Пятніца, 18 Снежань 2020 11:14

24 снежня 2020 г. — 155 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Самойлавіча Мартынава (Пікера; 1865–1935), удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Расіі, публіцыста

Аляксандр Самойлавіч Мартынаў (Саул Самуілавіч Пікер) нарадзіўся 24 снежня 1865 г. у г. Пінску Мінскай губерні (цяпер Брэсцкай вобласці) у сям’і купца, які гандляваў лесам. Вучыўся ў рэальным вучылішчы. З юнацтва захапіўся рэвалюцыйнымі ідэямі. «Я пошёл пропагандировать крестьян, сплавлявших плоты по Припяти. Когда я весьма непочтительно отозвался о царе, крестьяне решили меня утопить и бросили меня с плота в воду», — так Аляксандр Мартынаў напісаў у аўтабіяграфіі.

 

У 1884 г. паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, стаў членам партыі «Народная воля». Пасля другога арышту за ўдзел у дэманстрацыі з нагоды 25-годдзя з дня смерці публіцыста М. А. Дабралюбава (1886) Аляксандра Мартынава выключылі з універсітэта і выслалі на радзіму, там зноў арыштавалі.

Пасля двух гадоў адзіночнага зняволення ў Адэсе быў высланы на 10 гадоў ва Усходнюю Сібір, дзе адбыў воінскую павіннасць. У Калымску пражыў першыя чатыры гады ссылкі. Займаўся фізічнай працай, лавіў невадам рыбу, ставіў платы, ліў свечкі, хадзіў на паляванне, рабіў печы.

У сацыял-дэмакратычным руху Аляксандр Мартынаў з 1890-х гг. У 1899 г. — член Екацерынаслаўскага камітэта РСДРП. Вярнуўшыся з ссылкі (1899), увайшоў у рэдакцыю нелегальнай газеты «Южный рабочий». Пасля паўгадовага турэмнага зняволення ў Харкаве (1900) эмігрыраваў за мяжу, жыў у Швейцарыі, Англіі. Увайшоў у рэдакцыю часопіса «Рабочее дело». У Жэневе сустракаўся з У. І. Леніным і Ю. В. Мартавым. На ІІ з’ездзе РСДРП (Лондан, 1903) — супрацьіскравец, адстойваў пазіцыі «эканамізму», затым — меншавік, адзін з лідараў меншавізму.

Дэлегат ІV (1906) і V (1907) з’ездаў партыі. На V зездзе абраны членам ЦК РСДРП. У гады рэакцыі 19081910 гг. — «ліквідатар», удзельнічаў у выданні і рэдагаванні 5-томніка «Общественное движение в России в начале ХХ века» (1909–1914). Падчас Першай сусветнай вайны (1914–1918) — цэнтрыст, затым — меншавік-інтэрнацыяналіст.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Аляксандр Мартынаў вярнуўся ў Расію. Удзельнічаў у рабоце Усерасійскай канферэнцыі меншавіцкіх і аб’яднаных арганізацый (7–12 мая). Быў абраны ў Камітэт Петраградскай арганізацыі меншавікоў. Увайшоў у рэдакцыю «Рабочей газеты», быў адным з рэдактараў часопіса «Интернационал».

Дэлегат Аб’яднаўчага з’езда РСДРП (19–26 жніўня). Абраны членам ЦК РСДРП(о) ад інтэрнацыяналістаў, далучыўся да «Заявления 26-ти» аб праве выступаць з крытыкай партыйных рашэнняў і мабілізоўваць масы, не згодныя з імі, у мэтах уздзеяння на цэнтральныя ўстановы РСДРП(о). Удзельнік Усерасійскай Дэмакратычнай нарады (верасень). У кастрычніку ўвайшоў у Часовы Савет Расійскай Рэспублікі і ў Бюро фракцыі меншавікоў-інтэрнацыяналістаў.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г., якую спачатку не прыняў, Аляксандр Мартынаў пачаў адыходзіць ад меншавізму, з якім парваў канчаткова ў гады Грамадзянскай вайны. У 1918–1922 гг. настаўнічаў ва Украіне (г. Ялтушкаў). У 1922 г. актыўна агітаваў за ліквідацыю меншавіцкіх арганізацый у Грузіі. З увядзеннем НЭПа прымірыўся з партыяй бальшавікоў. На ХІІ з’ездзе РКП(б) (1923) прыняты ў члены партыі. Працаваў у Інстытуце К. Маркса і Ф. Энгельса, у Камінтэрне. З 1924 г. — член рэдакцыі часопіса «Коммунистический Интернационал». Чытаў лекцыі ў Камуністычнай акадэміі і Свярдлоўскім камуністычным універсітэце.

А. С. Мартынаў памёр 5 чэрвеня 1935 г. у Маскве.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Пінскай цэнтральнай гарадской бібліятэкай. Гарачова А. Н., гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Працы А. С. Мартынава

  1. Белый террор в цифрах / А. С. Мартынов. – [Лениниград] : Леноблиздат, 1935. – 32 с.
  2. Воспоминания из эпохи II съезда РСДРП / А. С. Мартынов. [Москва] : Соцэкгиз, 1934. – 111 с.
  3. Как Ленин боролся за перерастание революции и против центризма / А. С. Мартынов. – Москва : Партиздат, 1932. – 64 с.
  4. Загнивающий капитализм и фашизация государства / А. С. Мартынов. –Москва ; Ленинград : Госиздат, 1930. – 93, [2] с.
  5. Борьба с оппортунизмом в Коминтерне / А. С. Мартынов. – Москва ; Ленинград : Московский рабочий, 1930. – 69, [2] стр.
  6. Современный II-й интернационал / А. С. Мартынов. – Москва ; Ленинград : Госиздат, 1928. – 269 с., [2] с. объявл.
  7. Фердинанд Лассаль и германская социал-демократия / А. С. Мартынов. – Москва : Московский рабочий, 1925. – 22 с.
  8. Заговор британских империалистов против СССР / А. С. Мартынов. – Москва ; Ленинград : Московский рабочий, 1925. – 40 с.
  9. Великий пролетарский вождь [В. И. Ленин] / А. С. Мартынов. – Москва : Красная новь, 1924. – 32 с.
  10. Очерки русской истории / А. С. Мартынов. – 4-е изд. – Москва ; Петроград : Госиздат, 1923. – 164 с.
  11. Очерки русской истории. [Вып. 1. Развитие царского самодержавия и закрепощение русского народа. Вып. 2. Начало ломки крепостной России] / А. С. Мартынов. – 2-е изд. – [Москва ; Петроград ] : Книга, 1918. – 46, 46 с.
  12. Победы и реванши / А. С. Мартынов. – 2-е изд. – [Санкт-Петербург] : Новый мир, [1906]. – 36 с.
  13. Две диктатуры / А. С. Мартынов. – Женева : Изд. РСДРП, 1905. – 68, [2] с. – (Пролетарии всех стран, соединяйтесь!).
  14. Рабочие и революция / А. С. Мартынов. Женева : Изд. Союза рус. Социалдемократов, 1902. 47 с.
  15. Исторический очерк наших порядков. Вып. 1. Дореформенные порядки и их крушение / А. С. Мартынов.Женева : [б. и.], 1901.  92, [3] с.

 

Аб жыцці і дзейнасці А. С. Мартынава

  1. Мартынов (Пикер) Александр Самойлович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 80.
  2. Мартынаў (Пікер) Аляксандр Самойлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 80.
  3. Мартынов (Пиккер) Александр Самойлович // Большая советская энциклопедия : в 30 т. 3-е изд. Москва, 1974. Т. 15. С. 425–426.
  4. Сорокин, А. «Пессимизм и мизантропия строго запрещаются» / Андрей Сорокин // Родина. 2015. № 1. С. 100–106.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 597 разоў