Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 09 Верасень 2020 12:32

23 верасня 2020 г. — 130 гадоў з дня нараджэння Фёдара Вікенцьевіча Сакуна (1890–1955), марака-падводніка, удзельніка Першай сусветнай, Грамадзянскай, Савецка-фінляндскай і Вялікай Айчыннай войнаў

Фёдар Вікенцьевіч Сакун нарадзіўся 23 верасня 1890 г. у вёсцы Галавачы Навагрудскага павета Мінскай губерні(цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Федзюкоўскай школе. Працаваў слесарам у дэпо вузлавой станцыі Лунінец. У 1913 г. быў прызваны ў Рускую армію, накіраваны матросам на Балтыйскі флот.

 

У гады Першай сусветнай вайны Фёдар Сакун служыў мінным машыністам на падводнай лодцы «Акула». Прайшоў курсы ўнтэр-афіцэраў. У 1916 г. у складзе працоўнай каманды Балтыйскага завода ўдзельнічаў у рэвалюцыйных хваляваннях, за што камандаванне разжалавала яго з унтэр-афіцэраў у радавыя. Пасля двухмесячнага заключэння на гаўптвахце яго спісалі страявым матросам на крэйсер «Дыяна».

У 1917 г. Фёдар Сакун апынуўся ў гушчыні рэвалюцыйных падзей. Тады ён яшчэ не быў членам партыі бальшавікоў, але матросы і рабочыя ведалі, што бальшавікам ён спачувае ўсім сэрцам і актыўна падтрымлівае іх. Яго ўключылі кулямётчыкам у Кранштацкі экспедыцыйны атрад, які ў кастрычніку 1917 г. прыбыў у Петраград для звяржэння Часовага ўрада. Фёдар Сакун адным з першых уварваўся ў Зімовы палац і ўдзельнічаў у арышце міністраў. Атраду, якім камандаваў легендарны мічман С. Д. Паўлаў, даверылі ахоўваць штаб рэвалюцыі і яе правадыра У. І. Леніна.

Затым Фёдар Сакун трапіў на падводную лодку «Пантэра», якая рыхтавалася да паходу ў Кранштат. Дзякуючы смеласці і знаходлівасці Ф. В. Сакуна былі выратаваныя 80 тарпед, якія вельмі прыдаліся падводнікам, калі ў Фінскім заліве давялося весці барацьбу з эскадрай англійскіх інтэрвентаў. Ф. В. Сакун многа зрабіў, каб правесці праз лёд Фінскага заліва ў Кранштат падводную лодку «Пантэра», якая ў ліку першых уступіла ў склад дзеючага атрада Чырвонага Балтыйскага флоту.

31 жніўня 1919 г. «Пантэра» («Камісар») пад камандаваннем капітана Аляксандра Бахціна на блізкіх подступах да Кранштата атакавала тарпедамі і патапіла непадалёк ад вострава Сескар самы новы англійскі карабель — эскадраны мінаносец «Vittoria». Гэта была першая сапраўдная перамога чырвонафлотцаў на Балтыцы. За гэты подзвіг А. М. Бахцін атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга, экіпаж лодкі быў адзначаны матэрыяльнай прэміяй, а мінны машыніст Ф. В. Сакун, які і выпускаў тарпеды, імянным гадзіннікам.

Пасля заканчэння Грамадзянскай вайны Ф. В. Сакун у 1921 г. здаў экзамены на міннага спецыяліста і Рэўваенсавет зацвердзіў яго на камандзірскай пасадзе. За добрае веданне міннай зброі і асабліва тарпеды Ф. В. Сакуна называлі «мінным богам». На падводнай лодцы «Пантэра» ён праслужыў больш за трынаццаць гадоў, выдатна спраўляўся з абавязкамі міннага спецыяліста. У 1927 г. прыняты ў ВКП(б).

У 1931 г. Ф. В. Сакуна прызначылі флагманскім мінёрам дывізіёна, на флоцкай мове — дыўмінам. Гэта было заслужана, бо ніхто не ведаў тарпеднай зброі лепш за яго. Абавязкі дывізійнага мінёра складаныя: абучэнне тэхнічных разлікаў падрыхтоўцы тарпед да стральбы, праверка ціску паветра ў рэзервуары і паўнаты запраўкі тарпед, сачэнне за ўстаноўкамі прыбораў і рэжымамі механізмаў, кантраляванне ведаў камандзіраў і тарпедыстаў сваіх абавязкаў. Пры Ф. В. Сакуне не была згублена і не патанула ні адна з выпушчаных тарпед.

На пачатку 1930-х на флот пачалі пастаўляцца новыя падводныя лодкі, вырабленыя на Балтыйскім суднабудаўнічым заводзе. Новыя караблі і іх складаная тэхніка патрабавалі часу для асваення. Не абмінула падводніка Ф. В. Сакуна хваля палітычных рэпрэсій. 20 ліпеня 1938 г. быў арыштаваны па абвінавачванні ў шпіянажы, але 4 лютага 1939 г. вызвалены.

Удзельнік Савецка-фінляндскай вайны 1939–1940 гг. У сакавіку – маі 1941 г. служыў атрадным мінёрам Балтыйскага флоту. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны — мінёр 14-га (вучэбнага) дывізіёна падводных лодак Балтыйскага флоту. У час Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Вікенцьевіч удзельнічаў у абароне Ленінграда.

Калі немцы выйшлі на блізкія подступы да Ленінграда, Ф. В. Сакун узначаліў адзін з атрадаў маракоў-мінёраў, якому было загадана замініраваць перакрыжаванні галоўных дарог на правым беразе Фінскага заліва. Бывалы падводнік знайшоў многа старых мін і баявых галовак тарпед, даўно знятых з узбраення, што дало тоны дарагой узрыўчаткі. Марскія міны закапалі ў зямлю, злучылі між сабою электрычным дротам і замаскіравалі. Танкі і бронемашыны гітлераўцаў не змаглі прайсці праз «лінію Сакуна», як пазней назвалі гэты рубеж матросы.

У студзені – ліпені 1942 г. выкладаў у школе зброі. З ліпеня 1942 па верасень 1945 г. — мінёр дывізіёна падводных лодак, якія будаваліся і капітальна рамантаваліся. За вайну шмат гераічных спраў зрабіў капітан 2-га рангу Ф. В. Сакун.

Фёдар Вікенцьевіч доўга служыў у савецкім падводным флоце. 29 жніўня 1945 г. яму было прысвоена званне капітана 1-га рангу. У кастрычніку таго ж года з прычыны хваробы выйшаў у адстаўку. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1935, 1945), ордэнамі Чырвонага Сцяга (1945), Чырвонай Зоркі (1944), медалямі.

Да канца жыцця ветэран удзельнічаў у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. Ф. В. Сакун памёр у 1955 г., пахаваны ў Ленінградзе. У 1970 г. у Ленінградзе выйшла мастацка-дакументальная кніга І. А. Быхоўскага «Повесть о рядовом балтийце», якая распавядае пра цяжкі жыццёвы шлях нашага земляка, які быў удзельнікам дзвюх рэвалюцый і чатырох войнаў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Прытульчык Рыма Уладзіміраўна, бібліёграф сектара бібліятэчна-інфармацыйных і электронных паслуг

 

  1. Сакун Фёдар Вікенцьевіч // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 139–142.
  2. Сакун Фёдор Викентьевич // Беларусь: созвездие политических имен : историко-биографический справочник / Э. А. Корнилович. Минск, 2010. С. 169–170.
  3. Сакун Фёдор Викентьевич (1890–1955) / И. Быховский // Герои Октября : биографии активных участников подготовки и проведения Октябрьского вооруженного восстания в Петрограде : в 2 т. Ленинград, 1967. Т. 2. С. 342–344.
  4. Быховский, И. А. Повесть о рядовом балтийце / Израиль Адольфович Быховский. – Ленинград : Лениздат, 1970. 224 с. : ил.
  5. Петраш, В. В. В. И. Ленин и моряки Балтийского флота в 1917 году / В. В. Петраш // В. И. Ленин в Октябре и первые годы Советской власти. Ленинград, 1970. С. 39–53.
  6. Быховский, И. А. В. И. Ленин и балтийские моряки / И. А. Быховский, Д. И. Войналович. – Ленинград : Общество «Знание» РСФСР, Ленинградская организация, 1967. – 40 с.
  7. Быховский, И. А. Героическая «Пантера» : история одной подводной лодки / Израиль Адольфович Быховский. 2-е изд., испр. и доп. – Ленинград : Лениздат, 1963. – 292 с. : ил.
  8. Найда, С. Ф. Моряки Балтийского флота в Октябрьском вооруженном восстании / С. Ф. Найда // Советское военно-морское искусство : сб. статей. Москва, 1951. С. 39–54.
  9. Сивков, П. З. Моряки Балтийского флота в борьбе за власть Советов / П. З. Сивков. – Москва : Воениздат, 1946. – 276 с.
  10. Канько, Г. Народжаныя рэвалюцыяй : пра назвы вуліц і лёсы людскія : [у т. л. пра Ф. В. Сакуна] / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2010. 20 кастрычніка. С. 2.
  11. Быхоўскі, І. Балтыец Хведар Сакун : [нарыс] / Ізраіль Быхоўскі // Полымя. 1971. № 9. С. 183–197.
Чытаць 771 разоў