Серада, 09 Снежань 2020 08:59

11 лістапада 2020 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Георгія Мікалаевіча Гарбачука (1945), рэлігійнага і грамадскага дзеяча, кандыдата філасофскіх навук

Георгій Мікалаевіч Гарбачук нарадзіўся 11 лістапада 1945 г. у вёсцы Крыўляны Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і свяшчэнніка. Бацька, Мікалай Гарбачук, быў настаяцелем Дзмітровіцкай царквы, карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод вернікаў і духавенства. За служэнне быў узнагароджаны ордэнам св. Сергія Раданежскага II ступені Свяцейшым Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Алексіем II. Сын Георгій пайшоў па слядах бацькі.

 

Георгій Гарбачук вучыўся ў Дзмітровіцкай сярэдняй школе на выдатна, але нягледзячы на гэта, у 10-м класе за рэлігійныя перакананні быў выключаны, мусіў перайсці ў школу рабочай моладзі № 4 г. Брэста, якую скончыў у 1962 г. Затым вучыўся ў Брэсцкім музычным вучылішчы на аддзяленні народных інструментаў (1962–1966).

У 1965–1966 гг. Георгій Гарбачук выкладаў у Лунінецкай дзіцячай музычнай школе Брэсцкай вобласці. У 1966–1971 гг. працаваў настаўнікам музыкі і спеваў, беларускай і рускай моў і літаратур у школах Камянецкага раёна. У 1966 г. паступіў на завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Скончыў інстытут у 1971 г. па спецыяльнасці «Руская мова і літаратура». Падчас навучання двойчы атрымліваў прапанову ад вучонага савета інстытута прадоўжыць навучанне ў аспірантуры філасофскага аддзялення АН БССР, аднак рэлігійныя перакананні не дазволілі яму пагадзіцца.

У 1971–1972 гг. Георгій Гарбачук прайшоў тэрміновую службу ў Савецкай арміі. У 1973 г. паступіў у Маскоўскую духоўную акадэмію, дзе 12 мая 1974 г. рэктарам, архіепіскапам Дзмітраўскім Уладзімірам (Сабаданам), быў пасвечаны ў сан дыякана, а 15 верасня таго ж года — у сан святара.

Айцец Георгій 25 лістапада 1974 г. быў прызначаны настаяцелем Богаяўленскага храма вёскі Круцец-Лявонава Петушынскага раёна Уладзімірскай вобласці, а навучанне ў акадэміі прадоўжыў на завочным аддзяленні, завяршыўшы яго ў 1980 г.

23 ліпеня 1988 г. епіскапам Уладзімірскім і Суздальскім Валянцінам (Мішчуком) Георгій Гарбачук быў прызначаны на пасаду сакратара Уладзімірскага епархіяльнага ўпраўлення.

У 1992 г. Георгій Гарбачук стаў рэктарам Катэхізічных курсаў пры епархіяльным упраўленні, якія ў 1993 г. былі пераўтвораны ў Свята-Феафанаўскае духоўнае вучылішча. У 1997 г. на базе вучылішча была створанаУладзімірская Свята-Феафанаўская духоўная семінарыя, рэктарам якой застаўся Георгій Гарбачук. Таксама ўзначаліў епархіяльны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі. 1 сакавіка 1993 г. прызначаны на аднаўленне Спаса-Праабражэнскага прыхода ва Уладзіміры. За час свайго настаяцельства ён прыняў самы актыўны ўдзел у аднаўленні дзевяці разбураных храмаў Рускай праваслаўнай царквы ў Расіі і Беларусі.

Вядзе актыўную выкладчыцкую дзейнасць: чытае ў семінарыі курс Святое Пісанне Старога Запавету і Параўнальнае багаслоўе, вядзе шэраг лекцыйных курсаў у дзяржаўных універсітэтах. Кандыдат філасофскіх навук, магістр тэалогіі, аўтар шэрага багаслоўскіх і філасофскіх публікацый: «Образ Христа в Евангелии и Коране», «Православно-христианский гнозис и религиозный экстаз», «Антропологический этюд», «Ритмическая память человечества», «Церковь Невидимого Града (экклезиологические воззрения С. И. Фуделя)».

Уваходзіць у Савет па адукацыі адміністрацыі Уладзімірскай вобласці, з’яўляецца членам Камісіі па правах чалавека пры губернатары вобласці. З 2013 г. член Грамадскай Палаты Уладзімірскай вобласці (2, 3 і 4-га скліканняў). 29 ліпеня 2017 г. рашэннем Святога Сінода быў вызвалены ад пасады рэктара Уладзімірскай духоўнай семінарыі.

За шматгадовую грамадскую працу, за наладжванне міжканфесійных сувязяў, вялікі ўклад у пашырэнне і ўмацаванне ўзаемадзеяння духоўнага і свецкага кіраўніцтва горада адміністрацыі г. Уладзіміра і Уладзімірскай вобласці не раз адзначалі дзейнасць Георгія Гарбачука падзячнымі лістамі, памятнымі прызамі, ганаровымі граматамі.

Кавалер ордэна Прападобнага Сергія Раданежскага, ордэнаў Святога роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра, Святога дабравернага князя Данііла Маскоўскага, Свяціцеля Інакенція, мітрапаліта Маскоўскага і Каломенскага. Таксама ўзнагароджаны ордэнам «За духоўнае асветніцтва», вышэйшым грамадскім ордэнам Расійскай Федэрацыі «Гонар і Слава», грамадскім ордэнам Расійскай Федэрацыі «За службу Расіі» I і II ступеняў, патрыяршымі граматамі (2003, 2005). Протаіерэй Георгій Гарбачук у 2009 г. быў уключаны ў энцыклапедыю «Лучшие люди России».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Мусевіч, Г. На мяжы Белавежскай і Камянецкай пушчы / Георгій Мусевіч // Бельскі гостiнэць : краязнаўча-культурны зборнік. 2013. № 2. С. 113–134.
  2. Кошелева, Л. А. 900-летие Спасо-Преображенского храма города Владимира, 1117–2017 гг. / [Л. А. Кошелева ; авт. вступ. ст. протоиерей Георгий Горбачук]. – [Владимир : б. и., 2017]. – 11 с. : ил.
  3. Горбачук, Г. Особенности понимания социальности в контексте философского и богословского дискурса / протоиерей Георгий Горбачук // Труды Владимирской Свято-Феофановской Духовной семинарии. Владимир , 2017. С. 24–29.
  4. Горбачук Г. Н. Сельский приход в контексте социально-исторических процессов: на примере Западнобелорусского православного прихода : [анализируется история Омеленецкого прихода Каменецкого района] / Г. Н. Горбачук // Теории и проблемы политических исследований. 2016. № 4. С. 211–223.
  5. Устремленный в вечность : патерик Свято-Успенского кафедрального собора града Владимира / [сост.: протоиерей Георгий Горбачук, С. А. Мартьянова, О. Г. Ручко ; фот. архимандрит Иннокентий (Яковлев)]. – Владимир : Транзит-Икс, 2014. – 204 с. : цв. ил., фото.
  6. Аринин, Е. И. Христианская теология : православное богословие и русская религиозная философия в творчестве С. И. Фуделя : учеб. Пособие / Е. И. Аринин, Г. Н. Горбачук. – Владимир : Издательство ВлГУ, 2013. – 205 с.
  7. Аринин, Е. И. Религия и религиозность во Владимирском регионе : монография : [в 2 т.] / Е. И. Аринин, О. В. Арсенина, Г. Н. Горбачук. – Владимир : ВЛГУ, 2013. – 2 т.
  8. Очерк истории Владимирской духовной семинарии : 1750–2010 / [авт. текста протоиерей Георгий Горбачук]. – Владимир : Транзит-Икс, [2012]. – 20 с. : ил.
  9. Горбачук, Г. Н. Личная религиозная идентичность: формирование, социокультурная реализация (на материалах творчества С. И. Фудиля) : монография / Г. Н. Горбачук. – Владимир : ВлГУ, 2011. – 267 с.
  10. Горбачук, Г. Время восстанавливать справедливость : [о великом князе Андрее Боголюбском; автор предлагает установить ему памятник во Владимире] / Георгий Горбачук // Молва. 2010. 6 апреля (№ 39). С. 3.
  11. Устремленный в вечность : патерик Свято-Успенского кафедрального собора града Владимира / [сост.: протоиерей Георгий Горбачук и др. ; ред. иподиакон А. Сидоров ; фот. архимандрит Иннокентий (Яковлев)]. – Владимир : Транзит-Икс, 2008. – 105 с. : ил.
  12. 1000-летие Крещения Владимиро-Суздальской земли [Звукозапись] : под твою милость прибегаем Богородице дево / Архиерейский хор и хор духовенства Свято-Успенского кафедрального собора г. Владимира, п/у Валентины Дьяченко. – Москва : Мелодия, 1991. – 1 грп. : 33 об/мин, стерео. – Из содерж.: Задостойник в неделю Ваий ; Причастен в Великую Субботу / исполн. Георгий Горбачук.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 626 разоў