпер Аляксандраўка) Ленгерскага раёна. У музеі абароны Брэсцкай крэпасці ў зале № 8 «Дорогами побед» дэманструецца пісталет-кулямёт Шпагіна, якім карыстаўся М. Д. Свінарчук. У ліпені 1984 г. яго жонка, Ганна Фёдараўна, перадала ў фонды МК «Брэсцкая крэпасць-герой» дакументы і асабістыя рэчы Мікалая Давыдавіча. У чэрвені 2009 г. яго імем названа вуліца ў мікрараёне «Паўднёвы» г. Брэста.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Свинарчук Николай Давыдович / Н. А. Ярмошук // Брест. Брэст. 1000 : энциклопедия. Минск, 2019. С. 78.
  2. Свинарчук Николай Давыдович // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биогр. справочник. Минск, 2015. С. 321.
  3. Свинарчук Николай Давыдович // Почетные граждане белорусских городов : биогр. справочник / Б. Д. Долготович. Минск : Беларусь, 2008. С. 13.
  4. Свінарчук Мікалай Давыдавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 153–154.
  5. Свинарчук Николай Давыдович // Герои Советского Союза : краткий биогр. словарь : в 2 т. Москва, 1988. Т. 2. С. 424–425.
  6. Свинарчук Николай Давыдович // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 324.
  7. Свинарчук Николай Давыдович // Герои Советского Союза — узбекинстанцы. Ташкент, 1984. С. 281.
  8. Свинарчук Николай Давыдович // Навечно в сердце народном : [биогр. справочник] : 2-е изд., доп. и испр. Минск, 1977. С. 405.
  9. Свінарчук Мікалай Давыдавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 9. С. 442.
  10. Джураев, Т. Д. Верные сыны Родины / Т. Д. Джураев. – Ташкент : Узбекистан, 1964. – Из содерж.: Свинарчук Николай Давыдович. С. 367–368.
  11. 70-я армія ў баях за Брэст : з успамінаў генерал-лейтэнанта Я. Д. Чанышава, былога камандзіра 96-га Чырвонасцяжнага стралковага корпуса // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 137.
  12. У баях 1-я стралковая дывізія : з успамінаў палкоўніка ў адстаўцы М. В. Харытонава, ветэрана дывізіі // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 137–139.
  13. Люблін-Брэсцкая аперацыя 1944 / Я. К. Габец // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 310.
  14. Почетный гражданин города Бреста // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 307.
  15. Харичкова, Е. Фронтовая листовка : [о героях освобождения Бреста] / Елена Харичкова // Заря. 2019. 27 июля. С. 6–7.
  16. Кухарчук, Д. Переименовывать с умом : [об улице Н. Свинарчука] / Дмитрий Кухарчук // Брестский вестник. 2018. 25 октября (№ 43). С. 7.
  17. Литвинович, Е. Быть в почете : [о почётных гражданах г. Бреста П. Гулове, Н. Свинарчуке, В. Селивоник] / Евгений Литвинович // Заря. 2014. 20 мая. С. 3.
  18. Акулаў, П. Ганаровы грамадзянін Брэста : [М. Д. Свінарчук] / П. Акулаў // Лунінецкія навіны. 1994. 14 чэрвеня.
  19. Акулов, Н. Почетный гражданин Бреста : [Н. Д. Свинарчук] / Н. Акулов // Кобрынскi веснiк. 1994. 4 чэрвеня.
  20. Акулов, П. В живых осталось всего восемь / П. Акулов // Заря. 1985. 27 сентября.
  21. Свінарчук Мікалай Давыдавіч — ганаровы грамадзянін Брэста // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1981. № 3. С. 13.
  22. Застольскі, М. Навекі ў памяці : [М. Д. Свінарчук] / М. Застольскі // Звязда. 1979. 9 чэрвеня.
  23. Затульский, И. Подвиг и долг / И. Затульский // Заря. 1970. 15 августа.
  24. Свинарчук, Н. Здесь частица моего сердца / Н. Свинарчук // Заря. 1969. 24 мая.
Чытаць 928 разоў Апошняя змена Аўторак, 16 Люты 2021 16:06