Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 16 Сакавік 2020 14:51

15 сакавіка 2020 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Іванавіча Малевіча (1920–1994), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, поўнага кавалера ордэна Славы

Аляксандр Іванавіч Малевіч нарадзіўся 15 сакавіка 1920 г. у мястэчку Ліпск Крывошынскай воласці Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер в. Ліпск Крывошынскага сельсавета Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). У вялікай сялянскай сям’і было сямёра дзяцей, жылі бедна, грошай на адукацыю не было, а Саша вельмі хацеў вучыцца. У чатырнаццаць гадоў Аляксандр скончыў польскую пачатковую школу ў роднай вёсцы, працаваў рознарабочым.

 

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Малевіч апынуўся на акупаванай тэрыторыі. Яго бацька і старэйшы брат Міхаіл сталі партызанамі. Аляксандр таксама ўдзельнічаў у падпольна-партызанскім руху на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна. З сакавіка 1942 г. сувязны, а пасля таго, як гестапаўцы схапілі на допыт маці разам з дванаццацігадовай сястрой і чатырохгадовым братам, сям’я вымушана была ратавацца ў партызанскай зоне, Аляксандр стаў байцом партызанскага атрада.

Пасля вызвалення Ляхавіччыны многія партызаны былі прызваныя ў Чырвоную армію. Аляксандр Малевіч быў прызваны Ляхавіцкім райваенкаматам Баранавіцкай вобласці 19 жніўня 1944 г. Навучаўся ў запасным стралковым палку. У дзеючай арміі са студзеня 1945 г. Свой баявы шлях прайшоў у складзе 642-га стралковага палка 200-й стралковай дывізіі (96-ы стралковы корпус, 70-я армія, 2-і Беларускі фронт). Удзельнічаў у Вісла-Одэрскай стратэгічнай наступальнай аперацыі (студзень – люты 1945 г.), Усходне-Памеранскай аперацыі (люты – красавік 1945 г.).

1 сакавіка 1945 г. 200-я стралковая дывізія была ўведзена ў наступальныя баі на тэрыторыі Польшчы. 3 сакавіка 1945 г. у баі за населены пункт Кедрау (цяпер в. Кедравіцэ Бытуўскага павета) разведчык А. І. Малевіч праявіў сябе мужным і ініцыятыўным воінам. Па выбыцці са строю камандзіра аддзялення прыняў камандаванне на сябе. Быў паранены, але з бою не выйшаў, дзякуючы гэтаму была паспяхова выканана пастаўленая баявая задача.

У наступных баях чырвонаармеец А. І. Малевіч выконваў абавязкі камандзіра аддзялення. 23 сакавіка 1945 г. на чале аддзялення адважна дзейнічаў у баі за мястэчка Аліва пад г. Данцыгам (цяпер раён Аліва г. Гданьска Паморскага ваяводства). З рызыкай для жыцця Аляксандр Малевіч падняў аддзяленне ў атаку. Першым уварваўся ў варожыя траншэі, разам з падначаленымі знішчыў пакінутых немцаў і даў магчымасць надыходзячым падраздзяленням прасунуцца наперад.

Таксама А. І. Малевіч вызначыўся ў Берлінскай аперацыі (красавік – май 1945 г.). Войскі 2-га Беларускага фронту былі прыцягнутыя для бітвы за Берлін. Упарта прасоўваючыся наперад і грамячы разрозненыя групы ворага, часткі 200-й стралковай дывізіі 1 мая 1945 г. сустрэлі моцнае супраціўленне праціўніка, які замацаваўся ў раёне населенага пункта Пельцкуль. Яфрэйтар А. І. Малевіч імкліва атакаваў непрыяцеля, уварваўшыся ў нямецкія траншэі знішчыў 14 салдат і 18 узяў у палон. 3 мая 1945 г. дывізія сустрэлася з войскамі саюзнікаў.

За час вайны Аляксандр Малевіч быў двойчы паранены і кантужаны. За праяўленыя мужнасць і адвагу ўзнагароджаны ордэнамі Славы І (30 чэрвеня 1945 г.), ІІ (5 красавіка 1945 г.) і ІІІ (20 сакавіка 1945 г.) ступеняў, Айчыннай вайны І ступені (11 сакавіка 1985 г.), медалямі «За боевые заслуги», «За освобождение Варшавы».

У ліпені 1946 г. малодшы сяржант А. І. Малевіч быў дэмабілізаваны і вярнуўся на радзіму. Пражываў у роднай вёсцы, наладжваў мірнае жыццё, пабудаваў дом, працаваў лесніком, узначальваў брыгаду лесарубаў у Гарадзішчанскім лясніцтве Баранавіцкага лясгаса. Шмат працаваў сам і сваіх чатырох дзяцей — Валянціну, Канстанціна, Аляксандра і Таццяну — прывучаў да працы, пасадзіў вялікі сад, займаўся пчалярствам. Па натуры жыццярадасны і вясёлы, у яго было шмат сяброў, ён усюды паспяваў, імкнуўся падтрымаць і дапамагчы тым, каму цяжэй.

З 1980 г. Аляксандр Іванавіч знаходзіўся на заслужаным адпачынку, персанальны пенсіянер саюзнага значэння. 9 мая 1985 г. удзельнічаў у парадзе, прысвечаным 40-годдзю Вялікай Перамогі, на Чырвонай плошчы ў Маскве.

А. І. Малевіч памёр 29 мая 1994 г. На будынку Ліпскай сярэдняй школы ўсталявана мемарыяльная дошка, прысвечаная А. І. Малевічу. У гісторыка-краязнаўчым музеі Крывошынскай сярэдняй школы аформлены стэнд.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы. Пацяруха Святлана Аляксандраўна, заг. сектара бібліятэчна-інфармацыйных і электронных паслуг

 

  1. Малевіч Аляксандр Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 10. С. 24.
  2. Малевіч Аляксандр Іванавіч // Ваенная энцыклапедыя Беларусі. Мінск, 2010. С. 619.
  3. Малевич Александр Иванович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 67.
  4. Малевич Александр Иванович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 4. С. 626.
  5. Малевич Александр Иванович // Кавалеры ордена Славы : биогр. справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2006. С. 28.
  6. Малевіч Аляксандр Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 58.
  7. Малевіч Аляксандр Іванавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 327.
  8. Малевіч Аляксандр Іванавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 393.
  9. Малевич Александр Иванович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1981. Т. 5. С. 395.
  10. Малевіч Аляксандр Івановіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 578.
  11. Памяць Беларусі : рэспубліканская кніга. – Мінск : БелЭн, 2005. – 592 с. : іл. – Са зместу: А. І. Малевіч. С. 129.
  12. Кавалер Славы // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 253–254.
  13. Долготович, Б. Д. В одном строю — к единой цели / Б. Д. Долготович. – Минск : Наука и техника, 1985. – Из содерж.: А. И. Малевич. С. 246.
  14. Малевич Александр Иванович // Навечно в сердце народном : [биогр. cправочник]. 3-е изд., доп. и перераб. Минск, 1984. С. 325.
  15. Малевич Александр Иванович // Навечно в сердце народном : [биогр. cправочник]. 2-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 286.
  16. Беляев, И. Хроника солдатской славы / И. Беляев, А. Сысоев. – Минск : Беларусь, 1970. – Из содерж.: А. И. Малевич. С. 102–106.
  17. Перапечка, Н. Слова пра сапраўднага кавалера : [пра А. І. Малевіча і яго сям’ю] / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. 2015. 8 мая. С. 3 : фат.
  18. Салдаты Перамогі : пра жыхароў Брэстчыны — Герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы // Народная трыбуна. 2009. 8 мая. С. 3.
  19. Карпыза, І. Салдацкая доблесць / І. Карпыза // Будаўнік камунізму. Ляхавічы, 1985. 9 красавіка.
  20. Малевич Александр Иванович // Политинформатор и агитатор. 1984. № 9. С. 9.
  21. Бацкалевич, В. Чтобы вечно цвели улыбки / В. Бацкалевич // Заря. 1977. 14 мая.
  22. Карпыза, І. Леснікова шчасце / І. Карпыза // Звязда. 1975. 2 верасня.
Чытаць 1087 разоў Апошняя змена Чацвер, 11 Чэрвень 2020 10:57