Серада, 21 Кастрычнік 2020 09:44

14 кастрычніка 2020 г. — 140 гадоў з дня нараджэння Мікалая Парфір’евіча Юзьвюка (Данііла; 1880–1965), епіскапа Рускай праваслаўнай царквы, епіскапа Пінскага і Брэсцкага

Мікалай Парфір’евіч Юзьвюк нарадзіўся 14 кастрычніка 1880 г. у вёсцы Дзмітровічы Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер аг. Дзмітровічы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). Бацька, Парфір Андрэевіч, пасля школы ў Супрасльскім манастыры служыў псаломшчыкам у Дзмітровіцкай царкве з 1876 г. Ён стараўся даць добрую адукацыю сваім сынам Уладзіміру і Мікалаю. Уладзімір Юзьвюк (1868 – пасля 1930) скончыў Літоўскую духоўную семінарыю, протаіерэй, служыў свяшчэннікам у Гальшанах і Ашмянах, у 1912 г. абраны членам IV Дзяржаўнай думы.

 

Мікалай Юзьвюк скончыў у 1900 г. (па іншых звестках у 1899) Жыровіцкае духоўнае вучылішча і паступіў у Літоўскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1906 г. па 1-му разраду. Свяшчэннікам стаў не адразу, выкладаў у духоўных навучальных установах.

У 1905–1913 гг. — наглядчык і бібліятэкар Віленскага мужчынскага духоўнага вучылішча. Па заканчэнні ў 1913 г. у Санкт-Пецярбургу курсаў пры Міністэрстве юстыцыі служыў земскім начальнікам Лідскага, затым Віленскага паветаў Віленскай губерні. У 1917–1918 гг. — часовы суддзя ў Віленскім павеце.

У 1918 г. Мікалай Юзьвюк пераехаў у Варонеж, у 1920 г. — у Харкаў. У 1922 г. падчас рэпатрыяцыі ўраджэнцаў заходніх абласцей былой Расійскай імперыі вярнуўся ў Вільню (тады ў складзе Польшчы). У 1925–1939 гг. выкладаў у Віленскай духоўнай семінарыі. У 1939–1940 гг., пасля закрыцця савецкімі ўладамі семінарыі, быў назначаны сакратаром мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Елеўферыя (Богаяўленскага).

12 красавіка 1942 г. Мікалай Юзьвюк прыняў манаства з імем Данііл. 13 красавіка ўзведзены ў сан архімандрыта. 26 красавіка адбылася хіратонія ў епіскапа Ковенскага, вікарыя Літоўскай епархіі. Пераехаў у Коўна (цяпер г. Каўнас). У жніўні 1942 г. прысутнічаў на з’ездзе праваслаўных архіерэяў Прыбалтыкі ў Рызе, дзе быў прыняты зварот «Православным людям в Литве, Латвии, Эстонии». Епіскап Данііл з-за хваробы не прыняў удзел у саборы, але зварот падпісаў.

У 1944 г. пасля смерці Экзарха мітрапаліта Сергія (Васкрасенскага), згодна з воляй апошняга, на епіскапа Данііла паклалі абавязкі часова кіраваць царкоўнымі справамі ў Літве і Эстоніі. Павысілі яго ў сан архіепіскапа. Дзейнічаючы ў вельмі складаным стане, пад пастаянным кантролем і націскам акупацыйных нямецкіх улад, уладыку Даніілу ўдалося захаваць Экзархат у юрысдыкцыі Маскоўскай патрыярхіі.

Нямецкія ўлады хацелі мець паслухмянага архіерэя для правядзення сваёй палітыкі і запатрабавалі ад архіепіскапа Данііла і іншых іерархаў у чэрвені 1944 г. выбраць новага Экзарха. Уладыка катэгарычна супрацівіўся гэтаму, бачачы пагрозу для Царквы.

У 1944 г. архіепіскап Данііл быў затрыманы і перамешчаны ў лагер для духавенства Фрыдрыхсфельдэ, дзе знаходзіўся з ліпеня 1944 па май 1945 г., быў вызвалены амерыканскімі войскамі. Адмовіўся эміграваць на Захад, пражываў на тэрыторыі Чэхаславакіі. У кастрычніку 1945 г. сустрэўся ў Празе з Арлоўскім і Бранскім архіепіскапам Фоціем (Тапіра), выказаў жаданне аднавіць зносіны з Маскоўскай патрыярхіяй. У канцы 1945 г. вярнуўся ў СССР.

З 30 снежня 1945 г. (па іншых звестках – са студзеня 1946 г.) — архіепіскап Пінскі і Брэсцкі. З 1946 г. — архіепіскап Пінскі і Лунінецкі, са снежня 1948 г. — Пінскі і Палескі.

24 сакавіка 1950 г. Мікалай Юзьвюк арыштаваны па абвінавачванні ў «антисоветской агитации в военный и послевоенный период». 2 снежня 1950 г. сямідзесяцігадовы свяшчэннік асуджаны на 25 гадоў зняволення. Тэрмін адбываў у Азёрным выпраўленча-працоўным лагеры ў Іркуцкай вобласці для палітычных зняволеных. Быў вялікім малітоўнікам, імкнуўся трымаць постныя дні, нікому не адмаўляў у пасільнай дапамозе.

Вызвалены ў 1956 г. па амністыі. У яго моцна пагоршыўся зрок. Патрыярх Алексій I накіраваў яго на спачынак ва Успенскі манастыр у Адэсе, затым у Ізмаіл з правам служэння ў гарадскім саборы. 30 мая 1964 г. удастоены права нашэння крыжа на клабуку.

15 кастрычніка 1964 г. вызначэннем Сінода новай рэзыдэнцыяй архіепіскапа Данііла быў вызначаны Жыровіцкі манастыр. У лістападзе 1964 г. ён пераехаў у Адэскі Міхайла-Архангельскі жаночы манастыр у в. Аляксандраўка, дзе і памёр 27 жніўня 1965 г. Адпяванне здзейсніў мітрапаліт Іаан (Кухцін). Пахаваны Мікалай Юзьвюк у Свята-Міхайлаўскім манастыры г. Адэсы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Даниил // Православная энциклопедия. Москва, 2007. Т. XIV. С. 9192.
  2. Мусевіч, Г. На мяжы Белавежскай і Камянецкай пушчы / Георгій Мусевіч // Бельскі гостiнэць : краязнаўча-культурны зборнік. 2013. № 2. С. 113–134.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 696 разоў