Серада, 08 Ліпень 2020 09:07

8 красавіка 2020 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Дзмітрыевіча Удовікава (1950), генерал-маёра міліцыі

Міхаіл Дзмітрыевіч Удовікаў нарадзіўся 8 красавіка 1950 г. у г. Драгічыне Брэсцкай вобласці. Бацька, Дзмітрый Карпавіч, і маці, Соф’я Маркаўна, былыя партызаны, выхоўвалі сына ў патрыятычным духу. Школьнікам Міхаіл актыўна займаўся спортам, у юнацтве быў чэмпіёнам СССР па веласпорце, атрымаў званне майстра спорту СССР па веласіпедным спорце.

 

Працоўную дзейнасць Міхаіл Удовікаў пачаў у 1967 г. рабочым будаўнічага трэста № 4 г. Мінска, затым пажарным пажарнай часці № 1 г. Брэста, метадыстам вытворчай гімнастыкі Брэсцкага аб’яднання «Сельгастэхніка». У 1968–1972 гг. навучаўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце, па заканчэнні працаваў настаўнікам фізкультуры СШ № 3 г. Брэста. У 1972–1973 гг. праходзіў тэрміновую службу ў Савецкай арміі.

У снежні 1973 г. Міхаіл Удовікаў пайшоў працаваць у органы ўнутраных спраў. Служыў інспектарам дзіцячага пакоя міліцыі Брэсцкага гарадскога аддзела ўнутраных спраў, інспектарам па справах непаўналетніх, інспектарам і старшым інспектарам аддзялення «А», начальнікам аддзялення індывідуальнай прафілактыкі Упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама, намеснікам начальніка Ленінскага раённага аддзела ўнутраных спраў г. Брэста па аператыўнай рабоце. З 1978 г. — выдатнік міліцыі.

М. Д. Удовікаў закончыў Мінскую вышэйшую школу МУС СССР (1980), Акадэмію МУС СССР (1986), Вышэйшую партыйную школу ЦК КПСС. Служыў у крымінальным вышуку УУС Брэсцкага аблвыканкама. З верасня 1986 па жнівень 1992 г. — начальнік аддзела крымінальнага вышуку. Займаўся аператыўнай работай, удзельнічаў у раскрыцці забойстваў, разбойных нападаў, рабаўніцтваў. Аддзел лічыўся адным з лепшых у рэспубліцы, неаднойчы ўзнагароджваўся пераходзячым вымпелам за лепшыя паказчыкі ў аператыўна-службовай дзейнасці. У 1990 г. М. Д. Удовікаў абраны народным дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ХІІ склікання ад Брэсцка-Заходняй выбарчай акругі № 96.

22 жніўня 1996 г. М. Д. Удовікаў назначаны начальнікам УУС Гомельскага аблвыканкама. З ліпеня 1997 па жнівень 1998 г. — намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь – начальнік міліцыі. Са жніўня 1998 па красавік 2000 г. — першы намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь – начальнік міліцыі. Званне генерала-маёра міліцыі прысвоена 23 сакавіка 1999 г. З красавіка па лістапад 2000 г. выконваў абавязкі міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

З лістапада 2000 па красавік 2005 г. — намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь. У барацьбе з міжнароднай злачыннасцю па лініі інтэрпола Міхаілу Дзмітрыевічу давялося пабываць у многіх краінах Еўропы, у Японіі, Паўднёвай Карэі, некаторых краінах Афрыкі. У жніўні 2005 г. звольнены з органаў унутраных спраў, вярнуўся ў СШ № 3 г. Брэста выкладаць фізкультуру.

Міхаіл Дзмітрыевіч узнагароджаны медалямі «За отличную службу по охране общественного порядка» і інш., удастоены Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, нагруднага знака «Ганаровы супрацоўнік МУС».

Часта прыязджае ў родны Драгічын, наведвае ваенна-гістарычны музей імя Д. К. Удовікава, сустракаецца са школьнікамі, вядзе патрыятычнае выхаванне сярод моладзі. Тры яго сыны абралі прафесію міліцыянера. У Музеі брэсцкай міліцыі УУС Брэсцкага аблвыканкама (вул. Леніна, 37/2), які адкрыты ў 2007 г., створана экспазіцыя, прысвечаная генерал-маёру М. Д. Удовікаву, дзе прадстаўлены яго форма, дакументы, узнагароды.

Бацька Міхаіла Дзмітрыевіча, Дзмітрый Карпавіч Удовікаў (1917–2000), ураджэнец г. Харкава, у 1941 г. лётчык 123-га авіяпалка, які дыслацыраваўся пад Кобрынам. У першы дзень Вялікай Айчыннай вайны, 22 чэрвеня 1941 г., самалёт лейтэнанта Д. К. Удовікава быў збіты ў паветраным баі. З палону яму ўдалося збегчы, хаваўся на хутарах Антопальскага раёна. Адзін з арганізатараў партызанскага руху на Палессі, начальнік штаба партызанскай брыгады імя В. М. Молатава Пінскага партызанскага злучэння.

Пасля вайны Д. К. Удовікаў працаваў на адміністрацыйна-гаспадарчых пасадах у Драгічыне, Століне, дырэктарам Брэсцкага завода жалезабетонных вырабаў да 1977 г. У 1980-я гг. пад яго кіраўніцтвам было створана Пінскае таварыства партызан-ветэранаў з цэнтрам у Драгічыне. Таварыства было ініцыятарам стварэння Драгічынскага музея партызанскай славы, які ў 2001 г. атрымаў імя Д. К. Удовікава.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

                                                                   

  1. Міхаіл Дзмітрыевіч Удовікаў = Михаил Дмитриевич Удовиков // Беларускі крымінальны вышук = Белорусский уголовный розыск / аўтар тэксту і ўклад. Ю. У. Кур’янович. Мінск, 2018. С. 297.
  2. Удовиков Михаил Дмитриевич // Комиссары и генералы органов внутренних дел и внутренних войск Беларуси : биографический справочник / сост. В. А. Гриняк. Минск, 2014. С. 147–148.
  3. Милиция Беларуси : 100 лет :история и современность / В. А. Ананич [и др.]. – Минск : Беларусь, 2016. – 191 с. : ил.
  4. Куликова, О. Треть века в милиции : [о М. Д. Удовикове] / Ольга Куликова // Брестский вестник. 2020. 9 апреля (№ 15). С. 18.
  5. Куликова, О. Треть века в милиции : [о М. Д. Удовикове] / Ольга Куликова // Заря. 2020. 8 апреля. С. 6.
  6. Рассафонов, А. С поклоном родной земле : [в Дрогичине прошло выездное заседание областного Совета ветеранов органов внутренних дел и внутренних войск МВД с участием М. Д. Удовикова] / Андрей Рассафонов ; фото Ивана Леончика // Драгічынскі веснік. 2017. 4 лістапада. С. 1, 4.
  7. Удовиков, М. Ровесник Октябрьской революции : [о партизанском командире Дмитрии Карповиче Удовикове] / Михаил Удовиков // Заря. 2017. 4 ноября. С. 7.
  8. Блохина, И. Слыл грозой налетчиков и рэкетиров : [о М. Д. Удовикове] / Ирина Блохина ; фото автора // Рэспубліка. 2012. 10 лістапада. С. 9.
  9. Удовиков, М. Д. Об опыте иностранных государств и Республики Беларусь по борьбе с финансированием терроризма / М. Д. Удовиков, И. В. Капелько // Информационный бюллетень Администрации Президента Республики Беларусь. 2005. № 1. С. 56–70.
  10. Удовиков, М. Д. Покоренные вершины : [беседа с заместителем Государственного секретаря Совета безопасности Беларуси] / М. Д. Удовиков ; записал С. Кожух // Советская Белоруссия. 2004. 22 сентября. С. 8–9.
  11. Мацкевiч, М. Музею партызанскай славы прысвоена iмя Д. К. Удовiкава / М. Мацкевiч // Драгiчынскi веснiк. 2001. 20 студзеня.
Чытаць 975 разоў