Серада, 09 Снежань 2020 09:21

14 лістапада 2020 г. — 30 гадоў з дня заснавання ваенна-гістарычнага музея імя Д. К. Удовікава ў г. Драгічыне (1990)

Ваенна-гістарычны музей імя Д. К. Удовікава ў г. Драгічыне Брэсцкай вобласці адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў 25 жніўня 1994 г. Яго летапіс ствараўся дзякуючы ўдзелу розных, але аднолькава неабыякавых людзей — ад ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны да маладых энтузіястаў.

 

Драгічынскі райвыканкам 14 лістапада 1990 г. прыняў пастанову аб стварэнні грамадскага музея партызанскай славы, для яго размяшчэння перадаў будынак па вул. Леніна, 163. Першым дырэктарам стала Алена Аляксандраўна Брухан, былы другі сакратар райкама КПБ, якая ў гады вайны была партызанкай атрада імяМ. Шыша. Рамонт будынка, збор экспанатаў і стварэнне новай экспазіцыі ветэраны цалкам ажыццявілі сваімі сіламі.

З першых дзён існавання музей партызанскай славыстаў апорай героіка-патрыятычнага выхавання моладзі. У яго сценах праходзілі прысвячэнні ў піянеры, круглыя сталы, сустрэчы з удзельнікамі вайны. Экспазіцыя на той час практычна цалкам была прысвечана гісторыі партызанскага руху ў Пінскай вобласці, невялікую яе частку займала гісторыя вайны ў Афганістане.

У снежні 1995 г. Драгічынскаму музею партызанскай славы было прысвоена ганаровае званне «народны». 17 ліпеня 1998 г. перад будынкам музея быў адкрыты памятны знак «Партызанская слава», на гранітных плітах якога нанесеныя назвы партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Драгічынскага і Іванаўскага раёнаў, імёны іх каманднага складу.

Па ініцыятыве грамадскасці 12 снежня 2000 г. музею партызанскай славы было нададзена імя Д. К. Удовікава. Дзмітрый Карпавіч Удовікаў (1917–2000), ураджэнец г. Харкава, у 1941 г. лётчык 123-га авіяпалка, які дыслацыраваўся пад Кобрынам. У першы дзень Вялікай Айчыннай вайны 22 чэрвеня 1941 г. самалёт лейтэнанта Д. К. Удовікава быў збіты ў паветраным баі. З палону яму ўдалося збегчы, хаваўся на хутарах Антопальскага раёна. Адзін з арганізатараў партызанскага руху на Палессі, начальнік штаба партызанскай брыгады імя В. М. Молатава Пінскага партызанскага злучэння. Пасля вайны працаваў на адміністрацыйна-гаспадарчых пасадах у Драгічыне, Століне, дырэктарам Брэсцкага завода жалезабетонных вырабаў да 1977 г. У 1980-я гг. з яго актыўным удзелам было створана Пінскае таварыства партызан-ветэранаў з цэнтрам у Драгічыне. Кіраўнік таварыства Д. К. Удовікаў прыклаў шмат намаганняў у станаўленне музея партызанскай славы.

З 2002 па 2003 г. народны музей партызанскай славыўзначальвала Галіна Абрамовіч, таксама былая партызанка. У 2003 г. яго дырэктарам становіцца падпалкоўнік запасу Сяргей Уладзіміравіч Гранік. У 2004 г. музей пераходзіць пад кіраванне аддзела культуры Драгічынскага райвыканкама, набывае дзяржаўны статус. 30 снежня 2005 г. на яго базе ствараецца філіял гарадскога Дома культуры «Цэнтр героіка-патрыятычнага выхавання моладзі імя Д. К. Удовікава». Да гэтага часу і будынак, і экспазіцыя састарэлі маральна і фізічна. Пасля сур’ёзнай рэканструкцыі, якая доўжылася амаль тры гады, 1 мая 2009 г. музей атрымаў новы сучасны твар, захаваўшы пры гэтым традыцыі, закладзеныя яго стваральнікамі. У верасні 2009 г. рашэннем райвыканкама цэнтру быў зноў вернуты статус музея з афіцыйнай назвай Дзяржаўная ўстанова культуры «Ваенна-гістарычны музей імя Д. К. Удовікава».

Тэматыка новай экспазіцыі музея была дапоўнена гісторыяй горада і раёна ад заснавання да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, інфармацыяй аб падзеях на фронце ў чэрвені 1941 і ліпені 1944 г., акупацыйнай палітыцы нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама залай Славы, прысвечанай партызанам, франтавікам. Адпаведна была пашырана і тэматыка экскурсій. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца экскурсіі па мясцінах баявой славы ў рэгіёне і Рэспубліцы Беларусь, якія арганізуюцца музеем.

Рэгулярна папаўняюцца фонды музея. На цяперашні час асноўны фонд складае больш за 1000 адзінак захоўвання, а навукова-дапаможны — больш за 2000 адзінак, у асноўным гэта фотаздымкі, дакументы, успаміны і лісты партызан-ветэранаў. У калекцыі музея асабістыя рэчы кіраўнікоў партызанскага руху, узоры зброі часоў Вялікай Айчыннай вайны.

У 2010 г. пры музеі створаны клуб гісторыкаў «Краязнавец», які аб’ядноўвае настаўнікаў гісторыі і мясцовых краязнаўцаў. З 2006 г. музей выдае гісторыка-краязнаўчую газету «Наш край — Загородье». ДУК «Ваенна-гістарычны музей імя Д. К. Удовікава» займае годнае месца сярод музеяў Беларусі, развіваецца ў рэчышчы сучасных тэндэнцый і ў той жа час захоўвае свае традыцыі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Паўлюковіч Святлана Мікалаеўна, бібліёграф І кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Драгічынскі ваенна-гістарычны музей імя Д. К. Удовікава / С. У. Гранік // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2012. Т. 3. С. 474–475.
  2. Дрогичинский музей партизанской славы имени Д. К. Удовикова // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 345.
  3. Драгічынскі музей партызанскай славы імя Дз. К. Удавікова / С. У. Гранік // Музеі Беларусі. Мінск, 2008. С. 249250.
  4. Крушина, С. Помним свои истоки : [о презентации книги В. Губаревича и С. Литвинко «Симоновичи. Истрия одной полесской деревни» в военно-историческом музее им. Д. К. Удовикова] / Сергей Крушина // Драгічынскі веснік. 2020. 11 лістапада. С. 5.
  5. Крушина, С. Две находки — две новые истории : [о новых экспонатах в военно-историческом музее имени Д. К. Удовикова] / Сергей Крушина ; фото Максима Родько // Драгічынскі веснік. 2018. 17 кастрычніка. С. 6.
  6. Крушина, С. Находка времен Гражданской войны / Сергей Крушина // Драгічынскі веснік. 2018. 11 жніўня. С. 15.
  7. Литвинович, Е. Они не думали о наградах : [о деятельности Дрогичинского военно-исторического музея им. Д. К. Удовикова по сбору информации об участниках Великой Отечественной войны] / Евгений Литвинович ; фото Александра Шульгача // Заря. 2018. 17 февраля. С. 5.
  8. Удовиков, М. Ровесник октябрьской революции : [о партизанском командире Д. К. Удовикове] / Михаил Удовиков // Заря. 2017. 4 ноября. С. 6–7.
  9. Яковчик, Е. Экзамен на прочность : [о директоре военно-исторического музея им. Д. К. Удовикова Сергее Владимировиче Гранике] / Елена Яковчик // Драгічынскі веснік. 2016. 27 жніўня. С. 13.
  10. Марчук, Р. Гісторыі з музейнага чамаданчыка : [культурна-асветніцкая работа Драгічынскага ваенна-гістарычнага музея імя Д. К. Удовікава] / Раіса Марчук // ЛіМ. 2016. 12 жніўня (№ 32). С. 5.
  11. Ткачук, Н. Новогодняя сказка в военном музее : [в военно-историческом музее им. Д. К. Удовикова организована выставка новогодних игрушек, открыток] / Нина Ткачук ; фото Ивана Леончика // Драгічынскі веснік. 2015. 19 снежня. С. 14.
  12. Котковец, А. Военно-историческому музею — 20 лет / Алла Котковец // Заря. 2015. 22 января. С. 24.
  13. Литвинович, Е. Тайны солдатского вещмешка : [о Дрогичинском военно-историческом музее им. Д. К. Удовикова] / Евгений Литвинович // Заря. 2014. 19 июля. С. 6.
  14. Реконструкция... памяти : [музей им. Д. К. Удовикова в Дрогичине включён в республиканскую программу возрождения малых городов] // Заря. 2006. 21 декабря. С. 17.
  15. Граник, С. Поиск ведёт музей : [о поисковой работе музея им. Д. К. Удовикова] / Сергей Граник // Драгiчынскi веснiк. 2006. 24 мая.
  16. Брухан, Е. Музей — наша слава и гордость / Е. Брухан // Голос партизана. Пинск, 2001. № 17.
  17. Мацкевiч, М. Музею партызанскай славы прысвоена iмя Д. К. Удовiкава / М. Мацкевiч // Драгiчынскi веснiк. 2001. 20 студзеня.
  18. Брухан, Е. А. Приглашаем в наш музей / Е. А. Брухан // Голос партизана. Пинск, 1999. № 12.
  19. Брухан, Е. Музей — наша слава боевая / Е. Брухан // Голос партизана. Пинск, 1997. № 8.
  20. Харламаў, А. Музей, які прыцягвае людзей / А. Харламаў // Заря. 1996. 25 апреля.
  21. Супрун, С. Ганаровае званне — музею : [Драгічынскаму музею партызанскай славы прысвоена званне «народны»] / С. Супрун // Народная трыбуна. 1996. 2 сакавіка.
  22. Харламаў, А. Адкрыты яшчэ адзін музей : [у Драгічыне адкрыты музей партызанскай славы] / А. Харламаў // Народная трыбуна. 1994. 27 жніўня.
Чытаць 769 разоў