Серада, 09 Снежань 2020 09:18

5 снежня 2020 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Рыгора Фёдаравіча Нагорнага (1925–1963), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, кавалера ордэна Славы

Рыгор Фёдаравіч Нагорны нарадзіўся 3 снежня 1925 г. у вёсцы Пранчакі Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Адукацыя — сем класаў «польска-савецкай» школы: пачынаў вучыцца за палякамі, закончыў пасля вызвалення.

 

У час Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Нагорны быў вымушаны застацца на акупіраванай тэрыторыі, дапамагаў бацькам весці ўласную гаспадарку. Пасля вызвалення, у верасні 1944 г. быў прызваны ў Чырвоную армію, служыў кулямётчыкам 1350-га стралковага палка 234-й дывізіі 1-га Беларускага фронту.

Рыгор Нагорны асабліва вызначыўся ў баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі. 2 лютага 1945 г. у баі на подступах да г. Цютц (цяпер г. Тучна) знішчыў гранатамі дзот і забяспечыў рух наперад сваім падраздзяленням. У тым жа баі ўзяў у палон двух гітлераўцаў. 21 лютага 1945 г. загадам № 013/н па 234-й стралковай дывізіі радавому Р. Ф. Нагорнаму быў уручаны ордэн Славы III ступені (№ 601908).

26 лютага 1945 г. у баі за населены пункт Шваненбек Рыгор Нагорны пагасіў гранатамі дзве кулямётныя кропкі праціўніка і, наступаючы ў ланцугу пяхоты, са свайго ручнога кулямёта знішчыў 10 гітлераўцаў. У баі за горад Штатгард з 1 па 5 сакавіка 1945 г. Рыгор Нагорны адбіў некалькі варожых контратак, знішчыў каля 20 гітлераўцаў і два разлікі станковых кулямётаў. Загадам па 61-й арміі 26 мая 1945 г. быў узнагароджаны ордэнам Славы ІI ступені (№ 11839).

26–29 сакавіка 1945 г. у ходзе знішчэння варожай групоўкі на беразе праліва Вай дэ-Штрэве ля населеных пунктаў Швабах і Лангенсберг намеснік камандзіра стралковага аддзялення 1350-га палка чырвонаармеец Рыгор Нагорны прыцэльным агнём падавіў тры варожыя кулямёты, знішчыў больш за 10 гітлераўцаў, садзейнічаючы выкананню агульнай баявой задачы. У баі быў паранены і накіраваны на лячэнне ў 146-ы медыка-санітарны батальён 234-й стралковай дывізіі, а затым — у шпіталь. Паўгода правёў у тылавых шпіталях. Загадам № 35/н па 234-й стралковай дывізіі 20 красавіка 1945 г. Р. Ф. Нагорны паўторна ўзнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені.

У ліпені 1948 г. сяржант Рыгор Нагорны быў дэмабілізаваны. Пасля вяртання на радзіму працаваў настаўнікам фізкультуры ў Дараўскай сярэдняй школе, старшынёй Дараўскага сельскага Савета, падатковым інспектарам у Ляхавіцкім раённым фінансавым аддзеле. У 1951 г. прыняты ў ВКП(б). З’яўляўся актыўным правадніком палітыкі партыі і ўрада па ўстанаўленні сацыялістычных вытворчых адносін на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 19 жніўня 1955 г. Р. Ф. Нагорны быў пераўзнагароджаны ордэнам Славы I ступені (№ 2361), стаўшы поўным кавалерам ордэна Славы.

З 1956 г. Р. Ф. Нагорны жыў у г. Баранавічы, пабудаваў дом, скончыў курсы шафёраў. Працаваў шафёрам на аўтабазе пры мельнічным заводзе. За два тыдні адрамантаваў «трохтонку» ЗИС-5, якую вадзіў, хоць кіраўніцтва прапаноўвала заслужанаму франтавіку новую тэхніку.

Р. Ф. Нагорны трагічна загінуў 3 лістапада 1963 г., калі на перавозцы лесу ў дождж дапамагаў грузчыкам закончыць пагрузку драўніны і атрымаў смяротны ўдар выслізнуўшага бервяна. Пахаваны на могілках г. Баранавічы. У музеі Крывошынскай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна Р. Ф. Нагорнаму прысвечаны асобны стэнд.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна,

заг. сектара бібліятэчна-інфармацыйных і электронных рэсурсаў

 

  1. Нагорны Рыгор Фёдаравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 11. С. 116.
  2. Нагорны Рыгор Фёдаравіч // Ваенная энцыклапедыя Беларусі. Мінск, 2010. С. 681–682.
  3. Нагорный Григорий Фёдорович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 67.
  4. Нагорный Григорий Фёдорович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 5. С. 288.
  5. Нагорный Григорий Фёдорович // Кавалеры ордена Славы : биографический справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2006. С. 29.
  6. Нагорны Рыгор Фёдаравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 5 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 268.
  7. Нагорны Рыгор Фёдаравіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 376.
  8. Нагорны Рыгор Фёдаравіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 255–257.
  9. Нагорный Григорий Фёдорович // Навечно в сердце народном : [биграфический справочник]. 3-е изд. Минск, 1984. С. 370.
  10. Нагорный Григорий Фёдорович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 446.
  11. Нагорны Рыгор Фёдаравіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 442.
  12. Нагорный Григорий Федорович // Навечно в сердце народном : [биографический справочник]. 2-е изд. Минск, 1977. С. 325.
  13. Нагорны Рыгор Фёдаравіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 7. С. 371.
Чытаць 663 разоў