Аўторак, 10 Лістапад 2020 08:50

15 кастрычніка 2020 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Іосіфавіча Кулака (1950–2017), доктара фізіка-матэматычных навук, вучонага ў вобласці механікі матэрыялаў

Міхаіл Іосіфавіч Кулак нарадзіўся 15 кастрычніка 1950 г. у г. Століне Пінскай (цяпер Брэсцкай) вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1968 г. паступіў на лесаінжынерны факультэт Беларускага тэхналагічнага інстытута імя С. М. Кірава. За выдатныя поспехі і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці інстытута атрымліваў стыпендыю імя У. І. Леніна.

 

Пасля паспяховага заканчэння інстытута ў 1973 г. Міхаіл Кулак астаўлены для выкладчыцкай работы — асістэнтам кафедры тэарэтычнай механікі. У 1982 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па даследаваннях дынамічных уласцівасцей малекулярных кандэнсаваных сістэм. У 1985 г. назначаны на пасаду загадчыка праблемнай навукова-даследчай лабараторыі комплекснай перапрацоўкі драўлянай сыравіны. У 1987 г. яму прысвоена званне старшага навуковага супрацоўніка па спецыяльнасці «Тэарэтычная і матэматычная фізіка».

У 1990 г. М. І. Кулак паступіў у дактарантуру. У 1993 г. паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю, 11 лютага 1994 г. яму прысвоена ступень доктара фізіка-матэматычных навук. Са снежня 1993 г. пераведзены на пасаду дацэнта кафедры вылічальнай тэхнікі.

М. І. Кулак унёс значны ўклад у стварэнне вышэйшай паліграфічнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, пачынаючы ад распрацоўкі канцэпцыі да яе практычнай рэалізацыі. Пад яго кіраўніцтвам у 1995 г. у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце створана кафедра паліграфіі, сфарміравана матэрыяльна-тэхнічная база навучальнага працэсу. За значныя дасягненні ў навукова-педагагічнай дзейнасці М. І. Кулаку ў 1997 г. было прысвоена вучонае званне прафесара па спецыяльнасці «Інфарматыка, упраўленне і вылічальная тэхніка».

Вучоны пастаянна актыўна займаўся навуковымі даследаваннямі статыстычнай механікі дысперсных сістэм і кампазіцыйных матэрыялаў, чысленымі метадамі, тэорыяй упраўлення. Развіў фрактальную тэорыю структурна-механічных уласцівасцей дысперсных кампазіцыйных матэрыялаў. Шмат ўвагі надаваў вывучэнню асноўных тэндэнцый у вобласці кнігавыдання, паліграфіі і кнігараспаўсюджвання. Удзельнічаў у рабоце буйных міжнародных кніжных выстаў у Польшчы (1999) і Германіі (1999, 2003, 2004).

Міхаіл Іосіфавіч выконваў вялікі аб’ём грамадскай работы. З’яўляўся членам Беларускага саюза дызайнераў, тэхнічнага савета Дзяржкамдруку Беларусі, Беларускай асацыяцыі кнігавыдаўцоў, акадэмікам Беларускай горнай акадэміі, галоўным рэдактарам серыі «Издательское дело и полиграфия» часопіса «Труды БГТУ», галоўным рэдактарам часопіса «Вестник издательско-полиграфического комплекса Беларуси».

Заснавальнік навуковай школы па тэхналогіі, абсталяванні і арганізацыі вытворчасці выдавецка-паліграфічнага комплексу. Аўтар 4 манаграфій, больш за 400 навуковых прац, 8 вынаходніцтваў. Падрыхтаваў 4 кандыдатаў навук і 4 магістраў. Працаваў над манаграфіяй да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, але не паспеў яе завяршыць.

Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (1995, 2000, 2005, 2010), БДТУ (2000, 2010), нагрудным знакам «Выдатнік друку Беларусі» (2007).

М. І. Кулак заўчасна памёр 5 сакавіка 2017 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкайабласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Працы М. І. Кулака

  1. Технология печатных процессов. Исследование взаимодействия краски и запечатываемого материала : лабораторный практикум / М. И. Кулак, И. Г. Громыко. – Минск : БГТУ, 2014. – 66 с. : ил., табл.
  2. Технология полиграфического производства : учебник / М. И. Кулак, С. А. Ничипорович, Н. Э. Трусевич. – Минск : Беларуская навука, 2011. – 370 с. : ил., табл.
  3. Методы теории фракталов в технологической механике и процессах управления / М. И. Кулак, С. А. Ничипорович, Д. М. Медяк. – Минск : Беларуская навука, 2007. – 419 с.
  4. Ничипорович, С. А. Организационное управление в полиграфической промышленности / С. А. Ничипорович, М. И. Кулак, Н. Э. Трусевич. – Смоленск : Русич, 2004. – 335 с.
  5. Ничипорович, С. А. Управление издательско-полиграфическим комплексом: организационно-экономические аспекты / С. А. Ничипорович, М. И. Кулак, Н. В. Неверов. – Москва : Финансы и статистика, 2003. – 302, [1] с.
  6. Фрактальная механика материалов / М. И. Кулак. – Минск : Вышэйшая школа, 2002. – 304 с.
  7. Допечатная подготовка газетных изданий с помощью настольных издательских систем / М. И. Кулак, Т. А. Долгова. – Минск : БГТУ, 2001. – 160, [1] с.
  8. Исследование динамических свойств молекулярных конденсированных систем на основе кинетических функций условных распределений : автореферат диссертации … кандидата физико-математических наук : 01.04.02 / Кулак Михаил Иосифович. – Минск, 1982. – 19 с.

 

Аб жыцці і дзейнасці М. І. Кулака

  1. Кулак Міхаіл Іосіфавіч / Я. Г. Міляшкевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 571.
  2. Кулак Михаил Иосифович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 515.
  3. Кулак Михаил Иосифович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2007. Т. 4. С. 343.
  4. Кулак Міхаіл Іосіфавіч // Хто ёсць хто ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Мінск, 2010. С. 161.
  5. Кулак Міхаіл Іосіфавіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 506.
  6. Кулак Михаил Иосифович : памяти главного редактора серии 4. Принт- и медиатехнологии // Труды БГТУ. Серия 4, Принт- и медиатехнологии. Минск, 2017. № 1. С. 123–124.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 713 разоў