Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 22 Студзень 2021 08:51

2021 г. — 130 гадоў з дня нараджэння Карпа Самуйлавіча Петраўца (1891–1955), удзельніка Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў

Карп Самуйлавіч Петравец нарадзіўся ў 1891 г. у Давыд-Гарадку Мазырскага павета Мінскай губерні (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобалсці) у сям’і рамесніка. Скончыў народнае вучылішча. Працаваў шаўцом разам з бацькам. Шавецкая справа ў мястэчку была паважанай. Боты, вырабленыя ў Давыд-Гарадку, славіліся далёка за межамі Палесся.

 

У 1912 г. Карп Петравец быў прызваны ў Рускую армію. Служыў старанна, прасоўваўся па службе, атрымаў званне прапаршчыка, ваяваў на фронце Першай сусветнай вайны. У 1917 г. фронт разваліўся, ваеннаслужачыя ўключыліся ў рэвалюцыйны рух. К. С. Петравец актыўна падтрымаў бальшавікоў і Кастрычніцкую рэвалюцыю.

У 1918 г., як многія франтавікі, Карп Петравец вярнуўся на радзіму. Быў адным з арганізатараў Савецкай улады, якая пакрысе ўсталёўвалася на Палессі. У Давыд-Гарадку кіраўніком рэвалюцыйнага камітэта быў Трафім Васільевіч Савіцкі. К. С. Петравец увайшоў у склад рэўкама.

З прыходам на Століншчыну немцаў, якія падтрымлівалі пятлюраўцаў, гетманцаў, гайдамакаў, савецкія актывісты былі вымушаны хавацца, мяняць месца жыхарства. К. С. Петравец выехаў на Сумшчыну, што на савецкай частцы Украіны, дзе фарміравалася 4-я армія пад камандаваннем Ю. В. Сабліна. Уступіў у Чырвоную армію, камандаваў ротай і батальёнам, удзельнічаў у баях супраць Дзянікіна, палякаў, Урангеля, Махно. Быў прыняты ў члены ВКП(б). Грамадзянскую вайну скончыў у якасці начальніка інструктарскай школы 52-й стралковай дывізіі.

Карп Самуйлавіч прысвяціў сваё жыццё Чырвонай арміі. У 1923 г. скончыў Вышэйшую школу старшын (старшых камандзіраў) у Харкаве. У ліку першых быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Давыд-Гарадок знаходзіўся пад польскай акупацыяй, але Карпу Петраўцу ўдалося ўстанавіць сувязь з жонкай, Кацярынай Максімаўнай. Летам 1924 г. Кацярына Петравец употай пакідае Давыд-Гарадок і з рызыкай для жыцця перабіраецца праз польска-савецкую граніцу, у Мінску сустракаецца з мужам пасля шасцігадовай разлукі.

К. С. Петравец служыў на Украіне, з 1931 г. — на штабной рабоце ў розных вайсковых злучэннях. З 1935 г. — у штабе Кіеўскай ваеннай акругі, атрымаў званне камбрыга (адпавядае сучаснаму палкоўніку). Служыў старшым інспектарам аддзела харчзабеспячэння КВА.

Вясной 1938 г. назначаны начальнікам аддзела забеспячэння Забайкальскай ваеннай акругі, сям’я пераехала ў Чыту. Інтэндант 1-га рангу К. С. Петравец быў арыштаваны 4 чэрвеня 1938 г. па абвінавачванні «ў садзейнічанні здрадніцкай дзейнасці свайго былога камандзіра Якіра І. Э.». 25 верасня 1938 г. асуджаны на 20 гадоў пазбаўлення волі.

Праз некаторы час яго жонка, армейскі культработнік, была арыштавана, двое дзяцей (Мая і Вольга) перададзены ў дзіцячы дом. Восем гадоў Кацярына Петравец была ў ссылцы на сельгасработах у Казахстане. У 1947 г. яна вызвалілася, знайшла дзяцей, дабілася сустрэчы з мужам, вярнулася з дзяцьмі ў Давыд-Гарадок.

К. С. Петравец памёр у лагеры ў г. Тайшэце Іркуцкай вобласці 27 красавіка 1955 г. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага Суда СССР 25 жніўня 1957 г. У 2000 г. было прапанавана назваць вуліцу ў Давыд-Гарадку імем камбрыга Петраўца.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфiі

 

  1. Петравец Карп Самуйлавіч / М. У. Шэлехаў // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 211.
  2. Шэлехаў, М. У. Землякі — удзельнікі вайны : [узгадваецца К. С. Петравец] / М. У. Шэлехаў, Ю. С. Юркевіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 87–89.
  3. Шэлехаў, М. У. Століншчына ў перыяд грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі : [узгадваецца К. С. Петравец] / М. У. Шэлехаў, Ю. С. Юркевіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 99–101.
  4. Шэлехаў, М. У. Гарадоцкі камбрыг : [К. С. Петравец] / Міхаіл Уладзіміравіч Шэлехаў // Давыд-Гарадок. Час і людзі / Міхаіл Уладзіміравіч Шэлехаў. Брэст, 2000. С. 283–285.
  5. Мильбах, В. С. Политические репрессии командно-начальствующего состава, 1937–1938 гг. Забайкальский военный округ и 57-й особый стрелковый корпус / Владимир Спартакович Мильбах. – Санкт-Петербург : Издательство Санкт-Петербургского университета, 2014. – 363 с. – Из содерж.: Петровец К. С. С. 291.
Чытаць 619 разоў