Серада, 30 Снежань 2020 15:09

24 студзеня 2020 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Рыгора Мікалаевіча Кузаўкі (1905–1990), удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, партызана Вялікай Айчыннай вайны

Рыгор Мікалаевіч Кузаўка нарадзіўся 24 студзеня 1905 г. у вёсцы Прылукі Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У час Першай сусветнай вайны яго бацька быў прызваны ў Рускую армію, на фронце быў цяжка паранены.

У 1915 г. з надыходам фронту сям’я падалася ў бежанцы, апынулася на Украіне (цяпер Данецкая вобласць). Рыгор Кузаўка скончыў чытары класы прыходскай школы. У 1918 г. стаў працаваць інспектарам у райсабесе, потым у народным судзе перапісчыкам, уступіў у камсамол.

Заходняя Беларусь была акупіравана польскім войскам, з 1921 г. па Рыжскаму мірнаму дагавору адышла да Польшчы. У 1922 г. сям’я вярнулася на радзіму. Зямля ўжо была занята, за грашовую кампенсацыю набылі новы надзел у вёсцы Малая Турна (цяпер Камянецкі раён). Пражылі тут нядоўга, пераехалі ў Брэст. Рыгор Кузаўка працаваў цесляром на будаўніцтве дамоў, сталяром. У 1926 г. працаваў па сталярцы новапабудаванага будынка Польскага банка (вул. Леніна, 9).

Рыгор Кузаўка ў 1923 г. уступіў у КПЗБ, быў актыўным яе членам. У падполлі праявіў выдатныя здольнасці да рэвалюцыйнай работы, вёў прапаганду ў рабочых калектывах, умела хаваўся ад паліцэйскага вышуку. Яго арыштоўвалі, але матэрыялаў для перадачы справы ў суд так і не было сабрана. У Брэсце час ад часу праходзілі забастоўкі рабочых за свае правы, дэманстрацыі ў гонар 1 Мая. У сакавіку 1938 г. Брэсцкая гарадская арганізацыя спыніла сваю дзейнасць у сувязі з роспускам КПЗБ.

Сябраваў з падпольшчыкамі Васілём Ласковічам, Станіславам Касінскім, Уладзімірам Шандруком. 22 верасня 1939 г. разам з таварышамі сустракаў Чырвоную армію, якая вызваліла Заходнюю Беларусь. Рыгор Кузаўка дапамагаў усталёўваць Савецкую ўладу, быў назначаны дырэктарам першага ў Брэсце гарадскога рынку.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Кузаўка разам з сям’ёй выехаў з Брэста ў в. Заказанка, дзе жыў яго дзядзька. У 1942 г. уступіў у Старасельскі партызанскі атрад пад камандаваннем Сяргея Сяргеевіча Шыканава, з’яўляўся сувязным. Старасельскі атрад у чэрвені 1943 г. атрымаў імя Міхаіла Мікітавіча Чарнака, які геройскі загінуў у баі з акупантамі, увайшоў у склад брыгады імя І. В. Сталіна Брэсцкага партызанскага злучэння. Народныя мсціўцы грамілі акупантаў паміж Брэстам і Кобрынам, Дзівінам і Маларытай. Атрад уз’яднаўся з часцямі Чырвонай арміі 21 ліпеня 1944 г.

Пасля вызвалення Беларусі Р. М. Кузаўка займаў кіруючыя пасады ў гандлі, працаваў на камбінаце бытавога абслугоўвання, дзе быў майстрам брыгады па рамонце кватэр, майстрам пераплётна-каробачнага цэха. У 1959–1963 гг. — дэпутат Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных 7-га і 8-га скліканняў. Быў адноўлены ў КПСС. Пасля выхаду на пенсію (яму была назначана персанальная) у 1965 г. прыняты пераплётчыкам у Брэскую абласную бібліятэку імя М. Горкага. Якасна пераплятаў газетныя і часопісныя падшыўкі, рамантаваў кнігі. І цяпер стаіць каталожная шафа, якую змайстраваў Рыгор Мікалаевіч. Працоўную дзейнасць скончыў у 1985 г.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, медалямі «За Победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.», «Двадцать лет Победы в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.» (1965), «За доблестный труд. В ознаменование
100-летия со дня рождения В. И. Ленина» (1970),
«Тридцать лет Победы в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.» (1975) і інш.

Р. М. Кузаўка памёр 13 ліпеня 1990 г., пахаваны на гарадскіх могілках «Плоска».

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладз
iмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Кузавка Григорий Николаевич // Кто есть кто в Брестской областной библиотеке. Молодечно : Типография «Победа», 2016. С. 124.
  2. Рыгор Мікалаевіч Кузаўка // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 255.
  3. Ласковіч Васілій Пятровіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 642.
  4. Станіслаў Касінскі // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 255.
  5. Уладзіммір Савельевіч Шандрук // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 259.
  6. Ласкович, В. П.Подвиг Коммунистической партии Западной Белоруссии (КПЗБ), 1919–1939 гг. : исторический очерк / В. П. Ласкович, В. В. Ласкович (Желанова). – Брест : Брестская типография, 2002. – 401 с.
  7. Ласкович, В. П.Из племени непокоренных: воспоминания подпольщика, 1919–1939 / В. П. Ласкович. – Брест, 1999. – 381 с.
  8. Шиканов, С. С. На партизанских тропах : [об отряде имени Михаила Чернака] / Сергей Сергеевич Шиканов ; лит. запись С. Маслюкова // Буг в огне. 2-е изд., доп. и перераб. Минск, 1970. С. 264–275.

 

Чытаць 755 разоў Апошняя змена Аўторак, 16 Люты 2021 16:10