Аўторак, 25 Жнівень 2020 15:31

2020 г. — 195 гадоў з дня нараджэння Францішка Уладзіслававіча Юндзіла (1825–1865), аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг. на Беларусі і ў Польшчы

Францішак Уладзіслававіч Юндзіл нарадзіўся ў 1825 г. у фальварку Югалін Слонімскага павета Гродзенскай губерні (цяпер вёска Югалін Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у небагатай шляхецкай сям’і. Яго род належыў да шляхецкага герба «Лебедзь», які бярэ свой пачатак на мяжы XIVXV стст. Бацькі, Уладзіслаў Юндзіл і Багуміла (Сухадольская), выбралі яму кар’еру ваеннага. Францішак Юндзіл служыў у кавалерыі Расійскай арміі, даслужыўся да чына ротмістра. Пасля звальнення з арміі ў 1858 г. вяртаецца на радзіму, спрабуе заняцца гаспадаркай.

 

На пачатку 1860-х гг. Ф. Юндзіл жыў у Гародні, удзельнічаў у стварэнні і дзейнасці рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыі, лідарам якой з’яўляўся Кастусь Каліноўскі. Бываў на пасяджэннях рэвалюцыянераў у Слоніме і Вільні. У спрэчках з канспіратарамі Варшавы разам з К. Каліноўскім Францішак Юндзіл адстойваў суверэннасць Літвы і Беларусі, раўнапраўнасць паўстанцкіх структур краю з варшаўскімі. Яму было даручана весці падрыхтоўку паўстання ў Слонімскім павеце. Для рэалізацыі ідэй паўстання ён здаў у касу 3000 рублёў срэбрам.

Калі ў красавіку 1863 г. пачалося паўстанне, Ф. Юндзіл узначаліў паўстанцкі атрад (каля 300 касінераў), які фарміраваўся ва ўрочышчы «Старынка» паблізу Югаліна і дзейнічаў у Слонімскім павеце ў раёне Дабромысля і Югаліна. У хуткім часе да атрада Ф. Юндзіла далучыўся атрад Ісідара Лукашэвіча, які быў сфарміраваны ў Мілавідах (цяпер у Баранавіцкім раёне).

Слонімшчына станавілася адным з актыўнейшых асяродкаў паўстання. 28 мая 1863 г. адбылася першая сутычка пад Літвінавым. На дапамогу прыйшоў атрад Аляксандра Лянкевіча, у той жа дзень прыбыў навагрудскі атрад В. Міладоўскага ў колькасці 136 чалавек. Колькасць паўстанцаў склала 700–750 чалавек.

2 чэрвеня 1863 г. Кастусь Каліноўскі пабываў у атрадзе Ф. Юндзіла і іншых, якія сталі лагерам непадалёку ад паштовых станцый Мілавіды і Чамялы, зрабіў агляд паўстанцаў і выдаў правадырам атрадаў «кніжкі» для вядзення рахункаў. Камандаваў аб’яднаннем атрадаў А. Лянкевіч.

3 чэрвеня 1863 г. атрад Ф. Юндзіла сумесна з атрадамі Г. Стравінскага, А. Лянкевіча, В. Міладоўскага, Уладака (усяго каля 800 чалавек) прымаў удзел у рашаючай бітве паўстанцаў з царскімі войскамі пад Мілавідамі. Некалькі гадзін царскія войскі (3 роты салдат, артылерыя і казакі) атакавалі лагер паўстанцаў, але ўзяць яго не здолелі. Ноччу пасля бітвы аслабленыя атрады паўстанцаў адышлі і падзяліліся. Ф. Юндзіл са сваім атрадам падаўся ў кірунку Целяхан. У раёне Агінскага канала перадаў навагрудскі атрад касінераў тутэйшаму ваеннаму кіраўніку, а сам павярнуў у кірунку Слоніма.

Паўстанцы прымалі бой пад Косавам, ішлі пераходамі праз Любішчыцы, Чамялы, Сярадава і іншыя вёскі. На косаўскіх каталіцкіх могілках стаіць помнік у памяць пахаваных там удзельнікаў паўстання. Яшчэ два месяцы Францішак Юндзіл вёў партызанскую барацьбу ў Слонімскім і суседніх паветах. У жніўні 1863 г. ён перадаў камандаванне Слонімскім атрадам Яну Калупайлу. 30 жніўня 1863 г. Ф. Юндзіл прымаў удзел у баі пад Глыбокім Кутам.

Францішак Юндзіл пераправіўся праз Буг, пакінуўшы Беларусь, і 29 кастрычніка 1863 г. прыбыў у Кракаў. Тут ён быў прызначаны камендантам горада і актыўна працягваў удзельнічаць у патрыятычным руху Польшчы. 20 студзеня 1864 г. быў прызначаны арганізатарам Кракаўскай вайсковай акругі. За заслугі перад вызваленчым рухам Ф. Юндзіл 12 лютага 1864 г. атрымаў ад кіраўніцтва паўстаннем званне падпалкоўніка.

У пачатку сакавіка 1864 г. з выпадку дрэннага здароў’я выехаў у Францыю, дзе лячыўся ў парыжскім шпіталі, але адолець хваробу не змог. Францішак Юндзіл памёр ад сухотаў 14 лютага 1865 г. Расказваюць, што пасля яго застаўся дзённік, але лёс гэтых запісаў невядомы.

У в. Мілавіды Баранавіцкага раёна 4 чэрвеня 1988 г. быў устаноўлены памятны знак да 125-годдзя з часу Мілавідскай бітвы. У Iвацэвiчах захаваўся аднапавярховы будынак палаца Юндзілаў, пабудаваны ў сярэдзіне ХIХ ст., канфіскаваны пасля падаўлення паўстання. Пасля царскай амністыі сядзібу вярнулі Юндзілам. У 1949 г. будынак быў перададзены раённай бальніцы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Джэжора Людміла Сяргееўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Юндзіл Францішак Уладзіслававіч / Г. В. Кісялёў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2004. Т. 18, кн. 1. С. 209–210.
  2. Юндзіл Францішак Уладзіслававіч / Генадзь Кісялёў. Юндзілы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 276.
  3. Юндзіл Францішак Уладзіслававіч // Беларусь : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1995. С. 783.
  4. Юндзилл Франтишек Владиславович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 712.
  5. Юндзіл Францішак Уладзіслававіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 687.
  6. Юндзіл Францішак Уладзіслававіч // Беларусь у войнах Расійскай імперыі. Асобы і падзеі / Віталь Чырвінскі. Мінск, 2019. С. 196–197.
  7. Юндзилл Франтишек Владиславович / Г. В. Киселёв // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 478.
  8. Банасевіч, М. Дзеянні паўстанцаў на Івацэвіцкай зямлі / М. Банасевіч, П. Сітнік // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 54–55.
  9. Паўстанне 1863–1864 гг. на Слонімшчыне / В. Р. Супрун. Кіраўнікі паўстанцкага руху : [пра Ф. Юндзіла] / Г. В. Кісялёў // Памяць. Слонімскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2004. С. 114–118.
  10. Гродзенскія паўстанцкія атрады // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 145–146.
  11. Мілавідская бітва, 1863 / Генадзь Кісялёў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 141.
  12. Гарбуль, П. І. Дзейнасць паўстанцкіх атрадаў на тэрыторыі Берасцейшчыны ў 1863 г. / П. І. Гарбуль // Навукова-практычная канферэнцыя «Заходнебеларускі рэгіён у паўстанні 1863–1864 гг.». Брэст, 2013. С. 26–30.
  13. Югалін // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 513–514.
  14. Киселёв, Г. В. Место Миловидской битвы 1863 года / Г. В. Киселёв, А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 100–101.
  15. Матвейчык, Д. Удзельнікі паўстання 1863–1864 гадоў : біяграфічны слоўнік / Дзмітрый Матвейчык. – Мінск : Беларусь, 2016. – 735 с. – Са зместу: Юндзіл Францішак. С. 647.
  16. Матвейчык, Д. Паўстанне 1863–1864 гадоў у Беларусі : нарыс баявых дзеянняў / Дзмітрый Матвейчык. – Мінск : Медысонт, 2013. – 121 с. – (Беларусь у войнах).
  17. Восстание в Литве и Белоруссии 1863–1864 гг. : материалы и документы / АН СССР, Ин-т славяноведения ; АН БССР, Iн-т гiсторыi. – Москва : Наука, 1965. – 586 с.
  18. Бяласін, Я. Дыскутавалі пра паўстанне... : [у Пружанах прайшла навукова-практычная канферэнцыя «Заходнебеларускі рэгіён у паўстанні 1863–1864 гадоў»] / Яўген Бяласін // Бресткий курьер. 2013. 18 апреля (№ 16). С. 3.
  19. Мартынюк, М. По местам восстания Кастуся Калиновского : [поездка по памятным местам восстания 1863–1864 гг. в Брестской области] / Марта Мартынюк ; фото Дмитрия Босака // Бресткая газета. 2013. 25–31 января (№ 4). С. 8, 18.
  20. Карпович, О. Участие населения белорусских уездов Гродненской губернии в восстании 18631864 гг. / О. Карпович // Веснiк Гродзенскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Серыя«Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія». 2009. № 1. С. 311.
  21. Дайлід, П. Касінеры свабоды : [да 170-годдзя з дня нараджэння К. Каліноўскага, да 145-годдзя ад пачатку паўстання 1863–1864 гг.] / Павел Дайлід // Рэха Берасцейшчыны. 2008. Жнівень (№ 1). С. 3.
  22. Зайка, А. За зямлю, за волю : постаці паўстання 18631864 гг. у нашым краі / Алесь Зайка // Рэха Берасцейшчыны. 2008. Жнівень( 1). С. 6.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 733 разоў