Серада, 10 Чэрвень 2020 09:44

9 ліпеня 2020 г. — 175 гадоў з дня нараджэння Ігнація Васільевіча Катовіча (1845–1913), філосафа, багаслова, педагога

Ігнацій Васільевіч Катовіч нарадзіўся 9 ліпеня 1845 г. у мястэчку Воўчын Брэст-Літоўскага павета Гродзенскай губерні (цяпер в. Воўчын Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). Сярэдні з трох сыноў воўчынскага святара Васілія Ануфрыевіча Катовіча (1815–1855), быў названы, верагодна, у гонар дзядзькі свайго бацькі — праваслаўнага царкоўнага дзеяча, епіскапа Брэсцкага Ігнація Жалязоўскага (1802–1872).

 

Пасля заўчаснай смерці бацькі Ігнацій жыў у доме свайго дзядзькі, протаіерэя Антонія Ануфрыевіча Катовіча (1811–1876) у в. Чаравачыцы Кобрынскага павета (цяпер Кобрынскага раёна), выхоўваўся разам з яго сынам, аднагодкам Ніканорам.

 

Стрыечны брат, Ніканор Антонавіч Катовіч (1845–1938), скончыў Кобрынскае духоўнае вучылішча, Літоўскую духоўную семінарыю (1865), служыў у храмах, у 1894 г. пабудаваў Свята-Уладзімірскую царкву ў Крупчыцах (цяпер Чыжэўшчына) Кобрынскага павета. Родныя браты Ігнація, Пётр (1842–1922) i Антоній (1848–1917), таксама сталі праваслаўнымі святарамі; айцец Антоній праслужыў 31 год у Амелянецкай царкве (Камянецкі раён).

 

Ігнацій Катовіч вучыўся ў Кобрынскім духоўным вучылішчы, затым у Літоўскай духоўнай семінарыі. Пасля яе заканчэння ў 1865 г. працаваў настаўнікам Жыровіцкага духоўнага вучылішча. 17 сакавіка 1866 г. быў прыняты на службу ў канцылярыю Літоўскай духоўнай кансісторыі.

 

У 1867 г. Ігнацій Катовіч паступіў у Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію. Тады акадэмію ўзначальваў выбітны багаслоў, бліскучы прапаведнік Ян Лявонцьевіч Янышаў, які выкладаў маральную тэалогію і педагогіку. Магчыма, што лекцыі рэктара акадэміі прывілі цікавасць у Ігнація Катовіча да педагогікі і багаслоўя. У 1871 г. ён скончыў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію.

 

З 1871 г. Ігнацій Катовіч працаваў выкладчыкам кафедры псіхалогіі, агляду філасофскіх вучэнняў і педагогікі Адэскай праваслаўнай духоўнай семінарыі, дзе чытаў лекцыі па гэтых прадметах. Адэская семінарыя мела сваю спецыфіку: у ёй навучаліся таксама юнакі іншых праваслаўных народаў — балгары, грэкі і сербы. Гэтыя юнакі знаходзіліся пад моцным уплывам нацыянальна-вызваленчых і рэвалюцыйных ідэй. У Адэскай семінарыі вучыліся вядомыя балгарскія пісьменнікі і будучыя палітыкі Балгарыі: мітрапаліт Клімент Тырноўскі (у свеце Васіл Друмев; 1841–1901) і Стэфан Стамболаў (1854–1895), балгарскі палітычны дзеяч-марксіст Дзімітр Благоеў (1856–1924).

 

Сярод выкладчыкаў семінарыі, з якімі працаваў Ігнацій Васільевіч, можна адзначыць даследчыка гісторыі рускай царкоўнай пропаведзі Мікалая Васільевіча Катаева, дзядзьку пісьменнікаў Валянціна Катаева і Яўгена Пятрова; гісторыка царквы Канстанціна Канстанцінавіча Спаскага, а таксама духоўнага пісьменніка і гісторыка царквы Івана Хрысанфавіча Стральбіцкага (1861–1934).

 

У Адэскай духоўнай семінарыі была фундаментальная бібліятэка, фізічны і іншыя навучальныя кабінеты. На другім паверсе была ўладкавана царква ў імя апостала Андрэя Першазванага. Адзін час царкоўным старастам гэтага храма быў Ігнацій Катовіч, які карыстаўся аўтарытэтам сярод выкладчыкаў. У 1875 г. Ігнація Васільевіча абралі прысяжным засядацелем. З канца 1870-х гг. ён быў членам праўлення семінарыі і педагагічнага сходу.

 

У 1870-я гг. Ігнацій Катовіч працаваў таксама ў нядзельнай школе пры духоўнай семінарыі. Сваім багатым выкладчыцкім вопытам ён дзяліўся на старонках газеты «Херсонские епархиальные ведомости», дзе друкаваліся яго артыкулы па педагагічных тэмах.

 

Знаходзіў час Ігнацій Васільевіч і для навуковых даследаванняў, яны вяліся на мяжы багаслоўя, філасофіі і псіхалогіі. Асабліва яго цікавілі праблемы доказу існавання Бога і ўзнікнення жыцця. Асноўныя працы: «Обоснования теизма» (Вып. 1–3; Адэса, 1879–1881), «Происхождение органической жизни с ее разнообразием» (Адэса, 1884), «Способ обучения грамоты для начальных школ и для обучения взрослых» (Адэса, 1894), «Чувствования и инстинкт. Критический разбор теории чувствований (эмоций) Вильяма Джемса и Г. Ланге и теория инстинкта Вильяма Джемса» (Адэса, 1900).

 

З семінарыі стацкі саветнік Ігнат Катовіч сышоў да 1904 г. Верагодна, што прычынай сыходу была хвароба. Сваёй сям’і ён так і не завёў. Апошнія гады жыў у сям’і сваёй пляменніцы Ганны Пятроўны Паўловіч (Катовіч). І. В. Катовіч памёр 18 сакавіка 1913 г. у Адэсе, пахаваны на Другіх хрысціянскіх могілках.

 

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага.
Табольчык Ларыса Мікалаеўна, бібліёграф
I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Ильин, А. Черевачицкие Котовичи  священники, деятели культуры и просто люди. Глава ХХII. Философ, богослов и педагог-психолог Игнатий Васильевич Котович / Александр Ильин // Гістарычная брама. 2016. № 2.
  2. Ильин, А. Волчинское ответвление рода Котовичей / Александр Ильин // Гістарычная брама. 2004. № 1. С. 47–48.
  3. Никанор Котович (1845–1938 гг.) // Кобрин-информ. 2011. 3 ноября (№ 44). С. 28.
  4. Мікалаеўская царква (в. Воўчын) // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 83–84.
  5. Воўчын // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 26–28.
  6. Бензярук, А. Жалязоўскі Ігнацій / Анатоль Бензярук // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 364.
  7. Шуманская, М.В. От Гродно до Тулы: судьба белорусского священника, как отражение мировой истории : [о православном священнике Антонии Васильевиче Котовиче (1848–1917)] / М. В. Шуманская // Гродненские епархиальные ведомости. 2017. № 1. С. 6–7.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 952 разоў Апошняя змена Серада, 10 Чэрвень 2020 10:14