Панядзелак, 08 Чэрвень 2020 11:00

2020 г. — 260 гадоў з часу пабудовы Свята-Мікалаеўскай царквы ў в. Мурыны Малыя (1760; Камянецкі р-н), помніка архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю

           Радасцкая Свята-Мікалаеўская царква пры вёсцы Мурыны Малыя Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці пабудавана ў 1760 г. Паводле гістарычных звестак, першы храм на гэтым месцы быў узведзены ў 1536 г., у 1639 г. царкве была ахвяравана зямля.

 

Драўляная царква з’яўляецца помнікам архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Выканана па традыцыйным прынцыпе чатырохчасткавага храма. Аб’ёмна-прасторавая структура пабудовы развіваецца па лінейна-восевай кампазіцыі, чатыры часткі якой паслядоўна размешчаны адна за другой: вежа-званіца, трапезная, асноўны аб’ём, апсіда.

 

Галоўны фасад утварае двух’ярусная вежа-званіца. Першы яе ярус чацверыковы, з’яўляецца тамбурам, у цэнтры якога — галоўны ўваход у храм. Другі ярус вежы васьмігранны, накрыты шатром з галоўкай. Грані яго праз адну прарэзаны прамавугольнымі праёмамі, вуглы дэкарыраваны лапаткамі. Невялікі аб’ём трапезнай накрыты двухсхільным дахам, мае гладкія сцены з адным прамавугольным акном.

 

Асноўны аб’ём храма — квадратны ў плане, накрыты чатырохсхільным дахам і ўвенчаны цыбулепадобнай галоўкай. У прасценках паміж вокнамі — брусы-сцяжкі ў выглядзе пілястраў. Пяцісценны аб’ём апсіды больш нізкі, накрыты трохсхільным дахам. Бакавыя фасады храма маюць рознаўзроўневую ступеньчатую кампазіцыю, у якой чаргуюцца нізкія і высокія аб’ёмы. Высокі аб’ём званіцы кантрастуе з невялікім, нізкім аб’ёмам трапезнай. Самы масіўны асноўны аб’ём змяняецца больш нізкім — апсідай.

 

Да 1839 г. Радасцкая царква з’яўлялася ўніяцкай. Будынак неаднаразова рамантаваўся прыхаджанамі, капітальна ў 1879 і 1924 гг. Да прыхода Свята-Мікалаеўскай царквы адносіліся вёскі Мурыны, Радасць, Баранкі, Лашэвічы, Вялікая, Шалічы. Прыпісной да Радасцкай царквы значылася Свята-Міхайлаўская царква ў в. Баранкі.

 

У 1894 г. у прыходзе былі дзве царкоўныя школы — у Баранках і Шалічах. Настаўнік Баранкавіцкай царкоўнай школы Сямён Шырнюк у 1902 г. быў узнагароджаны сярэбраным медалём ад расійскага імператара. У 1897 г. царкве належала 51 дзесяціна зямлі, у т. л. 19,5 дзесяцін ворыва, у прыход уваходзілі 202 двары (1632 жыхары). У 1803 г. настаяцелем царквы быў Сімяон Такарэўскі. З 1909 г. свяшчэннікам у Свята-Мікалаеўскім храме служыў Міхаіл Чарнякоўскі.

 

З 1941 г. службу ў Радасцкай царкве пачаў Антоній Белявец, які да гэтага служыў у царкве в. Белая Камянецкага раёна, спаленай у 1941 г. нямецкімі захопнікамі. Айцец Антоній карыстаўся вялікай павагай сярод прыхаджан. Ім быў створаны царкоўны хор, які меў высокі ўзровень спеваў. Музычны талент перадаў сваёй дачцэ, Іраідзе Антонаўне Іванчэнкавай, якая шмат гадоў працавала рэгентам Свята-Нікольскага храма ў Брэсце. У 1952 г. Антоній Белявец быў назначаны памочнікам Благачыннага Высокаўскай благачыннай акругі.

 

У перыяд з 1954 па 1957 г. у Свята-Мікалаеўскай царкве служылі Антоній Міхнюк, Даміян Ляшук, Анатоль Кананюк, Зосім Мікіцюк. З 1957 па 1962 г. свяшчэннікам служыў Аляксей Патока. У перыяд ваяўнічага атэізму шмат храмаў Беларусі былі зачыненыя. У кастрычніку 1962 г. Свята-Мікалаеўская царква была зачынена, Радасцкі прыход увайшоў у склад Камянецкага прыхода.

 

У савецкія часы царква пазбегла долі разбурэння, на нейкі час будынак прыстасавалі для захоўвання ільну. Толькі ў 1995 г. храм вярнулі прыхаджанам. Пасля доўгага перапынку Свята-Мікалаеўская царква адкрылася ў кастрычніку 1997 г. Агульнымі намаганнямі ўдалося прывесці царкву ў парадак, але за доўгія гады безгаспадарчасці будынак вельмі моцна струхлеў і прыняў аварыйны стан.

 

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 578 ад 14 мая 2007 г. Свята-Мікалаеўская царква в. Малыя Мурыны ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 

З 2010 г. настаяцелем царквы стаў іерэй Валянцін Муліца, які ініцыяваў яе рэстаўрацыю, разумеючы культурную каштоўнасць храма. Пасля ўзгаднення ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь і атрымання праектнай дакументацыі ў 2015 г. была распачата рэстаўрацыя храма. Рэстаўратарамі было прынята няпростае рашэнне разабраць будынак. Сапсаваныя і паточаныя караедам бярвенні замяніць на новыя, а каштоўныя элементы пабудовы захаваць і вярнуць на месца. Даверылі гэтую работу спецыялісту Аляксандру Мінчыку з г. Баранавічы, які ведае сакрэты ўзвядзення зрубаў падобных збудаванняў.

 

На ўзвядзенне храма фактычна з нуля спатрэбілася больш за 4 гады. Фінансаванне вялося за кошт ахвяраванняў. Усе старыя аўтэнтычныя элементы храма, якія можна было выратаваць, былі выратаваныя, адрэстаўрыраваныя і ўключаныя ў будынак. 10 лістапада 2019 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё адноўленай Свята-Мікалаеўскай царквы, якое сабрала шмат прыхаджан і ўсіх, хто аказваў дапамогу, у т. л. фінансавую. Архіепіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Іаанам праведзены чын асвячэння храма і Хрэсны ход.

 

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага.
Табольчык Ларыса Мікалаеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

  1. Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца, в. Мурыны (Радасць) // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 287.
  2. Помнікі драўлянага дойлідства // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 67–77. Са зместу: Мікалаеўская царква. С. 74.
  3. Свята-Мікалаеўская царква, в. Радасць // Праваслаўныя храмы Камянеччыны / Ю. Сахарчук, А. Карпішук, Л. Бішчук. Брэст, 2013. С. 75–77.
  4. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск : БЕЛТА, 2009. – 684 с. : іл.
  5. Радасць // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 78–79.
  6. Мурыны Малыя // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 65–66.
  7. Мусевич, Г. Некоторые сведения о Радостской приходской Свято-Николаевской церкви и Баранковской приписной Свято-Михайловской церкви // Рассказы из жизни — о жизни. Легенды моей Каменетчины : сборник / Георгий Мусевич. Каменец, 1991–2012. С. 157–161.
  8. Трибулева, Е. Рожденная заново : [в Малых Муринах прошло освящение возрождённой церкви] / Елена Трибулева // Навіны Камянеччыны. 2019. 16 лістапада (№ 46). С. 15.
  9. Афанасович, А. Возрожденная святыня : [о церкви в д. Мурины Малые] / Анастасия Афанасович // Навіны Камянеччыны. 2019. 10 августа (№ 32). С. 7.
  10. Дорофеева, В. Снести, чтобы спасти : строящаяся церковь в д. Малые Мурины в точности повторяет разобранную 250-летнюю / Вероника Дорофеева // Вечерний Брест. 2017. 26 июля. С. 9.
  11. Лосич, П. В чем проблема, старина? : [о ходе реставрации церкви в д. Мурины Малые Каменецкого района] / Павел Лосич // Рэспублiка. 2016. 11 октября. С. 9.
  12. Трибулева, Е. Восставшая из руин : на месте разобранной «по бревнышкам» 250-летней церкви возводится новая. Точно такая же / Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2016. 16 ноября. С. 16.
  13. Орлова, И. По образу и подобию : в деревне Малые Мурины по старинным технологиям возрождают деревянный храм / Ирина Орлова // Заря. 2016. 29 сентября. С. 6.
  14. Яскевіч, С. Стары новы храм : царкву ў Малых Мурынах Камянецкага раёна аднаўляюць па старадаўніх тэхналогіях / Святлана Яскевіч // Звязда. 2016. 24 верасня. С. 5.
  15. Щербаков, З. Разобрали, чтобы восстановить древнюю церковь в Каменецком районе / Захар Щербаков // Брестский курьер. 2015. 20 августа (№ 34). С. 10.
  16. Кирьянов, А. Такая хрупкая память : [о реставрации церкви в д. Малые Мурины Каменецкого района] / Артём Кирьянов // Рэспубліка. 2015. 18 жніўня. С. 4.
  17. Чарнякевіч, Ю. Будоўля пад кантролем : [пра пачатак рэстаўрацыі царквы ў в. Мурыны Малыя Камянецкага раёна] / Юрый Чарнякевіч // Культура. 2015. 15 жніўня. С. 7.
  18. Бровач, О. На Брестчине разобрали 250-летнюю церковь / Оксана Бровач // Комсомольская правда в Белоруссии. 2015. 13 августа. С. 4.
  19. Павлова, Л. Свеча на ветру — горение для людей : [о регенте церковных хоров г. Бреста Ираиде Антоновне Иванченковой] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2007. 22 февраля (№ 8). С. 10.

 

 

 

 

Чытаць 946 разоў Апошняя змена Панядзелак, 08 Чэрвень 2020 11:14