Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 19 Май 2020 14:38

29 лістапада 2020 г. — 190 гадоў з пачатку паўстання на тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Літвы (1830)

Расійскі ўціск у палітычным, грамадскім і духоўным жыцці пасля ўзыходжання на трон імператара Мікалая І рэвалюцыянізаваў як польскае, так і беларускае грамадства. Французская рэвалюцыя, якая пачалася ў ліпені 1830 г., падштурхнула развіццё падзей у Польшчы і на Беларусі. Рэвалюцыйна-дэмакратычныя сілы Польшчы адстойвалі лозунгі буржуазна-дэмакратычных пераўтварэнняў.

 

Паўстанне пачалося 29 лістапада 1830 г. у Варшаве і хутка распаўсюдзілася па ўсёй Польшчы. Да паўстання далучыліся не толькі шляхта, але рамеснікі, рабочыя і польскія вайсковыя часці. Царскія войскі і вялікі князь Канстанцін Паўлавіч, намеснік Царства Польскага ў 1826–1830 гг., пакінулі Польшчу на пачатку снежня. Кіравалі паўстаннем арыстакраты, часовы ўрад, дыктатар генерал Юзаф Хлапіцкі; з 18 студзеня 1831 г. — Нацыянальны ўрад на чале з князем Адамам Чартарыйскім. 25 студзеня 1831 г. урад Каралеўства Польскага афіцыйна аб’явіў вайну Расіі. У сакавіку польская армія мела 58 тыс. пяхоты, 18 тыс. кавалерыі, 3 тыс. валанцёраў, 158 гармат.

Падрыхтоўка паўстання вялася і на тэрыторыі Беларусі. Шляхта, афіцэры-палякі, каталіцкае духавенства збіралі грошы і зброю, распаўсюджвалі адозвы з заклікамі да барацьбы за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Групоўкі імкнуліся ўключыць Беларусь, Літву і Украіну ў склад Польшчы без прызнання нацыянальных правоў народаў.

У пачатку 1831 г. паўстанне перакінулася з Літвы ў заходнія паветы Беларусі (Ашмянскі, Браслаўскі, Дзісненскі і Вілейскі). На баку паўстанцаў апынуліся памешчыкі, шляхта, каталіцкае духавенства, значная частка адміністрацыі і выхаванцы вучэбных устаноў. Сяляне і гараджане Беларусі не падтрымалі шляхецка-каталіцкае паўстанне, таму яно шырокага размаху не набыло. На Беларусі і Літве дзейнічалі каля 30 паўстанцкіх атрадаў, у якіх налічвалася каля 12 тыс. чалавек.

У Заходняй Еўропе спачувалі польскім паўстанцам, асабліва ў Францыі. Расійскае дваранства згрупавалася вакол цара, інтэлігенцыя (А. Пушкін, Ф. Цютчаў, М. Лермантаў і інш.) таксама падтрымала Мікалая І. Урад Расійскай імперыі тэрмінова прымаў меры супраць паўстанцаў. Для іх падаўлення накіроўваліся буйныя сілы жандараў. Яшчэ ў снежні 1830 г. у Гродзенскай губерні было аб’яўлена ваеннае становішча.

Расія выставіла добра ўзброеную армію ў колькасці 114 тыс. чалавек. У канцы мая царскія войскі разбілі паўстанцаў у Мінскай і Віленскай губернях, але паўстанне ачагова ўзмацнілася ў Гродзенскай — у Лідскім, Пружанскім, Слонімскім і Кобрынскім паветах. У межах гэтай губерні налічвалася крыху больш тысячы паўстанцаў. Дзейнічалі яны ў асноўным у Белавежскай пушчы, адкуль здзяйснялі напады на вёскі і мястэчкі.

Паўстанне прыпыніла будаўніцтва Брэст-Літоўскай крэпасці, якое пачалося ў 1830 г. У чэрвені 1831 г. Брэст-Літоўск (цяпер Брэст) быў абложаны паўстанцамі. Больш-менш значнай падтрымкі гараджан паўстанцы не знайшлі. Горад рыхтаваўся да працяглай абароны, дадаткова ўмацоўваўся мноствам фартоў і валоў. Ваенныя работы вяліся днём і ўначы. На некаторы час унутранае гарадское жыццё прыпынілася, зносіны жыхароў са знешнім светам перарваліся, вываз і ўвоз тавараў спыніўся. Пасля падыходу з Польшчы новага ўзброенага атрада, паўстанцы рашыліся на штурм, аднак авалодаць вялікім і добра ўмацаваным горадам не здолелі. Штурмуючыя спалілі і разбурылі некалькі дамоў, пашкодзілі асобныя будынкі, але вымушаны былі адысці.

Адсутнасць дысцыпліны, барацьба партый і груповак за ўладу аслаблялі паўстанне. У чэрвені – ліпені 1831 г. паўстанне пачалося ў Мазырскім, Рэчыцкім і Пінскім паветах, на Валыні, але не мела падтрымкі. Далейшага пашырэння паўстанне не мела. Паліцэйскія каманды да канца жніўня задушылі паўстанне на Беларусі, а потым і ў Польшчы. 8 верасня рускія войскі ўзялі Варшаву, паўстанцы капітулявалі. Аднак некаторыя атрады працягвалі барацьбу да кастрычніка, перайшлі праз прускую і аўстрыйскую граніцы, былі інтэрніраваны.

Урад Расійскай імперыі скасаваў польскую канстытуцыю 1815 г., сейм, асобную польскую армію, зачыніў Віленскі ўніверсітэт, паслабляў каталіцкі ўплыў у заходніх губернях (зачынены 191 кляштар), бяднейшую частку шляхты перавёў у падатковае саслоўе (дзяржаўныя сяляне) і інш. Для правядзення следства над паўстанцамі ў лістападзе была створана Гродзенская губернская камісія. Да следства за ўдзел у паўстанні ў беларуска-літоўскіх губернях было прыцягнута 2878 чалавек. На тэрыторыі Беларусі да 1837 г. былі канфіскаваны 115 маёнткаў паноў — удзельнікаў паўстання. Паўстанне нанесла страты духоўнаму патэнцыялу Беларусі, запаволіла развіццё грамадскай думкі і адукацыі на беларускіх землях.

Пад Брэстам, на правым беразе ракі Заходні Буг, дзе некалі былі могілкі манастыра Раства Прасвятой Багародзіцы, захаваўся помнік на магіле генерал-маёра Паўла Давыдавіча Пхейдзе (?–1831), камандзіра 3-й брыгады 2-й пяхотнай дывізіі. Памёр ад ран, атрыманых у баі з паўстанцамі 14 красавіка 1831 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Паўстанне 1830–31 / А. П. Грыцкевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 12. С. 233–234.
  2. Восстание 1830–31 / А. В. Горбачёва // Республика Беларусь : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 2. С. 816–817.
  3. Паўстанне 1830–31 / Анатоль Грыцкевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 446–447.
  4. Брэстаўчане і паўстанне 1831 // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 101–104.
  5. Восстание 1830–1831 / Н. И. Каминский // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 1. С. 162–163.
  6. Паўстанне 1830–31 / М. І. Камінскі // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 349–350.
  7. Янушкевіч, Я. Успаміны (1805–1831) / Яўстафій Янушкевіч ; [укладанне, пераклад з польскай мовы, уступны артыкул, каментары, паказальнікі В. В. Гарбачовай ; навуковае рэдагаванне Л. Коўкель]. – Мінск : Лімарыус, 2011. – 254 с., [11] л. іл. – (Беларуская мемуарная бібліятэка).
  8. Берг, Н. В. Записки о польских заговорах и восстаниях 18311862 / Н. В. Берг. – Москва : Кучково поле, 2008. 399 с. – (Российская военно-историческая библиотека).
  9. Гарбачова, В. В. Удзельнікі паўстання 1830–1831 гг. на Беларусі : біябібліяграфічны слоўнік / В. В. Гарбачова. – Мiнск : БДУ, 2006. – 400 с.
  10. Гарбачова, В. В. Паўстанне 1830–1831 гадоў на Беларусі / В. В. Гарбачова. – Мінск : БДУ, 2001. – 186 с.
  11. Карпович, О. В. Трансформация сословного состава повстанцев 1830–1831, 1863–1864 гг. на территории Брестского, Кобринского и Пружанского уездов Гродненской губернии (сравнительный анализ) / О. В. Карпович // Системная трансформация общества: исторический опыт, современность и перспективы : сб. науч. трудов кафедр социально-гуманитарных наук. Брест, 2017. Вып. IV. С. 21–25.
  12. Анофранка, Н. В. Роля віленскай газеты «Літоўскі курер» («Kuryer Litewski») у час паўстання 1830–1831 гг. / Анофранка Н. В. // Матэрыялы ХІІ Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў «Кніжная культура Беларусі: погляд праз стагоддзі». Мiнск, 2016. С. 224–228.
  13. Люферчик, Е. Г. Власть и общество во время русско-польского политического кризиса 1828–1832 гг. / Е. Г. Луферчик // Научные стремления – 2011 : сб. материалов междунар. науч.-практ. конф. молодых ученых. Минск, 2011. Т. 2. С. 70–73.
  14. Сосна, У. А. «Польскае» паўстанне 1830–1831 гг. і беларускае сялянства / У. А. Сосна // Российские и славянские исследования : науч. сб. Минск, 2009. Вып. 4. С. 191–197.
  15. Гринкевич, В. Монеты периода восстания 18301831 годов : топография находок на территории современной Республики Беларусь / Валерий Гринкевич // Банкаўскі веснік = Банковский вестник. 2017. № 12. С. 5153.
  16. Шпілеўскі, І. Сынхраністычная табліца падзей паўстання на Беларусі, Літве і Польшчы ў 1830–1831 гг. / Іван Шпілеўскі, Лявон Бабровіч // ARСHEПачатак. 2015. № 3. С. 13–43.
  17. Гладкова, Г. А. Мастацкая рэцэпцыя падзей паўстання 1830–1831 гг. у рамане А. Накваскі «Літоўскі паўстанец» / Г. А. Гладкова // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 2015. № 2. С. 100–104.
  18. Гарбачова, В. Мемуарная спадчына паўстанцаў 1830–1831 гг. / Вольга Гарбачова // ARCHE Пачатак. 2014. № 1/2. С. 130–151.
  19. Айрапетов, О. Как восстание войной обернулось : польский мятеж 1830–1831 годов: истоки и начало / Олег Айрапетов // Родина. 2013. № 3. С. 27–31.
  20. Лаўрэш, Л. Паўстанне 1830–1831 гг. : да 180-х угодкаў / Л. Лаўрэш // Наша слова. 2011. 11 траўня; 18 траўня; 25 траўня; 1 чэрвеня; 8 чэрвеня.
  21. Карпович, О. В. Участие дворянства Беларуси в восстании 1830–1831 гг. / О. В. Карпович // Вести БрГТУ. Серия гуманитарных наук. 2010. № 6. С. 10–14.
  22. Сошкин, Е. «Руслан и Людмила» и польские восстания 1831 и 1863 гг. в патриотической лирике Пушкина и Тютчева / Н. Сошкин // Новое литературное обозрение. 2010. № 5. С. 145–149.
  23. Карпович, О. В. Сословный состав участников восстания 1830–1831 гг. в Гродненской губернии / О. В. Карпович // Веснік ГрДУ. Серыя 1. Гісторыя і археалогія. Філасофія. Паліталогія. 2010. № 2. С. 21–26.
  24. Радзюк, А. Дзейнасць гарадзенскай следчай камісіі 1831–1834 гг. / А. Радзюк // Гістарычны альманах. Гародня, 2008. Т. 14. С. 112–130.
  25. Матвейчык, Д. Ч. Вяртанне з эміграцыі на радзіму ўдзельнікаў паўстання 1830–1831 гг. з Беларусі і Літвы / Д. Ч. Матвейчык // Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 2008. № 4. С. 52–59.
  26. Еленевский, Н. Горыни кровавые берега : б участнике восстания 1831 г., дворянине Пинского уезда А. Т. Пусловском (18031854)] / Николай Еленевский // Полесская правда. Пинск, 2002. 7 декабря; 14 декабря; 18 декабря.
  27. Данскіх, С. Горадня ў паўстанні 1830–1831 гг. / С. Данскіх // Спадчына. 2000. № 1. С. 116–141.
  28. Гарбачова, В. Вынікі і наступствы паўстання 1830–1831 гг. / Вольга Гарбачова // Беларускі гістарычны часопіс. 1999. № 4. С. 80–83.
  29. Луговцова, С. Репрессии против повстанцев (1830–1831 гг.) / С. Луговцова // У дапамогу педагогу. Гісторыя. 1999. № 2. С. 30–42.
  30. Рубашевский, Ю. Памятник с заросшей тропой русскому генералу обнаружен в 15 метрах от госграницы : [генерал-майор П. Д. Пхеидзе] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 1996. 14 июня (№ 25). С. 1.
  31. Смяховіч, М. Арганізацыі і асобы : паўстанне 1830–1831 гг. на Беларусі / М. Смяховіч // Полымя. 1996. № 4. С. 218–234.
  32. Дзяржаўныя злачынцы : [царскі маніфест ад 4 ліст. 1834 г. аб пакаранні ўдзельнікаў паўстання 1830–1831 гг.] // Беларуская мінуўшчына. 1994. № 3. С. 28.
  33. Гарбачова, В. В. Заклікі і адозвы часоў паўстання 1830–1831 гг. на Беларусі / В. В. Гарбачова // Весці АН Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 1993. № 4. С. 53–59.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 960 разоў Апошняя змена Аўторак, 19 Май 2020 14:47