Серада, 09 Снежань 2020 09:12

6 лістапада 2020 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Васіля Канстанцінавіча Карунаса (1950), архітэктара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1998)

Васіль Канстанцінавіч Карунас нарадзіўся 6 лістапада 1950 г. у г. п. Шарашова Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут (1973). Працаваў у Мiнскiм абласным фiлiяле інстытута «Белдзяржпраект». У 1973–1974 гг. служыў у Савецкай арміі.

 

Пасля службы Васіль Карунас вярнуўся ў Мінск на архітэктурную працу. У інстытуце «Мінскпраект» — архітэктар, старшы архітэктар, кіраўнік групы, з 1985 г. — галоўны архітэктар. Член Саюза архітэктараў СССР з 1977 г. Працаваў над праектам забудовы мікрараёнаў Уручча-1, Уручча-2, Уручча-3 (1983–1984), Малінаўка-4 г. Мінска, пасёлка Сосны (1975; з 1997 г. у Завадскім раёне г. Мінска), над праектам рэканструкцыі забудовы спартыўнага комплексу «Стайкі» (1979; Мінскі раён).

У пачатку 1990-х В. К. Карунас удзельнічаў у распрацоўцы праекта жылога гарадка Рось Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці, які ўяўляў сабой комплексны праект 3–4-павярховых жылых дамоў, а таксама поўнага набору комплексаў культурна-бытавога абслугоўвання, школы, дашкольнай установы, бальніцы. В. К. Карунас распрацаваў тэндарную дакументацыю забудовы (1992). Г. п. Рось быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1994–1997 гг., у камфортных умовах пасяліліся больш за 4 тыс. чалавек.

За гэты архітэктурны праект 28 снежня 1998 г. В. К. Карунасу прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь. Таксама архітэктар быў узнагароджаны сярэбраным медалём ІХ Сусветнага форуму «Інтэрарх-2000», спецыяльным прызам Праграмы развіцця ААН.

У 1990–1993 гг. — галоўны архітэктар праектаў праектнага прадпрыемства «Творчая майстэрня архітэктара У. М. Тарноўскага». У 1993–2013 гг. — кіраўнік персанальнай творчай майстэрні. Спраектаваў аўтазаправачную станцыю з аўтамыйкай у раёне вул. Жукава – Глаголева (2003); аўтамыйкай па вул. Валадзько, дзе архітэктура найбольш упісана ў прыродны ландшафт (2005); бізнес-цэнтр «RubinPlaza» на пр-це Дзяржынскага (2009).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Карунас Васіль Канстанцінавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2004. Т. 18, кн. 1. С. 403.
  2. Карунас Васіль Канстанцінавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : в 6 т. Мінск, 2013. Т. 4. С. 390.
  3. Карунас Василий Константинович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 451.
  4. Карунас Василий Константинович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 4. С. 9.
  5. Карунас Василий Константинович // Архитекторы Советской Белоруссии : биографический справочник. Минск, 1991. С. 48.
  6. Россь : [упомянут В. К. Карунас] // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2015. Т. 4, кн. 2. С. 304.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 674 разоў