Серада, 27 Май 2020 10:25

15 кастрычніка 2020 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Мікалая Цімафеевіча Сушанава (1920–1997), удзельніка вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Героя Савецкага Саюза (1944)

Мікалай Цімафеевіч Сушанаў нарадзіўся 15 кастрычніка 1920 г. у сяле Тростань Навазыбкаўскага раёна Бранскай вобласці (Расія) у сялянскай сям’і. З 1931 г. жыў у вёсцы Чырвоны Усход Шчарбакульскага раёна Омскай вобласці, куды сям’я пераехала пасля смерці бацькі. Закончыў 9 класаў, з 1936 г. працаваў у калгасе «Красный Восток» брыгадзірам, у жніўні 1940 г. назначаны сакратаром Славянскага сельсавета. 25 верасня 1940 г. прызваны ў Чырвоную армію, накіраваны ў пагранічныя войскі. Праходзіў службу ў 55-м пагранічным атрадзе ў Чыцінскай вобласці.

 

На фронце ў Вялікую Айчынную вайну Мікалай Сушанаў знаходзіўся з 15 лютага 1943 г. Служыў на пасадах камандзіра аддзялення, памочніка камандзіра ўзвода, намесніка парторга 1-га стралковага батальёна. Са жніўня старшы сяржант М. Ц. Сушанаў — парторг батальёна 188-га стралковага палка 106-й стралковай дывізіі 65-й арміі Цэнтральнага фронту. Удзельнік Арлоўска-Курскай бітвы (ліпень – жнівень 1943 г.).

Вылучыўся ў час вызвалення Беларусі ў складзе 1-га Беларускага фронту. 15 кастрычніка 1943 г. (у гэты дзень яму споўнілася 23 гады) Мікалай Сушанаў з групай байцоў пад агнём пераправіўся на правы бераг Дняпра каля Лоева (Гомельская вобл.) і знішчыў некалькі агнявых кропак праціўніка, забяспечыўшы фарсіраванне ракі батальёнам. 16–18 кастрычніка ўдзельнічаў у баях за пашырэнне плацдарма, трое сутак, адрэзаны ад сваіх, абараняў з таварышамі ўчастак.

12 лістапада 1943 г. старшы сяржант М. Ц. Сушанаў назначаны намеснікам камандзіра па палітчастцы 3-га стралковага батальёна. 29 лістапада яму было прысвоена званне «малодшы лейтэнант». У наступальных баях у Палескай вобласці 28 лістапада быў паранены і трапіў у палон. 7 снежня пры этапіраванні ў лагер ваеннапалонных яму ўдалося ўцячы, праз два тыдні блуканняў прымкнуў да партызан атрада імя Чарткова брыгады імя Дзяржынскага Брэсцкага злучэння.

У 188-м палку яго палічылі прапаўшым без вестак. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1944 г. за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм М. Ц. Сушанаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» (№ 2485).

Мікалай Сушанаў ваяваў у партызанскім атрадзе спачатку радавым, а з 30 студзеня 1944 г. — камандзірам аддзялення, з 16 сакавіка — камандзірам дыверсійнай роты. Праявіў сябе смелым камандзірам, добрым арганізатарам. Пад яго камандаваннем праводзіліся дыверсійныя акцыі, пускаліся пад адхіл варожыя цягнікі, знішчаліся тылавыя аб’екты праціўніка.

У ліпені партызанскі атрад злучыўся з Чырвонай арміяй. Брэсцкі абкам КПБ(б) накіраваў М. Ц. Сушанава на аднаўленне разбуранай народнай гаспадаркі. Ён быў назначаны на пасаду адказнага сакратара, намесніка старшыні Шарашоўскага райвыканкама Брэсцкай вобласці. У 1948 г. ён закончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ(б). Працаваў сакратаром партарганізацыі Ружанскай МТС, старшынёй калгаса, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі ў Ружанскім райвыканкаме.

З 1960 г. працаваў у Брэсцкім раёне — кіраўніком аддзялення, сакратаром парткама саўгаса «Брэсцкі» (в. Тэльмы). У 1967 г. завочна скончыў Беларускую сельгаспадарчую акадэмію. У 1965–1980 гг. працаваў начальнікам Брэсцкага раённага вытворчага ўпраўлення сельскай гаспадаркі. Пасля выхаду на пенсію нейкі час працаваў інструктарам Брэсцкага абкама КПБ.

Мікалай Цімафеевіч узнагароджаны ордэнамі Леніна (1944), Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны І (1985) і ІІ (1944) ступеняў, Чырвонай Зоркі (1943), «Знак Почёта», Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі «За боевые заслуги» (1943), «Партизану Отечественной войны» II ступені (1944) і інш. 13 чэрвеня 1969 г. малодшаму лейтэнанту М. Ц. Сушанаву прысвоена званне лейтэнанта.

Мікалай Цімафеевіч з жонкай выхавалі трох дачок. Адна з унучак, Таццяна Міхайлаўна Гараднюк, шмат гадоў аддала спорту, стала майстрам спорту СССР па спартыўнай акрабатыцы. Затым працягнула справу дзеда-пагранічніка: скончыла школу прапаршчыкаў, працавала ў аддзяленні пагранічнага кантролю «Брэст — пасажырская станцыя», атрымала вышэйшую юрыдычную адукацыю.

М. Ц. Сушанаў памёр 27 студзеня 1997 г., пахаваны на Гарнізонных могілках г. Брэста. На доме, дзе ён жыў з 1987 г., устаноўлена мемарыяльная дошка (вул. Энгельса, 12). У в. Тэльмы-2 Брэсцкага раёна яго імем названа вуліца. У г. Навазыбкаве Бранскай вобласці на Алеі Герояў 23 верасня 2017 г. устаноўлены бюст (скульптар Міхаіл Чырок). 4 кастрычніка 2018 г. імя лейтэнанта М. Ц. Сушанава прысвоена 3-й пагранзаставе пагранічнай камендатуры «Лоеў» 19-й пагранічнай групы (Гомельская вобласць), на яе тэрыторыі ў маі 2019 г. устаноўлены помнік-бюст героя.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Сушанов Николай Тимофеевич // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биографический справочник. Минск, 2015. С. 333.
  2. Сушанов Николай Тимофеевич // Герои-пограничники : книга памяти / Л. В. Спаткай. Минск, 2012. С. 100–101.
  3. Сушанаў Мікалай Цімафеевіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 635.
  4. Сушанаў Мікалай Цімафеевіч // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 473.
  5. Сушанов Николай Тимофеевич // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2 т. Москва, 1988. Т. 2. С. 550.
  6. Сушанов Николай Тимофеевич // Навечно в сердце народном. 2-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 441.
  7. Сушанаў Мікалай Цімафеевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 10. С. 139.
  8. Самосевич, М. Земля моя, я сын твоих берёз... : [о Герое Советского Союза Н. Т. Сушанове] / Марина Самосевич // Заря над Бугом. Брест, 2017. 23 ноября (№ 47). С. 9, 13.
  9. Жэдзь, В. «Пахаванка» апярэдзіла падзеі : [пра М. Ц. Сушанава] / Валерый Жэдзь // Раённыя будні. Пружаны, 2017. 6 мая. С. 6.
  10. Панасюк, М. Воин, партизан, хлебороб : [о Герое Советского Союза Н. Т. Сушанове] / Микола Панасюк // Заря над Бугом. Брест, 2015. 7 мая (№ 19). С. 10.
  11. Панасюк, М. Слово о Николае Сушанове / Микола Панасюк // Заря над Бугом. Брест, 2015. 15 января (№ 2). С. 8.
  12. Сушанов Николай Тимофеевич : [некролог] // Заря. 1997. 1 февраля.
  13. Сушанов, Н. Награды за бой, награды за труд из одного металла льют / Н. Сушанов // Социалистический путь. Брест, 1961. 21 июня.
Чытаць 141 разоў